|
IX
Бердніковіч прывёў на Чырвонае Возера сваіх
падпольшчыкаў. Прыйшлі і тыя вайскавікі, з якімі нядаўна я меў
гутарку ў вёсцы Рог. Іх прывёў сержант Пятрэнка. Людзі адразу
перайшлі на лагернае становішча. Дні тры яны капаліся ў зямлі,
сцягвалі адусюль дошкі, бярвенні — рабілі зямлянку. Шафёр Войцік, як
партызан ужо з пэўным стажам, не супраць быў узяць на сябе функцыі
нейкага прараба, аднак хутка высветлілася, што гэтыя хлопцы — народ
даволі спрактыкаваны і не маюць патрэбы ў кансультантах.
— Бяры вось рыдлёўку, —сказаў Пятрэнка, калі Войцік,
стоячы збоку, памкнуўся даваць свае парады.
—Я ўжо капаў,— з незалежным выглядам сказаў шафёр,—
пакапай цяпер ты.
— Ну дык і не камандуй тут!
Наспявала неабходнасць заняцца Жыткавіцкім і
Капаткевіцкім раёнамі. Нешта дрэнныя чуткі даходзілі адтуль.
Паліцаяў і ўсякага іншага зброду там многа, а камуністаў, сапраўдных
патрыётаў, штосьці не чуваць. Было ясна, што калі мы не арганізуем у
гэтых раёнах бальшавіцкага падполля, дык яны могуць з'явіцца
гнёздамі шпіёнаў, дыверсантаў, апорнымі пунктамі ворага ў яго
барацьбе супраць партызан. Гітлераўцам зручна адсюль наступаць на
Старобінскі, Любанскі, Даманавіцкі, Акцябрскі, Петрыкаўскі, Ленінскі
і іншыя раёны.
Я паслаў у Жыткавіцкі раён старшыню мясцовага калгаса
Івана Рагалевіча з групай партызан, а ў Капаткевічы — Якава
Бердніковіча. I ў аднаго і ў другога было там нямала родзічаў,
добрых знаёмых. Пры іх дапамозе лягчэй было праведаць абстаноўку ў
раёнах. Неабходна было як мага хутчэй звязацца з мясцовымі
камуністамі і высветліць, якія там перспектывы для разгортвання
партызанскага руху, што ўжо зроблена і якая патрэбна дапамога. Па
нашых вестках, у Жыткавічах і Капаткевічах павінны былі заставацца
некаторыя раённыя работнікі: Ігнат Доваль, Уладзімір Глушчэня, Ігнат
Дзербан і Пятро Савіцкі. У Капаткевічах — Міхайлоўскі, Жыгар і іншыя.
Дзе яны цяпер, што робяць і што думаюць рабіць? Ведаць пра гэта нам
было вельмі важна, бо, калі зараз упусціш час, потым цяжка будзе
навярстаць.
У лагеры засталіся вайскавікі і некалькі чалавек мясцовых. Партызаны
сумленна неслі ахоўную службу, падтрымлівалі суровую дысцыпліну,
аднак я заўважыў, што ў вёску Рог нашы былыя пагранічнікі ўсё ж такі
наведваліся. Гэта было небяспечна, таму што магло хутка рассакрэціць
лагер падпольнага абкома. Нам жа абавязкова трэба было прабыць тут
яшчэ сама мала тыдні тры, хаця б да таго часу, пакуль прыйдуць людзі
з Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Старадарожскага і Грэскага раёнаў,
пакуль атрымаем дакладныя весткі з Палесся і створым моцныя баявыя
атрады і групы. Я сказаў сержанту аб гэтым, аднак ён пачаў запэўняць
мяне, што ніводзін з яго сяброў у вёсцы Рог не быў і нашай стаянкі
не рассакрэціў.
Праз некалькі дзён яму прыйшлося пайсці
напапятную. Мабыць, сябры так яго прыціснулі, што ён зноў прыйшоў да
мяне. Доўга мяўся, чырванеў, загаварваў на ўсякія пабочныя тэмы, а
потым нясмела паведаміў:
— Тая наша гаспадыня, што вас тады пазнала, Наталля...
Памятаеце?
— Ну, памятаю, а што?
— Дык вось гэтая самая Наталля просіцца, каб ёй
дазволілі ў наш атрад прыйсці.
— Чаму гэта яна ваша гаспадыня, калі у яе кватараваў
толькі адзін з вашых?
— Праўда, што адзін, але ж мы больш за ўсё там
збіраліся, у яе хаце. Наталля для нас — самы блізкі чалавек.
— Адкуль жа вам вядома, што яна хоча ісці ў атрад?
Пятрэнка яшчэ гусцей пачырванеў, а потым прызнаўся:
— Быў там адзін з нашых. Неяк мімаходам завярнуў
хвіліны на тры, не больш. Наконт якой-небудзь вайсковай ці там іншай
тайны, дык вы не думайце дрэннага, таварыш камандзір. Хлопцы ў нас
службу ведаюць, не падвядуць. Каму-каму, а вам вядома, што ў
пагранічнікі не бяруць такіх, якія шмат гавораць. Пагранічнікі моцна
трымалі граніцу на замку. Бадай ніколі ў нашым Жыткавіцкім
пагранатрадзе праз граніцу вораг не прабіраўся, таму і ў лагер
падпольнага абкома не прабярэцца.
— Службу ведаюць, а ў самаволку ходзяць?
