|
Андруховіч
Анатоль Антонавіч
Дачка Арэсы
Мастацка-дакументальная аповесць Мінск «Юнацтва»
1989
Загадана застацца
1
Аднекуль, мусіць, з Багрынава, вецер нагнаў хмары. 3-за
ракі плылі, насоўваліся калматыя воблакі. Яны расцягнуліся на
паўнеба, як крыгі ў паводку. Ад іх патыхала холадам і трывогай. Над
чорнай сцяной Вялікага лесу ад промняў заходзячага сонца ружавелі
хмары, як ад агню. Угары бліскалі маланкі — глухія, грозныя.
На падворку Конанавы расклалі невялічкі касцёр, варылі бульбу.
Моўчкі, трывожна ўзіраліся на захад. Там грымела грозна, як
навальніца, відаць было далёкае зарыва пажараў.
— Мо і сапраўды то навальніца? — пытаецца Маня.
— Каб жа навальніца, дачушка. Такая чырвань не на дабро,—
уздыхнуў бацька.— Памятаю, у чатырнаццатым гэтак жа гарэла ўсё.
Феня абхапіла малодшую сястру за плечы і адчула, што яна дрыжыць.
— Ты дрыжыш?
— Боязна... Людзі цяпер усяго баяцца.
— Не ўсе дрыжаць. Ёсць, што нешта робяць. Вось Адам
твой,— супакоіла малодшую сястру Феня.— Ды вунь ён сам ідзе.
— Хто дрыжыць, каму тут холадна? — бадзёра спытаўся
Адам.— Ты, Марылька? Дык я зараз пагрэю,— ён пацягнуўся да яе з
абдымкамі.
— Пасаромеўся б абдымацца на вуліцы, пры бацьку,— з
папрокам сказала Маня.
— Ні з кім жа, са сваёй жонкай.
Раптам убаку пачуліся нечыя крокі. Адам схапіў вінтоўку:
— Стой, хто ідзе?
Ад нечаканасці чалавек спыніўся.
— Так да смерці перапужаеш, чалавеча,— сказаў
чырвонаармеец з перабінтаванай галавой, падыходзячы да кастра.
— Асцярожней трэба хадзіць. Упоцемках,— нагадаў Адам.
— Не думаў, што ў вас тут варта,— з пахвальбой азваўся
чырвонаармеец.— Хоць у свайго каго не стрэльце. Ноч цёмная.
— Сумленне падкажа, хто тут свой, а хто чужы,— азваўся
Гаўрыла Конанаў.— I цябе не пашкодзіць праверыць.
— Дазвольце спачатку напіцца,— сказаў памяркоўна баец і
зняў з пляча аўтамат, але не паставіў, трымаў яго ў руках.
— Прынясу зараз,— спахапілася Маня.
— Заадно і хлеба акрайчык. 3 раніцы макавага зярняці ў
роце не было,— папрасіў чырвонаармеец і неяк загадкава паглядзеў на
Майстрэнку, як бы прызнаў у ім старшага.— Шпіталь днём праз вёску не
праходзіў? Адстаў я ад сваіх.
— Тут, як у тым катле, варыцца. Ідуць, едуць, анічога
не разбярэш, хто тут да сваіх, а хто ад сваіх,— уздыхнуў Гаўрыла
Карнеевіч.
— Я, дзядзька, да сваіх.
— А дакументы ёсць? — не адступаў Гаўрыла Карнеевіч.
— Вось мой дакумент,— паказаў баец на аўтамат.
— Ты гэта кінь. Паказвай дакумент. Шмат цяпер тут
ходзіць усялякіх, можа, ты дэзерцір? — строга сказаў Майстрэнка.
— А чаму я вам павінен паказваць паперы?
— Не нам — уладзе. Я — старшыня калгаса.
— Раз улада, трэба паказаць,— згадзіўся баец і дастаў
паперкі, загорнутыя ў насоўку.
Майстрэнка іх уважліва стаў разглядаць:
— Цікава, цікава...
Падышла Маня са збанком і вялікім акрайцам хлеба:
— Падсілкуйся, таварыш.
