|
X
Прайшло больш двух тыдняў. 3 поўначы на
возера наплывалі асеннія халады. Раніцамі на апаўшым лісці, на
памякчэўшай ад холаду траве доўгімі белымі палосамі асядаў іней.
Наляціць вецер на вяршаліну і сваволіць там аж да таго часу, пакуль
не прымусіць дрэва скінуць з сябе некалькі лісткоў. Паступова возера
мяняла свой выгляд. Нават вада ў ім з кожным днём усё больш цямнела
і набывала колер, падобны на растопленае волава.
Увесь час мы чакалі звароту Рамана Мачульскага. Чакалі
з дня на дзень, з гадзіны на гадзіну. Ніякая работа, ніякія абавязкі
не заглушалі ў нас вялікай трывогі па таварышу, бо тэрміны яго
звароту даўно прайшлі, а становішча ў нас было вельмі напружанае і
складанае.
Вярнуліся сувязныя з палескіх раёнаў. Невясёлыя весткі
прынеслі яны адтуль. Гарадскі пасёлак Жыткавічы і навакольныя вёскі
запоўнены эсэсаўцамі і паліцэйскімі, а ў раёне Пасталоў размясціўся
вялікі нямецка-паліцэйскі гарнізон. Туды завезены нават гарматы.
Гітлераўцы ліхаманкава расшыраюць міжраённую нафтабазу, а гэта
азначала, што тут могуць быць і танкі. 3 раённых работнікаў
Рагалевіч нікога не знайшоў.
У Капаткевічах таксама было шмат нямецкіх салдат. Больш
тыдня правёў Бердніковіч у гэтым раёне, аднак яму не ўдалося
звязацца з мясцовымі камуністамі. 3 вялікімі цяжкасцямі ён знайшоў
патрэбнага чалавека, якому можна было даручыць нагляд за чыгуначнай
станцыяй.
Па ўсім заўважалася, што фашысты рыхтуюць шырокія
аперацыі супраць партызан. Былі падставы меркаваць, што яны ўжо
ведаюць і пра падпольны абком. Нядаўна фашысцкія малойчыкі і
паліцэйскія зноў ператрэслі вёскі Скаўшын, Крушнікі, Осава, Пухавічы,
Ляхавічы, якраз тыя месцы, дзе мы бывалі. Падобна было на тое, што
яны шукаюць нашых слядоў. Неўзабаве прыбегла да нашых вартавых
сувязная Наталля і паведаміла, што атрад эсэсаўцаў заняў вёску Рог.
У той жа дзень стала вядома, што гітлераўцы паставілі заслоны на
ўсіх меліярацыйных канавах, якія вядуць у возера, а ў пачатку былой
«ездаўні» засела група са станковым кулямётам.
Мы зразумелі, вораг блакіруе нас. Вядома, займаць лінію
абароны не было ніякага сэнсу, ды і сілы неставала. Абмеркаваўшы
становішча са сваімі сябрамі, я даў указанні ўсё падрыхтаваць для
бою. Яшчэ на некалькі дзён нам тут трэба было застацца. Па-першае,
таму, што Мачульскі павінен быў прыбыць з задання на гэтае месца, а
па-другое — трэба было прыняць захады, каб ён, не ведаючы, што
гітлераўцы занялі гэтыя вёскі, не трапіў у рукі ворагу. Нельга было
пакідаць без увагі і суседнія палескія раёны.
На канавах мы таксама паставілі свае пасты. У зручных
месцах выкапалі акопы, ямы, на адной важнай высотцы збудавалі дзот.
Сержант Пятрэнка тэрмінова быў накіраваны ў атрад Меркуля з загадам
прывесці адтуль групу добра ўзброеных партызан.
Затым мы вылучылі яшчэ дзве разведгрупы і зноў паслалі
іх у Жыткавічы і Капаткевічы. Паставілі такую задачу: жыткавіцкай
групе абавязкова, любымі сродкамі, звязацца з Довалем, Дзербантам.
