|
XI
Васіль Цімафеевіч Меркуль не прыйшоў да нас
на дапамогу, бо даведаўся пра блакаду позна. Наш пасланец Іван
Пятрэнка не данёс указання абкома. Дабраўшыся ноччу да Махнавіч,
хлапец зайшоў у хату да знаёмых сялян напіцца вады, распытаць, што
адбылося за апошні час у вёсцы, ці даўно былі немцы. А хата, як
выявілася, была пад наглядам. Не паспеў сержант і слова вымавіць, як
пад вокнамі і ля дзвярэй з'явілася некалькі эсэсаўцаў і паліцэйскіх.
Былы пагранічнік Пятрэнка, аднак, не разгубіўся. Ноч месячная, усё
добра відаць. Першае фашысцкае рыла, якое паказалася ў акне, было
прабіта куляй. У дзверы гітлераўцы не пайшлі. Хуценька справадзіўшы
гаспадарскіх дзяцей і гаспадыню ў пограб, Пятрэнка залез на гару.
Паліцаі ўкінулі ў акно гранату і пасля ўзрыву рынуліся ў сенцы.
Пятрэнка пачаставаў іх гранатай зверху. Чатыры гітлераўцы і адзін
паліцэйскі леглі трупамі.
Тады фашысты запалілі хату. Пятрэнка пралез на столь у
сенцах, прадраў страху і саскочыў на зямлю. Адстрэльваючыся, сержант
пачаў адыходзіць у бок лесу. Месца, як на бяду, было голае, а ўсе
бліжэйшыя закуткі пазаймалі эсэсаўцы і паліцаі. Полымя ад страхі
асвяціла ўсё, прытуліцца дзе-небудзь цяжка — іголка на зямлі відна.
Не знайшоўшы іншага выйсця, Пятрэнка дастаў з мяшэчка
сваю сапёрскую рыдлёўку і, у посвісце куль, пачаў акапвацца на
агародзе. Насыпаў невялікі брустверык перад сабою і бугаркі па
баках. Эсэсаўцы і паліцэйскія з крыкам «здавайся», з лаянкай пайшлі
на партызана.
— Узяць яго жывога! — пачулася здалёку хрыплая каманда.
Пятрэнка эканоміў боепрыпасы. Непрыкметна
паварочваючыся ў сваім акопчыку, сержант кароткімі чэргамі
стрымліваў ворагаў. Яму важна было не дапусціць іх на адлегласць
палёту гранаты, а ад кулі яго засцерагаў насып.
Адзін з паліцаяў, мусіць, добра глынуўшы для адвагі,
усхапіўся на ногі, прабег крокаў тры і размахнуўся гранатай.
Размахнуўся, але не кінуў, бо упаў сам ад партызанскай кулі. Граната
грымнула ў яго пад грудзьмі. Другі справіўся ўсё ж такі шпурнуць
гранату, але сержант амаль на ляту перахапіў яе і кінуў назад. Так
ішоў паядынак каля гадзіны. На пажар і на страляніну прыбеглі
гітлераўцы і паліцаі з суседніх гарнізонаў. Цэлая зграя азвярэлых
акупантаў доўгі час нё магла падступіцца да аднаго партызана, нашага
пагранічніка, гарачага патрыёта свае Радзімы.
Загінуў Пятрэнка смерцю героя, загінуў пасля таго, як
сцёк крывёю ад ран, калі ў дысках аўтамата не засталося ніводнага
патрона, ля пояса — ніводнай гранаты. I яшчэ доўга да мёртвага героя
баялася падступіцца гітлераўска-паліцэйская брыда. Ёй не верылася,
што рука яго ўжо нерухомая. Фашыстам здавалася, што партызан
вось-вось зноў узварухнецца, яго рука ўзнімецца і пусціць аўтаматную
чаргу альбо кіне гранату...
А Меркуль у гэты час выконваў адказнае заданне абкома:
ён ішоў на сувязь з Жукоўскім. Устанавіць непасрэдны, баявы кантакт
з чырвонаслабодскімі партызанамі было вельмі важна для нас.
