|
Андруховіч
Анатоль Антонавіч
Дачка Арэсы
Мастацка-дакументальная аповесць Мінск «Юнацтва»
1989
Аперацыя «Фон-барон»
1
У хаце Феня прытулілася да напаленай грубкі. Цяплынь
разлівалася прыемнай стомай па целе.
— Картопля яшчэ цёплая,— запрасіла Пелагея.—
Хочаш?
— Нешта не хочацца,— адмовілася Феня і тут заўважыла, што ў Пелагеі
заплаканыя вочы.— Ты чаго плакала?
— Да цёткі Аўдолі хадзіла,— і зноў у слёзы.— Цётка
Аўдоля месца не знаходзіць. Баюся за яе. Іван у сям'і апорай быў.
Астатнія малыя зусім,— і нахілілася да Фені, заплакала.— Пайду,
заўтра ж пайду, каб і вочы мае не бачылі таго гора.
— Куды пойдзеш? — насцярожылася Феня.
— У атрад. Да партызан...
— У атрад? — перапытала Феня і злосна дадала: — Ты ж
дыслакацыю атрада раскрыеш, навядзеш на след карнікаў. Эх,
канспіратар. Ды так мы і зіму не пратрымаемся,— і цяжка ўздыхнула.
— Ты не злуйся на мяне,— выціраючы слёзы, ціха сказала
Пелагея.
Феня падышла, абняла яе за плечы:
— Не маем мы права даваць волю пачуццям.
— Мне боязна, здаецца, за мной нехта патаемны назірае, на
мяне паказваюць пальцамі, шэпчуць: «Вунь яна, дэпутатка, актывістка».—
Пелагея сціснула рукі сяброўкі.— Відаць, і мой канец хутка...
— Палашка, што ты гаворыш?
— Гэта ж трэба перажыць такое,— Пелагея зноў
расплакалася.— Івана і Колю... Не выпусцяць...
— Я ведаю, цяжка ім, вельмі цяжка,— суцяшала Феня і
сама чуць стрымлівала слёзы.
— Як жыць далей? Як трываць больш? — і павярнулася да Фені: — I ты
не беражэшся.
— Ці ж аб сабе цяпер думаць. Мы павінны быць гатовымі да ўсяго.
Яны селі на ўслон каля печы. Пелагея прыхінулася да сяброўкі і
супакоілася.
— Хлопцаў не выратаваць.— Феня жаласліва паглядзела на Пелагею.—
Думала, будуць у Кузьмічах разбірацца, а іх, бачыш, у Любань адразу,
пад аховай... I мы вінаватыя...
— Вайна ва ўсім вінаватая,— заплакала зноў Пелагея.—
Няма чаго вінаваціцца нам.
Феня ўзяла Пелагею за руку:
— Ведаю, заставацца ў вёсцы небяспечна. За мною сочаць.
Ты пакуль не на падазрэнні. Табе і групу ўзначальваць...
— У такі час... Мне самой вельмі цяжка.
— Усім цяпер нялёгка.
Яны доўга сядзелі за сталом і гаварылі. I пра сваё
асабістае — хаваць ім не было чаго адна ад адной — усё самае важнае
ў іх жыцці так ці інакш было звязана з вёскай, з сябрамі, а цяпер і
са смяротна небяспечнай падпольнай работай. Але было ўсё цяжкае,
гаротнае ў іх пароўну...
Феня раптам паднялася:
— Заданне ў мяне ёсць... Разам пойдзем у Любань. Мо пра
Івана з Колем даведаемся.
— Пойдзем,— узрадавалася Пелагея.
— Нас не павінны разам бачыць. Не трэба прыцягваць
увагі,— строга нагадала Феня.
Пелагея пачала збірацца ў дарогу. Загарнула крыху
хлеба, сала. Зняла з вешалкі новы кажушок, патрымала ў руках,
падышла да Фені, накінула ёй на плечы:
— Феня, не ў госці ідзеш. Зіма на дварэ,— Пелагея ямчэй
паправіла кажушок.— У ім табе ні мароз, ні вецер не страшныя.
