Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Андруховіч Анатоль Антонавіч
Дачка Арэсы
Мастацка-дакументальная аповесць Мінск «Юнацтва» 1989

Прымаем бой

      1
    Лес захоўваў шмат сюрпрызаў. Феня ў час сваіх вандровак абышла лес удоўж і ўпоперак, вывучыла кожную сцежку. Аднак нечаканасці падпільноўвалі на кожным кроку.
     Зайшла неяк у хату да Конанавых цётка Фёкла. Пасядзела, пагаварыла пра тое-сёе, паплакала, прыгадаўшы сыноў: з фронту ад іх аніякіх чутак.
     — Не плачце, цётачка,— супакойвала яе Феня.— Каму цяпер лёгка? Усім цяжка. У кожнай хаце гора.
    Цётка выцерла хусцінкай вочы.
    — Ото ж вялікае людское гора,— і цяжка ўздыхнула,— да цябе, дзіцятка, прыходзіла. Пагаварыла, дык лягчэй на сэрцы зрабілася,— цётцы карцела нешта расказаць, нарэшце, прыцішыўшы голас, даверылася: — Каля Вялікага лесу кароў пасвіла і ў гушчары машыну ўбачыла. Разбітая ўшчэнт, а навокал кавалкі мыла параскіданыя. Назбірала я іх. Думала, з мылам буду, радавалася. А распачала мыць бялізну, мыла тое не мыліцца. Я і так, я і гэтак — не мыліцца, відаць, адсырэла. У печы сушыла і на сонейку. Нічога не дапамагло. I што ета такое, дзіцятка, не вазьму аніяк да галавы.
     Феня рассмяялася:
     — Дарэмна вы стараліся, цётачка. А з тым мылам асцярожней трэба. Яно і ўзарвацца можа.
    Феня расказала аб знаходцы Пятру Анопрыкаву.
    — Трэба праверыць,— загарэўся ён.
     Яны знайшлі разбітую палутарку. Абшукалі навокал кожны куст і падабралі яшчэ шмат кускоў толу, знайшлі тры ацынкаваныя скрынкі з патронамі. Пятру пашанцавала, у кустах ён заўважыў вінтоўку... Невялікая група чырвонаармейцаў, відаць, тут, на ўзлеску, вяла няроўны бой. Усе пяцёра загінулі. Камсамольцы выкапалі брацкую магілу. Моўчкі пастаялі, аддаючы даніну павагі да мужнасці невядомых салдат.
Ішлі назад, і Анопрыкаў сказаў Фені:
     — 3 такім узбраеннем ваяваць можна,— і задаволена зарагатаў.— Я ж адчуваў, павінны быць яны недзе тут, і адшукаў,— ён паказаў акуратна загорнутыя ў анучку запалы.— Цяпер наша мыла ох як мыліцца будзе. От пабачыш!
      Увесь наступны дзень Анопрыкаў не паказваўся. Прыйшоў надвячоркам засяроджаны. Толькі вочы выпраменьвалі нейкую, яму аднаму вядомую, радасць.
     — Гатовы падарунак.
     — Які падарунак? — не зразумела Феня.
     — Тол з шашкамі,— растлумачыў ён.— Гэта як міна.
    — Ты ўпэўнены — спрацуе? — не верыла Феня.
    — Не сумнявайся, камандзір. Я ж былы ўзрыўнік,— не на жарт пакрыўдзіўся Анопрыкаў.
    Пётр — хлопец з тых, што не баяцца ні д'ябла, ні фашыста, з ім можна на любую рызыкоўную справу. Цяпер, акрыяўшы пасля ранення, Анопрыкаў ні на хвіліну не выпускаў з галавы думку — прабівацца за лінію фронту, да сваіх: назапашваў харч і падбіраў надзейных хлопцаў з такіх жа, як і сам, акружэнцаў, якія засталіся ў навакольных вёсках у «прымаках» каля адзінокіх кабет. Феня спрабавала гаварыць з ім наконт усёй недарэчнасці яго задумы, але Пётр нічога слухаць не хацеў. Ён лічыў, што яго абавязак быць на перадавой, у дзеючай арміі, а не адседжвацца ў тыле. Праўда, і тут ён быў усім карысны: без Анопрыкава не вырашалася ніводнае заданне. Вучыў рабят страляць, выкладваў азы ўзрыўной справы, паказваў, як непрыкметна трэба дзейнічаць разведчыкам... Ён ніколі не губляў бадзёрасці духу, аптымізму, часам жартаваў над няўмелымі вартавымі.
