|
Адкуль пайшла назва вёскі Гарадзяцічы
Старыя жанчыны апавядалі, а ім бацькі перадалі, што нядаўна яшчэ
тут было зусім мала людзей, шэсць-восем хат стаяла. Цяпер
пасяліліся, бо цэнтр калгаса. А даўно-даўно тут быў горад. Месца
тое знаць і цяпер, гара пясчаная ў тым месцы, дзе ў Арэсу ўпадае
прыток, цяпер асушаны. Пацеркі знаходзілі, пярсцёнкі і іншае. А
там, дзе быццам быў касцёл, мох зыбучы, пні велізарных дрэў,
касцёл скрозь зямлі пайшоў. Дык вось і назва ад таго горада —
Гарадзяцічы.
Запісаў Л. М. Салавей у в. М. Гарадзяцічы
ад В. Р. Дрынеўскай і М. П. Слівец
Каменныя валы
Калісь людзі былі цёмныя. Чалавек гаворыць жонцы:
— Я паеду араць, бо гавораць, што сягоння вялікі дзень.
Ён думаў, што Вялікдзень — гэта вялікі дзень і ўдвая зробіць.
Паехаў араць. Прыйшло ўрэмя абедаць. Жонка панесла яму абед. Ён
сеў на камень, паеў. Калі жонка йшла дамоў, ён ска заў ей:
— Ідзі, ды не аглядайся.
Жонка адышла з кіламетр, аглянулася і акамянела. Акамянелі валы,
чалавек і сабачка. Людзі сабраліся, паставілі хрэст. Хрэст быў з
такога дрэва, што і гніль яго не браў. Палякі ўжо потым спалілі.
Мы былі хлопчыкамі, бывала, павядзем на валы, б'ем каменнем, з
яго сыплецца краска. Разатрэш на руцэ — чыстая кроў. 3-пад
каменных валоў выскаквае сабачка шэранькая і гоніць нашы авечкі
аж да Бібікаў. Пойдзем шукаць — авечкі стаяць у кучцы, а сабачкі
ніякай няма. Гэтыя валы і цяпер ёсць, але яны ўвайшлі па клубы ў
зямлю...
Запісала Г. А. Барташэвіч у 1975 г. у в. Рачэнь.
ПРА БЯЗРУЧКУ
(казка)
Жыў-быў купец, і была ў яго сястра. Вельмі ён любіў сястру. Ну,
ён ездзіць на работу, прыедзе, смяюцца яны з сястрой, чай п'юць.
Жонка з-за рэўнасці пабегла ў сарай, зарэзала самага лепшага
жарабца да й кажа мужу:
— Ты з сястрою вельмі добра жывеш, ідзі паглядзі, што яна табе
нарабіла. Ён пайшоў:
— Ну то што? Жарабец — чорт яго бяры, яшчэ адзін будзе...
Потым на другі дзень зноў гэтак. Яна пайшла ў сарай і зарэзала
лепшую карову.
— От ідзі паглядзі, што яна табе нарабіла. Ён пайшоў, паглядзеў:
— Ну, карову зарэзала. Чорт яе бяры, гэту карову.
Потым у васкрасенне яны пайшлі ў цэркаў. У яе, у жонкі гэтай,
адно едзінственнае дзіця было. Сталі людзі ўхадзіць з цэрквы, і
яна бягом прыбегла дадому і яе, сястру тую, адправіла гуляць, а
сама зарэзала свае дзіця. Ён прыйшоў, да яна яму:
— От, сматры, што твая сястра зрабіла.
Тады ён не ўдзяржаўся ўжо, запрог каня і прывез яе ў лес.
Прывязаў да тоўстай калоды:
— Калі твае рукі, сястра, рабілі, кладзі на калоду! — I
паадсякаў ей рукі так во, па локці. Ну, і паехаў. Яна, бедна,
блудзіла, блудзіла і прыблудзіла к царскаму дварцу, села на
лавачку.
Царскі сын выйшаў і так ужо яе спадобаў:
— Мамачка, буду з гэтай бязручкай жаніцца. Дак яна:
— Ой, сынок, нашто табе яна?
Ён ні ў якую. Ажаніўся, маці памерла, ну а цар ужэ стары,
перадаў яму гэта ўсё царства. Яна забярэменела і радзіла сына —
у лбе сонца, у патыліцы месяц. Ну, а ў тую вёску, дзе жыў купец,
прыйшоў неяк паштальён. Купец паехаў некуды. Трэба, каб
паштальён начаваў у лепшай, купецкай хаце. Расказаў ей, той
жонцы, што такая і такая бязручка радзіла такога і такога сына.
Яна ўжо напаіла яго, спаць палажыла, выняла гэта пісьмо,
пачытала, перапісала так: «Радзіла твая жонка невядомую звярушку,
мядзведжыя ногі, воўчая галава». Ну, занёс гэты паштальён, — ён
пачытаў і напісаў: «Што бы ні радзілася, да майго прыходу штобы
не страбілі».
Яна зноў пераняла, як паштальён начаваць прыйшоў, назад ідучы.