Па заданню абкома Жукоўскі рыхтаваў вельмі адказную
аперацыю па разгрому гітлераўцаў у Чырвонай Слабадзе. Перад Меркулем
стаяла задача — дапамагчы Жукоўскаму жывой сілай і боепрыпасамі, а
пасля заканчэння бою распрацаваць план сумеснай аперацыі супраць
старобінскага гарнізона.
Аднак дайсці да Жукоўскага на гэты раз старобінцам не
ўдалося. Дайшлі толькі асобныя групы. Атрад Меркуля быў яшчэ
невялікі, ды і ўзброены не так ужо добра, а дарогі на Чырвоную
Слабаду, у бок размяшчэння атрада Жукоўскага, былі густа застаўлены
нямецкімі гарнізонамі. Хутка стаў адчувацца недахоп боепрыпасаў,
аслаблі сілы, і меркулеўцы вярнуліся ў свой раён.
Тут яны адразу даведаліся пра смерць нашага пасланца
Пятрэнкі і пра цяжкае становішча на Чырвоным Возеры. Звязаліся з
Коржам і разам з ім кінуліся да нас на выручку.
Нас ужо не было на возеры. Меркуль ведаў некаторых
нашых сувязных у гэтых месцах. Знайшлі Наталлю ў Рагу, пачалі
распытваць у яе пра нас, аднак яна амаль нічога не магла сказаць. У
часе прарыву ў нас не было магчымасці перадаць ёй што-небудзь.
Наталля паведаміла толькі аб тым, што адной ноччу ў эсэсаўцаў была
вялікая трывога: яны доўга стралялі, групамі кідаліся на грэблю,
некаторыя там і паляглі, але чамусьці забітых сваіх тут не пахавалі,
а некуды вывезлі.
У другой палове кастрычніка мы дабраліся да невялічкай
любанскай вёскі Барыкоў. Упарадкавалі раненых, Аляксея Георгіевіча
паклалі на кватэры нашай сувязной Насці Ярмак, прыставілі да яго
мясцовага фельчара, а потым выклікалі з Забалацця ўрача Крука,
сапраўднага партызанскага доктара з першых дзён вайны.
Неўзабаве сюды з'явіліся Варвашэня і Бельскі, а пад вечар надышлі
Луфераў, Ляшчэня, Гарбачоў. Апошні трошкі пакульгваў, але, убачыўшы
нас, пастараўся зрабіць выгляд, што гэта дробязь, проста мазоль
разбалеўся на пальцы. Варвашэня глянуў на яго падагнутую нагу і неяк
залішне паспешліва апусціў вочы.
Выставіўшы вартавых, мы зайшлі да Бондара. Гаспадыня накрыла белым
абрусам стол, прынесла булку хлеба, паставіла міску салёных агуркоў.
Мы перакусвалі, дзяліліся думкамі, навінамі. Бельскі пацікавіўся
Ляўшэвічам.
— Ці хутка ён вярнуўся?— спытаў, акінуўшы нас
павесялелым позіркам.— Што перадаў ад мяне?
— Яго зусім у нас не было.
— Няўжо не было?— Іосіф Аляксандравіч аж змяніўся з
твару.— Што ж магло здарыцца? Я сустракаў яго ля аднаго хутара. Ен
нават хацеў крыху правесці мяне, але ў гэтым не было патрэбы.
Выпадак з Ляўшэвічам у нейкай меры азадачыў нас.
Здраднік гэта, правакатар ці проста баязлівец? Мне хацелася верыць,
што хутчэй за ўсё — апошняе. Спалохаўся чалавек блакады і рашыў
перачакаць дзе-небудзь у кустах самую крытычную часіну. Калі ж гэта
здраднік, то справа магла павярнуцца вельмі дрэнна. Ляўшэвіч ведаў
многіх нашых сувязных, ведаў некаторыя яўкі і доўгатэрміновыя паролі.
Пасля кароткага абмену думкамі я перадаў загад Меркулю: высветліць,
дзе знаходзіцца Ляўшэвіч са сваёй групай, на ўсякі выпадак змяніць
усе вядомыя Ляўшэвічу яўкі, вывесці ў атрады пэўную групу сувязных,
у прыватнасці Наталлю. Калі ж пацвердзіцца, што Ляўшэвіч здраднік,—
знішчыць яго.