     — Ты папярэджвай, адклікайся, а то і да грэху недалёка,— не на жарт злаваўся на яго Насановіч, калі стаяў на варце, а Пётр нячутна пракрадваўся і нечакана з'яўляўся перад вачыма.— Далібог, выстралю.
     — Думаеш, трапіш? — рагоча Анопрыкаў.
     — А што? I пацэлю...
    — Эх, вартавы. Як вінтоўку трымаеш? Не чапяла ж,— і ён у добрым гуморы чытаў натацыі вартавому, як несці каравульную службу, стаяць на варце.
    — Табе вайсковую службу несці, як песню спяваць,— не ўтрывае, скажа іншы раз Феня.
    — I ваяваць трэба весела, дзяўчаты,— усміхаецца Анопрыкаў.
    — Пэўна, і ў засадзе песні заспяваеш.
    — I заспяваю. Паміраць дык з музыкай,— весела жартуе Пётр.
    Але з мінай яму было не да жартаў. Калі сядзеў над гэтай «машынкай», быў пільны, збіраў і разбіраў вельмі акуратна, падганяў кожную дэтальку, разлажыўшы перад сабой на белай анучцы кожную асобна. У гэтым занятку ён меў вопыт і аддаваўся яму з вялікім задавальненнем і заўзятасцю. I тлумачылася яго заўзятасць тым, што не меў Пётр да самаробнай міны нейкага асаблівага даверу, прыязнасці і захаплення: сама работа над кампаноўкай, стварэннем гэтага няхітрага выбуховага механізма прыносіла яму асалоду.
     I няхай на выгляд тая «машынка» і здавалася не вельмі складанай, а вось яму, Анопрыкаву, даводзілася шмат пахвалявацца і паламаць галаву, каб не падвяла ў патрэбную хвіліну. I ён міжволі пераключаў сваю ўвагу на гэту работу і забываўся пра ўсё на свеце: рукі ў яго былі заняты канкрэтнай справай і яму не цярпелася як мага хутчэй паспрабаваць сваё тварэнне.
     — Ты ўпэўнены, выбух будзе? — перапытала яшчэ раз Феня, недаверліва пазіраючы на той крыху дзіўны на выгляд механізм, які нагадваў вялікую чыгунную патэльню.
     — Ты ж мяне ведаеш. Анопрыкаў слоў на вецер не кідае,— крыўдзіўся Пётр.
     — Я веру. Аднак...
    — Адкуль я магу гарантаваць. Вунь і фабрычныя не заўсёды ўзрываюцца. А тут і для мяне поцемкі. Давай лепей яшчэ раз адпрацуем усе элементы прыкрыцця,— звёў гамонку на іншае Пётр.
     На палянцы яшчэ доўга надвячоркам чуліся дакладныя каманды, тупат ног, шчоўканне затвораў: падпольшчыкі вучыліся перабежкамі кідацца ў атаку, па-пластунску паўзці, кідаць гранаты...

     2
    Гаўптману Гляйсу канчаткова сапсаваў настрой выклік у Бабруйск, у акруговую камендатуру. Сам па сабе выклік не здзівіў любанскага каменданта: ён меў крытычны розум і заўсёды разважаў разумна і стала — даўно чакаў непрыемнай размовы ў высокага акруговага начальства. У раёне стала ў апошні час неспакойна, у навакольных лясах з'явіліся партызаны, і цяпер на падведамаснай яму тэрыторыі шмат самых нечаканых здарэнняў: то машыны ўзарвуцца на дарозе, то мост абрынецца на вачах у здзіўленых салдат, то гаспадарчы ўзвод натрапіць на засаду і абоз з рэквізаванымі ў насельніцтва харчамі мяняе кірунак і назаўсёды бясследна знікае ў лесе... Бясследна знікаюць старасты і паліцэйскія. Нават ва ўмацаваных участках і гарнізонах ахова адчувае сябе не зусім упэўнена...
     У яго і цяпер смылелі шчокі ад той размовы, яму вельмі непрыемна было прыгадваць, як стаяў ён перад раз'юшаным обер-фюрэрам і не мог сказаць у сваё апраўданне ніводнага разумнага слова, а той хадзіў па пакоі, трос перад носам стосікам папер, рапартамі Гляйса:
     — Гаўптман. Я не пазнаю кадравага ваеннага. Вы што, пісар камендатуры ці камендант вялікага гарнізона? Досыць. Ніякіх апраўданняў. Цвёрды парадак трэба наводзіць цвёрдай рукой...
