|
XIII
Меркуль доўга шукаў Ляўшэвіча і яго групу,
аднак нікога не знайшоў. Зніклі людзі, а ў чым справа, усё яшчэ
нельга было зразумець. У палон яны не маглі трапіць, бо ў той дзень,
калі яны пайшлі з Чырвонага Возера, не адзначалася нідзе ніякай
сутычкі. Усюды ў нас ёсць свае людзі, і яны данеслі б нам, каб такое
здарылася. Наўрад ці засталося б у сакрэце і тое, калі б хто-небудзь
з іх стаў здраднікам. Наадварот, гэта хутка разнеслася б па вёсках —
нікога на свеце так не ганьбяць людзі, як здрадніка Радзімы. Да таго
ж, падумаць пра гэта цяжка: мы ўсё ж такі ведалі Ляўшэвіча, ды не
першы дзень.
Такім чынам, заставалася меркаваць толькі адно: мабыць,
зашыліся людзі недзе каля дому ў цёмны куток ды сядзяць сабе,
чакаюць, пакуль мінуцца гэтыя цяжкія дні. Баязлівасць, мабыць, узяла
верх над усім.
Набеглі ўсякія іншыя справы, гэты выпадак паступова
адыходзіў на другараднае месца. Мы ўжо нават пачалі забывацца пра
яго, а ён раптам зноў вынырнуў: жыткавіцкія паліцэйскія арыштавалі
некалькі нашых сувязных. Гэта быў вельмі трывожны факт. Апрача
Ляўшэвіча, ніхто з тамашніх жыхароў не ведаў пра нашых сувязных у
вёсках Осава і Чырвонае Возера. Тут ужо гадаць не было чаго.
На бюро абкома мы ўсебакова абмеркавалі выпадак з
Ляўшэвічам. Трэба было праяўляць яшчэ большую асцярожнасць у падборы
нашых кадраў. Усякая памылка тут магла прынесці шмат бяды. За
апошнія часы на Любаншчыне, у Старых Дарогах, Грэску, Капылі,
Слуцку, Чырвонай Слабадзе, Глуску і ў Акцябрскім раёне арганізавана
па некалькі новых партызанскіх груп, а некаторыя партызанскія групы
выраслі ўжо ў атрады. Кіраўнікоў жа гэтых баявых адзінак мы ведалі
не ўсіх. У Забалацці вылучылася ў самастойную і пачала дзейнічаць
група Пакуша і Русакова, гэтыя людзі былі нам добра вядомыя; у
Капыльскім раёне мы ведалі Жыжыка і ў Грэскім — Зайца. А вось у
вёсцы Горнае, Любанскага раёна, з'явілася група Розава, ў вёсцы
Жывунь — група Патрына, у Слаўкавічах — Сталярова; пра гэтых людзей
мы мала што ведалі, некаторых з іх нават яшчэ не бачылі.
Партызанскі рух у тыле нямецкіх захопнікаў быў слаўнай
і высакароднай справай, аднак у асобных выпадках ён мог не прынесці
належнай карысці, калі б не асвятліць яго духам савецкага
патрыятызму, вернасці Радзіме, вялікай партыі Леніна. 3 першых дзён
падполля мы разумелі, што могуць знайсціся такія людзі, якія не
супраць будуць пагрэць рукі на партызанскай справе, выкарыстаць
атрад у сваіх эгаістычных мэтах. А маглі быць і проста правакатары;
такіх мы таксама сустракалі на сваім шляху.
Цяпер дзе-нідзе хадзілі чуткі пра нейкага Балахонава,
які знаходзіўся пераважна на Глушчыне. Гаварылі пра яго з нянавісцю
і страхам. Гэты чалавек падабраў групу людзей разгульных,
несумленных. Уявілі яны сабе, што ім усё на свеце дазволена, і
пачалі гойсаць па раёне. Прыедуць у адну вёску, забяруць лепшыя
прадукты, вопратку, а ў другой вёсцы праменьваюць усё гэта на
гарэлку. Трапіцца пад рукі конь, карова — таксама не мінаюць.
