|
XII
Праз некаторы час амаль усе разышліся:
работы было многа, а ноч для партызан больш каштоўная, чым дзень. Са
мной у хаце застаўся толькі Раман Навумавіч. Мы ўкруцілі агонь і
прыляглі на лаўках: я з аднаго боку стала, а ён з другога. Бралася
ўжо за поўнач: прыржавелыя скрыпучыя ходзікі на сцяне паказвалі
палову першай.
Цела ныла ад стомленасці, аднак сон не браў: думак было
вельмі многа. Неяк прыкра пашумлівала ў галаве: ці то ад таго, што
пасля многіх трывожных дзён, пасля бяссонных начэй чалавек апынуўся
ў ціхай, утульнай хаце, ці ад наплыву розных думак. Смерць Брагіна
не выходзіла з галавы. Калі і надалей наш падпольны абком, наш
партыйны актыў будзе несці такія страты, нам цяжка будзе справіцца з
велізарнымі задачамі, ускладзенымі на нас партыяй. Я памятаў, як нас
папярэджвалі ў ЦК КП(б)Б пры нашым ад'ездзе ў тыл ворага. На нас
усклалі адказную задачу — узняць беларускі народ на барацьбу супраць
фашысцкай погані, праводзіць гэтую барацьбу з вялікай сілай і ўдзень
і ўночы. Зрабіць падпольныя партыйныя органы баявымі штабамі па
кіраўніцтву партызанскім рухам. Мы павінны памятаць заўсёды, што
вораг будзе старацца пранікнуць у нашы арганізацыі, будзе ўчыняць
тэрор і дыверсіі, будзе ў першую чаргу наносіць удары па кіруючаму
ядру...
Цяпер мне стала яшчэ больш ясна, наколькі правільна
папярэджвалі нас. Трэба з кожным днём павышаць пільнасць,
удасканальваць метады і прыёмы барацьбы. Галоўнае — трэба цясней
звязвацца з народам, з нашымі савецкімі патрыётамі. Усюды ў нас
павінны быць свае вушы і вочы, мы павінны своечасова ведаць пра ўсе
намеры ворага, пра ўсе яго планы, ды і не толькі ведаць, але і
паралізаваць яго планы і намеры..
Нехаця я прыслухоўваўся да кожнага шоргату, да
ўсялякага, нават слабага гуку. Аляксея Георгіевіча тут не было,
аднак мне здавалася, што ён ляжыць недзе побач і мне чуваць яго
частае гарачае дыханне.
Ля майго акна чуўся на вуліцы прыглушаны, амаль зусім пераведзены на
шэпт, гаманок Якава Бердніковіча. Ён расказваў свайму напарніку,
другому вартавому, пра чырвонаазерскія дні:
— ...I вось, чуеш ты, як сціснулі нас там, дык ні ўзад
ні ўперад. Немчуры налезла ўсюды, а па ўсіх меліярацыйных канавах
жыткавіцкія і капаткевіцкія паліцэйскія. Дайшло да таго, што есці не
было чаго. Мне дадому — рукой падаць, а прабрацца нельга. Зменішся,
бывала, на досвецці — кішкі марш іграюць, а ў лагеры хоць шаром
пакаці: пуста, нічагенечка няма. 3 горам, з рызыкай дасталі крыху
бульбы і варылі нешта рэдкае: не то булён, не то няўдалую розварку.
Хлопцы жартам празвалі гэтае нашае варыва «асінавым пюрэ».
— А як жа вы вылезлі адтуль? — пытаўся другі вартавы.
I зноў Бердніковіч гудзеў каля шыбы, як чмель, расказваючы вельмі
падрабязна і нават значна перабольшваючы.
— Вылезлі, брат, толькі двух чалавек раніла... Чоўнікі
дапамаглі... Па канаўцы, па канаўцы, аж паўз самае варожае логава.
Выскачылі на грэбельку, а фашысты «хальт!». Тут мы як хальтнулі, дык
дзесяткаў тры паганцаў адразу і палажылі. Потым Мачульскі ўзяў
некалькі чалавек, забег збоку ды яшчэ, ды яшчэ... Гітлераўцы
вызверыліся на яго, а мы гэтым часам абышлі вёску і апынуліся
кіламетры за два каля невялічкага лесу. Мачульскі разам з хлопцамі
доўга не адступаў і вёў перастрэлку. Ен там, мабыць, яшчэ штук
трыццаць адправіў на той свет. Ты ведаеш, што гэта за баявы чалавек!..
Раман Навумавіч нецярпліва заварочаўся на лаўцы.
— Чаму ты не спіш? — спытаў я.— Трывожышся чаго?
— Ды не,— адказаў Мачульскі,— вось хлусіць жа чалавек
пра мяне, проста слухаць не магу. Пастукай яму ў акно, няхай змоўкне.
Там усяго было каля трыццаці гітлераўцаў.
— Няхай гаворыць,— ціха, каб не разбудзіць нікога ў
хаце, сказаў я.— Яму хочацца, каб так было, гэта яго душэўныя
імкненні. Няхай чалавек гаворыць.
Але Бердніковіч, мусіць, сам здагадаўся, што яго
гамонка пад акном можа перашкаджаць людзям, і адышоў. Мачульскі
заціх, аднак па яго дыханні я разумеў, што ён не спіць. Хутка ён
зноў заварушыўся і падсунуўся бліжэй да мяне.
