|
ТАЛЬ
Жыў тут хлопец. Звалі яго проста Сямёнка, ці Сямён.
Прыгожы быў, ладны, працавіты, але не шанцавала яму з тае нагоды,
што каханка Тэкля не хацела выходзіць за яго замуж, бо хлопец быў
бедны, нё было у яго ні багатых бацькоў, ні грошай, ні, адпаведна,
зямлі. Ды яшчэ прыпляла дзяўчына, быццам бы Сямёнка баязлівец, нават
свайго ценю палохаецца. Язык у Тэклі без касцей, ды дзецюку ад
гэтага не лягчэй, людзі пачалі пашкаць, смяяцца. Што ж тут рабіць
заставалася.Трэба было нейкае выйсце шукаць, каб узняць сябе ў вачах
каханай і ў людскіх вачах таксама падказаў нехта Сямёнку, што можна
на Купалле паспрабаваць знайсці шчаслівую кветку і тады багацця
займееш — на паўсвета хопіць. Загарэліся вочы ў хлопца, і стаў ен
чакаць тае чароўнае ночы. Ледзьве да лета дажыў — гэтак спяшаўся.
Нарэшце надышло і Купалле. Выйшаў Сямёнка з хаціны, сеў
на ганку і пачаў прыслухоўвацца. Надта хацелася пакрочыць да
змрочнага начнога лесу але было яшчэ рана, бо пеўні першыя не
спявалі. Нуўзабаве закрычалі, залопалі крыллем певуны. Усхапіўся
хлопец і шпарка пашыбаваў да пушчы. Ен зараней ужо выхадзіў,
выглядзеў, дзе папаратніку мноства расце, каб не ісці потым
наўздагад. Крочыць, ды здаецца, што позніцца, то ажно бягом
прыпусціў дзяцюк. Бяжыць, не заўважае вакол сябе нічога і ўрэзаўся ў
корч, што з зямлі выпіраўся, ажно ў вачах пацямнела. Пакуль у сябе
прыйшоў — здалося, што цэлая вечнасць прамінула. Устаў ды далей
пакіраваў, але ўжо не так шпарка.
3 цягам часу забраўся ў такі гушчар, што навокал нічога
не было відаць, адны совы-начніцы жудасна аб нечым рагаталі, ды гады
ўсялякія вішчалі-сыкалі. Закалаціўся Сямёнка з перапуду, спіна потам
халодным пакрылася, ужо і назад павярнуў бы, але дзе ж тая дарога,
хто яе падкажа. Ледзьве не загарлаў, ды ў гэты момант найвышэйшай
напружанасці падалося дзецюку, што неба крыху праяснілася, і на душы
зрабілася спакайней. Пачакаў якую хвіліну Сямёнка і не вытрымаў,
запрасіўся:
— Божачка! Дазволь мне вярнуцца дамоў... Божачка!
Пакажы дарогу назад! Больш не буду шукаць дармавога, толькі падкажы...
У адказ толькі зарагатала-залапатала нейкая невядомая
птушка, дзікі рогат пранёсся па начным лесе і зноў настала глухая
цішыня. Затрэсліся калені ў хлопца і неяк міжволі апусціўся ён на
пянёк побач. Сядзіць, думкі чорныя галаву свідруюць. Жывым бы неяк
выбрацца, дахаты дабрацца, а там не трэба яму болей Тэкля, не трэба
багацце. Жэніцца на простай дзяўчыне і гора ведаць не будзе. Вось
толькі б раніцы дачакацца.
Узняў Сямёнка галаву і страпянуўся — непадалёку ад
палянкі, на якой ён адпачываў, свяціўся ясны агеньчык. Устаў дзяцюк
і пакіраваў прама на яго. Так і ёсць! Папаратнікаў цвет! Забыўся
хлопец і на свой страх, і на абяцанні Богу, толькі б вырвацца адсюль.
Ухапіў кветку абедзвюма рукамі і за пазуху хутчэй паклаў. Толькі
зрабіў гэта — адразу адчуў подых жывых істот навокал. То сядзеў і
нічога не было, а то пачаў разумець Сямёнка таямнічую гамонку лесу і
траў, кустоў і нават аблокаў, якія некуды спяшаліся па небе і, тым
не меней, шапталі:
— Глядзі ты, як пашанцавала гэтаму Сямёнку. Цяпер ён
самы багаты чалавек у свеце! Гэта ж трэба, так пашанцавала...
Узрадаваўся яшчэ больш хлопец, галаву вышэй задраў і
ўжо смела ступае, бо ўсё жывое расступаецца, ніц перад ім падае. I
нядзіўна — валадар лесу ідзе. Звяры моўчкі пасунуліся ў гушчар, а
больш дробныя стварэнні, наадварот, павылазілі пад самыя ногі каб
таксама выказаць сваё захапленне. Чуецца дзецюку як дрэвы
перамаўляюцца і адно аднаму гаворыць:
— Цяпер тая ганарліўка Тэкля зведае, хто такі Сяменка на
самай справе! Цяпер яна і рота не адкрые не тое каб яшчэ смяяцца! У
яго столькі золата будзе, што іншым і ў сне не снілася!
