|
Андруховіч
Анатоль Антонавіч
Дачка Арэсы
Мастацка-дакументальная аповесць Мінск «Юнацтва»
1989
Назад няма вяртання
1
Патрыёты з Нежына ўважліва сачылі за кожным крокам
ворагаў. Феня даведалася, што на хутар Вопін, дзе кватараваў чалавек
без пэўных заняткаў, Штанка, часта наведваюцца паліцэйскія з
Кузьмічоў і нават Любані.
— Трэба праверыць гэтага Штанка,— прапанавала сваім хлопцам
Феня.— Вельмі цікава, што гэта за чалавек.
— Што з ім валэндацца,— раззлаваўся Заблоцкі.— Не так
сабе ён знюхаўся з гітлераўцамі.
...У нядзелю надвячоркам яны былі на хутары. У двары стаяла
фурманка.
— Прыехалі, бобікі,— працадзіў праз зубы Аляксандр
Шаўцоў.— Відаць, п'юць.
— Цёпленькімі і возьмем,— сказаў Заблоцкі і рашуча
рушыў да хутара.
Яны падкраліся з боку лесу да хлява, адтуль праз двор
праскочылі ў хату. Усё было зроблена вельмі хутка і без затрымкі:
нават сабака са сваёй будкі позна забрахаў услед. Падпольшчыкі
адчынілі дзверы ў хату. За сталом са шклянкамі ў руках сядзелі
паліцэйскія і Штанка.
— Рукі ўгору! — крыкнуў Аляксандр.— Ні з месца.
Страляем без папярэджання.
Паліцэйскія спалохана паднялі рукі. Заблоцкі забраў стрэльбы,
акуратна ссыпаў у шапку патроны, стрымана прамовіў:
— А цяпер можаце працягваць. За што, панове, збіраліся
выпіць? Смялей, смялей. Мо і мы з вамі падымем чаркі.
— Яны, мусіць, п'юць за сваё сабачае жыццё,— нявесела сказала
Феня.— Зальюць вочы, толькі тады і могуць рабіць сваю чорную справу:
рабаваць нявінных людзей.
Маўчаць паліцэйскія, ведаюць, што разлічваць на
спагаду не могуць, бо за кожным ёсць нямала грахоў.
— Я пазнаў вас,— павярнуўся да Фені Штанка.— I хацеў
пагаварыць.
— Гавары,— павярнуўся да яго Шаўцоў.
— Я не жадаў бы пры гэтых,— ён паказаў рукой на сваіх
сабутэльнікаў.
— Не здраднік я,— нейкім ахрыплым голасам прамовіў
Штанка.— Я даўно шукаў сустрэчы з Сямёнавай.
— Ты ведаеш Сямёнаву. Адкуль? — насцярожылася Феня.
— Дадзена заданне адшукаць разведчыцу. I прыкметы яе
паведамляліся ў загадзе,— працягваў ён.— Я ж вас ведаю. Мне няцяжка
было здагадацца.
— Ты ведаў і маўчаў? — усміхнулася Феня.— Ці бярог на чорны
дзень сваю тайну?
— Я шукаў сустрэчы з вамі...
— I гэтыя таксама... шукалі? — Феня паказала на іншых
паліцэйскіх...
Штанка тым часам круціўся каля ложка, яму карцела наблізіцца,
паправіць збітую падушку. Феня заўважыла гэты манеўр, падышла,
адкінула падушку і пад ёй заўважыла парабелум.
— Нядрэнная цацка, пан Штанка...
— А вы, рабяты, спрытныя,— не ўтрываў, пахваліў Штанка.— I хто гэта
са мной жартачкі надумаў? На партызан вы не падобныя. Яшчэ ўчора
бачыў вас у вёсцы.
— Мы — патрыёты,— сказаў як адрэзаў Шаўцоў.
— А ты хто, пан Штанка? — спытала Феня.
— Я сам па сабе,— усміхнуўся Штанка.— Але магу і вам
пасабляць.
— На ўсе рукі майстар... 3 наганам ходзіш, за людзьмі
сумленнымі сочыш...
— Цяпер трэба вуха востра трымаць,— нават весела прамовіў Штанка.—
Лепей за стол сядайце. Вып'ем, заадно і пагамонім. Як добрыя сябры,—
павярнуўся да гаспадыні, прыкрыкнуў: — А ты чаго стаіш? Нясі на стол
чарку, скварку, а я тым часам за бутэлькай...
Але ўбачыў настаўлены на яго наган, пажартаваў:
— Кіньце свае гарматкі, хлопцы. Я зараз,— і Штанка
выскачыў у сенцы.
Не адступаючы ні на крок, следам за ім кінуўся Заблоцкі.
