Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

ЗАМОШША


     Раней жыла непадалёку ад нашых сучасных могілак адна старая бабулька. Тады тут, можа, самы цэнтр паселішча быў. Бабулька гэтая была сляпая, але хадзіла сама, з кіёчкам. Дзіваваліся людзі, як ёй удаецца знайсці дарогу і нідзе не спатыкнуцца, не ўпасці. Болей таго, сталі заўважаць, што яна ніколі не ішла адна — над галавой віліся чорны груган і дзве сарокі. Сядзе адпачыць — і птушкі на суках бліжэйшых пасядуць ды галовамі ва ўсе бакі пакручваюць. Стваралася ўражанне, што яны ці то сябравалі з жанчынай, ці то падпарадкоўваліся ёй. Аднаго разу двое мужчын нават бачылі, як старая раптоўна. пачала без дай прычыны крычаць і размахваць рукамі. Калі падкраліся бліжэй, то пачулі, як яна казала:
     — Ці вам вочы павылазілі? Ці чуеце дрэнна? Хіба ж не маглі здагадацца, што яны не гэтай, а іншай дарогай паедуць? Цяпер усё, праваронілі, трэба дамоў вяртацца ды зручнага выпадку зноў чакаць! Вось і даверся вам... Памочнікі! Толькі і ведаеце, што пахваляецеся перада мною, не болей! Дамоў! Кіруем дахаты!
     Нічога тады не зразумелі мужчыны. Паціснулі плячыма ды пайшлі па сваіх справах. Але крыху пазней усё праяснілася.
     Прыбягае аднойчы Кузьма-вясковец і штосілы гарлае:
     — Людцы добрыя, што я зараз бачыў! Ніколі не паверыце! Нават не падумаеце на такое! Дай Бог, не падумаеце!
     — А што ўжо ты там такое выглядзеў? — пытаюцца сяляне.— Раскажы, не цягні ката за хвост.
     — Як жа пачаць, каб нічога не ўпусціць?.. Зараз, пачакайце хвіліну... Гэта, значыцца, можна адсюль... Слухайце, толькі ўважліва.
     — Ды не цягні ты,— раззлаваўся нехта з вяскоўцаў,— а то яшчэ забудзеш, пра што хацеў распавесці.
     — Пайшоў гэта я сёння з раніцы на балота. Туды, дзе замшаныя ўзгоркі. Хацеў паглядзець, ці па далінках журавіны спеюць, каб потым падысці з хатнімі ды назбіраць. Пайшоў з Цюлькам, сабакам маім. Да выспаў дайшоў, перабраліся па кладках далей, і чую — сабака брэша, ажно заходзіцца. Падабраўся я бліжэй, а там...
      — Хто? — выдыхнуў натоўп.
     — Сляпая наша... на пні, а над галавою ў яе груган і дзве сарокі сядзяць і па баках зіркаюць. Я тады заціснуў Цюльку рот і стаіўся, чакаю, чым жа скончыцца ўсё гэта. Ажно груган разоў колькі крумкнуў неяк зласліва, сарокі пратрашчалі, і сляпая ўстала. Павярнулася ў бок сонца, пастаяла колькі часу, потым схілілася і пачала нешта акуратна рассцілаць. Прыгледзеўся я, а гэта травы ўсялякія ды кветкі лясныя. Потым чую — гаворыць нешта. Далёка мне было, таму слоў не разабраў, але адно магу сказаць дакладна: яна варажыла... Хочаце верце, хочаце — не. Плявала па баках, пра Бога ні разу не прыгадала, а ўсё на сілу нячыстую спасылалася. Не раз, не два. Нейкімі дзіўнымі жэстамі словы гэтыя нібы замацоўвала. Потым торбу цэлую зелля напхала і дамоў падалася. Што самае дзіўнае — па балоту гэтак хутка джгала — дагнаць нельга было. Вось табе і сляпая. Калі выйшла на высокі бераг, то падалася адразу не дахаты, а туды, дзе мы пасвілі кароў. Кралася, нібы якая зладзейка. Усё прыслухоўвалася і азіралася. Я збіраўся ўжо кінуць назіраць, але нешта мяне стрымлівала. «А што ёй тут трэба? Што збіраецца рабіць?» I дачакаўся. Стала сляпая з торбы зелле тое заклятае раскідваць. Кідае налева-направа, а сама яшчэ праклёны свае крычыць ды нагамі злосна тупае, пыл уздымаючы. Чулася мне разоў колькі выразна: «Каб яны вам дамоў не папрыходзілі! Каб яны вам малака мала прыносілі! Каб яны, калі і прыйдуць назад, то ад жабы з цягам часу пакапыцелі!»