— Якая ж гэта самаволка?— апраўдваўся сержант.— Я ж кажу,— па
дарозе чалавек зайшоў вады напіцца: зайшоў і адразу ж выйшаў.
— Ну, гэта ты сваёй бабцы раскажы,— раптам умяшаўся ў
гаворку Войцік. I завязалася паміж імі перапалка. Гэтыя хлопцы часта
спрачаліся паміж сабою, аднак да сур'ёзнай сваркі ў іх не даходзіла
ні разу.
Пазней Наталля стала нашай сувязной і зрэдку
наведвалася ў лагер.
3 дня на дзень я чакаў, што прыйдзе да нас хто-небудзь
з любанцаў, аднак мінаў час і ніхто чамусьці не з'яўляўся. Я загадаў
Войціку пайсці туды. Няхай даведаецца, у чым справа, чаму людзі ўжо
каля двух тыдняў маўчаць? Ходзіць слава па Палессі: любанскія,
акцябрскія партызаны там мост узарвалі, там варожы склад спалілі,
гітлераўцаў пабілі. Афіцыйных жа вестак у абкоме за апошні час не
было.
Войцік неўзабаве пайшоў, але гадзіны праз дзве вярнуўся.
Было ўжо цёмна.
— Што там здарылася?— здзівіўся я, убачыўшы яго.— Заблудзіўся?
— Не, я дарогу ведаю.
— Баішся ісці ноччу?
—Не баюся, ды няма патрэбы, калі да нас людзі прыйшлі. Мы
сустрэліся на дарозе.
Вартавыя прывялі да зямлянкі двух чалавек. Гэта былі
Варвашэня і Гарбачоў.
Я быў рад ім, як родным братам. На дварэ ўжо халаднела. Восень
дыхала на Чырвонае Возера, і што дзень далей, то ўсё мацней.
Спачатку пажаўцеў навокал алешнік і беразняк. Нават пры лёгкім
ветрыку з яго асыпалася лісце. Яно падала на бераг і на чорных
тарфяністых палянках утварала даволі прыгожую прошву. Маладыя дубкі
яшчэ стаялі зялёныя, аднак лісты іх усё больш і больш трацілі сваю
свежасць. Толькі вербалознік упарта не паддаваўся восені і зелянеў
па-ранейшаму. Здавалася, што ён і ахоўвае возера ад халадоў; ля
самай вады па-вясенняму зелянела трава, на купінах, якія пад восень
крыху апусціліся і выглядвалі з-пад вады толькі верхавінкамі,
таксама кусцілася яшчэ сакавітая трава.
Мы зайшлі ў землянку, якую з аднолькавым поспехам можна
было б назваць і буданом, бо яна толькі напалавіну была ў зямлі.
Размясціліся хто на чым. Пры святле каганца я спрабаваў разгледзець
сваіх таварышаў. Варвашэня быў усё такі ж, як і раней, энергічны і
бадзёры. Ён весела ўсміхаўся, як усміхаецца чалавек, цалкам
здаволены ўсім навакольным. Гарбачоў адпусціў светлую бародку, якая
ў яго была акуратна падстрыжана; пучок вусоў, крыху цямнейшых за
бародку, нібы наклеены, тырчаў на верхняй губе. Я разумеў, для чаго
ўсё гэта яму патрэбна было. Чалавек працаваў пераважна ў сваіх
раёнах, тут яго ўсе добра ведалі і заўжды пазнавалі, а ў нашых
умовах гэта не вельмі добра было. Я, напрыклад, таксама пачаў
адрошчваць сабе вусы.
Мы доўга вялі гаворку пра любанскія, чырвонаслабодскія,
слуцкія справы. Гарбачоў расказаў, з якой радасцю насельніцтва
Любаншчыны сустрэла нестку аб прысваенні Бумажкову і Паўлоўскаму
звання Героя Савецкага Саюза, аб узнагародзе сакратара
Чырвонаслабодскага райкома партыі таварыша Жукоўскага ордэнам Леніна
за гераічную і ўмелую барацьбу з ворагам. Гэта была вялікая радасць
для ўсіх нас. Падсеўшы бліжэй да святла, Гарбачоў дастаў з-за
падкладкі сваёй паддзёўкі газету «Правда» ад васемнаццатага жніўня
1941 года.
— Увесь свет цяпер ведае пра нашых герояў,— з гордасцю
сказаў ён.— Паколькі першыя дні яны ваявалі супраць гітлераўцаў
разам з нашымі рэгулярнымі часцямі, то пра ўсе іх аперацыі
камандаванне фронту далажыла Вярхоўнаму Галоўнакамандуючаму. Вось і
артыкул Бумажкова нам удалося дастаць.
— Прачытайце! — ледзь стрымліваючы радаснае хваляванне,
папрасіў Войцік.
Гарбачоў паправіў каганец і пачаў чытаць.
— «Наш партызанскі атрад,— пісаў Бумажкоў,— быў створан
у першыя дні вайны. Спачатку ён налічваў толькі 80 чалавек. Сярод іх
былі прадстаўнікі партыйнага, камсамольскага, савецкага і калгаснага
актыву, яны і склалі ядро атрада. Камандзірам прызначылі мяне, а
памочнікамі тт. Фёдара Паўлоўскага, Чарэдніка і Царанкова.
Падзяліўшыся на ўзводы і аддзяленні, мы прыступілі да вайсковых
заняткаў: навучыліся маскіроўцы, умельству валодаць зброяй,
карыстацца тапаграфічнай картай, компасам. Набылі мы і неабходныя
сапёрныя веды. Дасталі аманал, замініравалі масты, выкапалі акопы.