— А дзе ж цяпер наш Брагін?— шавяльнуўшыся за
перагародкай, раптам пацікавіўся Бондар. I ў той жа момант я адчуў,
што гэта было і маё пытанне. Як толькі прыйшоў Луфераў са сваімі
сябрамі, мяне адразу ўстрывожыла адсутнасць Аляксея Фёдаравіча
Брагіна. «Можа, чалавек з Асіповіч яшчэ не вярнуўся»,— падумалася
мне.
Цяпер жа, калі Аляксей Георгіевіч успомніў пра гэта, я
таксама паглядзеў на Луферава. Ён неяк тужліва апусціў вочы, потым
наўкос глянуў на Гарбачова і ўставіўся на свае рукі. Яны, здавалася,
уздрыгвалі ад узбуджанага дыхання. Усіх нас адразу ахапіла нейкае
пачуццё трывогі: няўжо яшчэ што-небудзь здарылася? А Луфераў усё
маўчаў: здавалася, што ў гэты момант твар яго яшчэ больш схуднеў:
неяк залішне выдаваўся над губамі нос, чырванавата-жоўтым, не зусім
здаровым колерам адсвечвалі скулы на шчоках. Гарбачоў прытуліўся ў
цёмным кутку, прыкрыў шынялём калена правай нагі. Аднак яму цяжка
было схаваць тое, што нага яго ўсё ж такі не згінаецца. «Можа,
звіхнуў дзе,— падумаў я,— а можа, і раніла». I толькі я хацеў
спытаць, як Гарбачоў загаварыў. Загаварыў не аб сабе, а аб Брагіне.
Праз некалькі дзён, пасля таго як Брагін вярнуўся з
Асіповіч, яны ўдвух пайшлі ў саўгас імя 10-годдзя БССР. Там была
даволі моцная патрыятычная група. Любанскі падпольны райком партыі
ўскладаў на яе пэўныя надзеі. Меркавалася расшырыць, яшчэ больш
актывізаваць яе і ў бліжэйшы час арганізаваць у саўгасе партызанскі
атрад. Брагін ужо бываў тут і многіх саўгасных рабочых — членаў
групы — добра ведаў.
Не дайшоўшы кіламетраў пяць да саўгаса, яны прыпыніліся ў зарасніках,
недалёка ад пасёлка Чырвоная Палянка. Трэба было разведаць, што
робіцца ў саўгасе, устанавіць сувязь са сваімі людзьмі. Накіраваліся
потым у Чырвоную Палянку — аддзяленне саўгаса,— каб выклікаць адтуль
свайго чалавека. Час набліжаўся к вечару. Прайшлі яны некалькі
крокаў па дарозе, нідзе нікога не было. Пайшлі далей. 3-за павароткі
выйшлі насустрач два чалавекі. Абодва ў звычайнай цывільнай вопратцы,
без зброі, мусіць, саўгасныя рабочыя. Адзін нават паказаўся Брагіну
знаёмым. Ён прысутнічаў на сходзе мясцовай патрыятычнай групы. А
можа не той? Наблізіліся, паглядзеў Брагін уважліва: той, можна б
нават прозвішча яго ўспомніць. «Што ж, няхай ідуць, мала каму куды
трэба!»
Брагін і Гарбачоў хацелі прайсці міма, каб не падаць
нават выгляду, што адзін з сустрэчных знаёмы. Аднак той наўмысля
спыніўся, падкрэслена ветлівым жэстам зняў шапку і прывітаўся з
Брагіным:
— Дзень добры, таварыш.
Брагін здзіўлена глянуў на яго, а той, крыва ўсміхнуўшыся, пачаў
назойліва распытваць:
— Куды ж вы гэта, да нас? Мо ў саўгасную сталоўку, дык,
скажу вам, што яе ўжо няма, закрыць давялося, гітлераўцы ўсе
прадукты расцягнулі.