А між тым знешне яны ўсімі сіламі стараліся быць
падобнымі да народных мсціўцаў. Балахонаў стараўся нават выглядаць
як Чапаеў: адгадаваў вусы, пашыў чапаеўскую шапку, вопратку; трымаў
пры сабе маладога хлопца ў якасці ардынарца і зваў яго Пецем, хоць
сапраўднае яго імя было зусім іншае. I вось гэты «Чапаеў» не ваяваў
з акупантамі, а разгульваў па вёсках, свавольнічаў.
Праўда, нам удалося тут хутка разабрацца: і сам
Балахонаў і яго паплечнікі былі накіраваны гестапаўцамі з мэтай
кампраметацыі партызан і самога партызанскага руху, каб выклікаць
нездавальненне сярод насельніцтва.
3 групай Патрына мы неўзабаве пазнаёміліся. Па
першым выкліку камандзір з'явіўся ў Любанскі райком партыі. 3 ім
пагутарылі Луфераў, Гарбачоў, Ляшчэня, а потым усе разам яны прыйшлі
ў падпольны абком. Патрын падрабязна расказаў аб сабе, паведаміў пра
свае планы і меркаванні. Ён адразу спадабаўся нам сваёй шчырасцю,
сур'ёзным поглядам на справу, правільным разуменнем указанняў партыі,
умельствам трымаць сябе проста і незалежна. Гэта — былы настаўнік,
чалавек сціплай прафесіі. Перад самай вайной працаваў загадчыкам
раённага аддзела народнай асветы. У армію прызваны з запасу, пад
Баранавічамі быў цяжка паранены і трапіў у акружэнне.
Крыху ачуняўшы, ён пайшоў на ўсход і, дабраўшыся да
Любанскага раёна, стварыў партызанскую групу. У ёй было чалавек пяць
чырвонаармейцаў, а ў большасці — мясцовыя людзі. Група расла з
кожным днём. Выкладаючы свае планы на будучае, Патрын настойліва
прасіў прыслаць яму камісара. Урэшце ён і сам згаджаўся застацца
камісарам атрада, калі б райком дапамог падабраць камандзіра. Гэтая
просьба павялічвала нашу павагу да Патрына. Прыемна было тое, што
чалавек добра разумеў вялікае значэнне палітыка-выхаваўчай работы ў
атрадзе і сярод насельніцтва. На вялікі жаль, у першы перыяд
партызанскага руху некаторыя з нашых камандзіраў недаацэньвалі ролі
камісараў у партызанскіх атрадах.
Камандзір другой групы — Розаў быў зусім іншы чалавек.
Нашу прапанову з'явіцца ў абком ён не прыняў і нават не палічыў
патрэбным адказаць на яе. Паспрабаваў Гарбачоў зладзіцца з ім, аднак
ніякага поспеху не меў. Розаў заявіў, што ні райкомам, ні абкомам ён
не падпарадкуецца на акупіраванай тэрыторыі і наогул не хоча знацца
ні з якім начальствам.
Прыкладна такіх жа поглядаў прытрымліваўся і Сталяроў,
толькі ён менш азадачваў нас. Мы ўжо ведалі, што гэта былы повар,
чалавек палітычна мала падрыхтаваны. Па сваёй нявопытнасці і
некаторай адсталасці ён мог проста памыляцца. Праўда, вельмі дрэнна
ўплываў на Сталярова адзін вырадак, сын кулака, які прабраўся ў яго
атрад пад выглядам чырвонаармейца. Ён падбухторваў Сталярова на
розныя дрэнныя справы, хоць сам Сталяроў кепскага намеру да
партызанскага руху не меў. Што ж датычыцца Розава, дык гэта вайсковы
тэхнік, даволі адукаваны чалавек, і такія яго погляды, зразумела,
вельмі здзіўлялі нас. Тут, магчыма, меліся і нейкія пабочныя матывы
— чалавек больш трох месяцаў быў падпарадкаваны сам сабе, лічыўся «вольнай
птушкай» і жыў на прымацкім хлебе.