Сотні бутэлек з гаручым трымалі напагатове. Партызаны абышлі ўсе
вёскі, падабралі ўсюды сабе давераных людзей, дамовіліся з імі аб
явачных кватэрах, месцах збору, партызанскім паролі. У месцах,
недаступных ворагу, былі схаваны запасы зброі, боепрыпасаў.
У адзін з ліпеньскіх дзён на тэрыторыі нашага раёна
з'явіліся фашысцкія танкі. Яны імкнуліся фарсіраваць раку, каб
авалодаць раённым цэнтрам. Тут і пачалася наша баявая работа.
Дачакаўшыся зручнага моманту, партызаны ўзарвалі мост і сустрэлі
ворага шквалам меткага агню з кулямётаў і вінтовак. Гранаты паляцелі
пад гусеніцы танкаў. Спатрэбіліся і нарыхтаваныя бутэлькі з гаручым.
Пераправа гітлераўцаў цераз раку была сарвана: 15 варожых танкаў і
столькі ж бронемашын выйшлі са строю.
Не раз спрабаваў вораг фарсіраваць раку. Усюды яго
адбілі партызаны. Нашы абарончыя збудаванні адыгралі важную ролю:
народныя мсціўцы білі фашыстаў з акопаў, з укрыццяў, з ям. Вораг нёс
велізарныя страты. Кожны рубеж — рака, яр, гай — стаў сапраўднай
цытадэллю, нават мірнае з выгляду поле ператваралася ў небяспечную
пастку для ворага. Некалькі дзён мы стрымлівалі націск гітлераўцаў.
Людзі рабілі гераічныя подзвігі, не думаючы пра небяспеку. Неўзабаве
Чырвоная Армія выбіла немцаў з раёна.
Атрад пайшоў наперад і прабраўся ў варожы тыл. Мы
здабывалі каштоўныя весткі аб праціўніку, псавалі чыгуначныя пуці,
захоплівалі абозы з боепрыпасамі і харчаваннем. Група партызан на
чале з таварышам Паўлоўскім у глыбокім тыле ворага падарвала 4
чыгуначныя масты. Вяртаючыся ў свой лагер, партызаны высачылі і
атакавалі штаб фашысцкай часці. Знішчыўшы асабовы склад, смельчакі
захапілі важныя дакументы. Яны былі перададзены потым Чырвонай Арміі».
Гарбачоў на хвіліну прыпыніўся, кінуў позірк на нас.
— Смелая работа,—шырока ўсміхаючыся, заўважыў Варвашэня.
Гарбачоў чытаў далей:
— «У тыле ворага наш атрад меў больш дзесятка баявых сутычак,—пісаў
Бумажкоў.—Мы знішчылі 10 фашысцкіх бронемашын і танкаў, звыш 50
матацыклістаў, і вялікія запасы боепрыпасаў трапілі к пам.
Партызанскі лагер знаходзіцца ў глухім лесе. У ім
няцяжка заблудзіцца нават старажылам. Як правіла, у лагеры
знаходзяцца толькі тыя, хто ахоўвае боепрыпасы, зброю і харчаванне,
а таксама раненыя і хворыя. — Увесь партызанскі атрад ніколі не
застаецца на адным месцы. Фашысцкія бандыты збіліся з ног,
стараючыся высачыць наш атрад.
Як маці аб сваіх дзецях, так клапоціцца аб нас усё
насельніцтва. Праз давераных людзей у вёсках партызаны заўсёды
ведаюць аб усіх пераходах і планах ворага. У адной вёсцы жыве
калгаснік М. Рызыкуючы жыццём, гэты патрыёт самааддана служыць
свайму народу. Аднаго разу таварыш М. даведаўся, што ў суседняй
вёсцы размясцілася на адпачынак рота немцаў. Зараз жа ўмоўным знакам
ён паведаміў аб гэтым атраду. Ноччу партызаны перабілі ўсіх фашыстаў.
Наш партызанскі атрад добра звязан з рэгулярнымі
часцямі Чырвонай Арміі, якія аперыруюць на фронце і ў глыбокім тыле
ворага. Некалькі разоў партызаны дзейнічалі сумесна з воінскімі
падраздзяленнямі, удзельнічалі ў разгроме фашысцкіх атрадаў.
Ключом б'е ў атрадзе партыйна-палітычная работа.
Сакратар партыйнай арганізацыі Ушакоў, сакратар камсамольскай
арганізацыі Катарскі накіроўваюць камуністаў і камсамольцаў на
вырашэнне баявых задач, якія стаяць перад атрадам.
Сярод нас ёсць камуністы, чый баявы вопыт ужо адзначан высокімі
ўзнагародамі Урада: Герой Савецкага Саюза Паўлоўскі, узнагароджаныя
ордэнам Чырвонага Сцяга Царанкоў, Маханько і іншыя перадавыя людзі
атрада.
Разам з мужчынамі змагаюцца адважныя дзяўчаты: Надзя
Жукоўская, Каця Сумакоўская і Фёкла Гуленка. Як сёстры, дзяўчаты
клапоцяцца аб партызанах. Яны даглядаюць раненых, сістэматычна
вядуць разведку ва ўсіх напрамках. Акалі трэба — бяруць вінтоўкі і
разам з намі ідуць у бой.