— Не спіцца нешта,— паскардзіўся Раман Навумавіч,—
нават дрымота не бярэ, усё роўна як хвароба якая напала.
Ён пацягнуўся, потым прыўзняўся і прадаўжаў:
— Успамінаю ўсё пра тое, што бачыў у Бабруйску і Мінску,
і вось не магу заснуць. Пакуль выходзілі з акружэння, галава адным
была занята, а цяпер паўстае ўсё ў памяці, трывожыць, хвалюе, і ўсё
як след хочацца абдумаць, даць пэўную ацэнку.
— А ты кажы, што ў цябе на душы,— прапанаваў я,— тады і
абдумаем разам, абмяркуем.
— Каб не бачыў сваімі вачыма,— не паверыў бы,— ціхім, але
выразным шэптам пачаў Мачульскі.— Я ўжо гаварыў мімаходам, што ў
Мінску, у Бабруйску і на вузлавых станцыях немцы адкрылі бюро
прапускоў на Маскву. У Гомелі спраўлялі раскошны баль у гонар таго,
што нібыта ўзялі Маскву. Як гэта зразумець, што падумаць? Прапаганда
гэта фашысцкая, фальшывая. Я іначай і не думаю. На вялікі жаль,
некаторыя ў гарадах могуць паверыць гэтаму, а ў вёсцы і пагатоў. Ці
можам мы сёння давесці людзям фактамі, што гэта хлусня? Можам і
павінны. Добра, што мы паслалі сувязных у ЦК, але ж хто ведае, ці
ўдасца людзям дайсці? Вось ужо колькі часу хлопцы ў дарозе. Я думаю,
Васіль Іванавіч, што нашу сувязь з Масквой, з фронтам трэба як мага
хутчэй умацоўваць і ўдасканальваць. Любымі сродкамі, ва ўсіх
напрамках! Хоць бы радыёпрыёмнікаў больш дастаць. Даць іх у кожны
атрад, у кожную групу. Пашукаем — знойдзем. У атрадах будуць
рэгулярна слухаць перадачы Інфармбюро і весткі з франтоў, пашыраць
усё гэта сярод народа. А там аб шыфрах і рацыях трэба будзе падумаць.
Мачульскі спусціў з лаўкі ногі, сеў ля мяне і,
абапёршыся адным локцем на стол, задумаўся. Чутно было, як ён цяжка,
прастуджана дыхаў, паціраў пальцамі даўно не голеную шчаку.
Павярнуўшыся да Мачульскага, я сказаў:
—Гарадамі нам трэба заняцца па-сапраўднаму. Цяжка гэта,
аднак неабходна. Трэба накіраваць у гарады самыя вопытныя партыйныя
кадры. Што там робіцца ў Мінску?
Раман Навумавіч зноў загаварыў:
— Вось слухай, раскажу, што сам бачыў і што перадавалі
мне мінчане, з якімі мне давялося сустрэцца. Захапіўшы Мінск,
акупанты пачалі не толькі грабіць яго, але і знішчаць людзей,
знішчаць бязлітасна. Фашысты адкрылі лагеры смерці на Шырокай вуліцы,
у Драздах пад Мінскам, і ў Трасцянцы. Сюды зганяліся спачатку
мужчыны. Дзесяткі тысяч мужчын было сагнана толькі ў Дразды. Тут
былі і мінчане і людзі з розных месц Беларусі. Іх прымушалі суткамі
ляжаць ніцма на зямлі і не варушыцца: хто варушыўся, у таго стралялі.
Людзей марылі голадам і смагай. У суткі выдаваўся адзін гнілы
селядзец на трох чалавек, а вады прывозілі толькі адну бочку ў суткі
на тысячу чалавек. Хто заставаўся жывы — мучылі, катавалі, зневажалі.
Часта людзей жывых кідалі ў ямы і спальвалі тэрмітам.
Вялікую тэрыторыю вакол Юбілейнай плошчы і яўрэйскіх
могілак гітлераўцы абгарадзілі пад гета. I няма цяпер у Мінску
Юбілейнай плошчы, а ёсць «Шклафанплаф», як яе назвалі немцы, «плошча
рабоў». Тут кожны дзень гінуць сотні яўрэяў ад фашысцкіх катаванняў.
Яўрэйскія могілкі ўсеяны трупамі. Усе, хто яшчэ застаўся ў гета,
носяць на вопратцы жоўтыя лапікі.
У нашым Доме ўрада цяпер штаб гітлераўскай авіячасці, у
гаражы Саўнаркома — гарматная і ружэйная майстэрні. Усе ўцалелыя
дамы заняты штабамі, эсэсаўцамі, часцямі СД. Відаць па ўсім, што
акупанты хочуць ператварыць Мінск у ваенна-адміністрацыйны і
палітычны апорны пункт цэнтральнай групоўкі войск. Тут размяшчаюцца
армейскія рэзервы, сюды адводзяцца разбітыя на фронце часці для
папаўнення і перафарміравання. Тут жа знаходзіцца кіраўніцтва
чыгункамі, многа розных устаноў, шпіталяў. Найбольш буйныя будынкі
заняў так званы генеральны камісарыят. Гітлераўцы стварылі яго для
кіраўніцтва акупіраванай тэрыторыяй Беларусі. У яго падпарадкаванні
дзесяткі розных фашысцкіх ведамстваў і ўстаноў, у тым ліку велізарны
апарат гестапа, СД і палявой паліцыі. У мінскіх друкарнях
выпускаюцца фашысцкія газеты, лістоўкі, плакаты на нямецкай і
беларускай мовах.