Нямецкая нафтабаза ў Жыткавічах павінна быць узарвана і спалена,
чаго б гэта ні каштавала. Расстаўленыя як належыць у гарнізоне свае
людзі павінны выведваць усё і паведамляць у наш штаб аб нямецкіх
планах і намерах.
Капаткевіцкай групе было загадана наладзіць сувязь з
Міхайлоўскім і Жыгарам, перадаць ім указанні падпольнага абкома і
аказаць дапамогу ў рабоце, калі гэта будзе неабходна.
Што датычыцца выхаду з магчымага акружэння, то аб ім у
той час мы не вельмі турбаваліся, усіх дзвярэй фашысты не змогуць
закрыць, а калі закрыюць, мы знойдзем спосаб адкрыць іх. Меркуль
даведаецца аб нашым становішчы і напэўна прыйдзе на выручку, ды і
Корж не застанецца ўбаку.
Між тым усё новыя і новыя весткі прыходзілі да нас
наконт варожых планаў. Было відаць, што гестапа ставіла сабе за мэту
разграміць падпольны абком партыі і захапіць яго кіраўнікоў.
Гітлераўскія групы з'явіліся ў вёсках Чырвонае Возера, Вялікі Лес,
Дзякавічы. Паступова запаўняліся эсэсаўскімі бандамі навакольныя
хутары, заслоны на канавах перастаўляліся ўсё бліжэй і бліжэй да
возера. Немцы, мусіць, не ведалі, што нас тут усяго якіх два
дзесяткі чалавек, што, апрача некалькіх аўтаматаў, пісталетаў ды
гранат, у нас не было іншага ўзбраення. Мяркуючы па старобінскіх,
любанскіх і акцябрскіх аперацыях, яны, відаць, лічылі, што ў раёне
Чырвонага Возера знаходзіцца многа добра ўзброеных партызан.
Гэтае акружэнне давала сябе адчуваць, і што
далей, то ўсё больш.
Цяжэй было звязвацца з партызанскімі атрадамі, партыйнымі
падпольнымі арганізацыямі, групамі і з мясцовым насельніцтвам, якое
ўвесь час дапамагала нам прадуктамі і ўсім неабходным. Сваіх запасаў
мы тут не мелі. Становішча з кожным днём ускладнялася, цяжкасці
ўзнікалі на кожным кроку.
I вось у гэты час вярнуўся ў лагер Раман Навумавіч
Мачульскі. Ён прабраўся праз вёскі Скаўшын і Осава, дзе пакуль што
яшчэ не было немцаў. Прыход Мачульскага быў вялікай радасцю для ўсіх.
Мачульскі быў з намі, мы бачылі, што ён жывы-здаровы, нічога
нядобрага з ім не здарылася. Нашы сілы прыбавіліся, і мы пачалі
адчуваць сябе яшчэ больш упэўнена.
Раман Навумавіч прыйшоў позна ноччу. Коратка далажыўшы
аб выкананні задання, ён пачаў распытваць у нас пра тутэйшыя справы.
Пачалі абмяркоўваць план далейшых дзеянняў. Справа ішла к таму, што
нам хутка давядзецца выбірацца адсюль. Абараняцца на месцы
станавілася ўсё больш і больш рызыкоўна, ды і не было сэнсу, бо
галоўная задача абласнога падпольнага камітэта — узбройваць і
паднімаць на барацьбу з захопнікамі народ, арганізоўваць падпольную
работу так, каб рос і пашыраўся партызанскі рух.
Рашылі так: Бельскі неадкладна прабярэцца на Любаншчыну,
падрыхтуе там базу для падпольнага абкома і паведаміць любанскім
атрадам пра становішча на Чырвоным Возеры. Партызан Ляўшэвіч з
групай накіруецца ў другі бок — разведае дарогу ў напрамку
чырвонаазерскіх хутароў. Досвіткам вернецца і даложыць абстаноўку.