— Дзякуй, маладзіца,— баец з прагнасцю прыпаў да малака,
а пасля прыняўся за хлеб.— Выгаладаўся, як воўк у піліпаўку. Каторы
дзень па лясах, бездарожжы.
— Многа ў баях нашых палегла? — спачувальна пытаецца
Гаўрыла Карнеевіч.
— Усё ў парадку, таварыш Старцаў,— перадае дакументы
Майстрэнка.
— Нямала пакінулі каля дарог магіл. Што ад куль, а што крывёю
сцяклі, у балотах захліпнуліся,— нявесела прамовіў баец, хаваючы
дакументы.
Чырвонаармеец падсілкаваўся і стаў развітвацца.
— Дзяўчаты, паглядзіце што чалавеку ў дарогу,— сказаў
Адам.
Калі Феня з Маняй адышліся, хвалюючыся, спытаў:
— Таварыш Гарбачоў? Чую, голас знаёмы, а здагадацца не
магу. Галава перабінтаваная, зброя, адзенне...
— Цішэй, чалавеча. У цемры вушы ёсць,— папярэдзіў
Гарбачоў.— I запамятай, я не Гарбачоў. Я — Старцаў.
— Думаў, забыліся пра мяне. Хацеў праз лінію фронту
прабірацца.
— Ніякай самадзейнасці. Актыву загадана застацца ў
раёне. Дзейнічаць у падполлі,— параіў Гарбачоў.— Ён прыкурыў ад
вугольчыка, змераў Адама пільным позіркам: — У цябе ёсць надзейныя
людзі?
— Конанавы вось. Бацька, Феня... Асабліва Феня.
Настаўніца, камсамолка.
— Ведаюць іх усе. Сям'я навідавоку.
— Характар у дзяўчыны — крэмень. У бой ірвецца. Сёння
вунь дыверсанта падстрэліла...
— Я пагавару з ёю,— пасля некаторага роздуму
пагаджаецца Гарбачоў.
Падышла з пакункам у руках Феня:
— Вось тут на дарогу хлеб, сала.
— Дзякуй, Сямёнава, за клопат,— падзякаваў баец.
— Я, аднак, не Сямёнава. Конанава...
— Ведаю,— таямніча сказаў Гарбачоў.— Але з сённяшняга
дня будзеш Сямёнава.
— Паглядзі, Феня, уважліва на гэтага чалавека. Табе
давядзецца сустракацца з ім. Гэта — Старцаў.
— Я пазнала вас, таварыш Гарбачоў,— амаль не ўскрыкнула
дзяўчына.
— Пачынаецца старая песня,— Гарбачоў строга нагадаў: —
Я не Гарбачоў і не таварыш. Я — Старцаў. А ты — Сямёнава.
Канспірацыя. Для падпольнай работы так будзе лепей.
— Значыць, я цяпер падполыпчыца,— узрадавана вымавіла
Феня.
— Падпольшчыкі — людзі сур'ёзныя,— папярэдзіў Гарбачоў.— Са
смерцю давядзецца весці гульню ў хованкі.
— На ўсё згодна. Але каб разам з вамі.
— Пакуль застанешся ў вёсцы. Усё бачыць, пра ўсё ведаць, але ні ў
што не ўмешвацца,— павучаў Гарбачоў.— Вытрымка перш за ўсё. Бачыш,
павялі на расстрэл сваіх. Маўчы. Сэрца акамянее, стане крыкам душа
крычаць, а ты маўчы, рабі сваю справу. У падпольшчыка толькі адна
прывілея — мужна смерць сваю сустрэць.
— Я стану такой! — вымавіла Феня як клятву.
— Ну, я пайду,— сказаў Гарбачоў.