На кожным кроку мінчаніна чакае смерць. Аднойчы
мне трапілася ў рукі фашысцкая «Мінская газета» за 27 ліпеня гэтага
года. У ёй я прачытаў аб'яву.
Мачульскі дастаў з кішэні запісную кніжку, чыркнуў
запалку і прачытаў:
«Па прычыне сістэматычных актаў сабатажу з боку
грамадзянскага насельніцтва супраць нямецкіх воінскіх часцей (пашкоджанне
кабелей сувязі) расстраляна 100 мужчын.
За кожны акт сабатажу ў далейшым, калі вінаваты
акажацца не выяўленым, будзе расстраляна 50 мужчын.
Абавязак кожнага паведамляць правінаватых». У Заслаўі
знаёмыя камуністы паказвалі мне загад Гітлера ад 17 чэрвеня 1941
года. У ім ясна сказана, што кожны нямецкі салдат мае права рабаваць
і знішчаць савецкіх людзей.
Не пераскаж ані і сотай долі таго, што вымушаны
пераносіць цяпер мінчане. Здавалася б, што пры такіх умовах ужо не
дыхае ніхто, людзі прыбітыя, прыціснутыя да зямлі, а на самай справе
жывуць усё ж такі мінчане, жывуць і дзейнічаюць, змагаюцца. Яны
вядуць барацьбу супраць фашыстаў на кожным кроку. Пры кожным
мала-мальскі зручным выпадку людзям хочацца зрабіць што-небудзь
карыснае для нашай арміі, для Радзімы.. Вось што на маіх вачах было.
Вядуць эсэсаўцы прыгарадам калону нашых ваеннапалонных. Сёй-той з
гараджан выйшаў на вуліцу. Адзін чырвонаармеец паслізнуўся каля
варот, упаў і падняцца не можа ад зморанасці. А стаяла адна жанчына
побач. У момант яна апынулася каля чырвонаармейца, схапіла яго за
рукі ды ў калітку. Потым сама выйшла ды зноў стаіць, сабою калітку
засланяе. Каб заўважыў канвойны, застрэліў бы і палоннага і яе, але
жанчына ў тую хвіліну, напэўна, не думала аб смерці...
Мачульскі з хвіліну памаўчаў, скруціў папяросу, потым,
глыбока зацягнуўшыся, гаварыў далей:
— Быў я ў адной інфекцыйнай бальніцы, таксама ў
прыгарадзе. У такіх закавулках цяпер лягчэй прытуліцца.
Расказвалі мне там пра адну медсястру Ларысу Мікалаеўну Казлову.
Праведала яна, што ў бальніцы многа нашых людзей, і прыйшла на
работу. Ёй хацелася ратаваць іх. Аднак у першыя ж дні яна зразумела,
што тут не ратуюць хворых, а наўмысля прыспяшаюць смерць. Ларыса
Мікалаеўна, рызыкуючы жыццём, пачала па-сапраўднаму лячыць нашых
хворых. У яе знайшліся памочнікі, арганізавалася падпольная група.
Савецкія медыкі лячылі нашых ваеннапалонных, перапраўлялі іх у
партызанскія атрады.
Многа дапамагала Ларыса Мікалаеўна і тым нашым
ваеннапалонным, якія пад выглядам цывільных лячыліся ў другіх
бальніцах горада. Яна часта наведвала гэтыя бальніцы і, нягледзячы
на тое, што сама з дзецьмі жыла ўпрогаладзь, прыносіла слабым хворым
прадукты харчавання. Тым, хто ачуньваў і станавіўся на ногі,
дапамагала нелегальна здабыць дакументы, вопратку і давала парады,
як зручней уцячы з горада і дабрацца да бліжэйшага партызанскага
атрада. Людзі, такім чынам, выбывалі з бальніцы, койкі аслабаняліся,
і, каб гітлераўская адміністрацыя не заўважала гэтага, Ларыса
Мікалаеўна клала на вольныя койкі хворых сялян.
Казлову арыштавалі. Пяцёра сутак без перапынку яе
катавалі ў гестапа, каб вызнаць групу. Вырывалі валасы на галаве,
патрушчылі пальцы на руках. Нічога не сказала жанчына, загінула
мужнай смерцю. Гэтая падпольная група і цяпер там дзейнічае,
нягледзячы на нечуваныя зверствы акупантаў.
Расказвалі мне пра падпольную групу ў друкарні імя
Сталіна. Гэта адна з самых моцных груп. Вынікі яе работы відаць
добра. У горадзе і за горадам з'яўляюцца друкаваныя лістоўкі. Цікава
расказвалі, як нашы друкары, мабілізаваныя немцамі для работы ў
фашысцкіх друкарнях, выпускаюць падпольныя лістоўкі і іншыя
дакументы. Асобнай падпольнай друкарні ў Мінску пакуль што няма, а
ўсё робіцца там жа на месцы, у цяперашніх фашысцкіх друкарнях.
Наборшчыку даецца кавалачак тэксту, і ён яго хавае да зручнага
выпадку. Выбраўшы хвіліну, ён набірае тэкст, звязвае і зноў хавае.