     А што ён мог сказаць у апраўданне? Што партызаны з'яўляюцца нечакана і тут жа знікаюць, як скрозь зямлю правальваюцца? Што іх падтрымлівае мясцовае насельніцтва і не можа ён кожнага падазронага расстрэльваць? У гэтай краіне даводзіцца мець справу не з адзінкамі, не з асобнымі так званымі патрыётамі, а з цэлымі вёскамі варожа настроенага супроць насельніцтва... Гэта, пэўна, разумеў і сам оберст, калі загадваў караць без жалю і спагады. Вядома, гэр оберст мае рацыю: толькі моцнай рукой можна навесці парадак у гэтым дзікунскім глухім кутку. У каго сіла, у таго і ўлада. Камендант крыху супакоіўся, закурыў і, зацягваючыся дымам, задумаўся. Што рабіць? Лепей за ўсё ў самым пачатку пакончыць з партызанамі, пакуль не сталі яны тут гаспадарамі. Гляйс адступаць не прывык і сам хацеў дзейнічаць жорстка, смела. Тут, відаць, паспрыяе поспеху прыдадзеная Любанскаму гарнізону спецыяльная рота пад камандаваннем обер-лейтэнанта Рудольфа. Эх, гэты Рудольф, малады, але далёка пойдзе. Прыхільнік самых крутых мер. Ён паспеў ужо вызначыцца ў барацьбе з ляснымі бандытамі...
     Гляйсу даводзілася чуць рознае пра гэтага выглянцаванага барона, і асаблівай радасці ад таго, што ім цяпер давядзецца разам дзейнічаць, не адчуваў. Але ён быў салдат і ведаў дысцыпліну і тое, што загадам трэба падпарадкоўвацца. Цяпер вось ён сам, асабіста вырашыў праверыць аддаленыя ад Любані ўчасткі і невялікія гарнізоны.
     Па дарозе гаўптман паступова супакоіўся, да яго нават вярнуўся добры настрой. Дзень выдаўся цёплы, і калі на разбітай ушчэнт дарозе выйшла са строю, спынілася машына з аховай, ён вырашыў не чакаць, а ехаць да бліжэйшага Кузьмічоўскага гарнізона з матацыклістамі.
     Нават пасмейваўся над апаскай свайго намесніка, які перасцерагаў яго ад такой рызыкоўнай задумы. А чаго было баяцца Гляйсу сярод белага дня на падуладнай і кантралюемай ім тэрыторыі? Няхай яго баяцца партызаны. Аднак, калі дарога пайшла праз лес, ён з асцярогай пазіраў па баках: лес стаяў пахмурны і маўклівы, загадкавы і незразумелы. Высокія хвоі ўзняслі ў самае неба свае шаты, ды вецер гуляе сярод галін...
     Гляйс кінуў насцярожаны позірк на пярэдняга матацыкліста і на аўтаматчыкаў, яму здалося, што яны далёка адарваліся ўперад, хацеў даць загад свайму вадзіцелю прыбавіць хуткасць, як раптам пачуў наперадзе стрэлы і ўбачыў, што пярэдні матацыкл з'ехаў на ўзбочыну і перакуліўся.
     — Назад! Разварочвай! — крыкнуў ён разгубленаму яфрэйтару.
    Той рэзка павярнуў руль улева. Матацыкл на хуткасці з'ехаў з дарогі і па інерцыі пакаціўся сярод дрэў: па твары білі галінкі, чаплялася за вопратку сучча.
    — Стой, застрэлю! — закрычаў ён на вадзіцеля і, калі той націснуў на тармазы, кульнуўся з люлькі ў густыя кусты, з адчаем падумаў, што цяпер усё залежыць ад яго спрыту і знаходлівасці. Крыху адбегся ад месца здарэння і загадаў сабе спыніцца.
     Нейкі час пастаяў за дрэвам, прыслухаўся да шуму на дарозе. «Спакойна, ніякіх неабдуманых дзеянняў»,— загадаў камендант і, прыгінаючыся, пачаў адбягаць далей ад засады, падоўгу таіўся за высокімі хвоямі, аглядваўся, баяўся, што за ім нехта сочыць. Зусім не здзівіўся, калі пачуў нечыя паспешлівыя крокі: праз невялічкую лясную паляну, накульгваючы, бегла зусім яшчэ маладая дзяўчына. Яна няўмела трымала ў руках нямецкі аўтамат. Страх змяніўся злосцю, гаўптман ускінуў парабелум, але ўсё яшчэ нечага прыглядаўся да дзяўчыны, нібы спадзяваўся запомніць яе надоўга, для сябе адзначыў: «Вось з кім даводзіцца ваяваць, гэр камендант. 3 дзяўчынкамі»,— ён у гэту хвіліну ненавідзеў яе ўсю, з такім дзёрзкім позіркам карых вачэй, з непаслухмянай пасмачкай коратка астрыжаных чарнявых валасоў, што выбіваліся з-пад з'ехаўшай на патыліцу хусцінкі, з засяроджаным, расчырванелым ад хуткага бегу тварам.