2
...Чалавек нібы прысеў і асунуўся каля купіны. На прымятай
траве — пілотка, пачарнелая ад поту. Тоненькая чырвоная нітачка
сукравіцы сочыцца з засмяглых губ. Са стогнам вырываецца шэпт: «Піць,
піць...» А навокал цішыня, гарачыня, спякота. Нешырокае гала з
асакой і рэдкімі ракітавымі кустамі, невялічкай
імшарынай-балацявінай, а далей — лес. За сцяной арэшніку —
наезджаная дарога з выбітымі каляінамі. У гэты бок нядаўна пайшлі
вайскоўцы, якія неслі параненага, пайшлі, каб разведаць шлях. Назад
яны не вярнуліся: там чутны былі аўтаматныя чэргі... Натрапілі на
варожую засаду. Феня з Маняй на ўскрайку лесу спыніліся,
прыслухаліся. Здавалася, небяспека тоіцца за кожным паваротам лясной
дарогі і вось-вось наваколле ўзарвецца стрэламі. Яны яшчэ не маглі
супакоіцца ад перажытага: бачылі, як непадалёк ад Арэсы
чырвонаармейцы натрапілі на гітлераўцаў і ў няроўным баі ўсе
загінулі.
— Чуеш, Феня, нехта стогне?
— I мне пачулася...
Прыслухаліся. Не было сумнення: побач стагнаў чалавек.
— Ідзём,— сказала Маня рашуча і рассунула кусты.
У лагчынцы яны ўбачылі чырвонаармейца.
— Зусім малады,— ціха сказала Феня.— 3 маім Іванам, пэўна,
аднагодкі,— яна змачыла ў цеплаватай балотнай вадзе хустачку,
прыклала на гарачы потны лоб.— Цярпі, небарака.
— Змучаны які,— паспачувала Маня.— А сам ён хто? Наш ці мо
падаслалі? Тут вось дакументы,— дастала Маня з кішэні гімнасцёркі.—
Чырвонаармейская кніжка,— разгарнула, прачытала: —Анопрыкаў Пётр
Якаўлевіч. Кулямётчык. А вось камсамольскі білет. Не кінуў, збярог.
— Наш, выходзіць,— узрадавана сказала Феня.
— А з гэтай цацкай што рабіць? — Маня ўзяла ў рукі
вінтоўку.
— Прыхаваем у надзейным месцы,— адказала старэйшая
сястра.
Паранены раптам падхапіўся:
— Дзе я? Што са мной?
— Ляжы, не тузайся,— супакойвае яго Феня.— У сваіх.
— Фашысты, дзе фашысты? Аддайце мне зброю,— зноў ірвануўся ён.
— Ворагі наўкола. Маўчы,— прыкрыкнула Феня.— Чуеш, страляюць!
— Жывы не дамся! Вярніце мне зброю.
— Пакуль адваяваўся,— супакоіла Феня.— Памаўчы цяпер,
патрывай, я перавяжу. Нага ў крыві...
— Сябры мае загінулі,— паранены плакаў, скрыгатаў зубамі,
спрабаваў зноў прыўзняцца.
Пакуль яго перавязвалі і неслі, ён паціху стагнаў, а потым замаўкаў,
як правальваўся ў забыццё... Калі зноў расплюшчыў вочы, здзівіўся
паўзмроку і прахалодзе. Здагадаўся, што знаходзіцца ў нейкай
будыніне. Пахла свежым сенам і калолася спадыспаду ў спіну і рукі.
Каля яго стаялі дзве дзяўчыны.
— Ачуняў,— узрадавана сказала старэйшая, і яе карыя вочы
засвяціліся спачуваннем.— А цяпер выпі малака,— і яна паднесла
параненаму кварту сырадою. Салдат зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў
і закашляўся.
— Не спяшайся,— супакоіла яго дзяўчына і асцярожна
паклала руку пад галаву, прыўзняла: — Яшчэ трошкі. Трэба набірацца
сілы, рана хутчэй загоіцца.
— Дзе я? — выціснуў ранены праз сілу.— Доўга мне яшчэ
пакутаваць?
— Бач, нецярплівы які. Радуйся, што нарадзіўся ў
сарочцы. Своечасова падабралі.
— Не хвалюйся, у сваіх,— супакоіла старэйшая, і яе вялікія
карыя вочы пастражэлі.— А цяпер перавязку зробім.