Суровая барацьба з ворагам у яго тыле загартавала
людзей. Малапрыкметныя ў мірны час калгаснікі Бур'яш, Офік, Юкоўскі,
Кавалёў, падлеткі-камсамольцы Жукавец, Грамыка, Мірановіч і дзесяткі
іншых сталі на полі бітвы народнымі багатырамі, якія праслаўляюць
баявымі подзвігамі сваю вялікую савецкую Радзіму.
Наш атрад — адзін з многіх тысяч беларўскіх партызанскіх атрадаў. Па
ўсёй Беларусі палыхае полымя партызанскай вайны.
Мы ведаем: за нашай барацьбой з увагай і любоўю
сочыць увесь савецкі народ. Гэта падзесяцярае нашы сілы. Ашалелым
гітлераўскім бандам не зламаць нашага народа і яго баявога духу. I
не ўцячы фашыстам ад народнай помсты. Яны знойдуць сабе магілы на
той зямлі, якую яны спрабуюць заняволіць».
— Цяпер і нам будзе лягчэй,— ажыўлена загаварыў
Варвашэня.— Людзі вераць у сілу партызанскую і бачаць, як высока
цэніць наш урад партызанскія подзвігі. Толькі вось невядома,— твар
яго адразу прыняў крыху заклапочаны выгляд,— чамў Бумажкова
адклікалі з раёна. У Акцябры застаўся, па сутнасці, адзін Паўлоўскі.
— Там яшчэ Маханько, Байраш, Царанкоў,— заўважыў
Гарбачоў.— Дапаможам ім па-суседску. Луфераў нават рад будзе. Ён да
вайны часта дапамагаў Акцябру. Тым больш што сілы нашы растуць: да
нас прыбыў Савелій Канстанцінавіч Ляшчэня, былы работнік Лідскага
гаркома партыі, родам з вёскі Жывунь. Гэта вёска мяжуе з Акцябрскім
раёнам. I ён вельмі добра ведае Акцябрскі раён. Прывітанне вам
перадаваў. 3 ім яшчэ два чалавекі, толькі я іх пакуль што не ведаю.
Там жа, па суседству з намі, з'явіўся Храпко з мазырскай знішчальнай
групай. Гэта работнік Палескага абласнога зямельнага аддзела. У яго
ўжо многа і мясцовых людзей. У атрадзе моцная партыйная арганізацыя.
У многіх месцах Акцябрскага і Глускага раёнаў храпкоўцы здолелі
паставіць сваіх людзей старастамі, наладзілі сувязь з Бабруйскам і
адтуль дастаюць зброю, боепрыпасы. Ужо не раз яны білі ворагаў.
Нядаўна ля вёскі Казловічы, Глускага раёна, напалі на варожую калону,
разагналі яе, забілі 19 фашыстаў. У саўгасе «Халопенічы», гэтага ж
раёна, разабралі з вінзавода вялікія запасы хлеба, завезеныя туды
немцамі. Раздалі хлеб насельніцтву, каб норагу нічога не засталося.
— А як з тымі раёнамі?— звярнуўся я да Варвашэні, і ён
адразу зразумеў, пра што я пытаю.
— У Старыя Дарогі я ўжо наведваўся,— дакладваў
Варвашэня,— а Брагін падаўся на Асіповічы, яшчэ не вярнуўся пакуль
што. У Старых Дарогах справа пойдзе. Там удалося звязацца з
Петрушэнем, хлопец моцны, вялікім аўтарытэтам карыстаецца сярод
насельніцтва. Ды і старадарожскія калгаснікі маюць вялікія і слаўныя
традыцыі грамадзянскай вайны, калі яны змагаліся ў партызанах.
— Петрушэня — гэта намеснік старшыні райвыканкома?
— Ага. У яго ўжо ёсць група, ды і моцна ўзброеная. Бадай-што,
можна будзе зацвердзіць яго сакратаром падпольнага райкома партыі.
Засталося ў раёне яшчэ некалькі камуністаў. Некаторых удалося
сабраць. Пазнаёміў іх з пастановамі бюро ЦК і абкома аб задачах
партыйных арганізацый па разгортванню партызанскага руху, з
дырэктывай наконт калгаснага дабра: ніводнага грама ворагу.
—3 гэтым у нас не ўсюды добра,— глыбока ўздыхнуўшы,
сказаў Гарбачоў.
— Чаму так?
— Ды справа ў тым, што ў некаторых калгаснікаў не падымаюцца
рукі, калі даводзіцца знішчаць калгаснае дабро. Не хочуць яны і
разбіраць маёмасць па дварах. Іншы раз ніякія доказы не дапамагаюць.
Прыходзіць гэта да нас нядаўна з Забалацця Анатоль Жулега,— вы,
Васіль Іванавіч, павінны яго ведаць. I вось чалавек расказвае.
Неўзабаве пасля таго, як вы там пабывалі, забалацкія актывісты
ўзяліся любымі сродкамі. выратаваць калгасную маёмасць. Што можна
было схаваць — схавалі, а астатняе дабро, у тым ліку і жывёлу,
вырашылі раздаць у часовае карыстанне калгаснікам. Склікалі агульны
сход, сказалі там пра гэта. I што вы думаеце: паднялася такая
завіруха на сходзе, што ледзьве хапіла сілы суняць яе. «Не можа
гэтага быць,— крычаць калгаснікі,— ніхто не дазволіць разбіраць
калгасы, як гэта можна?»