Мы вырашылі заняцца гэтымі групамі. Да Сталярова быў
пасланы Бельскі, а я накіраваўся ў групу Розава. Знайсці яе было
няцяжка. Усе людзі размяшчаліся ў вёсцы, ніякага лагера, ні базы ў
іх нідзе не было. Кожны меў асобную кватэру, цеплую і ўтульную:
гаспадыні кармілі іх, абмывалі і абшывалі. Розаў, на правах
камандзіра, заняў самы лепшы домік і жыў на шырокую нагу. Мясцовыя
людзі па сваёй дабраце самі недаядалі, а партызан і раненых савецкіх
воінаў не пакідалі без увагі. 3 апошняга яны выдзялялі ім хто што
мог. Да таго ж трэба сказаць, што гэтыя хлопцы і самі не давалі сябе
ў крыуду. Калі не хапала самагонкі ці чаго-небудзь з прысмакаў у
сваёй вёсцы, яны ішлі ў суседнюю і там здабывалі ўсё патрэбнае.
Гэтым, уласна кажучы, і абмяжоўвалася іх дзейнасць. Сям-там пужанулі
паліцэйскіх, сарвалі каменданцкі загад, вывесілі гатовую лістоўку
вось і ўвесь іх баявы рахунак.
Знешне Розаў выглядаў вельмі станоўчым, сціплым
чалавекам. Малады адкрыты твар, высокі лоб, добрыя мяккія вочы. Пры
сустрэчы з такім чалавекам хочацца гаварыць з ім ласкава,
па-таварыску, бо ўжо загадзя адчуваеш, што цяжкасцей ва
ўзаемаразуменні не будзе. Розаў устаў насустрач, з павагай
прывітаўся, запрасіў прысесці.
— Мікалай Мікалаевіч,— прадставіўся ен, заўважыўшы, што
я гляджу на яго нібы з чаканнем. Ні прозвішча, ні вайсковага звання
не назваў. Мусіць, таму і групу іменавалі ўсюды: «атрад Мікалая
Мікалаевіча».
Аднак чым больш мы гаварылі, тым усе больш акрэслена выяўлялася ў
Розава дзіўная ўпартасць і залішняя самаўпэўненасць. У прынцыпе ён
нібыта прызнаваў неабходнасць партызанскай барацьбы, аднак практычна
не згаджаўся ні на што. Калі я прапанаваў яму выйсці з «прымакоў» і
перасяліцца ў лес, ён аж пачырванеў ад хвалявання і, ледзь
стрымліваючы сябе, папрасіў больш не напамінаць яму пра гэта. На яго
думку, такое мерапрыемства зусім не выклікалася патрэбай: можна
ваяваць і седзячы дома, абы толькі было жаданне.
Па сутнасці ж, выходзіла, што Розаў наогул пакуль што
не думаў пра актыўную партызанскую барацьбу. Ен цвёрда верыў, што
Чырвоная Армія вернецца хутка, з ворагам яна справіцца сама, без
пабочнай дапамогі, а ім, былым вайскавікам, трэба толькі зберагчы
сябе, каб пры першай магчымасці зноў стаць у баявыя рады. Больш ад
іх нічога не патрабуецца.
Я настойваў на тым, каб група неадкладна перайшла ў лес
і прыняла належную канспірацыю, каб яна ў бліжэйшы час перарасла ў
моцны партызанскі атрад за лік мясцовага насельніцтва. I тут Розаў
яшчэ болыы запярэчыў. Расці за кошт мясцовых людзей ён лічыў амаль
што авантурай, зусім пустой справай.
—Што я з імі буду рабіць? — абураўся ён.— Загінеш з імі
ў лесе. Ператварыцца ў інтэнданта, здабываць для іх харчы, карміць?!
Няхай самі перабіваюцца, як хто можа. А ваяваць усё роўна яны не
будуць. Іншы баіцца ноччу на вуліцу выйсці, а мы яго ў лес пацягнем,
у партызаны. Не, пазбаўце мяне, калі ласка, ад такіх эксперыментаў,
гэта не па маёй частцы.