Мы былі ўпэўнены, што наш план няцяжка ажыццявіць,
аднак выйшла зусім інакш. Ляўшэвіч не вярнуўся досвіткам. Раніца
прайшла ў напружаным чаканні. Яшчэ былі спадзяванні на затрымку, на
які-небудзь нечаканы выпадак, але ж, калі і ўдзень і ў наступную ноч
Ляўшэвіч не вярнуўся, стала ясна, што з ім нешта здарылася. Адно з
двух: або нашы разведчыкі наткнуліся на варожую заставу і іх
перабілі, або яны спалохаліся блакады і, вырваўшыся на прастор,
рашылі больш не лезці ў пастку. Магчыма, што і Бельскаму не ўдалося
дайсці да любанскіх атрадаў.
Патрэбны былі неадкладныя захады. Калі гэтай ноччу мы
не выйдзем, пазней будзе яшчэ больш цяжка. Нямецка-паліцэйскія
заслоны на канавах і хутарах падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй да
возера: кальцо блакады звужалася. Група на «ездаўні» да таго
асмялела, што пачала ўжо набліжацца да лагера. Ну, ёй не
паздаровілася. Гэтай жа ноччу нашы байцы так пачаставалі яе, што
мала хто з эсэсаўцаў і паліцаяў вынес адтуль свае ногі. Падкраліся
хлопцы да засады і першай жа гранатай знішчылі кулямётнае гняздо.
Перапалоханыя эсэсаўцы і паліцаі кінуліся ў балота, тут іх амаль
усіх і перакасілі. «Ездаўня» на нейкі час ачысцілася.
Пад вечар Бондар пайшоў у дальнюю разведку. Мы
настойвалі, каб ён узяў з сабою як мага больш байцоў, аднак ён павёў
толькі трох, бо ведаў, што тут заставалася ўся база абкома, што яе
трэба не толькі ахоўваць, але і рыхтаваць да пераправы ў іншае месца.
Задача ж у Бондара была нялёгкая: трэба было разведаць дарогу,
падрыхтаваць усё для выхаду, высветліць, што здарылася з Ляўшэвічам
і ці ўдалося вырвацца з блакады Бельскаму.
Гэта быў адзін з самых цяжкіх дзён нашага падполля.
Вось што расказваў пазней Аляксей Георгіевіч Бондар:
— Да вёскі Чырвонае Возера мы прайшлі без перашкоды.
Немцаў тут у гэты час не было. Пагутарылі з сялянамі, параіліся
наконт больш зручных сцежак і пайшлі далей. Выходзім за вёску, бачым
з-за горкі паказваецца невялікая група людзей — чалавек пятнаццаць.
Апрануты яны ў цывільнае, аднак са зброяй.
«Партызаны,— сказаў адзін з маіх байцоў.— Дазвольце, я
падыду туды».
Гэта было вельмі падобна да праўды. Я ведаў пра загад
абкома прыслаць з атрада Меркуля групу байцоў. «Вось гэта яны і
ідуць»,— падумалася мне. Аказалася, аднак, што гэта была разведка
вялікага атрада эсэсаўцаў, пераапранутая ў цывільную вопратку. Пасля
нашага пачастунку на «ездаўні» гітлераўцы рашылі кінуць на возера
буйны атрад.
Нас было ўсяго чацвёра, а эсэсаўцаў — больш сотні. Яны
адкрылі па нас агонь з вінтовак і кулямётаў. Зразумела, што прымаць
бой пры такіх суадносінах сіл нельга было, і мы, адстрэльваючыся,
пачалі адыходзіць. За намі быў невялікі лазняк. Не паспеў я дабегчы
да яго, як адчуў, што па левай назе нібы варам лінулі. Куля трапіла
ў яе і перабіла калена. Я ўпаў. Гітлераўцы заўважылі гэта і яшчэ
больш узмацнілі агонь. У грукаце страляніны мае таварышы, мусіць, не
заўважылі, калі я ўпаў.