I, не чакаючы адказу, чалавек гаварыў далей:
— А мы ж гэта вось за праваднікоў ідзём, дарогу нашым
паказваем.— Ён махнуў рукою ў процілеглы бок дарогі. Там сапраўды
чуўся лёгкі цокат калёс і пахрапванне коней.
Брагін памкнуўся ісці, аднак другі з сустрэчных стаў
яму на дарозе. Гарбачоў заўважыў, як чалавек з саўгаса кіўнуў свайму
спадарожніку: «Так, так»,— і паказаў вачыма на Брагіна. Гарбачоў
стрэліў у правакатара, але ў той жа момант гестапавец раніў Брагіна
і кінуўся наўцёкі. Гарбачоў стрэліў яшчэ некалькі разоў і,
падхапіўшы Брагіна, хацеў адбегчыся з ім крыху ўбок, каб там залегчы.
У гэты час наляцелі коннікі. Гарбачоў шпурнуў у іх гранату. Банда
адхлынула, а потым спешылася і распачала страляніну. Гарбачова
раніла ў нагу. Эсэсаўцы рынуліся на партызан і зноў адхлынулі:
Гарбачоў адбіваўся, не зважаючы на рану. Тады фашысты абышлі іх і
пасля жорсткай сутычкі захапілі ў палон.
Гарбачоў, выкарыстаўшы момант, збіў з ног двух
эсэсаўцаў і рвануўся ў зараснікі. За ім амаль што не гналіся, сярод
гушчару эсэсаўцы адчувалі сябе не надта смела. Знясіленага Брагіна
звязалі, паклалі на тачанку і павезлі.
Праз нейкі час Гарбачоў, кульгаючы, дабраўся да
Чырвонай Палянкі. Там у яго быў сувязны, рабочы саўгаса Іван
Мікітавіч Антаненя. Выклікаўшы яго, Гарбачоў перш за ўсё пачаў
распытваць:
— Што за пачвара стаяла ў саўгасе, адкуль яна
вынырнула? Што рабілі эсэсаўцы з насельніцтвам?
Антаненя адчуваў, што здарылася нешта нядобрае, і не ведаў, што
адказаць. Да апошняга моманту ён быў упэўнены, што ў саўгас
заязджала група чырвонаармейцаў, бо ўсе эсэсаўцы былі пераапрануты ў
форму чырвонаармейцаў. Трэба сказаць, што сюды многія нашы заязджалі.
Пакуль вяліся прадукты, дык у саўгасе працавала сталоўка і вельмі
часта групы і ваенных і цывільных нашых людзей харчаваліся тут.
Гэтыя ваенныя ў чырвонаармейскай форме таксама спыніліся ў саўгасе.
Заказалі ў сталоўцы абед, падсілкаваліся, потым рашылі заначаваць, а
там яшчэ на дзень засталіся.
Дачка Антанені перавязала Гарбачову рану і сабралася
ўжо бегчы ў саўгас, каб праведаць пра ўсё падрабязна, але ў гэты час
у Чырвоную Палянку прыбег загадчык сталоўкі Пятро Ягоравіч Смірноў.
Ён быў без верхняй вопраткі, нават без шапкі, адна палавіна галавы
была падстрыжана, а з другой звісалі доўгія пасмы злямчаных валасоў.
Апошняе так кідалася ў вочы, што Гарбачоў не стрымаўся,
каб не спытаць:
— Што з табою, чалавеча, хіба з цырульні выскачыў?
— Не з цырульні, а з сваёй хаты,— уздрыгваючы ад хвалявання,
адказаў Смірноў.— Падстрыгаў мяне кладаўшчык, ды вось давялося ў
акно шмыгануць.
I раптам са злосцю і крыўдай ён закрычаў:
— Разява, вы ведаеце, якая разява? Сляпак!
— Хто?
— Ды я ж сам! Гэта ж падумайце: карміў у сталоўцы
брыдоту праклятую і не ведаў, што гэта фашысты. Думаў, калі наша
форма, дык і ўсё... А яны кладоўку маю абрабавалі і самога ледзь не
застрэлілі. Добра, што дачка мая ў час дазналася пра іх маскіроўку,
а то б...