— Якраз па вашай,— заўважыў я.— Гэта абавязак кожнага
патрыёта. I перш чым узводзіць паклёпы на людзей, трэба спачатку
прыглядзецца да іх і зразумець. Тутэйшыя партызаны яшчэ ў
грамадзянскую вайну паказалі сябе героямі. Вось побач з вамі
Акцябрскі раён, у мінулым Рудабельскі. Гэты раён таму і названы
Акцябрскім, што тут у цяжкія для Савецкай улады дні, у грамадзянскую
вайну, быў шырока разгорнуты партызанскі рух, сотні партызан
загінулі смерцю герояў, і аб іх партызанскіх дзеяннях ведае ўся
Беларусь. А вазьміце Тураўскі раён, Старобінскі... Успомніце
неўміручую славу дукорскіх партызан! Наш праслаўлены герой
грамадзянскай вайны дзед Талаш дзейнічаў недалёка адсюль, у
Петрыкаўскім раёне. Вы можаце з ім сустрэцца. Гэтымі днямі я атрымаў
данясенне, што і цяпер дзед Талаш не сядзіць без справы. 3 першых
дзён вайны ён уключыўся ў барацьбу, хоць гітлераўцы не раз праз
лістоўкі і іншымі спосабамі пагражалі яму смерцю. Ён цяпер збірае
зброю, боепрыпасы, дае парады маладзейшаму пакаленню партызан і
падпольшчыкаў. I гэта нягледзячы на тое, што чалавеку больш за
дзевяноста год. Ці вам невядома, што беларускія партызаны ўжо ў
гэтай вайне праявілі сябе і ўрад адзначыў іх геройства высокімі
ўзнагародамі.
Калі праз некалькі дзён я зноў наведаў вёску Горнае, групы Мікалая
Мікалаевіча там ужо не было. Але ж знайсці яе было няцяжка: першы
сустрэчны хлапчук паказаў мне месца новай дыслакацыі групы. Яно было
ў невялікім ляску, амаль побач з вёскай, і, як мне здалося, служыла
больш для адводу вачэй, чым для справы.
— Заданне ваша выканаў,— далажыў мне Розаў,— перайшлі
на лагернае становішча, рыхтуемся да зімы.
— Добра, пацікавімся.
Зямлянка была прасторная, нядрэнна абсталяваная, толькі
жыллём нешта там не пахла. Па ўсім відаць было, што партызаны
пабудаваць зямлянку — пабудавалі, а начаваць хадзілі, як і раней, у
вёску.
— А дзе ж ваша кухня,— спытаў я,— запас прадуктаў?
Розаў пачырванеў.
— Яшчэ там, у вёсцы,— разгублена адказаў ён.
— Падрыхтуйце групу да баявой аперацыі,— загадаў я.
Набліжаўся дзень дваццаць чацвёртай гадавіны
Кастрычніка. Мы ўжо некалькі дзён распрацоўвалі план буйных аперацый
у гонар слаўнай гадавіны. Гэта было аднадушнае жаданне партызан,
воля ўсяго насельніцтва. Меркавалася разграміць нямецкія гарнізоны ў
Любані, Капаткевічах, Жыткавічах, Пагосце, Чырвонай Слабадзе, у
Капылі, арганізаваць буйныя дыверсіі ў гарадах. За Любанню ўжо даўно
сачыў Яўстрат Гарбачоў. Там у яго былі свае вочы і вушы. Сувязныя і
падпольныя групы паведамлялі аб усім, што рабілася ў гарнізоне.
Загальскі калгаснік Віктар Раменьчык ужо каля месяца хадзіў у
паліцэйскай форме, нёс ахоўную службу, ездзіў на засады. У гарнізоне
яго лічылі вельмі адданым і актыўным наліцэйскім, і толькі нам было
вядома пра сапраўдную службу гэтага чалавека. Раменьчык даставіў нам
планы размяшчэння гарнізона, усіх умацаванняў і агявых точак. Ён
рэгулярна паведамляў аб усіх намерах любанскай камендатуры і
гарнізона, старанна рыхтаваўся да таго дня, калі партызаны зробяць
налёт. Яму хацелася асабіста ўдзельнічаць у гэтым налёце.