Дак яна зноў яго напаіла, пачытала пісьмо і напісала так: «Да
майго прыходу каб яе і дзіцяці следу не было».
Гэты яго ацец ужо вельмі яе палюбіў, шкадаваў. Пачыталі, ну што
ж, трэба адправіць. Увязалі ей гэтага рабёнка і пусцілі. Пайшла
яна. Прайшла яна к мору, захацела вады папіць. Нагнулася, дзіця
страпянулася і паплыло. Яна стаіць ля мора і плача. Прыходзіць
сівы дзядочак і сказаў:
— Мачы руку.
Яна абмачыла — рука прырасла. I другая так прырасла.
— Ну ідзі, — кажа той дзядок, — дзіця лаві!
— Ну, калі прыраслі, пайду лавіць дзіця.
Пайшла, так ей вады во так усяго... Яна ўлавіла гэтага хлопца
свайго. А хлопец расце не па днях, а па часах. Яна ўжо ідучы
расказала яму быль сваю, усё, што было.
Ну, прыйшлі яны да гэтага купца начаваць, і цар ужо ідзе дадому,
начуе там. Ну, гэты цар спяшыць, хоча дадому як можна, нудна
яму, не хоча спаць:
— Ну, хто ўмее баі бавіць?
I купец бачыць, што сястра яго, і цар, бачыць, што гэта жонка
яго, але з рукамі. Да кажа:
— У гэтай жанчыны сын ёсць, харашо ён умее баі бавіць. Пазвалі
яго.
— Толькі, — кажа,— як раз пераб'е, палавіну гаспадаркі прападзе,
а як другі раз — уся гаспадарка, а калі трэці раз — то і галава
з плеч. Ну і стаў казаць так, і гэта ўсё пераказаў, як жарабца
зарэзала пайшла ў хлеў. Так яна не ўдзяржалася: «Не-а!» Так
палавіна гаспадаркі ўжо няма. А ўжо як карову ізноў зарэзала,
так яна: «Не-а! ». Ну, то ўся гаспадарка прапала. А далей ужо як
пайшлі ў цэркаў, прыйшлі з цэркві, яна адправіла гэту сястру
гуляць і вот сваё роднае дзіця зарэзала і на сястру сказала. Так
яна, купцова жонка, ізноў: «Не!» Ужо галава з плеч. Тады ён
кончыў гэту казку і кажа:
— Вось мая мама, а гэта мой дзядзька, гэта мая цётка. — К цару
падышоў: — Гэта мой тата...
Запісала Г. А. Барташэвіч у в. Рачэнь
ад Е. К. Ляўчэні.
ЯК ПАЛЕШУКІ СОНЦА Ў МЯХАХ НАСІЛІ
Жылі ў Баянічах чатыры браты. Жылі дружна. Усе чацвёра сем'ямі
абзавяліся. Бацькоўская хата малою стала... Вырашылі пабудаваць
новую. Узвялі дыхтоўную пяцісценку. Адно дрэнна — цёмна, няма ў
хаце святла. Нядоўга пераблытаць, дзе свая жонка, дзе братава,
дзе свае дзеці, а дзе пляменнікі — вокнаў у хаце няма...
Сышліся браты на савет. Сядзяць, радзяць, як святло здабыць у
хату.
— Браточкі, давай усе разам, талакой, у мяхах святла наносім, —
прапанаваў старэйшы. Сабраліся ўсе, жанчын і дзяцей узялі,
кожнаму мех далі і прыняліся за справу. На двары набіраюць
поўныя мяхі сонечнага святла, нясуць у хату, высыпаюць І цемрай
мяхі набіваюць, выносяць з хаты.
Бегаюць цэлы дзень туды-сюды. Гвалт, глум паднялі, уся веска
збеглася. Стаяць, чакаюць, пакуль у хаце пасвятлее. Аднак час
ідзе, а вынікаў не відаць...
Праходзіў праз вёску падарожнік. Доўга стаяў, глядзеў на вэрхал
— нічога зразумець не змог.
— Што тутака ў вас здарылася, людзі добрыя?
— Ды вось браты пабудавалі хату, а святла няма. Цяпер носяць
святло. Пасмяяўся падарожнік і кажа:
— Дайце сякеру. Я вам хутка святло дам!
Узяў сякеру, прасек у сцяне акно. З'явілася ў хаце святло.
Падзякавалі браты чужынцу, той сваёй дарогай пайшоў.
Пасядзелі браты, парадаваліся святлу. Але ж бачаць, што святло
толькі на адной палове. I вырашылі пусціць у хату як мага больш
сонца. Давай кожны прасякаць па вакну. Чым больш сякуць, тым
больш святла. Так захапіліся, што не заўважылі, як усю сцяну
знеслі, хата развалілася... Пачасаў старэйшы патыліцу:
— Няма святла — дрэнна, і задужа шмат святла — таксама бяда...
Такая добрая хата была! Пабедавалі небаракі, ды зноў за сякеры
ўзяліся — будаваць хату занава. 3 вокнамі...
Да зместу |
|