— Ты мяне, як у бой, праводзіш,— спрабавала адмовіцца
Феня.— I табе ён спатрэбіцца.
— Насі на здароўе,— і прапанавала:—Прысядзем на дарогу.—
Пелагея прысела побач, абхапіла Феню за плечы.— Я цябе так люблю,
сяброўка. Я не змагу без цябе, калі з табою што здарыцца.
Феня ўзяла яе за рукі:
— Назірай за хлопцамі. Гарачыя яны ў нас. I будзь
асцярожнай,— паднялася, заспяшалася.— Пойдзем. Заседзеліся мы з
табой...
2
У Любань Феня ведала адзін параўнаўча бяспечны шлях —
цераз Арэсу. Але на мосце — узброеная ахова, дзот. Выходзіла, што
неабходна пераправіцца цераз раку, якая ў ваколіцах мястэчка
глыбокая. Недзе павінен стаяць човен. Аднак адшукаць яго ноччу
дзяўчаты не здолелі. Сэрца зайшлося, калі падумалі, што давядзецца
пераходзіць ледзяную раку. Адшукалі брод каля Ашуйкавай гары,
спакавалі адзенне, перавязалі клункі і асцярожна ўвайшлі ў ваду.
Цела іголкамі працяў холад. Яны выраслі каля ракі, умелі плаваць,
але ў халоднай рацэ ноччу боязна. Асцярожна ішлі адна за адной,
падняўшы рукі над галавой — вада падбіралася да горла... I тут
Пелагея не вытрымала, павярнула назад:
— Не змагу. Гэта вышэй маіх сіл,— яна дрыжала, зуб на
зуб не трапляў.— Дачакаемся раніцы і праз мост паспрабуем...
Мост праз Арэсу. Каля моста дзот, ходзіць патруль.
Унізе рака. Плёскаюцца хвалі каля берага. Праз раку горад. Сёння
нядзеля, і ў горад з усіх навакольных вёсак сцякаліся людзі на
базар: штосьці прадаць, абмяняць.
Вартавы грозна накінуўся на дзяўчат:
— Куды прэшся! Пропуск...
Пелагея, з клункам за плячыма, паказвае яму нейкую даведку,
падпісаную бургамістрам, але вартавы ўпарціцца, крычыць:
— Аўсвайс...— і адштурхоўвае маладзіцу ўбок.
Пелагея падскоквае да вартавога:
— От, людцы добрыя. Паглядзіце! Мо вочы з раніцы заліў
і нічога не хоча бачыць. Вось папера, ад самога пана бургамістра.
— Схавай сваю паперку. Гэта не дакумент. Аўсвайс
паказвай!
Але Пелагея і не думае адступацца, узяла клунак у рукі,
зноў падняла крык:
— Мне на базар трэба. Абноўку купіць... Не магу я ісці
назад за сорак кіламетраў...
— Ану, адыдзіся, не мазоль вочы. Мы з табой яшчэ
пагаворым. Даўно шомпалы па спіне не гулялі. Наступны!
Феня, захутаная ў старую хустку, адны вочы відаць,
штурхае Пелагею ў бок:
— Ты, Палашка, перастаралася. Глядзі, сапраўды шомпалаў
урэжуць.
— Нічога. Менш да іншых будзе прыдзірацца. Цяпер ты
ідзі.
Феня падышла да вартавога, паказала пропуск. Той узяў
яго і разгарнуў:
— А ты куды, прыгажуня?
— Зубы, пан. Спасу няма, гэтак даймаюць. Да дохтура іду.
— Што ў кошыку? — насцярожыўся вартавы.
— Яечкі... Дохтуру за лекі,— як можна спакайней
адказала Феня.
Вартавы чытае паперку, прыдзірліва пазірае на Феню:
— Здалёку ідзеш... Нешта тут не так. Ведаю вас, такіх
разумных. 3 партызанскай зоны ідзеш. Выварочвай кошык!
Але зноў да яго падскочыла Пелагея:
— На галаву табе трэба было б вывернуць! Гэта ж скажа
такое. Каб табе вантробы вывернула.