Устаў старшыня калгаса Пакуш, аўтарытэтны ў іх чалавек.
— Ці вы,— кажа,— і мне не верыце? Я, здаецца, ніколі вас не
падводзіў. Трэба ратаваць маёмасць ад акупантаў, нічога не даць
ворагу. Вы ж ведаеце, што гаворыць пра гэта наша партыя? Не ўдасца
зберагчы — знішчым, абы не ў зубы ворагу. Калгас жа застанецца, і мы
такімі ж калгаснікамі застанёмся, толькі ўмовы часова змяніліся,
вайна ідзе не на жыццё, а на смерць, і ворага мы павінны знішчаць.
— А чаму б жывёлу ў лес не загнаць?— пытаецца нехта.—
Зрабіць навесы ды перабыць да зімы, а там, бог дасць, і нашы
прыйдуць.
Паспрабуйце што-небудзь сказаць супраць гэтага!
Скажаце, што вайна скончыцца не хутка,— вочы людзі выдзеруць, са
сходу прагоняць. Ды і самім, па праўдзе кажучы, не хочацца верыць,
што вайна так ужо зацягнецца.
Дык вось, рашылі сходам хаваць да зімы жывёлу ў
лесе і хаваюць. Наконт нерухомай маёмасці, збожжа, гародніны,
садавіны і іншых запасаў спрачаліся доўга і, мусіць, рашылі б
раздаць людзям пад распіску, каб не нейкі там іхні стары агароднік
Апанас Марозаў. Як выступіў, як запрацівіўся, дык хоць ты з ім што
хочаш рабі. «Дзе,— кажа,— у якім законе напісана, каб можна было
калгаснае дабро разбіраць? Па працаднях, каму трэба, іншая справа,
гата я разумею, а без працадзён — не можа быць гэтага я не разумею і
нікога слухаць не хачу. Пакажыце мне,— кажа,— такі закон...»
Я ўспомніў старога Апанаса. Гэта
быў чалавек такога характару, што сапраўды мог пайсці насуперак
усяму сходу.
— Упарты стары,— глянуўшы на мяне, сказаў
Варвашэня.
— I вось настойвае на сваім,— падхапіў Гарбачоў. —
Насаліў бочкі агуркоў, яблык, ігруш-дзічак Намачыў, пахаваў па
розных паграбах. «Прыйдуць,— кажа,— нашы, тады відаць будзе, што з
гэгым дабром рабіць».
— Ну што ж, няхай стары хавае дабро ад ворага,—
заўважыў я.— Няхай калгаснікі і жывёлу ў лес гоняць, няхай нават у
крайніх выпадках знішчаюць яе. Тут важна адно: вораг нічым не
павінен пажывіцца. 3 гэтага і зыходзіць рашэнне абкома, у такім
напрамку мы і павінны праводзіць масава-палітычную работу.
— А вось у Андрэя Труцікава,— Варвашэня крануў
Гарбачова за локаць,— там, па-мойму, усё правільна арганізавана.
— У каго?— перапытаў Гарбачоў.
— Ну ў Азярным, у старшыні калгаса Труцікава. У
яго ўсе лепшыя коні і амаль уся жывёла эвакуіраваны разам з
саўгаснымі ў савецкі тыл. Ураджай увесь убралі і схавалі, маёмасць
таксама ўпарадкавана. Ідзеш па вёсцы — пуста, як мятлою падмецена.
Сунецца акупант у вёску — нідзе нічога няма.
Гарбачоў сцвярджальна паківаў галавой:
— Не быў там яшчэ, але веру. Такіх у нас у раёне
няшмат, як гэты Труцікаў. I стары ўжо, пад шэсцьдзесят год, а
работнік найлепшы.
Неўзабаве Гарбачоў стаў паспешна збірацца ў дарогу.
— Не магу, не маю часу,— паўтараў ён, калі Варвашэня
прапанаваў яму застацца да заўтра, каб потым ісці разам.— Там
столькі работы ў раёне, дзень і ноч рабі — не пераробіш.
— А як там наш першы знаёмы?— спытаў я.
— Хто, Ермаковіч?
— Так, ваш знаёмы па міліцыі.
— Лётае па раёнах, як віхор,— махнуў рукою Гарбачоў.— I адной
гадзіны на месцы не сядзіць. Удвух з Пашуном яны ўжо нямала
патрывожылі захопнікаў. Праведзеная імі аперацыя ў Пасталах
акупантам дорага абышлася. Там яны знішчылі больш за сорак фашыстаў.
Ганяюцца гітлераўцы, рыскаюць за імі, а заадно і за намі. Дрэнна
толькі, што гэтыя нашы хлопцы — аднаасобнікі нейкія, а не сапраўдныя
партызаны. Замкнуліся і пацеюць там вось ужо трэці месяц: самі да
людзей не ходзяць і да сябе нікога не дапускаюць. На гэтых днях
мяркуем выклікаць іх на бюро райкома. Ну, бывайце, таварышы,— зноў
заспяшаўся Гарбачоў.— Хутка зноў буду тут. Ногі ў мяне доўгія,
дарогі знаёмыя.
— А ты не вельмі захапляйся знаёмымі дарогамі,— з
дабрадушнай усмешкай параіў яму Варвашэня.— Гладкая дарога ўсім
даступна, і добрым людзям і ворагам.
— Не турбуйцеся за мяне,— па-вайсковаму выпрастаўшы плечы,
сказаў Гарбачоў.—Я не пападуся.