     Вось гэта мяне, людцы добрыя, сама болей і ўзрушыла, таму і бег без супыну да вас, каб усё расказаць, каб і вы ведалі, што можа здарыцца.
     Стаяць вяскоўцы, з нагі на нагу перамінаюцца, але не спяшаюцца выказвацца. Толькі нехта крэкнуў:
     — Бачыш ты, гэта ж трэба, колькі гадоў жылі і не ведалі, што такая варажбітка ў нашым паселішчы...
     Але астатнія не падтрымалі, Потым нехта прапанаваў:
     — Трэба дачакацца жывёлу з поля, ужо нядоўга засталося. Вунь, вечарэе. Там і пабачым. Усё стане на свае месцы. Каб ненарокам на добрага чалавека паклёп не ўзвесці... Язык, ён без костак. Спяшацца не трэба.
     — І то праўда,—пагадзіўся стары вясковец,— не дай Бог, потым акажацца, што старая не вінаватая. Як мы з ёй потым жыць будзем, як прабачэння прасіць станем? Трэба пачакаць...
     Яшчэ хвілін колькі пастаялі і разышліся па хатах.
     А там спраўдзілася ўсё, пра што чалавек казаў. Некалькі кароў знікла некуды, некаторыя ледзьве прыцягнулі з пашы ногі, відаць, захварэлі, а ў некаторых малака ўвогуле не стала. Тут ужо зразумелі сяляне, што на іхнюю жывёлу дзейнічаюць праклёны сляпой варажбіткі, але спадзяваліся, што праз дзень-другі ўсё скончыцца. Ды дзе там! 3 кожным днём усе болей кароў малака не прыносіла. Жанчыны ўголас выць пачалі. Як дзяцей гадаваць? Малако ў вёсцы, асабліва летам,— асноўная ежа.
     Сабраліся мужчыны і давай меркаваць, як ад незвычайнай бяды пазбавіцца. Доўга раіліся, ды ніяк рады даць не маглі, як злавіць чорную душу. Тады стары дзед устаў, зняў шапку і звярнуўся да сялян:
     — Ведаеце што, дзеткі? Трэба нам злавіць варажбітку, калі яна будзе ў кароў малако адбіраць. А раз зловім яе на месцы злачынства, то і пакаранне адпаведнае наладзім. Дамо так, што болей нікому не захочацца над людзьмі сумленнымі здзекавацца. Як зрабіць — гэта я вам падкажу, бо чуў, як некалі ў суседняй з намі вёсцы ад такой бяды пазбавіліся. Трэба па чарзе пільнаваць жывёлу і пачынаць, відаць, з сённяшняе ночы і тым гаспадарам, у каго яшчэ каровы даюць малако. Яна абавязкова да некага з'явіцца раз ужо завялася, то не адчэпіцца...
     Так і зрабілі. Прыйшлі дамоў сяляне, перакусілі і пахаваліся па хлявах пільнаваць, калі ж тая варажбітка з'явіцца.