Шаўцоў застаўся ў хаце. I раптам ён пачуў, як нешта ў сенцах гупнула,
стукнулі дзверы. Праз вокны ўбачыў: па дварышчы, прыгінаючыся,
імкліва бег Штанка. Аляксандр, не раздумваючы, стукнуў прыкладам па
шыбе, прыцэліўся, стрэліў. Уцякач спыніўся, нібы на сцяну наткнуўся,
і зваліўся на зямлю...
2
На наступны дзень Феню выклікаў Гарбачоў.
— Ваша работа на хутары? — напусціўся ён на Феню.
— Наша,— стрымана адказала яна.— А што?
— Вось што,— злуючыся гаварыў ён.— Запамятай, Сямёнава, баявыя
аперацыі надалей узгадняць. Ухваліць твой учынак не магу. Есць
дысцыпліна, парадак. Ці ж яны для нежынцаў не існуюць? — наступаў на
Феню Гарбачоў.
— Існуюць,— згадзілася Феня, паглядзела на яго шчыра, хоць у
вачах і бліснулі вясёлыя агеньчыкі.— Абяцаю ў далейшым усе аперацыі
ўзгадняць.
Ён паглядзеў на яе больш лагодна.
— Зразумей, Феня. Не трэба лішняй рызыкі. Ёсць
падазрэнне, што гітлераўцам вядома пра вашу падпольную арганізацыю,—
ён паглядзеў на яе з дакорам.— Я мяркую, трэба рыхтаваць хлопцаў у
лес, да партызан. Астатнім затаіцца, вычакаць колькі часу...
— У такі час сядзець склаўшы рукі? — запярэчыла
Феня.— Навокал такія справы робяцца, а мы — убаку.
— Я лічу,— сказаў Гарбачоў,— замыкацца табе на адной
нежынскай групе няма патрэбы.— Ён падышоў, стаў насупраць, паглядзеў
у вочы.— Наспеў час арганізоўваць у раёне іншыя баявыя падпольныя
камсамольскія групы. I табе трэба ўключацца ў гэту работу поўнасцю.
— Вось гэта правільна,— пагадзілася Феня.— У раёне павінна
больш стварацца баявых груп.
— I я так лічу,— перапыніў яе Гарбачоў.— I ў гэтай рабоце табе
адной усюды не паспець. Патрэбна дапамога найболып актыўных
камсамольцаў.
— Маё месца сярод моладзі, я застануся ў Нежыне. Там я ўсіх
ведаю і ад маёй работы больш карысці.
— Не забывай, Сямёнава, камсамольцы Любаншчыны не могуць рызыкаваць такім
вопытным і выпрабаваным кіраўніком і арганізатарам, якім ты стала,—
стаяў на сваім Гарбачоў.
— Не разумею,— насцярожылася Феня.— Чаму так пачалі
клапаціцца пра мяне? Я сябе ў крыўду не дам.
— А гэта ты бачыла? — Гарбачоў дастаў загорнуты аркуш.
— Што гэта за паперы? — насцярожылася Феня.
— Загады каменданта Гляйса,— усміхнуўся ён.— Па дзесяць тысяч
марак абяцаюць за кожнага кіраўніка падполля і камандзіра партызан.
Бач, як высока нас ацанілі.
— Не дарэмна стараемся,— усміхнулася Феня.
— Але нам патрэбна падвоіць сваю асцярожнасць і пільнасць,—
сказаў Гарбачоў.— Вораг не на жарт бярэцца за знішчэнне
партызанскага руху ў раёне.
— Усё я разумею,— сказала яна памяркоўна.— Але і вы
зразумейце, абставіны мацней за нас.
— Я не пра абставіны з табой каторы час гавару. Пра звычайную
дысцыпліну,— зноў зазлаваўся Гарбачоў, і ў голасе яго чулася
непахіснасць.
«Не адобрыў, выходзіць, Адам маіх дзеянняў,
паскардзіўся Гарбачову. Ведама ж — кіраўнік. Хоча, каб па яго
выходзіла. Адсюль гэта жаданне павучаць, выступаць у ролі
клапатлівага і спагадлівага дарадчыка. А мне не патрэбны гэтыя
шчырыя парыванні. Я не маленькая, каб мне гаварылі пра кожны мой
крок»,— думала Феня, хоць і разумела, што ў словах Гарбачова была
праўда, урэшце, бо дысцыпліна для ўсіх аднолькавая. I яна абавязана
слухацца Адама не толькі таму, што і ён непасрэдна адказвае за
разгортванне падпольнага камсамольскага руху ў раёне, але і таму,
што гэтага патрабуюць абставіны і тыя задачы, якія вызначыў
падпольны абком. I Майстрэнка і Гарбачоў на яе спадзяюцца, таму і
хвалююцца, і клапоцяцца...