I раптам ён павярнуўся да мяне, а потым дакорліва
паківаў галавою Варвашэню:
— От як іншы раз выходзіць: ішлі з дакладам, а не пра
ўсё важнае сказалі. Ледзь-ледзь не ўпусціў: у нас жа цяпер ужо
друкарня свая. Любанскую раённую друкарню перацягнулі ў лес, амаль з
поўным абсталяваннем. Тут група Далідовіча многа дапамагла.
Цяпер можна не толькі лістоўкі друкаваныя выпускаць, а
нават і газеты. Вось толькі паперы яшчэ дастаць. Але ж і тут у нас
ёсць свае меркаванні. Бывайце, таварышы!
Ён казырнуў, зухавата павярнуўся і пайшоў.
—Дзелавіты хлопец,—сказаў услед яму Варвашэня,— толькі
гарачкаваты трошкі, увесь час прытрымліваць трэба.
—Ну там яны з Луферавым паладзяць,— заўважыў я,—адзін
гарачкаваты, другі халаднаваты: падзеляцца.
Тут жа мы распрацавалі зварот абкома да насельніцтва
Мінскай вобласці і даручылі Варвашэню надрукаваць яго ў любанскай
падпольнай друкарні.
«Нельга чакаць ні хвіліны,— гаварылася ў звароце.—
Неабходна пачынаць дзейнічаць зараз жа, хутка і рашуча. Для
знішчэння ворага выкарыстоўнайце любыя сродкі: душыце, знішчайце,
паліце фашысцкую гадзіну!
Няхай адчуе вораг, як гарыць пад ім наша зямля!
Дзейнічайце смела, рашуча, перамога будзе за намі! Няма такой
сілы, якая магла б пакарыць савецкі народ!»
Увайшоў вартавы і паведаміў, што затрыманы трое нейкіх
невядомых людзей. Я выйшаў. Сержант Пятрэнка далажыў, што затрыманыя
знаходзяцца далёка ад лагера, бадай-што не каля самай вёскі Рог.
«Так каля Рога і круцяцца байцы,— падумалася
мне,— цягне іх туды, нібы магнітам».
Аднак тое, што яны выстаўляюць пасты далёка ад
лагера, было пахвальным.
— Затрыманыя просяць, каб вы самі туды прыйшлі,— сказаў
сержант.— Які будзе загад?
Мы пайшлі ў напрамку вёскі. У яловым гушчарніку нас
аклікнулі. Сержант абазваўся.
— Гэта вы, Васіль Іванавіч?— пачуўся ціхі голас, калі
мы падышлі бліжэй. Я пазнаў Сцяпана Пятровіча. Ён аддзяліўся ад
тоўстай нізкаголістай яліны, пад якой стаяў, і падышоў да нас.
— Хто ж яшчэ з табою?— спытаў я.
— А вось,—ён паказаў на двух чалавек, якія сядзелі пад гэтай
жа ялінаю, прыхіліўшыся галовамі да камля,— стаміліся вельмі, як
селі, дык адразу і заснулі. Я не ведаю іх прозвішчаў, Меркуль
загадаў правесці, якраз мне было па дарозе.
Ноч была цёмная; я нахіліўся і больш па дыханні, чым па выгляду,
пазнаў Бондара і Бельскага.
—А Мачульскі дзе?— вырвалася ў мяне пытанне, хоць
Пятровіч, зразумела, нічога не мог ведаць пра Мачульскага.— Трэцяга
з вамі не было?
—Не, не было,— крыху сумеўшыся, адказаў Пятровіч.— Яны
толькі ўдвух прыйшлі. Толькі ўдвух, гэта я добра ведаю.
Наша гамонка разбудзіла Аляксея Георгіевіча. Ён
парывіста ўсхапіўся, і мы абняліся. Бельскі ўставаў з натугай,
асцярожна ставячы ногі на пяткі. Я падхапіў яго за рукі і прытуліў
да сябе.
— Нарэзаў ногі,— скардзіўся Іосіф Аляксандравіч.— Боты стапталіся,
цякуць, ліха на іх, і рэжуць ногі да крыві.
— Давядзецца часова на лапці перайсці,— пажартаваў
Бондар.
«Што ж з Раманам Навумавічам?— не адступала ад мяне трывожная
думка.— Чаму ён не прыйшоў разам з імі, падаўся куды ці, можа, якое
няшчасце здарылася?»
3 хвіліны на хвіліну я чакаў, што Бондар ці Бельскі скажуць пра гэта,
аднак яны ці то ад вялікай стомленасці, ці па сціпласці наогул мала
гаварылі пра сваю камандзіроўку. Калі мы ўвайшлі ў зямлянку, я
заўважыў, што мая трывога адразу ж перадалася і Варвашэні. Ён
некалькі разоў азірнуўся на выхад, нібы чакаючы, што яшчэ нехта
павінен увайсці, а потым, калі стала ясна, што больш нікога няма,
дапытліва паглядзеў на мяне.
Я паціснуў плячыма:
— Хто яго ведае, што здарылася. Аляксей Георгіевіч заўважыў
нашы перамігі.
—Нічога пакуль што не здарылася,— спакойна сказаў ён.— Раман
Навумавіч затрымаўся: заўтра ці паслязаўтра павінен з'явіцца.