     Летам ночка кароткая. Толькі змрок апусціўся, а праз некаторы час ужо шарэць пачынае. Пад раніцу асабліва спаць хочацца. Вось адзін селянін, які таксама пільнаваў, прыхіліўся да шула і задрамаў непрыкметна. Гэтак яму соладка, гэтак добра спіцца, але нібы хто пад рэбры кулаком штурхае, будзіць, значыцца. Ускінуўся ён, адкрыў вочы і зразумець нічога не можа. Бачыць — цераз парог скача вялізная жаба. Ледзьве не закрычаў чалавек з перапуду, але стрымаўся. Стаў сачыць за тым, што ж далей будзе. Жаба тая прыскакала да каровы і... давай ссаць малако. Усё выдундзіла і збіралася ўжо назад клыпаць, ды тут гаспадар ачомаўся, ухапіў вілы, якія спецыяльна пад рукою паставіў, і за жабай! А яна гопае па зямлі, не раўнуючы, як конь. Ледзьве дагнаў і давай віламі па ёй дубасіць. Ды ніяк патрапіць вастрыём не можа. Нарэшце прылаўчыўся неяк і ўрэзаў прама па галаве. Жаба ажно віскнула і... яшчэ хутчэй прыпусціла.
     На раніцу пабег гаспадар да астатніх вяскоўцаў, каб распавесці ім пра тое, што ў ягоным хляве ноччу адбывалася. Паслухалі сяляне дый гавораць:
     — Пайшлі да сляпой ды глянем, ці дома яна зараз, ці жывая, бо калі гэта яна была, то нейкі ж знак павінен быць на целе. Дзе ж гэта вы бачылі, каб віламі па галаве аперазаў і ўсё цэлым засталося?
     Прыпёрліся да плоту ля хаты варажбіткі, а далей ступаць баяцца. Ніхто не хоча рызыкаваць, а раптам нейкі заклён ці хваробу цяжкую і на яго накіне. Стаяць, маўчаць, толькі пахекваюць. Потым нехта ціхенька сказаў:
     — Што ўжо стаяць? Трэба ж неяк зірнуць.
     — То давай, зірні.
     — А чаму я?
     — Дык ты ж пытаешся.
     — А і зірну!
     — Зірні!
     Смяльчак павольна, нібы перад смерцю, пераставіў нагу праз пералаз і падаўся да акенца. Па дарозе разоў колькі спыняўся, уздрыгваў, азіраўся назад. Ды ўжо не выпадала вяртацца, калі сам выклікаўся. Нарэшце селянін прыпаў да слепаватага акенца. Народ ажно падаўся наперад, так жадаў убачыць, што робіцца ў хаціне. Нечакана пачулася:
     — У хаце яна. На палку ляжыць. Вунь, бачу... Галава анучай белай перавязана...
     — Значыцца, то яна была. Ёй віламі ўлупіў мужык, не схлусіў. Цягнуць варажбітку на святло, тут і вырашым, што з ёю рабіць!..
     Калі старую вывалаклі на свет божы, яна толькі вохкала і трымалася рукамі за спіну:
     — Ой, што ж гэта вы ўдумалі, людзі добрыя? Ой, як жа вам не сорамна, мяне, старую, нібы авечку, валакчы?..
     — А табе малако ад нашых кароў адбіраць не сорамна? — пагрозліва данеслася з натоўпу.
     — Даруйце мне, даруйце, калі можаце, болей ніколі нічога благога не зраблю! Гэта нячыстая сіла мяне спакусіла! Даруйце! — і сляпая варажбітка бухнулася на калені.
     Натоўп панура маўчаў. Глядзелі на старую і думалі: адпомсціць ёй трэба абавязкова, але ж і забіваць шкада. Нешта ўзварухнулася ў вяскоўцах. Той, хто першы заўважыў, як сляпая на балоце варажыла, запрапанаваў:
     — Выгнаць яе з вёскі прэч! Няхай жыве сабе ў тым гнілым балоце! За тымі мхамі ды за даламі!
    Так і зрабілі. Выгналі варажбітку з паселішча, і стала яна жыць на балоцістых выспах. 3 цягам часу перастала варажыць, і людзі ля яе пачалі сяліцца. Калі памерла старая, дык пахавалі яе крыху асобна. I нядаўна яшчэ яе магілу паказвалі.
     А вёска з тае пары так і стала звацца — Замошша.

Міншчына ў легендах і паданнях, Мінск “Беларусь” 1998 Складанне, запіс і апрацоўка А.М.Ненадаўца
 

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©