Вартавы зусім раззлаваўся, замахнуўся на Пелагею
прыкладам, але плюнуў:
— Праходзь, гарлахватка. Аглушыла,— ляпнуў Феню ніжэй
спіны.— I ты з ёю, прыгажуня,— і зарагатаў.— Сноўдаюцца тут...
Яны прайшлі мост і пайшлі брукаванай вуліцай гарадка.
Феня не магла супакоіцца:
— Думала, выверне кошык... У мяне аж сэрца закалацілася.
Там жа лістоўкі,— і напусцілася на Пелагею: — Ты таксама добрая.
Замест таго каб перад вартавымі ніжэй травы, гыр ды гыр...
— Я ж цябе ратавала... Увагу адцягвала,— смяецца
задаволеная Пелагея.— I во, бачыш, дапамагло,— і разважліва дадала:
— Гэта, аднак, не ў халодную ваду лезці, не так боязна...
Яны і не заўвакылі, як выйшлі на плошчу каля
камендатуры і міжволі спыніліся. На плошчы стаяла шыбеніца, на якой
гойдаліся дзве постаці. Нібы невядомая сіла пацягнула дзяўчат да
шыбеніцы: бліжэй, бліжэй...
Цень ад шыбеніцы падаў на плошчу, і Феня нібы спатыкнулася аб той
цень, ускінула вочы і жахнулася... У Пелагеі падкасіліся ногі, яна
ўскрыкнула:
— Іван... Мікалай. Нашы хлопцы...
Феня не змагла вымавіць слова, адчула, як на яе руцэ
павісла Пелагея.
— Я так і ведала... Божухна, што яны з імі зрабілі!
— Хутчэй адсюль. Ідзём,— праз сілу вымавіла Феня і
пацягнула прэч Пелагею.
Каля камендатуры тупаў вартавы. Ён звярнуў увагу на дзяўчат,
насцярожыўся. Яшчэ нейкае адно іх слова, адзін нязначны рух, і ён
падыме трывогу, затрымае.
Пакуль яны адышлі ад шыбеніцы, здавалася, мінула цэлая
вечнасць. Ногі аслаблі і дрыжалі. Пелагея не стрымлівала слёзы, яны
каціліся з вачэй, яна каўтала іх, давілася імі, а яны цяклі па
шчоках, вусны вымаўлялі амаль нячутна: «Іван... Любы мой...»
Яна павярнулася да Фені, моцна сціснула яе руку:
— Дай наган, Феня. Хоць аднаго гада прыкончу...
За Івана, за Мікалая...
— Пелагея, родненькая, трымай сябе ў руках! Ім
цяпер нічым не дапаможаш...
— Ды не магу я так больш. Не магу я перанесці гэту бяду,—
наўзрыд плакала Пелагея.
— Вялікае ў цябе гора, Пелагея. Але трэба быць мацней
свайго гора. Цярпець. Сцяць зубы, маўчаць...
— Застаецца маўчаць,— яна раптам вырвалася з
рук.— А я не хачу маўчаць, не магу цярпець больш...
— Ты ж заўсёды з розумам усё рабіла...
— Толькі мяне не кідай адну. Няма ў жанчыны адвагі. Але калі
мы разам, мы нешта ды значым.
— Мы ж тут не адны. Наўкола людзі. Нашы людзі. Нам яны
— абарона надзейная,— суцяшала Феня.
— Заходзіцца сэрца ад болю... I не боязна мне памерці ў
маладыя гады ў барацьбе з ворагам.
— Навошта ты гэтак, Палашка. Ворагі нас жывых баяцца,—
сказала Феня злосна.— Перад кім слёзы льеш? Нелюдзі гэта. Сілай
пахваляюцца, лютуюць, як тыя сабакі шалёныя. Пакуты людзей, гора,
слёзы — ім нішто. Але напаткае гэтых пачварных вылюдкаў наша
расплата.
— Вялікія пакуты выпалі на наш лёс,— Пелагея выцерла
слёзы.