Гэта было на чыстым лузе, да зараснікаў заставалася
яшчэ каля сотні крокаў. Але мне па дарозе трапілася невялікая
выжарына, я саслізнуў у яе і папоўз па вадзе. Толькі так можна было
выратавацца. Лёс вырашалі секунды. Вось яшчэ некалькі крокаў, яшчэ
некалькі намаганняў. Надыходзіў змрок, у зарасніках можна было б
схавацца, а ў крайнім выпадку — прыняць бой. Важна было адно — ні ў
якім выпадку не дацца ў рукі ворагу жывым.
Ля самых кустоў мяне пачалі акружаць. «Заходзь,
заходзь з таго боку,— пачуў я зусім блізка ад сябе.— Трэба яго ўзяць
жывога».
Я сабраў апошнія сілы, падняўся, шпурнуў у бок галасоў
гранату і затым на адной назе ўскочыў у густы зараснік. Тут,
зваліўшыся пад куст, я рашыў абараняцца да апошняй магчымасці.
Аднак ні паліцэйскія, ні эсэсаўцы ў кусты
прыцемкам не пайшлі. Нас яны, мабыць, прынялі за разведку вялікай
групы, баяліся, што ў кустах ёсць засады.
Толькі пасля таго як эсэсаўцы адышлі, я адчуў моцны
боль у назе. Халява бота напоўнілася крывёю. Пра якую-небудзь
дапамогу нельга было і думаць, нікога з маіх байцоў блізка не было.
Я перавязаў нагу вышэй калена рэмнем і папоўз далей. На ўсякі
выпадак не пашкодзіць забрацца ў глыб зараснікаў.
Да нашага лагера адсюль было не менш трох
кіламетраў. Дарога непраходная: балоты, зараснікі. Што ж рабіць?
Нічога іншага не прыдумаеш, як толькі чакаць. Калі жывыя байцы, то
яны павінны хутка заўважыць, што мяне няма. Заўважаць — пачнуць
шукаць. Выразаўшы лазіну, яшчэ тужэй перавязаў нагу, каб не сцякаць
крывёю, і вырашыў паляжаць на месцы.
Прайшло каля гадзіны, аднак ніякіх прыкмет
таго, каб мяне хто шукаў, не было.
«Мусіць, пабілі маіх таварышаў,— падумалася мне,— а можа нават у
палон захапілі».
Ужо зусім цямнела. 3 поўначы шугаў халодны асенні вецер
і скрозь кусты дабіраўся да мяне. А я быў увесь мокры. Вецер нагнаў
невялікі марозік, і ён пачаў сціскаць маю вопратку.
Трэба было прабірацца далей, а тут нага да таго
разбалелася і такая слабасць адолела мяне, штр варухнуцца нельга.
Вакол густыя зараснікі і балота. Цяжка нават вызначыць дакладна, у
якім я месцы. Паспрабаваў арыентавацца па дрэвах. Аказалася, што
гэтае месца мне знаёмае. Вось высокі густы куст вербалозніку. Калі ж
я яго бачыў? Ага! Гэта ж, мусіць, тое самае месца, дзе мы некалі
адпачывалі, прабіраючыся на Чырвонае Возера. Быў я тут яшчэ раз:
праплываў на чаўне па меліярацыйнай канаве.
У галаве мільганула думка:
«Знайсці б цяпер які-небудзь чоўнік, і паплыў бы сабе
канаўкай да лагера».
Аднак марнае гэта ўсё. Трэба рабіць тое, што яшчэ
застаецца ўсё ж такі магчымым. Не так даўно, седзячы пад гэтым
кустом, я назіраў, як адзін чалавек складаў на балоце невялікі
стажок. Увосень сена адсюль не вывезеш і не вынесеш: стажок, вядома,
і цяпер там. Да яго не вельмі далёка. Трэба паўзці туды, у гэты
адзіны ратунак.