Праз некалькі хвілін Бельскі адвёў мяне ў бок ад
зямлянкі і паўшэптам сказаў:
— 3 Мачульскім ўсё ж такі не зусім ладна. Пайшоў у Слуцк,
адтуль думаў прабірацца далей. Павінен быў з'явіцца ва ўмоўленае
месца больш тыдня таму назад і не з'явіўся. Мы чакалі яго некалькі
дзён, а больш нельга было там заставацца. Пакінулі там свайго
чалавека. Трэба падумаць, што рабіць.
— Каго вы там пакінулі?— спытаў я.
—Веру Дзялендзік, жонку парторга Старобінскай МТС. Тады, пры
сустрэчы ў Крушніках, вы ёй параілі перабрацца ў другое месца, яна
так і зрабіла. Каля самага Слуцка жыве, у сваіх родзічаў.
— Пароль узялі?
— Ёсць пароль.
—Сёння ж пашлём туды сувязнога. Пятровіч стаяў ля зямлянкі з
мяшком у руках і нецярпліва паглядаў на мяне. Я заўважыў гэты позірк
і звярнуўся да яго:
— Што новага, таварыш Пятровіч?
— Пакуль што, лічым, амаль нічога,— ступіўшы некалькі
крокаў да мяне, адказаў Пятровіч. — Вось толькі Меркуль прыслаў.
—Зноў Меркуль прыслаў? — перапыніў я яго. —Дакуль гэта ён
будзе прысылаць! Няхай аб сабе больш клапоціцца.
— Не, Васіль Іванавіч,— засмяяўся Пятровіч,— гэта
не тое. Тут нейкія карты нямецкія. Фёдар Шырын учора раніцою падбіў
на слуцкай дарозе нямецкую легкавую машыну. Мусіць, штабісты ехалі.
Многа карт і ўсякіх папер забраў ён у забітых афіцэраў. Меркуль
прасіў паглядзець ды пераслаць іх куды трэба, а куды паслаць — вам
відней.
Мы з Бельскім апаражнілі нямецкія палявыя сумкі. Там
сапраўды знаходзілася многа тапаграфічных карт. Адзнакі на іх былі
старыя, таму яны не мелі асаблівай цікавасці. Але сярод гэтых карт і
ўсякіх іншых папер мы знайшлі некалькі шыфровак і план аперацыі
адной нямецкай часці. Гэта ўжо іншая справа. Такія рэчы маглі
спатрэбіцца нашай арміі.
Падышлі Бондар і Варвашэня.
— Трэба паслаць сувязных у ЦК да таварыша Панамарэнкі,—
прапанаваў я. — «Вельмі важныя дакументы, — у свой час гаварыў
Панцеляймон Кандратавіч,— своечасовыя весткі аб намерах ворага
надзвычай важна знаць...» Апішам усё, што ў нас ёсць, ды вось заадно
і гэтыя дакументы даставім.
Члены бюро згадзіліся. Каго ж толькі паслаць? Адна
кандыдатура ў мяне была, я даўно меў яе на ўвазе — гэта Сцяпан
Пятровіч. Але ж пасылаць аднаго было ненадзейна, бо шлях вельмі
вялікі і небяспечны, трэба было падрыхтаваць у дарогу не менш двух
чалавек. Пасля доўгіх меркаванняў мы спыніліся на Войціку. Хлопец
сумленны, цягавіты, смелы, лепшага не знайсці. Рызыкоўная
камандзіроўка,— мы гэта ведалі, але ж што зробіш? Сувязь з Вялікай
зямлёй, з ЦК КП(б)Б нам патрэбна, як жыццё.
Мы напісалі дакладную запіску ЦК КП(б)Б. Расказалі пра
нашы першыя крокі ў падполлі, пра старобінскія, слуцкія, любанскія,
акцябрскія, рудзенскія аперацыі. Было што сказаць і пра іншыя раёны.
Бондар і Бельскі пабывалі ў Чырвонай Слабадзе, Капылі, Старых
Дарогах і ў Грэску. Ва ўсіх гэтых раёнах былі праведзены сходы
камуністаў, абраны падпольныя райкомы партыі. Вакол райкомаў
паступова згуртоўваюцца партызанскія сілы. У Чырвонай Слабадзе ўжо
даволі актыўна дзейнічае партызанскі атрад пад камандаваннем Максіма
Іванавіча Жукоўскага. У атрадзе станковы, чатыры ручныя кулямёты і
некалькі дзесяткаў вінтовак. Нядаўна атрад зрабіў смелы налёт на
нямецкі гарнізон у Слуцку. Уварваўшыся ў горад на трох аўтамашынах,
партызаны ўдарылі па ворагу знянацку, перабілі каменданцкую ахову,
захапілі пошту і тэлеграф, пазнімалі ўсе апараты і амаль поўныя
суткі былі гаспадарамі ў горадзе. Прадукты са склада раздалі
насельніцтву, а склад з ваенным абмундзіраваннем спалілі. Быў там
лагер ваеннапалонных. Партызаны абяззброілі ахову і вызвалілі ўсіх
палонных чырвонаармейцаў.
Падрабязна было расказана ў рапарце пра баявыя аперацыі
дукорскіх партызан пад камандаваннем упаўнаважанага абкома і
сакратара Рудзенскага райкома партыі Мікалая Пракоф'евіча
Пакроўскага. Вёска Дукора — гэта гістарычная вёска. Там яшчэ ў гады
грамадзянскай вайны насельніцтва мужна змагалася за Савецкую ўладу.
У славутай дукорскай пушчы Мікалай Пракоф'евіч Пакроўскі стварыў у
першыя дні вайны партызанскую базу.