— Людзі ўстануць, возьмуць у рукі зброю, выганяць чужынцаў,—
Феня сціснула руку сяброўкі.— I мы для гэтага ўсё зробім. Ідзём,
Пелагея!
Вось і патрэбная вуліца, хата, якую шукалі. Феня падышла да акна,
ціха стукнула раз, потым яшчэ двойчы.
— Пусціце пагарэльцаў пераначаваць... У адказ чуецца:
— У мяне ў хаце ў самой як падмецена. Загрымела засаўка:
— Заходзьце.
— Вох і стаміліся. Сорак вёрст. А тут яшчэ такога
нагледзеліся...— ледзь аддыхаўшыся, пачала расказваць Пелагея.
— Ой, дзяўчаткі, распранайцеся, сядайце,— спахапілася
Люба.
— Вось і падарунак,— Феня дастала лістоўкі.— Перадаў Гарбачоў.
Прасіў расклеіць. Важныя паведамленні з фронту.
Люба схавала лістоўкі, заклапацілася:
— Вы ж з дарогі. Паабедайце спачатку,— загрымела каля печы
чыгункамі, паставіла на стол.
— Я не змагу. Душа не прымае,— занудзілася Пелагея.
— Еш. Праз сілу еш,— загадала Феня.
Калі дзяўчаты падсілкаваліся, Люба пачала
расказваць пра падзеі ў горадзе.
Яны доўга гутарылі. Раптам столькі агульнага ў іх
знайшлося.
— Гэтак хочацца заспяваць,— прапанавала Феня.
— У памяць пра нашых хлопцаў,— падтрымала
Пелагея.— Іх любімую «В степи под Херсоном».
— Ціхенька можна,— згадзілася Люба і заспявала. Песню
падхапілі. Але Пелагея не вытрымала, пачала плакаць.
— Не магу. Не магу паверыць, што Івана няма...
— I я не магу,— скардзілася Люба.— Не жыццё — пакуты. I гэты
фашыст сляпіцай... Паратунку няма. Праходу не дае: фройлян ды
фройлян... Млосна ад тых заляцанняў, а трываць трэба.
Феня прытуліла дзяўчыну да сябе:
— Патрывай, Люба. Нядоўга засталося,— і пацікавілася: — А хто
ён, гэты афіцэр?
— Птушка нейкая з іхняга СД. Прыехаў у Любань з важным
заданнем.
— Не трэба пужаць раней часу гэту важную птушку,—
параіла Феня.
— Далібог, лепей смерць, чым прыняць заляцанні гэтага звера,—
не магла супакоіцца Люба.
— Разам яго прыструнім,— падбадзёрыла Пелагея.— Не
бойся, дапаможам.
— Адзенем, як на бычка налыгач,— дадала Феня.
— Гэта страшны чалавек. Хітры, жорсткі,— Люба як чаго
баялася, нават у сваёй хаце агледзелася.— Гэтулькі здзекаў ён прынёс
людзям. Партызан пахваляецца знішчыць... I адзін ён ніколі не
ходзіць...
— Да цябе ў хату, спадзяюся, ён адзін прыйдзе? —
спытала Феня.
— Але ён у мяне яшчэ не быў,— зусім разгубілася Люба.
— Трэба, каб зайшоў... Назначай спатканне,— параіла
Феня.
— Я не магу на гэта згадзіцца,— з агідай сказала Люба.
— Так трэба, Люба,— стала пераконваць яе Феня.
— Тут мы яго і сустрэнем,— не ўтрывала Пелагея.
— Сустрэнем... Чаркай ды вяроўкай,— паабяцала Феня.
— Усё адно — боязна і непрыемна,— сцепанулася Люба.
— Ты пра хлопцаў мёртвых падумай,— моцна схапіла яе за плячук
Пелагея.— Пра тых, што на шыбеніцы вісяць...
— Я побач буду,— супакоіла Феня.— Як твая сваячка. Але каб не
выклікаць падазрэння ў фашыста, трэба і мне паненкай стаць. Нягожа
выглядаць гэтакай вяскоўкай перад фон-баронам.
— Апранеш маё. Табе падыдзе. I сукенку знойдзем, і
абутак,— паабяцала Люба.