Другі наборшчык набірае другі кавалачак тэксту, трэці — трэці і
гэтак далей. Потым гэтыя кавалачкі складваюцца і друкуюцца ўжо ў
другой друкарні.
Нядаўна на біржы працы з'явілася аб'ява, што ў нямецкую
гарматную і ружэйную майстэрню патрабуюцца чорнарабочыя. Падпольныя
групы выкарысталі гэта: у майстэрню былі накіраваны людзі, але ў
большасці такія, што ўмелі не толькі рамантаваць, але і выносіць
зброю з майстэрні. Набыць зброю — важная цяпер задача.
Узбройваюцца баявыя групы на чыгуначнай станцыі, на
заводах імя Варашылава і імя Мяснікова. Многа зброі ў разабраным
выглядзе выносіцца з былога гаража Саўнаркома.
Усё сказанае ў гэтую ноч Мачульскім мела надзвычай
важнае значэнне, але я ведаў, што ён не сказаў і сотай долі таго,
што адбывалася цяпер у нашых буйных гарадах, і асабліва ў Мінску.
Праз сваіх сувязных мы ведалі, што тысячы патрыётаў у нашай сталіцы
ўступілі ў рашучую і самаахвярную барацьбу з акупантамі. Былі ў нас
весткі аб падпольшчыках з заводаў імя Мяснікова, імя Варашылава, імя
Кірава і іншых. Тут падпольныя групы пачалі дзейнічаць з першых
месяцаў вайны. Найбольш падрабязна нам паведамлялі аб падпольнай
групе камуніста Трусава Кірыла Іванавіча, які працаваў на заводзе
імя Мяснікова.
Вельмі характэрная біяграфія ў гэтага чалавека.
Дзіцячыя гады яго прайшлі ў сям'і барысаўскага саматужніка ў голадзе
і нястачы. Бацька быў забіты на імперыялістычнай вайне.
Шаснаццацігадовым юнаком Трусаў пайшоў добраахвотнікам на франты
грамадзянскай вайны і ўдзельнічаў у баях на працягу некалькіх год.
Затым быў ваеннаслужачым і працаваў у горадзе Чэрвені на агітмашыне.
У 1923 годзе ўступіў у партыю.
Вайна застала яго ў Мінску, дзе ён працаваў
брыгадзірам на аўтарамзаводзе. Усе жудасныя дні варожых
бамбардзіровак горада ён правёў на заводзе: дапамагаў дэманціраваць
станкі, выратоўваць іншае каштоўнае абсталяванне. Прыйшоў дадому
толькі на трэці дзень вайны. Жонка яго, Аляксандра Уладзіміраўна,
была дома. Да вайны яна працавала ў дзіцячым садзе, але не змагла
своечасова эвакуіравацца, бо ў тую хвіліну, калі выязджаў дзетсад,
знікла ў парахавым дыме адно з яе дзяцей. Хлопчыка потым знайшлі, ён
застаўся жывым, але выехаць з горада ўжо не было ніякай магчымасці.
Мінск запрудзілі фашысты. Хоць і глухой была Правадная
вуліца, дзе жыла сям'я Трусавых, аднак і туды ледзь не кожную
гадзіну заглядвалі гестапаўцы, вышуквалі камуністаў. Нейкі час Кірыл
Іванавіч хаваўся, а потым, каб менш было ў немцаў падазронасці,
пайшоў працаваць на вагонарамонтны завод імя Мяснікова. Неўзабаве
тут ён пазнаёміўся з рабочымі завода, сапраўднымі патрыётамі, якім
ён мог даверыцца. Пачалі сумесна думаць аб тым, каб, нягледзячы на
вельмі складаныя ўмовы, пачаць падпольную работу, змагацца з ворагам.
Прыйшоў аднаго разу Кірыл Іванавіч да сябе на
кватэру і міжвольна засмуціўся. На падлозе ля стала сядзела за
сваімі забавамі чацвёра яго малых дзяцей. Жонка пынілася каля печы,
але пыненка тая была да таго кволая і неахвотная, што, здавалася, з
рук усё пападае. «Што будзе з дзеткамі? — мільганула балючая думка.—
Ці хопіць сілы, вытрымкі, умення засланіць іх ад усялякіх пакут,
прынесеных ворагам, ці ўдасца перажыць разам з імі ўсе тыя
выпрабаванні, якія, вядома, сустрэнуцца ў цяперашнім жыцці?»
Аляксандра Уладзіміраўна заўважыла гэтую
засмучанасць мужа і прыпыніла сваю хатнюю работу. Ей падумалася, што,
можа, нездаровы гаспадар ці на заводзе што-небудзь не ладзіцца.
Пачала яна пытацца пра гэта, а чалавек маўчыць, нібы не ведае, што
адказаць. Маўчаў Кірыл Іванавіч доўга, а потым узяў на рукі свайго
самага меншага, двухгадовага сынка, прытуліў яго да грудзей і ледзь
не заплакаў.
— Цяжкі час выпаў, дзеткі, на вашу долю,— ціха прамовіў
ён.— На вашу і на нашу.
Жонка яшчэ болын насцярожылася, а большыя дзеці спынілі свае
бестурботныя забавы і пачалі здзіўлена глядзець на бацьку.
Калі праз некаторы час дзеці выбеглі ў другі пакой,
Кірыл Іванавіч пад вялікім сакрэтам сказаў жонцы, што ён рашыў
уключыцца ў актыўную барацьбу з фашысцкімі захопнікамі.