Паралельна з Гарбачовым вёў разведку на Любань Патрын. Дзве
партызанкі яго атрада некалькі дзён жылі нелегальна ў гарадскім
пасёлку і здабылі там вельмі каштоўныя звесткі. Потым усе
разведданыя былі ў штабе абагулены і сістэматызаваны.
Звесткі пра капаткевіцкі, жыткавіцкі і іншыя гарнізоны
прынеслі нам разведчыкі, якіх мы паслалі яшчэ з Чырвонага Возера.
Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні
і ўдарыць па гарнізонах адначасова.
Мікалай Мікалаевіч моўчкі выслухаў мой загад, казырнуў
у знак згоды, а потым асцярожна, як робяць спрактыкаваныя штабісты,
пачаў пярэчыць:
—У мяне ж зброі няма,— збянтэжана даводзіў ён,— ні
боепрыпасаў, ні прадуктаў.
— Усё ў вас павінна быць,— паўтарыў я.— За тры месяцы
седні ў вёсцы можна было падумаць пра гэта.
—А на якую аперацыю? — ужо больш зацікаўленым голасам
спытаў Розаў.
— Даведаецеся за некалькі гадзін да пачатку.
— Ёсць. Калі і куды прыбыць?
Я вызначыў тэрмін і месца яўкі. Праз дзень пайшоў туды
Раман Навумавіч. Вярнуўшыся, ён паведаміў, што Розаў выканаў загад,
толькі з узбраеннем у яго кепскавата: зусім няма аўтаматычнай зброі
і вельмі мала патронаў. Прасіў даць яму яшчэ два дні, і ён дастане
станковы кулямёт і некалькі ручных. Я дазволіў: дзень нашых баявых
аперацый быў яшчэ не зусім блізка.
Групу Сталярова Іосіф Аляксандравіч ледзьве знайшоў.
Той не сядзеў на адным месцы, як Розаў, а гойсаў па многіх вёсках і
ўсюды п'янстваваў, разгульваў. Іншы раз ён на нейкі час выходзіў
нават у лес, аднак толькі для цікавасці: пабыўшы там дні два, ён
зноў вяртаўся ў вёску.
Аперацыя была прызначана на чатыры гадзіны раніцы
сёмага лістапада. Для большай канспірацыі і аператыўнасці ў
кіраўніцтве абком са сваёй групай перабраўся на востраў Зыслаў, дзе
ў той час знаходзілася асноўная база атрада Далідовіча. Мы звязаліся
з Коржам, Меркулем, Жукоўскім, Жыжыкам, Зайцам, Пакроўскім,
Петрушэнем, Храпко, Паўлоўскім і з групай жыткавіцкіх камуністаў.
Паўлоўскі з Маханько павінны былі дзейнічаць не ў сваім раёне, а ў
Капаткевіцкім: трэба было нанесці ўдар там, дзе яго не чакаюць.
Бадай, не было ніводнага раёна ў Мінскай вобласці, а ў раёнах —
ніводнай групы ці атрада партызан, якія б да гэтага вялікага свята
не рыхтавалі ўдараў па ворагу.
На Любань жа павінны былі ісці атрады Далідовіча,
Патрына і Розава. Гарнізон быў там вялікі і добра ўмацаваны.
Неўзабаве перад аперацыяй Мачульскі і Варвашэня
прынеслі на востраў новы радыёпрыёмнік з усім неабходным
абсталяваннем. Апарат заўсёды нам няцяжка было дастаць, а вось з
батарэямі часамі даводзілася вельмі туга. Часта людзі хадзілі па іх
вельмі далёка. Тут многа дапамог нам адзін мясцовы чалавек, стары
камуніст Герасім Маркавіч Гальчэня. Вайна захапіла Гальчэню ў
Беластоцкай вобласці, дзе ён тады працаваў. Пры дапамозе ўсякіх
хітрыкаў у ліпені яму ўдалося дабрацца да Гомеля. Там ён зайшоў у ЦК
партыі Беларусі. Нейкі час Гальчэня знаходзіўся ў рэзерве, а потым
яго накіравалі ў Любанскі раён. 3 ім былі яшчэ два камуністы —
Філіпушка і Касцюкавец — таксама мясцовыя людзі. 3 месяц яны
прабіраліся сюды, потым яшчэ і ў раёне прайшло тыдні два, пакуль ім
удалося непасрэдна звязацца з абкомам.