Калі яна не вельмі ўмела, але старанна перавязвала нагу,
ён бачыў кропелькі поту на яе твары, яму хацелася ні пра што не
думаць, а толькі адчуваць ласкавыя дотыкі яе рук. Яму зрабілася
спакойна, хораша. I яна адчула, што ён апрытомнеў, паглядзела на яго
ўважліва, лагодна, нібы падбадзёрыла, твар яе засвяціўся дабратой і
спагадай. Ад таго, здавалася, і боль паменшаў. Калі адрывала
прысохлыя бінты, умольна прасіла: «Патрывай, родны. Цяпер нядоўга».
Ён супакоіўся і заснуў.
Потым прахапіўся і з нецярпеннем чакаў дзяўчат. Але іх
не было. Ці не здарылася што, мо схапілі фашысты. Але чуў у
прыцемках знаёмыя крокі за сцяной, і боязь знікала.
Мінула некалькі дзён. Паранены адчуваў сябе цяпер
значна лепш: не так турбавала прастрэленая нага, ды і сіл стала
больш. Вечарэла. У гумне панаваў сіняваты морак. Каля кроквіны пад
самым вільчыкам прыткнулася ластаўчына гняздо. Птушкі ўвесь час
імкліва праносіліся над галавой, і калі каторая раптам трапляла ў
сонечны прамень, было відаць, як трапеча ластаўчына шыйка. Недзе
непадалёку клекаталі буслы, скрыпеў калодзежны вочап. I не верылася,
што вайна, што ў вёсцы гітлераўцы...
Калі прыцямнела, зноў прыйшла старэйшая, прынесла
вячэру. Баец ляжаў і ў паўзмроку крадком назіраў за дзяўчынай і
заўважыў, што за гэтыя дні яна вельмі стамілася, асунулася.
Феня прысела на краёк пасцелі, страсла пацяруху з посцілкі,
паправіла падушку і, пакуль ён еў бульбу з малаком, маўчала.
Ад яе ўважлівага позірку яму зрабілася не па сабе. «Чаго
яна так прыглядаецца? Мо баіцца яго?» — прыйшла нечаканая думка. Ен
жа не маленькі, ведае, на якую рызыку пайшлі дзяўчаты: яго маглі
высачыць, маглі фашысты даведацца... Ён не раз бачыў, як гумно
баязліва абыходзілі дзеці, як хуценька міналі дарослыя, нібы
нячысцік знайшоў тут прытулак. «Відаць, ведалі пра нешта ці
здагадваліся...» А ён пакуль гэтакі слабы...
I цяпер, раптам як рашыўшыся на нешта, ён спытаў у дзяўчыны:
— У вас непрыемнасці? 3-за мяне?
— Добраму няма адкуль быць. Час цяпер такі,— сказала яна
даверліва.— У вёсцы аблавы, штодзень вобыскі. Могуць і сюды прыйсці.
— Што я павінен рабіць? — спытаў ён рашуча.
— Ляжаць. Папраўляцца,— і паглядзела на яго выпрабавальна.— I
быць гатовым да ўсяго.
— Хто вы і з кім вы? Як ваша імя?
— Завіце мяне Сямёнава,— шчыра адказала дзяўчына.
— Я бачу, вы сумленная дзяўчына, дапамагаеце трапіўшым у бяду,—
загаварыў ён усхвалявана.— I я не буду вам у цяжар: загояцца раны —
паспрабую прабіцца да сваіх.
— Куды? Уяўляеце, дзе цяпер лінія фронту,— прамовіла яна з
сумам.— Гітлераўцы каля Масквы.
— Не можа быць! — не паверыў Пётр.
— Нашы адступаюць...
— Мы ж з баямі адступалі...— ён ніяк не мог супакоіцца пасля
пачутага.— Дзесьці за Мінскам параніла... Не ведаю нават, дзе я
цяпер...
— На Палессі... У самай глыбінцы... Вёска наша Нежын. Над
Арэсай-ракой,— растлумачыла Феня і дадала: —Паэма ёсць «Над ракой
Арэсай». Наш, беларускі паэт Янка Купала напісаў. Там і пра гэтыя
мясціны ёсць.