— А яны? — няўпэўнена паказала Аляксандра Уладзіміраўна
на другі пакой.
— Што ж ты зробіш?— развёў рукамі гаспадар.— Вядома,
лягчэй цяпер тым, у каго няма дзяцей, але ж і нам, многасямейным,
нельга сядзець склаўшы рукі. Не такі цяпер час.
I ён расказаў аб тым, што бачыў сёння ў горадзе.
Гналі немцы палонных чырвонаармейцаў па Савецкай вуліцы.
Спераду пусцілі грузавік з мяшком цвілых сухароў. Чырвонаармейцы
былі да таго змучаныя голадам, смагай і рознымі пакутамі, што
ледзь-ледзь перастаўлялі ногі, некаторыя ўжо нават страцілі
здольнасць валодаць сабою, усведамляць тую чорную небяспеку, што
навісла над імі. А гітлераўцы едуць спераду на грузавіку і са сваёй
бязлітаснай метадычнасцю кідаюць праз кожную хвіліну на брук па
некалькі сухароў. Некаторыя з чырвонаармейцаў ад страшэннай
згаладаласці спрабуюць падняць гэтыя сухары, выбіваюцца з калоны,
адстаюць, а канваіры тут жа косяць іх з аўтаматаў. Пакуль прайшлі да
бетоннага моста, калона зменшылася больш як на палавіну. Па ўсёй
вуліцы ўсцяж ляжалі забітыя палоннікі.
Сэрца сціскалася ў Аляксандры Уладзіміраўны, калі
яна слухала аб гэтых нечуваных зверствах. Не такія, дык іншыя чуткі
пра катаў-фашыстаў даходзілі на Правадную вуліцу амаль кожны дзень.
Ды не толькі чуць можна было пра розныя здзекі і зверствы акупантаў,
гэта можна было бачыць нават праз сваё акно.
Вось едзе аднаго разу гестапавец па вуліцы на веласіпедзе.
Пад'язджае да двара, што насупраць кватэры Трусавых, а там ля брамкі
гуляла дзяўчынка гадоў трох-чатырох. У руках дзяўчынкі была пустая
пляшка з пяском. Дзяўчынка ўгледзела немца, спужалася і выпусціла з
рук пляшку, а пасудзіна, як на тое ліха, пакацілася на брук.
Гестапавец рэзка падаўся ўбок і злез з веласіпеда. Абышоў вялікім
кругам пляшку і падаўся да брамкі. Тут ён таўхануў нагою ні ў чым не
вінаватую дзяўчынку і ўвайшоў у двор. Гаспадыня, маці дзяўчынкі,
несла ў гэты час ваду з калодзежа. Гестапавец з крыкам наляцеў на
жанчыну, збіў яе з ног і пачаў мясіць абцасамі ў той лужыне, што
ўтварылася ад разлітай вады. Фашысцкаму кату здалося, што дзяўчынка
наўмысля падкінула пад калёсы веласіпеда пляшку са ўзрыўчаткай.
Аляксандра Уладзіміраўна расказала пра гэта мужу ды
заадно ўспомніла яшчэ некалькі выпадкаў фашысцкіх зверстваў і
гераічных паводзін нашых савецкіх людзей ва ўмовах падполля.
— Вось бачыш,— сказаў жонцы Кірыл Іванавіч,— людзі
ахвяруюць усім, час цяпер такі. Гэтыя людзі, пра якіх ты гаворыш,
пакуль што, вядома, не перамаглі немцаў. Але яны паказалі, што
ворага не трэба баяцца, не трэба падаць перад ім на калені. Калі ў
нас многа будзе такіх людзей, то мы штодзённа будзем шкодзіць
акупантам і дапаможам нашай арміі. А яны ёсць у нас, гэтыя людзі, я
ў гэтым упэўнен. Многа ў нас такіх людзей, вось нават у самім Мінску.
Трэба толькі нам як мага хутчэй знайсці адзін аднаго, хутчэй
арганізавацца. Мы з табою ніколі нідзе не былі апошнія, дык і цяпер
не будзем. Сядзець і чакаць, пакуль хто пачне першы,— не ў нашай
натуры. Шкада дзетак, але ж нічога не зробіш.
— Я ўсё разумею,— ціха сказала Аляксандра Уладзіміраўна.
3 гэтага часу Кірыл Іванавіч уключыўся ў падпольную
барацьбу. Яго група хутка расла. Побач з пажылымі кадравымі рабочымі
актыўна працавалі ў групе камсамольцы. Падполыпчыкі амаль штодзённа
прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, размнажалі іх і
распаўсюджвалі сярод рабочых, збіралі і хавалі ў надзейных месцах
зброю і боепрыпасы. Работа вялася так, што члены падпольнай групы
мелі сувязь з усімі цэхамі завода. Некаторыя з падпольшчыкаў і самі
працавалі ў найбольш важных цэхах. Пры такой расстаноўцы сіл зручней
было шкодзіць акупантам. У калёсным цэху, напрыклад, выпускалася
нямала такіх калёсных пар, якія доўга служыць не маглі. Аднаго разу
рабочым гэтага цэха было даручана замяніць калёсныя пары ў многіх
вагонах нямецкага эшалона. Падпольшчыкі тут прыклалі свае намаганні,
і замена калёсных пар была праведзена так, што праз некалькі
кіламетраў адзін вагон сышоў з рэек і здарылася крушэнне.