Калі Гальчэня трапіў да нас, то адразу было відаць, што
гэта чалавек вялікага вопыту, смелы, ініцыятыўны і добрасумленны.
Такія людзі асабліва патрэбны былі нам, тым больш што Герасім
Маркавіч ведаў не толькі свой раён, а і мазырскія аколіцы, быў добра
знаёмы з людзьмі і валодаў рэдкімі здольнасцямі следапыта: лёгка
арыентаваўся ў любым месцы, у любы час сутак мог хадзіць, як кажуць,
з завязанымі вачыма і правесці людзей праз любое балота ці лес.
Калі трэба было здабыць што-небудзь вельмі патрэбнае
для штаба, Герасім Маркавіч заўсёды амаль беспамылкова гаварыў, дзе
гэта можна дастаць і ў каго. Зайшла гутарка пра новы радыёпрыёмнік,
і ён сказаў, што апарат можна ўзяць у жонкі мясцовага ляснічага Веры
Сушчэні, а батарэі знойдуцца толькі ў аднаго вельмі дальняга
чалавека, яго добрага знаёмага, ды яшчэ ў некаторых яго родзічаў.
Знайшліся спецыялісты па ўстаноўцы антэн і
радыёпрыёмніка. Знайшлося некалькі скарапісчыкаў, у тым ліку Сакевіч,
Філіпушка і Касцюкавец. Быў намер хоць збольшага запісаць тое, што
ўдасца пачуць з Масквы. Іван Дзянісавіч сам адрэгуляваў
радыёпрыёмнік. 3 пяці гадзін вечара шостага лістапада ён пачаў
шукаць Маскву.
Дзверы штабной зямлянкі адчынены насцеж. Цьмянае,
трапяткое святло лямпы, якая стаіць на стале каля радыёпрыёмніка,
ледзь прабіваецца на двор і жаўтлявым туманам падае на ўсхваляваныя
і напружаныя ад чакання твары людзей. I ў зямлянцы і на дварэ многа
партызан і вяскоўцаў. Надыходзіла вялікае свята, і кожнаму хацелася
адчуць яго сваім сэрцам, душою. Дваццаць тры гады людзі святкавалі
гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта ўжо стала традыцыяй, духоўнай
патрэбай савецкага чалавека.
Цяпер прыйшло ў хату вялікае свята, а навокал фашысты.
Вядома, што людзей пацягнула туды, дзе можна вальней даць ход сваім
думкам, дзе можна хоць на хвіліну дыхнуць святочным настроем і,
галоўнае, дзе, напэўна, будуць добрыя весткі, што абагрэюць душу.
Жыла ў людзей непахісная ўпэўненасць у тым, што
дзень 24-й гадавіны Кастрычніка павінен прынесці нешта радаснае,
абавязкова радаснае. Не хацелася думаць пра журботнае, хоць лёс
любімай сталіцы параджаў трывогу і на вёскі чарнакрыжыя сцярвятнікі
скідалі лістоўкі аб тым, што нібыта гітлераўцы ўжо ўзялі Маскву.
Кожны дзень у атрадах слухалі зводкі Савецкага інфармбюро, кожны
дзень партызанскія агітатары разыходзіліся па вёсках са свежымі
весткамі з франтоў. Але не заўсёды гэтыя весткі былі такія, якіх
хацелася: людзі чакалі рашучага павароту, чакалі буйных перамог.
У лагер прыйшлі ўсе, каму можна было сюды прыйсці:
вольныя ад службы партызаны, найбольш надзейныя і правераныя
сувязныя, вясковыя камуністы — кіраўнікі падпольных груп,
камсамольцы. Тут можна было ўбачыць многіх з тых, хто прысутнічаў на
першым раённым падпольным сходзе на лясной палянцы. Вось на парозе
зямлянкі, прыхіліўшыся шырокімі плячыма да вушака, сядзіць Рыгор
Іванавіч Плышэўскі — старшыня загальскага калгаса, той самы, што
прыходзіў на партсход з самаробным кулямётам. Яго група ўжо вырасла
ў самастойны атрад і правяла некалькі даволі значных аперацый. Побач,
на пеньчуку, прымасціўся Сцяпан Карнееў, былы старшыня Загальскага
сельсавета, а цяпер камандзір роты ў атрадзе Далідовіча.