— А я з Данбаса. На шахце працаваў... Я камсамолец. Пакуль
змагу трымаць зброю ў руках, буду змагацца. Я дакажу... Вось пабачыш.
— Добра, добра. Веру,— лагодна сказала Феня. Анопрыкаў з
удзячнасцю зірнуў на яе.
А ноччу Конанавы перанеслі параненага з гумна ў хату.
3
Неяк апоўдні ўскочыў у хату ўсхваляваны малодшы брат Данілка
і крыкнуў:
— Аблава!
Феня выглянула ў акно. Вуліцай беглі гітлераўцы. Закасаныя
рукавы фрэнчаў, на грудзях аўтаматы, на нагах боўтаюцца кароткія
халявы запыленых ботаў. Зірнула — і нешта абарвалася ў грудзях: «Цяпер
не схавацца...»
Гітлераўцы накіраваліся да хаты, на двары, стукаючы прыкладамі,
захапіліся звыклай справай — сталі лавіць курэй, ганяцца за
парсючком, а пасля падаліся на загуменне: у тым гумне, дзе ляжаў
Анопрыкаў, перапаролі штыкамі старую мінулагоднюю салому,
прастрачылі яе з аўтаматаў. Феня ажно збялела, калі падумала, што
там мог знаходзіцца паранены.
— Нехта выдаў,— падхапіўся Анопрыкаў.— За мной прыйшлі,—
у руках ён сціскаў нож.— Жывым не дамся!
— Ты што гэта надумаўся,— схапіла за руку Феня.— I сябе і нас
загубіш,— яна адабрала нож, схавала ў сенцах.— А цяпер запомні — ты
мой чалавек. Ну, адным словам, муж. Хворы...
Пачуўся моцны стук у дзверы.
— Адчыняй!
У хату ўваліліся трое. Старшы — высокі гітлеравец, загадаў
нешта падначаленым, і двое вышмыгнулі ў сенцы. Гітлеравец
зладзеяватым позіркам акінуў хату, паправіў рудыя, даўно не мытыя
валасы, што пасмамі выбіваліся з-пад пілоткі, патупаў, пастукаў
прыкладам па падлозе, відаць, шукаў падполле. Спыніўся каля Фені,
паглядзеў не на яе, а як праз яе:
— Партізан!
— Нікс, пан,— па-нямецку адказала Феня.
Гэта, відаць, дужа спадабалася гітлераўцу. Ён паблажліва
заўсміхаўся:
— Но, но, фройлян. Мы ўсё ведаем! А гэта хто есць такі? — ён
паказаў на ложак, на якім знаходзіўся Анопрыкаў.— Хто гэта есць?
Партізан!
— Мой чалавек. Муж,— не разгубілася Феня.— Хворы,
гарачка ў яго.
— Муж, карашо. Мы праверым, хто есць муж,— гітлеравец паківаў
пальцам.— Млека, яйка, шнапс есць? — ён прыдзірліва агледзеў хату,
зморшчыўся. У куце — стары, нефарбаваны стол, дзве канапы каля сцяны,
вялікі, зроблены бацькам, куфар. I гітлеравец накіраваўся да яго.
Адчыніў цяжкае вечка, стаў даставаць адтуль розныя рэчы небагатага
сялянскага набытку, але нічога яму не падабалася, круціў у руках,
кідаў на падлогу, пад ногі, таптаў ботамі, лаяўся. Тут, у гэтай
палескай вёсцы, раздражняла ўсё: частыя дажджы, непралазная гразь на
дарогах, страшныя няўтульныя лясы, таямнічыя непраходныя балоты,
гэтыя вось бедныя сялянскія хаты з вялікай рускай печчу і пустымі
куфрамі і гэта маладая дзяўчына, якая ведае нямецкую мову і зусім не
баіцца яго. Ён адчуў яе спапяляючы позірк на сваёй спіне і не на
жарт раззлаваўся. Нарэшце на дне адшукаў штосьці прыдатнае: сувой
тонкага, адбеленага палатна і адрэз на касцюм (ім незадоўга да вайны
прэміравалі бацьку за ўдарную работу). Гітлеравец сабраў клунак,
кінуў на лаву і павярнуўся да Фені:
— Шнапс!