     Гляйс старанна прыцэліўся — палец плаўна ціснуў на курок. Але нешта як перасцерагло, спыніла яго, гаўптман апусціў парабелум: краем вока ўбачыў, што следам за дзяўчынай таропка ішлі двое юнакоў, праз плечы ў іх былі перакінуты вінтоўкі, а за імі і трэці з аўтаматам, які яны, відаць, знялі з матацыкліста. «Вось яны — партызаны»,— падумаў Гляйс і доўга яшчэ пазіраў ім услед, потым пачаў асцярожна прабірацца да дарогі. I вельмі ўзрадаваўся, калі пачуў на дарозе гул машыны. Праз некалькі хвілін ён сядзеў у кабіне грузавіка, даваў каманду афіцэру:
     — Неадкладна прачасаць лес. На месцы расстраляць кожнага.
     А праз дзве гадзіны безвыніковых пошукаў грузавік з салдатамі прыбыў у Кузьмічы.
   Канчаткова раззлаваны няўдала праведзенай аперацыяй, камендант загадаў завярнуць да ўправы. Бургамістр сустрэў каменданта на ганку ўправы. Гляйс, стрымліваючыся, выйшаў з кабіны, патупаў па двары, размінаючы ногі. Потым паклікаў бліжэй да сябе бургамістра, і калі той падышоў, адвесіў яму звонкую аплявуху, тыцнуў пальцам у бок машыны, у якой ляжалі забітыя матацыклісты:
     — Днём па дарогах не праехаць... I гэта пад носам управы!
     Бургамістр маўчаў. Ён адчуваў сваю віну і не хацеў гнявіць каменданта.
     — Вінаваты, гэр камендант,— з цяжкасцю вымавіў ён, пазіраючы на раз'юшанага гаўптмана.
    Камендант стаў барвовы ад злосці:
    — Дакуль гэта будзе працягвацца? Учора падарвалі машыну, сёння — напад на матацыклістаў...
    — Лясныя бандыты, гэр камендант...
    Падышоў зусім блізка да бургамістра, узяў яго за адвароты фрэнча.
    — А гэтыя лясныя бандыты — звычайныя дзяўчынкі... Неадкладна высветліць, хто дапамагае партызанам, выявіць, у каго засталіся радыёпрыёмнікі. Арыштаваць. Усіх незадаволеных новай уладай узяць пад нагляд. Парадак ёсць парадак, і за яго вы, пан бургамістр, галавой адказваеце,— камендант адпусціў каўнер, бургамістр з палёгкай уздыхнуў, на крок адступіўшыся ад раз'юшанага начальства.
    — Слухаю, гэр камендант. Зраблю, гэр камендант...
    Той, аднак, незадаволена акінуў позіркам несамавітую постаць бургамістра і, перш чым адпусціць, яшчэ раз нагадаў:
    — Даю вам, пан Дубік, тры дні. Мы павінны ведаць, хто каля Кузьмічоў напаў на нашых матацыклістаў, хто распаўсюджвае лістоўкі! — камендант павысіў голас.— Праз тры дні асабіста чакаю вашага дакладу. Усё. Ідзіце.— I калі той нялоўка павярнуўся, спыніў: — I яшчэ адно: падрыхтуйце па воласці спісы моладзі ад пятнаццаці да дваццаці пяці гадоў,— засмяяўся.— Як гэта ў вас: «Хто не працуе, той не есць». Мы навучым працаваць. Не тут, дык там,— ён выразна паказаў на захад.— У Вялікай Германіі. Мы навядзём парадак. Дарэчы, пан бургамістр, вам вядома кіраўнік камсамольскага падполля Сямёнава?
     — Сямёнава? — перапытаў бургамістр.— Такую не ведаю.
    — Чарнявая. Вочы карыя. Круглатварая... Ёсць у вас такія? — падступаўся камендант.
     — Высветлім, пан камендант. Сам займуся гэтай Сямёнавай.
   — Праверыць! Усіх падазроных праверыць! Сачыць за кожным крокам,— гаварыў Гляйс жорстка, адрывіста.— Даю вам тэрмін тры дні...
    Камендант злосна ляпнуў дзверцамі машыны... Яму раптам вельмі захацелася бегчы куды-небудзь далей ад гэтай дажджлівай ранняй восені з туманамі, непралазнай гразёю на дарогах, з гэтых незнаёмых, падобных адна на адну, насцярожаных вёсак з незразумелымі людзьмі, якія ненавідзелі нязваных прышэльцаў...
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©