—Хопіць! — рэзка абарваў яго Гарбачоў.— Ныццём справе
не дапаможаш. Іван Мікітавіч, дай яму світку, дай яму якую-небудзь
шапку да часу і сам хутка апранайся...
I тонам загаду Гарбачоў прадаўжаў:
— Пойдзеш, Смірноў, у саўгас і скажаш там... Ну каму ты
там скажаш?.. Фёдару Саўчыку, напрыклад, можна сказаць?
— Можна, можна,— пацвердзіў Пятро Ягоравіч.
—Ну вось, скажаш Саўчыку, потым скажаш яшчэ Леаніду
Смірнову, Ігнату Понку, Шыманаву Аляксандру, калі ён дома... Няхай
хутка збіраюцца. Зброя там знойдзецца?
— Думаю, што знойдзецца.
— А ў цябе?
— I ў мяне таксама сёе-тое знойдзецца,— павесялеўшы, сказаў
Смірноў.— Так, мяркую, што сякі-такі ўзводзік пяхоты мог бы
надзяліць.
— Ого! — здзівіўся Гарбачоў.— Што ж ты, скнарлівая твая душа,
раней пра гэта не сказаў. Ну добра. Збяры вось гэтую групу, узброй,
і праз гадзіну каб усе былі тут. Зразумела?
— Зразумела, таварыш Гарбачоў.
— Бяжы! А вы, Іван Мікітавіч, паедзеце ўслед за эсэсаўцамі і
праведаеце, дзе яны спыніліся. Далёка яны не павінны ад'ехаць, бо
ўжо не рана. Вазьміце дачку з сабою, так менш будзе падазронасці.
Перад самым змярканнем Антаненя вярнуўся і паведаміў,
што карнікі спыніліся за дзевяць кіламетраў, у вёсцы Турок. Група
саўгасных рабочых на чале са Смірновым сабралася ўжо тут. У кожнага
была вінтоўка і не менш як па сотні патронаў.
«Вось як хутка могуць расці ў нас атрады,— з
прыемнасцю падумаў Гарбачоў.— Кожны сумленны чалавек — воін». Ен
расказаў рабочым пра выпадак на дарозе, аб тым, што ў лапы фашыстаў
трапіў сакратар падпольнага абкома партыі таварыш Брагін. Вырашылі
прабрацца ў вёску ноччу, без шуму зняць пасты і напасці на варожы
атрад. Антаненя браўся правесці групу такімі сцежкамі, што ніхто не
мог яе заўважыць.
Аднак выратаваць Брагіна не ўдалося: увечары эсэсаўцы выехалі з
вёскі. Хоць рэдка было, каб немцы адважваліся здымацца са стойбішча
насупраць ночы, але ж гэтым разам, ліха на іх, зняліся. Відаць,
яўнае адчуванне небяспекі пагнала іх.
Брагіна знайшлі нежывога. Мясцовыя жыхары
расказвалі потым пра гераічную смерць сакратара абкома. Некалькі
гадзін яго бязлітасна катавалі, дапытвалі. Такое выпрабаванне могуць
вытрымаць толькі людзі, што называюцца бальшавікамі, якія ўсё жыццё
аддаюць справе народа. Допыт вёў начальнік фашысцкай групы. На ўсе
пытанні Брагін нічога не адказваў. Нягледзячы на цяжкія раны ад
бясконцых катаванняў, ён яшчэ трымаўся на нагах. I калі ў часе
допыту гестапавец на момант адвярнуўся, Брагін схапіў крэсла і на
ўсю сілу ўдарыў ім фашыста па галаве, а сам выламаў акно і выскачыў
на двор. I ўжо калі ўцякаў, быў забіты.
Карнікі пакінулі труп на вуліцы і загадалі насельніцтву не
дакранацца да яго, бо інакш будуць усе расстраляны, а вёска спалена.
Гэтая жудасная вестка балюча ўразіла нас,
скаланула да глыбіні душы. Цяжкія дні перажываў падпольны абком.