Мікалай Пракоф'евіч разгарнуў партызанскую
дзейнасць з першых дзён нямецкай акупацыі. У многіх вёсках і
сельсаветах Рудзенскага раёна былі створаны падпольныя групы з
камуністаў і камсамольцаў. Асабліва многа дапамагала ў наладжванні
сувязі з падпольнымі групамі і паасобнымі савецкімі патрыётамі
бясстрашная сувязная, камсамолка Марыя Данільчык, якая вельмі доўгі
час вяла падпольную работу ў цэнтры нямецкага гарнізона — гарадскім
пасёлку Рудзенск.
Падпольныя групы, якімі кіравалі камуністы Сяргей Доўнар, Уладзімір
Лявіцкі, Уладзімір Адамовіч, Раман Дзенісевіч і іншыя, збіралі зброю,
распаўсюджвалі лістоўкі, палілі масты па дарогах знішчалі
гітлераўцаў. Праз некаторы час Мікалай Пракоф'евіч стварыў з гэтых
груп першы ў раёне партызанскі атрад «Беларусь», які меў сваю базу ў
славутай дукорскай пушчы.
Калі ў пушчы стала цеснавата, атрад перабраўся праз
чыгунку Мінск - Гомель і размясціўся на глухім балотным востраве
каля вёскі Піліч. Адсюль ва ўсе бакі накіроўваліся дыверсійныя групы,
якія рабілі засады, налёты на гітлераўскія абозы, разбіралі рэйкі.
Партызанская група пад камандаваннем таварыша Малышкіна спусціла пад
адхон варожы цягнік. Каля двухсот фашыстаў было забіта і ранена.
Даведаўшыся пра месца размяшчэння рудзенскіх
партызан, фашысцкае камандаванне накіравала супраць іх буйны атрад.
Партызаны падпусцілі гітлераўцаў на блізкую адлегласць і пачалі
касіць іх з кулямётаў і аўтаматаў. Эсэсаўцы, якіх было ў пяць разоў
больш, чым народных мсціўцаў, не вытрымалі яраснага партызанскага
агню і кінуліся наўцёкі, ледзь паспеўшы падабраць забітых і
раненых...
Полымя ўсенароднай барацьбы з крывавымі нямецкімі
захопнікамі разгаралася з дня на дзень. Каля Мінска і ў самой
сталіцы, пад Барысавам і Чэрвенем, каля Пінска і пад Лепелем
ствараліся новыя падпольныя групы і партызанскія атрады.
Рапарт выйшаў вагавіты.
Я аддаў яго Пятровічу і Войціку і прапанаваў вывучыць
на памяць. Сцяпан Пятровіч мог зрабіць гэта хутка. У яго была
выключная памяць. Бывала, любую зводку ён мог перадаць па тэлефоне,
не заглядваючы ў паперку, і ніколі не памыляўся. Вядома, што ў
выпадку небяспекі рапарт павінен быць знішчаны.
Нашы першыя пасланцы былі надзейныя людзі. Войцік ужо многа год
працаваў са мной і зарэкамендаваў сябе вельмі сумленным чалавекам, а
Сцяпана Пятровіча я ведаў амаль з самага маленства. Ён быў адным з
лепшых вучняў у школе, актывістам. У гады калектывізацыі Пятровіч
выконваў самыя адказныя заданні партыйнай і камсамольскай
арганізацый. Калі я быў дырэктарам Старобінскай МТС, Пятровіч
працаваў там рахункаводам і быў сакратаром камсамольскай арганізацыі.
Гэта быў вельмі сумленны і надзейны работнік. У той час МТС толькі
арганізоўвалася, будавалася, можна сказаць, на пустым месцы. Не было
яшчэ належнага абсталявання, не было кадраў. Пятровіч узначаліў рух
моладзі за авалодванне кваліфікацыямі трактарыстаў, камбайнераў. Не
адрываючыся ад сваёй асноўнай работы, ён і сам авалодваў
спецыяльнасцю трактарыста і ў вольны час працаваў у майстэрні.
Аўтарытэт Пятровіча, як работніка, арганізатара моладзі, быў
непахісны, усе яго любілі і паважалі.
Назаўтра я ўвесь дзень не адыходзіў ад сувязных,
рыхтуючы іх у вялікую і небяспечную дарогу. Трэба было, каб нашы
весткі абавязкова дайшлі да ЦК. Калі там будуць ведаць, дзе мы
знаходзімся, то абавязкова ўстановяць з намі сувязь і дапамогуць нам
ва ўсім.
Мы прасілі Цэнтральны Камітэт прыслаць нам рацыю, шыфр
і шыфравальшчыка. Тады б у нас была непасрэдная сувязь з Масквой.
Адвячоркам Пятровіч і Войцік развіталіся з намі і
рушылі ў напрамку да фронту. Хвалюючым і незабыўным было гэтае
развітанне. Усе мы ведалі, на якую цяжкую і адказную справу пасылалі
сваіх лепшых, правераных таварышаў. Ведалі, што ў пэўнай меры
рызыкуем жыццём адважных, баявых партызан. Асабліва мне было цяжка ў
гэтыя хвіліны. Колькі год я пражыў разам з гэтымі цудоўнымі хлопцамі,
колькі даводзілася працаваць сумесна з імі!..
Разам з нашымі пасыльнымі пайшоў на Любаншчыну і Іван
Дзянісавіч Варвашэня.
да зместу |
|