Феня прыгадала, што ў бацькі захоўвалася бутэлька, пабегла ў
кладоўку. У сенцах, на гарышчы, у двары ўсё перавярнулі гітлераўцы,
нешта шукалі. «Ну шукайце, шукайце... Трасцу знойдзеце»,— весела
падумала Феня, вяртаючыся ў хату з пляшкай. Паставіла гуркі, сала,
хлеб, яйкі. Гітлеравец наліў сабе ў шклянку і ёй.
— Піць!
— Я не п'ю!
— Піць! — прыкрыкнуў ён.
«Відаць, баіцца, каб не атрута»,— падумала Феня, заплюшчыла
вочы, рашуча перакуліла шклянку:
— Моцная, ліха на яе.
— Гут, гут,— адабральна забубніў гітлеравец і выпіў.
Потым наліў яшчэ, выпіў, усеўся зручней, расшпіліў фрэнч.
3-пад яго выглядала шэрая, даўно не мытая кашуля: пахла нечым кіслым
і нясвежым, відаць, і спаў ён не распранаючыся. Памяты, няголены
твар, на якім нібы застыла хцівая ўсмешка. Ён шырока расставіў ногі,
дастаў з кішэні гармонік, запілікаў нешта сваё. Высунуўся з-за
коміна цікаўны Данілка. Фашыст заўважыў яго, паківаў пальцам, каб
падышоў.
— Ком, ком, кіндэр!
Данілка адмоўна закруціў галавой: не пайду.
— Ком! — прыкрыкнуў гітлеравец.
— Падыдзі. Ён хоча з табой пазнаёміцца,— супакоіла хлопчыка
Феня.
Данілка асцярожна злез з печы, наблізіўся да гітлераўца і
спыніўся. А той нечакана схапіў хлопчыка, заціснуў паміж каленяў,
кашчавай рукой з загнутымі пальцамі моцна правёў супроць валасоў: у
Данілкі ажно слёзы пакаціліся з вачэй. Гітлеравец задаволена рагатаў:
— Бік мякіна кушаль.
Данілка прысеў, злаўчыўся і балюча ўкусіў за руку.
Гітлеравец выпусціў хлопчыка, затрос пакусанай рукой:
— Бандыт, маленькі бандыт,— схапіўся за карабін.—
Капут!
Данілка выскачыў за дзверы, гітлеравец кінуўся з карабінам
яго даганяць. Феня перагарадзіла дарогу:
— Кіндэр. Дзіця неразумнае,— моцна трымала гітлераўца за
рукаў, падвяла яго да стала, наліла ў шклянку...
Прысутнасць гітлераўца выклікала да моташнасці агіднае
пачуццё. Нястрымна хацелася плёснуць са шклянкі ў твар гэту гарэлку.
Але стрымлівалася, прыгадала, чаму вучыў Гарбачоў: «Не той змагар,
хто перамог сілай, а той, хто перахітрыў ворага». Трэба цярпець,
загадала яна сабе і цярпела, хоць цягнуліся рукі, так хацелася
схапіць той карабін і загнаць па самае дула шырокі штык у гэты
ненажэрны жывот: гітлераўца яна ніколечкі не баялася, больш за сябе
баялася, што не стрымаецца.
Гэтак яны і сядзелі: яна каля акна, а ён усё наігрываў
на гармоніку ды піў. Прыйшлі тыя двое дакладваць, што вобыск
закончылі. Высокі, з чырвоным шрамам-пісягом праз усю шчаку, акінуў
хату, змераў Феню з ног да галавы пранізлівым позіркам, прамовіў
злосна па-руску:
— Тут паны самадзейнасцю займаюцца,— і сашчапіў
кулак.— Нічога, настаўніца, дайграешся!
Феня не хавала свайго вясёлага настрою, хоць унутры яе трэсла і
калаціла ад злосці. Падумала: «Хай мы вашу дуду паслухаем, але хутка
вы ў нас затанцуеце, вось дык затанцуеце...»
да зместу |
|