Прыйшла сёння і Феня Конанава — настаўніца, сакратар камсамольскай
падпольнай арганізацыі ў вёсцы Ніжын. Захутаная ў вялікую цёплую
хустку, пры хісткім святле лямпы яна выглядала зусім ужо сталай,
нават пажылой жанчынай. 3 часу партыйнага сходу яна прыкметна
змянілася ў твары, карыя, з чарнявым водбліскам, вочы спакойна і
ўважліва сачылі за ўсім навакольным. На працягу апошніх месяцаў Феня
многа зрабіла ў сваёй і суседніх вёсках. Пры дапамозе Любанскага
падпольнага райкома камсамола, сакратаром якога быў прызначаны Адам
Майстрэнка, яна арганізавала ў Ніжыне моцную камсамольскую групу і
знайшла для яе нямала карыснай работы. Камсамольцы збіралі для
партызан зброю і боепрыпасы, праводзілі дыверсійную работу на
дарогах, распаўсюджвалі лістоўкі. Акрамя гэтага, у хаце Конанавых
была адна з галоўных канспіратыўных явак.
Цяжкім і рызыкоўным было жыццё гэтай сціплай дяяўчыны.
Выконваючы свой патрыятычны абавязак, яна ахвяравала ўсім. Часта
Феня разам са сваёй сястрой, камсамолкай Марыяй, дастаўляла нам
надзвычай каштоўныя звесткі са Слуцка, Асіповіч, Бабруйска. Якое б
цяжкае заданне ні было, Конанава ахвотна бралася за яго і дакладна
выконвала.
Іван Дзянісавіч Варвашэня з навушнікамі ўсё
шарыць і шарыць у эфіры.
Тыя з прысутных, што сядзяць бліжэй, няспынна сочаць за
рухам яго рук, раз-пораз заглядваюць у твар, нібы жадаючы даведацца,
чуе ён што-небудзь ці не. Хто сядзіць далей, сочыць за вачыма
бліжэйшых і, такім чынам, здагадваецца пра поспехі ці няўдачы Івана
Дзянісавіча.
Чакаюць людзі ўжо каля дзвюх гадзін. Тут многа партызан,
якім хутка трэба будзе ісці ў бой. Пачуць бы ім хоць што-небудзь пра
Маскву, пра савецкі тыл, тады лягчэй было б ваяваць, зброя мацней
трымалася б у руках.
Раман Навумавіч падсеў бліжэй да мяне і шэпча, нібы
прадаўжае нашу нядаўнюю размову.
— Пасля бою зноў падамся на Бабруйск, на Мінск...
— Пойдзеш, калі пашлём,— шэптам адказваю яму.
— Абавязкова трэба туды паслаць,— пераконвае Мачульскі.—
Не мяне, дык другога. 3 усімі нашымі гарадамі трэба звязацца,
стварыць там моцнае партыйнае падполле.
—Цяпер ужо, Раман Навумавіч, трэба не толькі ствараць
падполле, а ўмела ім кіраваць, каб яно было дзейсным, узнімала
людзей на барацьбу. Вось што зараз патрэбна...
Я змоўк і крануў Мачульскага за локаць, бо раптам
заўважыў, як задуменна-спакойны твар Івана Дзянісавіча засвяціўся
радасцю. У гэты момант чырвонае вочка прыёмніка пачало гаснуць —
батарэя разраджалася. Усе трывожна азірнуліся, пачалі клікаць
Гальчэню. На шчасце, у яго запаслівым мяшку знайшоўся яшчэ адзін
зарад. Некалькі пар рук ліхаманкава ўзяліся за ўладкаванне
апарата. Не прайшло, мусіць, і трох хвілін, як Варвашэня зноў
схапіўся за навушнікі.