— Хоць раз за вайну паненкай стану,— засмяялася Феня.
— А мне што загадаеш? — насцярожылася Пелагея.
— Табе не трэба вочы мазоліць. Раненька пойдзеш назад у Нежын.
Перадасі Гарбачову: чакаем гасцей,— строга гаварыла сяброўцы Феня і
падхапілася: — А цяпер за справу. Час у нас дарагі, ох дарагі. Кожны
дзень — новыя ахвяры,— выцерла няпрошаную слязу.— I за хлопцаў нашых
паквітаемся. Сцеражыся, фон-барон.
3
Надвячоркам каля Любінай хаты, дзе затаіліся партызанскія
разведчыкі, пачуліся гукі губнога гармоніка — прыйшоў на спатканне
обер. Пакруціўся каля веснічак, змахнуў пыл з шыкоўных ботаў, нешта
скамандаваў ахове па-нямецку, а сам, пастукваючы трысцінкай па
высокіх халявах, рашуча пашыбаваў у хату. На парог выбегла
сустракаць гаспадыня.
— О, пан! Я рада вашаму прыходу,— весела гаварыла Люба
і запрашала афіцэра праходзіць у хату.
— Гутэн таг, гутэн таг, фройлян. А гэта вам,— афіцэр
падаў каробку мармеладу.
— О! Мармелад, сэрца падсаладзіць,— выказвала сваю «радасць»
Люба і расчыніла дзверы.
У хаце обера чакала Феня, першая павіталася з
госцем. Афіцэр спахмурнеў:
— Хто гэта?
— Гэта мая стрыечная сястра,— паспешліва адказала Люба.— Жыве
ў мяне. Бацькі яе пры Саветах пакутавалі.
Гаротніца.
— Фройлян Фрося,— прысела ў паклоне Феня.
— Обер-лейтэнант Рудольф,— шчоўкнуў абцасамі афіцэр.
— Праўда, прыгожая мая сястра, пан Рудольф? — зашчабятала
каля афіцэра Люба.
— О, караша, вочы, як гэта ў вас гавораць, азёры. Утапіцца
можна,— пажартаваў Рудольф.
— Пан афіцэр, відаць, плаваць не ўмее,— гулліва
пацікавілася Феня.
— У фройлян Фросі вострыя зубкі. Не кладзі палец,— не
застаўся ў даўгу Рудольф.
— Пра мяне дык зусім забыліся,— пакрыўдзілася Люба і
звярнулася да Фені: — Рудольф сапраўдны кавалер і рыцар. Жалезны
крыж мае.
— О, фройлян Люба. Я інтэрас маю толькі да вас,— прыклаў руку
да грудзей і схіліў галаву перад Любай афіцэр.
— Обер-лэйтэнант галантны кавалер,— заўважыла Феня.
— Кавалер? О, заўтра і для Фросі будзе кавалер,—
зарагатаў афіцэр.
— Пан Рудольф здагадлівы. Добра ведае жаночую натуру,—
пахваліла афіцэра Феня.
— Рудольф — сапраўдны герой,— хваліла свайго «кавалера»
Люба.— Яго як агню баяцца партызаны.
— Партызан, партызан,— узмахнуў рукой афіцэр.— Хутка ўсім лясным
бандытам — капут.
— Пан афіцэр абароніць нас ад партызан,— гаварыла
Люба.
— Мы акружым лясы. Ніводнай жывой душы не выпусцім.
Рыхтуем сюрпрыз з музыкай.
— Пан афіцэр, відаць, тут першую скрыпку грае?
Трэба выпіць за сапраўдных герояў,— прапанавала Феня.
— Шнапс? Гут, гут,— ажывіўся гітлеравец. Пачало змяркацца. У
хаце чуваць былі звон бакалаў і гукі гітары. Гарбачоў і асабліва яго
хлопцы выказвалі нецярпенне. Яўстрат злез з гарышча і стаў за
дзвярыма. У сенцы, як і было дамоўлена, выйшла з талеркай, як яна
сказала фрыцу, за агуркамі, Феня. Яўстрат ціха шапнуў:
— Пачынаць?