Гітлераўцы арганізавалі сапраўднае паляванне на кіраўнікоў падполля
і партызан. Сталі трымаць пад кантролем подступы і дарогі ў лясы,
засылаць правакатараў і шпіёнаў, весці ўзмоцненую агітацыю сярод
моладзі...
Невясёлыя думкі апанавалі Феню. У памяці ўсплывалі
зрывы і правалы. Было іх нямала і ў партызан і ў падпольшчыкаў. «Нам
бы толькі зіму пратрымацца. Першую ваенную зіму. А вясной мы
разгорнемся...»
Гоніць ад сябе неспакой і сумненні Феня, а яны насуперак — трывожаць,
самотай аддаюцца ў сэрцы. Нечаканасці падпільноўваюць разведчыка на
кожным кроку. Сама яна спакойная: зброя пры ёй — проста так у рукі
ворагу не дасца. За час сваіх вандровак пабывала яна ў пераплётах,
ды неяк смерць абыходзіла, выблытвалася і не верыла, што з ёю можа
здарыцца нешта кепскае. Іншая справа Пелагея, Маня ці вось яны —
камсамольцы-падполынчыкі — нявопытная, неабстраляная моладзь. Яны
таксама штодзень у хованкі са смерцю гуляюць. Сам-насам з небяспекай...
3
У дзвярах стаіць няўклюдны, даўгавязы Насановіч, іх надзейны
сябар і таварыш, і чуць не плача. Ніколі Феня не бачыла яго такім:
губы сцяў, хоча загаварыць і не можа — перахапіла дыханне, перацяло
горла. Феня доўга глядзіць на яго і не вытрымлівае:
— Чаго стаіш слупам, Іван? Не маўчы, гавары! Насановіч ледзь
прагаварыў:
— Сям'ю арыштавалі...
— Як так... арыштавалі?
— 3 Любані прыязджалі... У камендатуру забралі.— Насановіч з
горыччу паглядзеў на хлопцаў. Ён адвярнуўся, паспрабаваў закурыць,
але рукі ў яго дрыжалі — гэты, звычайна такі разважлівы хлопец стаў
бездапаможным і разгубленым...
У хаце наступіла напружаная цішыня. Усе пазіралі на Феню, а
пасля зноў на Насановіча. Ніхто не мог сказаць хоць адно патрэбнае
слова, што змагло б зняць напружанне. Твары ў хлопцаў і дзяўчат
панурыя.
— Чаго маўчыце, як у рот вады набралі? — спытала Феня.
Моцныя словы так і прасіліся на язык. На Насановіча не
накінешся. Пры чым тут ён? Тут больш за іншых вінавата яна, кіраўнік
падпольнай групы. Хто-хто, а яна павінна была ведаць, чым магло
закончыцца праслухоўванне перадач і распаўсюджанне лістовак.
Тут нават у вопытных могуць апусціцца рукі. Трэба прыдумаць
штосьці. Яны не дадуць у крыўду Насановіча. Гэта іхні абавязак. У
такой сітуацыі, Феня не сумнявалася, камсамольцы змогуць, калі
запатрабуюць абставіны, выручыць свайго таварыша і яго сям'ю.
Насановіч апусціў галаву:
— Ісці мне трэба ў камендатуру...
— Разам пойдзем,— падхапіўся Курчыч.— Аднаго не кіну. Ну, што
яны нам зробяць? Адлупцуюць і выпусцяць.
— Выпусцяць? Загад каменданта чыталі? У іх размова кароткая,—
перабіла Феня.— За невыкананне загаду — расстрэл. Ні я, ні
камсамольская арганізацыя ісці не дазволім,— крыху падумала і дадала:
—Адправім Івана ў лес, да партызан.
Перабіваючы адзін аднаго, узрадавана загаманілі. Як усё
проста. Як яны адразу пра гэта не падумалі.
— Сам не з'яўлюся, сям'ю заб'юць... Без іх я не пайду ў лес.
А так будзе, што будзе. Толькі,— голас яго ўзмацнеў,— не думайце,
што я нешта лішняе скажу.
— Ты гэта кінь, Іван,— перабіў Міхаіл Шаўцоў.— Пад удар
арганізацыю ставіш. Я супроць, каб ты ішоў у камендатуру.
— Выратуюся сам, а сям'я? Маці заб'юць, сясцёр...
Курчыч падышоў да сябра:
— Куды Іван, туды і я!
Феня з цяжкасцю вытрымлівала такое напружанне, голас яе
сарваўся:
— Не хачу слухаць пра гэта. Вы паставіце пад удар усіх нас, і
вырашаць, што рабіць — не вам, а арганізацыі, членамі якой вы
з'яўляецеся. Стаўлю гэта пытанне на галасаванне.