Папсавалася тады многа вайсковай тэхнікі і загінула сотні са дзве
фашысцкіх салдат.
У рамонтным цэху пры рамонце вагонаў
рабочыя-падпольшчыкі засыпалі ў буксы пясок. Было многа выпадкаў,
што ў выніку гэтага буксы на вялікай хуткасці загараліся. Трэба было
неадкладна мяняць буксы, а гэта на нейкі час затрымлівала эшалон.
Падпольная група павялічвалася з кожным днём усё больш
і больш. Паступова пачала наладжвацца сувязь з падпольшчыкамі іншых
заводаў і нават прыгарадных раёнаў. Але тут, мабыць, выйшла нейкая
памылка па канспірацыі ці які правакатар падказаў,— групу напаткала
вялікае няшчасце. Чатырнаццатага кастрычніка сорак першага года
Трусава гестапаўцы арыштавалі.
Шэсць дзён дапытвалі і катавалі фашысты Кірыла
Іванавіча. Шэсць дзён вытрымліваў гэты мужны чалавек страшэнныя
здзекі, пабоі, запалохванні. Яго марылі голадам, смагай, заганялі ў
пазногці іголкі, пагражалі знішчыць усю сям'ю, калі ён не выдасць
падпольшчыкаў. Аднак не сказаў Кірыл Іванавіч фашыстам ні слова.
Наадварот, ён яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з
падпольшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў
чалавека ад смерці.
Сям'і Трусава таксама давялося вытрымаць страшэнныя
выпрабаванні. Не было таго дня, каб на кватэру не наляталі
гестапаўцы і не рабілі допытаў з запалохваннямі і пабоямі. Не
знайшоўшы, урэшце, нічога дома, фашысты арыштавалі Аляксандру
Уладзіміраўну і пасадзілі ў турму. Дзеці засталіся адны. Тры дні
дапытвалі фашысты Аляксандру Уладзіміраўну, якіх толькі правакацый
ні выдумлялі, аднак не вызналі ад жанчыны нічога. Многа ведала
Аляксандра Уладзіміраўна — на кватэры Трусавых часта бывалі
падпольшчыкі, іх ведала гаспадыня, але нікога не выдала. Мужна,
цярпліва яна пераносіла ўсе здзекі і катаванні, але не пахіснулася
ні на момант.
Прыйшла Аляксандра Уладзіміраўна дадому
знясіленая, змардаваная. Дзеці кінуліся ёй насустрач. Туляцца,
цалуюць ад радасці, што маці вярнулася, а ў саміх вочы пазападалі ад
голаду, ад бяссонных, трывожных начэй.
— А дзе-ж тата? — ціхенька, каб не пачулі малыя,
спытала старэйшая дачка Аня. Яна ўжо некалькі разоў крадком ад
меншых бегала да турэмных варот, падоўгу стаяла там, спадзеючыся
хоць што-небудзь убачыць, хоць што-небудзь пачуць пра бацькоў.
Вярталася дзяўчынка дадому сумная, засмучоная, але малым гаварыла,
што бачыла татку і мамку, што яны хутка прыйдуць дадому.
Не даведалася яна нічога і цяпер пра лёс бацькі.
Аляксандра Уладзіміраўна толькі апусціла галаву, пачуўшы Анін шэпт,
закрылася рукамі і не стрымалася, каб не заплакаць. Меншыя дзеці
таксама заплакалі.
—Прыйдзе татка,—ледзь не шэптам сказала Аляксандра
Уладзіміраўна.— Не плачце, дзеткі.— У голасе яе ўжо не было ніякай
упэўненасці.
Назаўтра зранку паднялася з пасцелі, паспрабавала
пайсці ўсё ж такі да турмы, знайсці нейкі спосаб даведацца, дзе
Кірыл Іванавіч, што цяпер з ім, ці жывы ён? Ступіла крокаў два па
хаце і адчула, што не дойдзе да парога. Страшэнна балела галава,
нылі рукі і ногі, перад вачыма плылі жоўтыя кругі.
—Аня! — ціха пазвала яна дачку і пры яе дапамозе
дабралася да ложка.— Схадзі ты, дзетка, у горад, пад гестапа падыдзі,
пад турму. Можа, даведаешся што, пачуеш.
Дзяўчынка пайшла, а маці стала чакаць яе з хвілі-ны на
хвіліну. Дзеці інстынктам адчулі гэта і самі пачалі чакаць нечага
вельмі шчаслівага і радаснага.
Вярнулася Аня дадому ўжо калі добра сцямнела. Пасінелая
ўся, азызлая ад слёз. Нейкі час не магла вымавіць ні слова ад
спалоху, ад страшэннай роспачы, а потым, калі меншыя ўлягліся спаць,
пра ўсё расказала мацеры.
Прыйшла яна да турмы, пастаяла з гадзіну ля варот. Прыйшлі потым і
яшчэ людзі, стаялі нейкі час разам, а потым нехта сказаў, што ўчора
ў многіх месцах горада акупанты павесілі савецкіх патрыётаў.
Некаторыя з тых, што стаялі каля турмы, пайшлі шукаць, ці няма там
сваіх. Пайшла з імі і Аня. Да самага вечара яна блукала па гораду.