— Як толькі ўпадзе на падлогу талерка — бяжыце ў хату,— ціха
адказала Феня.
У пакоі зноў раздаўся смех. Рудольф заспяваў нейкі нямецкі раманс
Любе. Феня, выкарыстаўшы гэта, адкрыла фортку і крыкнула вартавым
па-нямецку:
— Эй вы, пан афіцэр загадаў адысціся. Няма чаго ацірацца пад
вокнамі,— і тут жа вярнулася да кампаніі, прапанавала: — Вып'ем,
панове, за сапраўдных герояў.
Обер лічыў сябе сапраўдным героем, раскланяўся з дзяўчатамі,
перакуліў куфаль,— Феня паспешна працягнула Рудольфу талерку з
закуссю. Але талерка нечакана выслізнула з рук і бразнулася аб
падлогу. Люба кінулася падымаць асколкі. Афіцэр, як галантны
кавалер, стаў дапамагаць ёй. Феня выхапіла парабелум:
— Рукі ўверх!
Пакуль эсэсавец зразумеў, што здарылася, у пакой убеглі
партызаны. Моцныя рукі заткнулі рот, скруцілі афіцэра вяроўкай. А «пяшчотная
фройлян Фрося» клапатліва накінула на галаву фашысту падрыхтаванае
покрыва.
— Вартавыя падумаюць — жанчына. Мы самі выведзем яго
праз агароды,— распарадзілася Феня.
Люба ў апошні раз кінула позірк на пакой, на няхітры
скарб, на тое, што было яе домам і цяпер прыходзілася пакідаць.
— Не шкадуй, Люба, мы хутка вернемся,— падбадзёрыў
Гарбачоў, падштурхоўваючы фрыца да выхаду.— Вы ідзіце, а мы тут з
вартавымі разбяромся...
За пасёлкам афіцэру вярнулі ўсе яго рэчы, нават
рукавіцы, і так пры поўнай форме вялі праз вёскі партызанскай зоны,
у якіх зусім нядаўна гойсала каманда Рудольфа, каб бачылі людзі, хто
тут сапраўдны гаспадар.
У партызанскім штабе спачатку фашыст трымаўся нахабна,
на пытанні не адказваў, нават пагражаў: — Мы знішчым агнём увесь
край...
— Захліпнешся, вылюдак, у нашай крыві,— з нянавісцю
сказаў фашысту Андрэй Труцікаў.— Б'юць нашы захопнікаў пад Масквой,
і тут літасці не чакайце.
Пачуўшы пра Маскву, фашыст неяк знік, згорбіўся, стаў з большай
ахвотай адказваць на пытанні.
— Цьфу ты, слізень,— плюнуў Труцікаў.— I гэты
хацеў светам камандаваць.
Да Фені падышоў Васіль Іванавіч Казлоў:
— Ад камандавання партызанскага штаба дзякуй вам,
дзяўчаты. Вельмі каштоўную птушку злавілі.
— Ці ж наша тут заслуга,— стрымана прамовіла
Феня.
— А галоўнае вось тут,— паказаў на стосік папер Васіль
Іванавіч.— Обер-лейтэнант многія планы СД раскрыў.— Цяжкія для нас
дні наступаюць. СД сумесна з армейскімі часцямі рыхтуюць блакаду
партызанскай зоны. Агнём і голадам разлічваюць задушыць партызанскі
рух. Гітлераўцы ні перад чым не спыняцца. Яны маюць намер
ператварыць цэлыя раёны ў мёртвыя зоны, знішчыць і партызан і
насельніцтва, якое падтрымлівае іх.
— Прыпякло фашыстам. Адчулі сілу партызанскую,—
выказалася Люба.
— Як агню нас баяцца,— прамовіла Феня і дадала: — Трэба,
каб у тым агні, які яны распалілі, самі і згарэлі.
— Ударам на ўдар адкажам. Апярэдзім гітлераўцаў,— як
вырашанае падсумаваў Васіль Іванавіч.
да зместу |
|