А што ўсялякія нячысцікі выраблялі, то і сказаць цяжка. Гэта
ж яны адразу завалодалі душою Сямёнкі. Радаваліся цяпер, куляліся,
вішчалі і кракталі ад задавальнення, падскоквалі да хлопца і
паляпвалі яго па плечуку, на што той адно толькі — усміхаўся. Ён
адчуваў сябе цяпер не толькі багатым, але і магутным, ад якога
многае залежыць.
Вось пачулася Сямёнку, як клічуць яго схаваныя ў зямлі
скарбы:
— Гаспадар! Гаспадар! Куды ты крочыш? Чаму не спынішся, не
разграбеш лісце, не капанеш раз-другі якім сучком, каб забраць нас з
сабою. Мы столькі часу чакалі гэтага моманту! Гаспадар! Забяры нас,
не праходзь міма! Мы ж спарахнеем тут лежачы цэлыя тысячагоддзі!
Забяры!
Разоў колькі і сапраўды не вытрымліваў хлопец спакусы,
нахіляўся і пачынаў шукаць там, дзе яму паказвалі таямнічыя галасы.
Знаходзіў адразу таму праз нейкія паўгадзіны і запазухай, і ў
кішэнях і ў шапцы было поўна залатых дукатаў. Не верылася селяніну,
што ён гэтак хутка ўзбагаціўся. Глядзеў на бліскучыя манеты з нейкай
перасцярогай, мабыць баяўся, што яны могуць гэтак жа незаўважна
знікнуць, як і з'явіліся. Чым далей крочыў — тым болей гучала
галасоў. Прычым крычалі з самых розных мясцін: з кустоў, купін,
вулляў, са старых дрэваў з-пад камянеў, нават з прыдарожнага
пахіленага крыжа пачууся прыцішаны гук:
— Забяры і мяне, гаспадар! Даўно цябе чакаю. 3 таго
самага дня, калі майго першага гаспадара рабаўнікі забілі, калі ён з
кірмашу ехаў. Усё злыдні агледзелі, але не знайшлі золата, бо не
здагадаліся, што яно у драбінах, у звычайным мяшку. Так з тае часіны
і ляжу ў смецці ды камянях. Надакучыла, забірай з сабою!
Сямёнка павагаўся хвілін колькі. Яно-то і
зразумела —усяго адразу не ўхопіш. Але спалохаўся што нехта іншы
знойдзе, бо на паверхні ўсё знаходзіцца і стаў перасыпаць тое, што
набраў, каб і гэты скарб дамоў занесці. Хлопцаў твар свяціўся гэткай
радасцю, што шчаслівейшага чалавека ў той момант у цэлым свеце не
было! Нават песню заспяваў.
А нячысцікі ад яго ні на крок не адступалі, вішчалі ад
задавальнення. Неяк непрыкметна слізгануў першы прамень сонейка па
верхавінах дрэваў, і яны з адчайнымі крыкамі кінуліся як мага хутчэй
назад, да свайго дамовішча, відаць, баяліся, што не паспеюць у час
прыхавацца і тады стануць лёгкай здабычай для людзей.
Сямёнка пабраў усё золата і вырашыў дахаты кіраваць. А
наперадзе балота трэба было перайсці. Перабірацца праз яго і з
вольнымі рукамі справа цяжкая, а калі яны занятыя, то і гаварыць не
даводзіцца. Але сабраўся неяк хлопец з духам, пастаяў, паразважаў
крыху і пайшоў. Ступіць крок-другі, з нагі на нагу пераваліцца і
далей ступае. Амаль да паловы ўжо дабраўся. Узмакрэў увесь. Яшчэ б!
Гэткі цяжар нясе, ды не проста цяжар, а грошы, пра якія так марыў,
з-за якіх усю ноч страхі трываў, душу нячысцікам запрадаў.
Нарэшце заўважыў высокую купіну, а вакол яе нібыта
цвёрды грунт. Вырашыў тут перадыхнуць, супакоіцца і агледзецца,
далейшы шлях вызначыць. Паклаў грошы на траву і пачаў азірацца. А
калі назад глянуў, то валасы дыбарам сталі: прама на яго ад таго
лесу, дзе ён ноччу папаратнікаў цвет знайшоў, ляцелі нейкія пачвары,
ды такія страшныя і агідныя, што Сямёнка не вытрымаў. Ухапіў золата
і пабег што было сілы. Але ж па балоту надта не папрэш. То аступішся,
то правалішся, то не ведаеш, куды ступіць. А пагоня ўжо амаль
даганяе. Выразна чуваць, як шэпчуць злосна:
— Аддай! Аддай! Аддай наша нажытае! Аддай, бо ўсё роўна
ўтопім!
Сямёнка да берага мо крокаў з дзесятак не даступіў і ўляцеў у «чортаву
віру». Гопнуўся па самыя вушы, а цяжкія грошы на дно пацягнулі,
толькі бурбалкі пайшлі, і папаратнікаў цвет не дапамог. «Чортавыя
вірыя» у нас называюць яшчэ іначай — талі.
Пазней балота адступіла, а месца, дзе Сямёнка згінуў,
людзі гэтак і пачалі зваць — Таль. Так і засталося.
Міншчына ў легендах і паданнях, Мінск “Беларусь”
1998 Складанне, запіс і апрацоўка А.М.Ненадаўца
Да зместу |
|