— Памерці ці жыць, я вырашу сам. Застануся, схаваюся, наклічу
большую бяду. А памерці, калі трэба, я змагу,— Іван цвёрда сказаў і
папрасіў: — Не трэба ставіць на галасаванне... Рашэнне маё цвёрдае,—
ён рыўком паправіў з нябеленага, грубага палатна кашулю,
стрымліваючы слёзы, заморгаў павекамі.— Ды каб я адзін, ці
задумваўся б!
— Я паўтараю,— жорстка вымавіла Феня,— ты не маеш права
добраахвотна з'яўляцца ў рукі гітлераўцаў.
— Трэба зразумець Івана, там жа маці, самы дарагі
чалавек,— паспрабаваў заступіцца Філіновіч.
— Ведаю я СД. Нават за нязначную правіннасць — на
шыбеніцу,— сказала з перасцярогаю і шкадаваннем Феня.
I гэта шкадаванне цяпер праяўлялася і ў сухасці тону і
строгасці. Насановіч не ўяўляе, якой будзе жорсткай расправа, якія
катаванні чакаюць у СД. Феня, здаецца, зрабіла б усё, каб Іван
пайшоў у лес да партызан. Але, па ўсім відаць, ён не разумеў, праз
якое пекла належала прайсці, і не слухаў нікога.
— Я параюся з надзейнымі людзьмі,— сказала Феня
спакойна.— Паспрабуем выратаваць сям'ю.
— Ат,— абыякава махнуў рукой Іван.— Мне заўтра раніцай трэба
з'явіцца ў камендатуру, інакш усіх маіх...— павярнуўся, акінуў усіх
жалобным позіркам, нібы запомніць хацеў назаўсёды, і пайшоў.
— Іван, вярніся! — памкнулася ўслед Феня.— Ты не зробіш
гэтага, не пойдзеш у Любань.
Іван не азірнуўся, пайшоў.
Яны доўга сядзелі. Ніхто нічога не мог прапанаваць...
Хлопцы апусцілі галовы, баял;ся сустрэцца позіркамі.
— Пойдзе. Цяпер яго не спыніць. Я яго ведаю...— ціха
вымавіла Пелагея.— Яны яго не выпусцяць, не паглядзяць, што сам
з'явіўся па выкліку.
Феня ўзняла свае пацямнелыя ад клопату вочы:
— Падумаць трэба, як дапамагчы Насановічу. Мы ў нечым
вінаватыя перад Іванам і яго сям'ёй. Не падумалі пра іх бяспеку.
— Пойдзем разам, мо перапынім,— падхапіўся Аляксандр Шаўцоў.
— Так, пойдзем. Выпусцім лістоўкі з апошнімі зводкамі і сёння ж
перанясём радыёпрыёмнік у надзейнае месца. Арганізацыя павінна
дзейнічаць,— цвёрда сказала Феня.
Хутчэй на вуліцу, каб не быць у хаце, не бачыць
выпрабавальных позіркаў хлопцаў. Трэба ісці ў лес, параіцца з
Майстрэнкам ці Гарбачовым... Яна не нейкае немаўлятка і не думае,
што пастрашаць там у Любані і выпусцяць. Яна не верыць у цуд, як не
верыць у тое, што гэта здарэнне не закране балюча ўсю падполь-ную
групу, многіх людзей.
Упоцемках асенняй ночы яна ўбачыла дзве постаці: яны
стаялі блізенька адна да адной, ні на кога не звярталі ўвагі, нікога
не бачылі. Ён, гаротны і маўклівы, абыякавы да ўсяго, што адбывалася
навокал, бачыў толькі Пелагею. А яна абхапіла рукамі яго за шыю,
прыціснулася, быццам бараніла ад небяспекі, горача і ўмольна
гаварыла. I чулася ў яе словах пакутлівая просьба не спяшацца,
падумаць, перш чым зрабіць гэты адчайны крок. У гэту хвіліну адна
яна магла яшчэ нешта перайначыць, толькі яе адну і мог ён паслухаць.
— Ты не пойдзеш, не зробіш гэтага,— нячутна
захліпваючыся слязамі, прасіла Пелагея.— У імя нашага кахання...
— Пайду... Я не магу інакш. Я не дарую сабе, калі з імі
нешта здарыцца,— цвёрда адказаў Іван.
— Яны загінуць і ты разам з імі. Гэта ж фашысты. Няма ў
іх літасці,— не адступалася ад свайго Пелагея.
Іван маўчаў, гладзіў яе валасы, развітваўся, назаўсёды развітваўся.
Феня ціхенька павярнулася і пайшла прэч. А ў вушах чуўся
голас Івана, у яе вачах стаяў яго праніклівы позірк, калі ён доўга
глядзеў на яе, пакідаючы хату, і ад таго позірку ёй стала вельмі
балюча — позірк запаў глыбока ў душу, ад прадчування непазбежнага
гора нагарнуліся на вочы слёзы...
да зместу |
|