Абышла ўсе плошчы, скверы, паркі. Сэрца сціскалася, падкошваліся
ногі, калі яна падыходзіла да вісельняў, а калі сярод павешаных
дзяўчынка не знаходзіла бацькі, то ішла шукаць далей.
Ужо амаль перад самым змярканнем дзяўчынка
прыйшла на былую Ляхаўку. На варотах дражджавога завода таксама
ўбачыла павешаных. Памкнулася падысці бліжэй, але каля варотаў стаяў
немец. Пачала ўглядацца: адзін з павешаных быў яшчэ зусім малады і
ростам меншы за бацьку, другая была дзяўчына з абматанымі марляй
нагамі, а трэці...
Аня з крыкам кінулася да вісельні, павалілася каля ног
вартавога... Трэці быў Кірыл Іванавіч, бацька дзяўчынкі.
Вартавы, немаладых год немец, адступіў крок назад, з
асцярогай паглядзеў вакол сябе, потым узяў дзяўчынку за руку і адвёў
на другі бок вуліцы. Тут, на парозе зачыненай крамы, Аня стаяла да
самага цямна і плакала. Увечары пад'ехала грузавая машына, нейкія
людзі, што сядзелі ў машыне, пазнімалі павешаных, і машына рушыла
далей. Дзяўчынка пабегла за машынай. Ёй хацелася хоць ужо даведацца,
дзе пахаваюць бацьку, хоць ужо аб гэтым сказаць матулі. Але хутка
адстала, хіба паспееш за машынай...
Так загінуў Кірыл Іванавіч, адзін з першых
арганізатараў Мінскага падполля. Справа ж, пачатая ім, не загінула.
Падпольная арганізацыя на заводзе імя Мяснікова працавала вельмі
актыўна, яна павялічвалася і мацнела.
Калі ў сельскай мясцовасці мы паспелі ўжо шмат чаго
зрабіць, дык на гарады пакуль што менш звярталі ўвагі і не ўлічылі
таго, што ў гарадах барацьба больш складаная. 3 Барысавам, Крупкамі,
Лагойскам і Заслаўлем у нас мелася сувязь праз Хадаркевіча і Яраша,
а пасля праз Смірнова і Фёдарава. Праз Шашуру, Альхаўца, Храпко і
Паланейчыка сувязь была наладжана з Бабруйскам, Асіповічамі, Старымі
Дарогамі. 3 Пухавічамі, Чэрвенем і часткова з Мінскам увесь час
падтрымлівалася сувязь праз таварыша Пакроўскага.
Аднак гэтага было далёка недастаткова. Дзесяткі
падпольных партыйных арганізацый і груп патрабавалі цяпер больш
аператыўнага штодзённага кіраўніцтва. Вядома, што нават адна
падпольная група ў такім буйным месцы канцэнтрацыі гітлераўцаў, як
Мінск, можа шмат чаго зрабіць, ды і своечасовая інфармацыя, кожная
вестка з Мінска будзе мець вялікую каштоўнасць. Калі гэта будзе,
скажам, ваенны план, дык план, напэўна, буйных маштабаў, калі
дырэктыва, дык, напэўна, ад самой стаўкі. У Мінску размешчана
гітлераўская прамысловасць, установы, чыгуначны вузел. Дыверсія ў
Мінску — нож у сэрца ворагу. Нарэшце, стварэнне Мінскага падполля
магло б шмат у чым дапамагчы масаваму разгортванню партызанскага
руху ў прыгарадных раёнах. Мінскім абласным камітэтам партыі
пакінуты ў прыгарадных раёнах надзейныя людзі. Правераныя камуністы
працавалі ў Рудзенску, Заслаўлі, Лагойску, Пухавічах, Чэрвені,
Дзяржынску, Смалявічах. Пры пэўнай сувязі з мінскімі камуністамі ім
лягчэй будзе стаць на ногі, разгарнуць партызанскі рух у большых
маштабах. 3 Мінска пойдзе ў навакольныя лясы і зброя, і медыкаменты,
і шрыфты, друкарскія машыны, папера і ўсё неабходнае. А галоўнае ў
тым, што пойдуць адсюль людзі, загартаваныя бальшавікі, стойкія
патрыёты.
Я на хвіліну ўявіў сабе лагер і гета, колькі там савецкіх людзей за
калючым дротам. Гарачыя сэрцы патрыётаў завуць іх на шлях барацьбы.
Тысячы людзей пойдуць у партызанскія атрады, калі ім дапамагчы,
працягнуць праз агарожу брацкую руку. I гэтую задачу неабходна
рашыць адначасова з мноствам другіх, вельмі важных задач.
Вялікі ўклад у справу барацьбы супраць
нямецка-фашысцкіх акупантаў унеслі падпольшчыкі горада Мінска.
Выконваючы ўказанні партыі аб разгортванні барацьбы ў
тыле ворага, камуністы, камсамольцы і многія беспартыйныя
арганізоўвалі ў акупіраваным горадзе падпольныя групы. У жніўні —
лістападзе 1941 года такія групы былі арганізаваны на некаторых
прадпрыемствах, уцалелых ад разбурэння, і на чыгуначным вузле.