Яшчэ сілы нашы невялікія, па сутнасці, мы яшчэ толькі пачынаем
работу, а тут адразу два такія сур'ёзныя ўдары: цяжкае раненне
Бондара і смерць Брагіна. А трэба ўстаяць, няспынна ісці наперад.
Ніякія няўдачы, ніякія перашкоды і самыя нечаканыя цяжкасці не
павінны пахіснуць нас!
Калі Гарбачоў скончыў расказ, у хаце запанавала
цяжкая, жалобная цішыня. Хацелася б нешта сказаць, ды не
знаходзілася слоў. Я ўстаў, а за мною і ўсе. Ушанавалі слаўную
памяць стойкага барацьбіта, сумленнага патрыёта нашай Радзімы. Мы
пакляліся адпомсціць ворагу за нашага баявога таварыша і друга, яшчэ
больш узмацніць барацьбу з ворагам.
За перагародкай застагнаў Бондар. «Не трэба было нам
гаварыць пры хворым пра такую жахлівую падзею» — так падумаў, мусіць,
кожны з нас.
Праз хвіліну мы перайшлі ў суседнюю хату. Я загадаў
выклікаць камандзіраў бліжэйшых атрадаў, кіраўнікоў падпольных груп,
камуністаў. Адвячоркам у нас адбылося пазачарговае пасяджэнне бюро
абкома. I тут зноў мы ўспомнілі пра ўказанні партыі аб тым, «што
вораг каварны, хітры, вопытны ў ашуканстве... Трэба ўлічваць усё
гэта і не паддавацца на правакацыі».
Партыйныя арганізацыі вобласці, партызанскія атрады,
падпольныя группы і ўсе патрыёты павінны былі зрабіць належны вывад
з трагічнай смерці таварыша Брагіна. Было відавочным, што вораг
будзе ісці на ўсё новыя і новыя правакацыі, хітрыкі і ашуканствы.
Вайна з ворагам у адкрытую — найбольш лёгкая вайна. I перамога для
нас тут больш пэўная. Горш небяспечна, калі сустракаешся з
каварствам ворага, з яго езуіцкімі хітрыкамі і правакацыямі. Да
гэтага мы павінны быць гатовы. Неабходна было мабілізаваць увагу
ўсіх камуністаў, партызан і насельніцтва на павышэнне пільнасці і
асцярожнасці.
Варвашэня доўга стрымліваўся, відаць, што абдумваў нешта, узважваў,
а потым выступіў і пачаў жорстка крытыкаваць Гарбачова.
— Ты вось часам бравіруеш сваёй смеласцю,— сказаў ён
яму.— Смеласць — справа добрая, але трэба праяўляць яе ўмеючы. Хто
вас прымушаў ісці адкрытаю дарогаю! Ты чалавек мясцовы, павінен
ведаць кожную сцежку. I з Чырвонага Возера пайшоў тады адзін сярод
белага дня, і вельмі часта ходзіш адзін амаль без усякіх перасцярог.
Каму патрэбна гэтая твая залішняя рызыка? Ты павінен берагчы сябе
для той вялікай справы, якую даручыла нам партыя.
Гарбачоў маўчаў, апусціўшы галаву, рыжая бародка
нерухома ўпіралася ў каўнер гімнасцёркі. Папрок Варвашэні быў хоць,
можа, і залішне жорсткі, аднак справядлівы і шчыры. Варвашэня
глыбока паважаў Гарбачова, як і ўсе мы. Любілі мы Гарбачова за яго
просты і непасрэдны характар, чысціню натуры, за яго актыўнасць і
нястомнасць у рабоце. Аднак ён заслугоўваў, каб мы яго тут з усёй
суровасцю крытыкавалі.
Бюро рашыла выпусціць спецыяльныя лістоўкі, у якіх выкрываліся
каварныя правакацыі ворага. У атрады, вёскі і падпольныя групы былі
накіраваны нашы ўпаўнаважаныя. Ім быдо даручана дапамагчы людзям
навучыцца распазнаваць воўчыя клыкі, выкрываць хітрыкі гестапа і не
паддавацца на яго правакацыі.
да зместу |
|