I я, напружыўшы ўсе сілы, папоўз, больш дакладна кажучы,
паплыў да стажка. Не ведаю, колькі часу гэта цягнулася, толькі мне
здалося, што вельмі доўга дабіраўся я да гэтага месца. Дабраўся
нарэшце на карачках да стажка, а прыўзняцца, каб пачаць скубці сена,
не магу. Паляжаў крыху, аддыхаўся, вада падсвяжыла мяне. Я пачаў
зрываць са стажка каўлакі сена і класці іх пад сябе. Гэта падымала
мяне з вады, мне рабілася крыху цяплей. Я думаў так: «Выскубу логава
ў стозе і тады залезу ў яго. Паляжу нейкі час, адпачну, адагрэюся, а
потым пагляджу, што рабіць далей. Галоўнае ж, закуру там, калі можна
будзе. Бо, як ніколі, хацелася курыць. Але ж усё замокла ў кішэні.
Вось шкада!»
У гэты момант я пачуў, што нібыта мяне нехта
кліча па імю. Можа, гэта здалося, можа, у вушах у мяне трызвоніць?
Прыслухаўся — зноў чую тое самае: чалавечы голас называе маё імя. Ці
знаёмы голас? Цяжка разабраць: вымаўленне хрыпаватае, прыглушанае.
Няўжо свае? Можа, варта абазвацца?
Але тут я падумаў, ці не правакацыя гэта? Нядаўна каля вёскі
Осава чулася бязладная страляніна, а потым нечы голас роспачна
крычаў: «Браткі, не забівайце мяне, не забівайце! Вазьміце мяне
жывога!..»
Хто ведае, што магло здарыцца? Можа, каторы з нашых
байцоў трапіўся ў лапы акупантаў ды праявіў слабасць і цяпер ён
разам з нямецкімі прыслужнікамі шукае мяне.
Нейкія людзі набліжаліся да стажка. Я вырашыў не
выяўляць сябе да апошняга. Стараючыся не варушыцца, зноў падрыхтаваў
гранату. Потым чую — адзін з іх гаворыць другому:
«Ванька, дабірайся да стога, можа ён там?» Ваня — гэта
адзін з маіх байцоў, голас бліжэйшага ад мяне чалавека таксама
знаёмы. Нейкая незвычайная цеплыня і ў той жа час млявасць і знямога
разліліся па целе. 3 болем у душы я падумаў аб тым, што не змагу
супраціўляцца, калі гэта, на маё няшчасце, не свае людзі. Застанецца
толькі адно: узарваць гранату пад сабою.
Прытаіўшы дух, ляжу, назіраю. Адна высокая постаць,
грузнучы ледзь што не па пояс у багне, падыходзіць зусім блізка да
стога і ціха гаворыць: «Аляксей, абзавіся, калі ты тут. Гэта я,
Ваня». У той жа час, павярнуўшыся ў бок зараснікаў, ён сказаў ужо
крыху мацней:
«Раман, падыходзьце сюды, пашукаем у стозе...» Далей
Аляксей Георгіевіч не памятае, што з ім было: ад вялікай страты
крыві, ад стомленасці, хвалявання ён страціў прытомнасць.
А людзі былі сапраўды свае. Калі мы ў лагеры пачулі
страляніну недзе каля Осава, трывожная думка авалодала ўсімі. Не
было сумнення, што гэта сутычка з групай Бондара, аднак, які яе
характар, цяжка было ўгадаць. Магчыма, Аляксей Георгіевіч уступіў у
бой з мэтай вызвалення сваіх, магчыма, дарогу сабе прачышчае, а можа,
і ў вельмі цяжкае становішча трапіў. Калі ж пачалі грукатаць
станковыя кулямёты, стала ясна, што справа сур'ёзная: пры нас такіх
кулямётаў не было, страляюць, значыцца, фашысты.