Найбольш актыўнымі арганізатарамі падпольных груп у Мінску былі
камуністы: Нікіфараў Вячаслаў Кандратавіч («Вацік»), Жудро Васіль
Сцяпанавіч, Шугаеў Аляксандр Мікалаевіч, Герасіменка Назар
Яўстратавіч, Зайцаў Сцяпан Іванавіч. На вялікі жаль, усе яны
гераічна загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Значную работу ў падполлі правялі камуністы: Осіпава Марыя Барысаўна,
Мазанік Алена, Мацюшка Варвара Феафілаўна, Каліноўскі Арсеній
Вікенцьевіч, Кузняцоў Фёдар Спірыдонавіч, Езубчык Ганна Андрэеўна,
Савіцкая Ядвіга Міхайлаўна; беспартыйныя: Сайчык Васіль Іванавіч,
Дзяменцьеў Аляксандр Мікалаевіч і многія іншыя.
Буйныя дыверсіі былі праведзены падпольнай групай
чыгуначнікаў, якую ўзначальваў камуніст Кузняцоў Фёдар Спірыдонавіч.
У 1941 годзе групай было выведзена са строю 10 паравозаў, больш 80
вагонаў. У паравозным дэпо выводзілася са строю станочнае
абсталяванне.
Дыверсіі па вываду са строю абсталявання праводзіліся
падпольнымі групамі на заводзе імя Варашылава, лямпавай фабрыцы і
іншых прадпрыемствах горада.
Вялікую ўвагу мінскія падпольшчыкі аддавалі
масава-палітычнай рабоце. Арганізоўвалі нелегальнае праслухоўванне
маскоўскіх радыёперадач, друкавалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі,
якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва. Значная работа
праводзілася па ўстанаўленню сувязей з партызанскімі атрадамі і
групамі, па забеспячэнню іх зброяй і медыкаментамі, па падбору і
накіраванню ў партызаны лепшых нашых людзей.
Першая інфармацыя аб падпольнай дзейнасці ў Мінску ў ліпені і
верасні 1941 года была атрымана абкомам ад членаў партыі Гальчэні
Герасіма, а потым ад Кацнельсона Рамана, якія ў тыя часы пабывалі ў
горадзе. Гэтая інфармацыя пераканала, што нам неабходна ўзмацніць
сувязі з гарадскімі падпольнымі групамі. 3 членаў абкома была
створана група для сталай дапамогі мінскім падпольшчыкам. Яе
ўзначаліў сакратар абкома партыі Варвашэня Іван Дзянісавіч. У састаў
групы ўвайшлі: Ляшчэня Савелій, Кацнельсон Раман, Сакевіч Аляксандр.
3 восені 1941 і ў пачатку 1942 года сувязі абкома з падпольнымі
групамі ў Мінску, Барысаве, Слуцку, а таксама вобласці значна
пашырыліся пры дапамозе асабістых кантактаў членаў абкома партыі і
сакратароў абкома з імі. Да канца 1941 года наладзілася сувязь і
ўзаемадзеянне з партыйнымі арганізацыямі і атрадамі Акцябрскага,
Капаткевіцкага, Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага,
Парыцкага раёнаў, Палескай вобласці, а таксама Ленінскага і
Ганцавіцкага раёнаў, Пінскай вобласці.
Актыўныя дзеянні партызан і падпольшчыкаў ужо восенню 1941
года выклікалі трывогу сярод ваеннага камандавання гітлераўскіх
гарнізонаў і акупацыйных улад. Акупанты пачалі ствараць супраць
партызан цэлую сетку карных атрадаў, насаджваць у раённых цэнтрах і
вёсках паліцэйскія гарнізоны, якія пачалі прымяняць, зыходзячы з
«плана Барбароса», актыўныя і каварныя дзеянні супраць партызан. У
сувязі з гэтым значна ўскладніліся метады барацьбы з ворагам у
фашысцкім тыле.
ЦК КП(б)Б і Мінскім падпольным абкомам партыі было
прынята спецыяльнае рашэнне па ўзмацненню барацьбы супраць
нямецка-фашысцкіх акупантаў у горадзе Мінску. Для масава-палітычнай
работы сярод насельніцтва горада, арганізацыі дыверсіі, мабілізацыі
працоўных горада на барацьбу супраць гітлераўскіх акупантаў,
падпольным абкомам былі накіраваны разам з сакратарамі гаркома
Ляшчэнем Савеліем, Машковым Георгіем і Паромчыкам Іванам група
камуністаў і камсамольцаў у колькасці 25 чалавек. У тым ліку
сакратар Мінскага райкома Альхімовіч Мікалай і работнік абкома тав.
Сабадаж. Адначасова з гэтым Цэнтральным Камітэтам КП Беларусі і
Мінскім падпольным абкомам партыі было прынята рашэнне аб
арганізацыі выпуска газеты «Мінскі бальшавік». Рэдактарам газеты быў
зацверджаны Сакевіч Аляксандр. Аператыўнымі работнікамі рэдакцыі
былі накіраваны Ізюмскі Міхаіл і Асадчы Аляксандр.
Галоўнай задачай у гэты перыяд работы падпольнага гаркома партыі
было ўстанаўленне сувязей з насельніцтвам горада, з брыгадамі і
атрадамі Мінскай зоны і арганізацыя ў горадзе шырокай сеткі
падпольных груп.
Мачульскі праз некаторы час заснуў, зморанасць узяла
сваё, а я яшчэ доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Усё новыя і новыя
планы вырысоўваліся перада мною, з нейкай асаблівай яскравасцю і
дасканаласцю паўставалі задачы бліжэйшых дзён.
да зместу |
|