Раман Навумавіч узяў невялікую групу і кінуўся на
дапамогу. Па дарозе ён спаткаў аднаго партызана з групы Бондара.
Партызан бег у лагер з трывожным данясеннем. Ён расказаў Мачульскаму,
у чым справа.
Тады Раман Навумавіч прыняў вельмі смелае і рызыкоўнае
рашэнне. Поцемкам ён з невялікай групай партызан прабраўся ў вёску
Осава, разведаў, дзе размясціўся на начлег атрад эсэсаўцаў, і
знянацку напаў на яго штаб. Паніка ў гітлераўцаў была страшэнная.
Яны кінуліся хто куды, адкрылі бязладную страляніну, а потым
рассыпаліся па агародах і прысядзібных зарасніках. Начальнік
жыткавіцкай паліцыі трапіў партызанам у рукі жывы. Гэты яго крык «вазьміце
мяне жывога» і чуў Бондар, калі поўз да стога.
Потым Мачульскі разам з тымі партызанамі, якія хадзілі
з Бондарам, пачаў шукаць Аляксея Георгіевіча.
Некалькі гадзін яны лазілі ўсюды, пакуль натрапілі на
след,,
Цяжкае раненне аднаго з членаў бюро абкома было вялікім
няшчасцем для нас. Справа ўскладнялася і тым, што мы не маглі
аказаць Аляксею Георгіевічу дзейснай медыцынскай дапамогі, бо ні
медыкаментаў, ні бінтоў у нас, на вялікі жаль, не было. Што прынеслі
з сабою, дык ужо даўно разышлося. Дастаць што-небудзь таксама не
было магчымасці: усюды былі гітлераўцы.
Заставалася толькі адно: як можна хутчэй вырвацца з
нямецкіх аблогаў. У гэтым і таварышу ратунак і ўсёй нашай справе.
Але ж як прарвацца з такімі нязначнымі сіламі? Меркуль не прыслаў
падмацавання, мусіць, не мог. Нават пасыльны наш не вярнуўся. Хто
ведае, можа ён не дайшоў туды? Многія з нашых людзей пайшлі на
заданне ў Жыткавічы і Капаткевічы. 3 намі засталася зусім невялічкая
група. Усе вядомыя балотныя сцежкі праходзілі недалёка ад вёсак і
хутароў: яны былі пад кантролем гітлераўцаў. Ісці ж праз балота
нацянькі — небяспечна, можна трапіць у багну і ўгрузнуць. Галоўнае
ж, мы не маглі рызыкаваць цяжка раненым таварышам, якога трэба было
несці на руках.
Вырашылі паспрабаваць праскочыць паўз вёску Рог. Атрад
эсэсаўцаў тут быў параўнальна невялікі. Нашы байцы добра ведалі
гэтую вёску і маглі дзейнічаць тут больш упэўнена, чым у іншых
месцах. За Рогам дарога была адкрыта. Там можна было падацца на
Скаўшын і адтуль у любанскія лясы.
Толькі як падысці да вёскі непрыкметна? Лесам уночы
нязручна з раненым, ды і нямецкія патрулі ходзяць ля ўскраіны вёскі.
Балотнымі сцежкамі таксама не пройдзеш: яны прыстраляны — мы гэта
ведалі. Тут добрую параду падаў Якаў Бердніковіч. Тутэйшы чалавек,
ён найлепш ведаў мясцовасць. Бердніковіч сказаў, што недалёка адсюль
ёсць адна канава, якая вядзе аж да самага Рога. Калі паплыць па
гэтай канаве на лодках, дык, бадай-што, можна будзе мінуць Рог нават
без бою.
Мы так і зрабілі. Дарэчы, было ў нас на возеры чатыры
лодкі. Палажылі раненага Аляксея Георгіевіча ў лодку, пагрузіліся
самі і паплылі. Цяжка было ўявіць, якія яшчэ выпрабаванні чакалі нас
на гэтай незвычайнай дарозе.
да зместу |
|