— Што ты быў пачуў тады? — запытаўся ў яго Мачульскі.
—Мне здалося...— Іван Дзянісавіч замяўся і хацеў ужо
надзець навушнікі, не дагаварыўшы.
—Што, што? — пачулася з усіх бакоў.— Кажы, што здалося,
што пачулася?
Варвашэня ўсміхнуўся і, нібы просячы прабачэння за сваю
няўпэўненасць, сказаў:
— Мне здалося, што я пачуў голас Масквы, толькі не магу
яшчэ сказаць цвёрда... Можа, гэта проста ў маіх вушах так прагучала.
I ён зноў паглыбіўся ў эфір. Яго пошукі цяпер былі яшчэ
больш упэўненыя, гэта заўважалася па рухах пальцаў, па выразу твару.
Мабыць, у душы Іван Дзянісавіч верыў, што той голас, які на момант
дайшоў сюды, на далёкі партызанскі востраў, быў голасам Масквы.
Праз нейкі час скрозь шум і трэск зноў у
навушніках пачуўся той жа голас. Варвашэня на гэты раз не падаў
выгляду, пакуль канчаткова не ўпэўніўся, хто гэта гаворыць, а потым
падняў руку і сказаў ура-чыста і ўсхвалявана:
— Сталін, таварышы!
Ён крутнуў рэгулятар гучнасці, і з радыёпрыёмніка
пачуўся знаёмы голас Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
«Цяпер гэты шаленскі план трэба лічыць канчаткова
праваліўшымся».
У прыёмніку зашумелі воплескі.
— Які гэта план? Што было сказана перад гэтым? —
запыталася адразу некалькі чалавек. Яны спадзяваліся, што Іван
Дзянісавіч чуў пачатак прамовы.
— Гэта аб плане «маланкавай вайны»,— сказаў Варвашэня.—
Ціха, таварышы!
«Чым растлумачыць,— роўна і спакойна гучаў у зямлянцы
голас,— што «маланкавая вайна», якая ўдалася ў Заходняй Еўропе, не
ўдалася і правалілася на Усходзе?
На што разлічвалі нямецка-фашысцкія стратэгі,
сцвярджаючы, што яны ў два месяцы пакончаць з Савецкім Саюзам і
дойдуць за гэты кароткі тэрмін да Урала?
Яны разлічвалі перш за ўсё на тое...» — I далей
пералічваліся ўс'е вар'яцкія меркаванні нямецка-фашысцкіх ваяк.
—Мусіць, урачыстае пасяджэнне ў Маскве! — узбуджана
прашаптаў Мачульскі.
Калі ёсць голас Масквы ў эфіры, значыць, Масква жыве; прывітанне
табе, родная сталіца! Голасам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага дарагая
Масква вітала людзей у глыбокім тыле ворага, на глухім палескім
астраўку.
«Няўдачы Чырвонай Арміі,— гаварыў далей Сталін,— не
толькі не аслабілі, а, наадварот, яшчэ болып умацавалі як саюз
рабочых і сялян, так і дружбу народаў СССР».
Зноў зашугалі ў прыёмніку воплескі, некаторыя з
прысутных памкнуліся падхапіць іх, але на тых адразу заківалі,
зашыкалі. Словы добра чуліся ў зямлянцы, іх можна было яшчэ
разбіраць ля адчыненых дзвярэй, а далей яны станавіліся невыразнымі,
зліваліся. Самы дальні з тых, што слухалі, спытаў у суседа, сусед
перадаў "пытанне далей, і яно дайшло аж да Рыгора Плышэўскага, які
сядзеў на парозе зямлянкі. Той адказаў раз, другі, а потым,
прыладзіўшыся, пачаў ціхенька паўтараць паасобныя сказы.
А праз некалькі хвілін Плышэўскі, нічога не сказаўшы,
раптам засмяяўся. Гледзячы на яго, засмяяліся і іншыя, не ведаючы
яшчэ над чым. I толькі праз хвіліну Рыгор Іванавіч, ледзь
стрымліваючы смех, паўтарыў:
— Гітлер падобен на Напалеона не больш, як кацянё на
льва.
I пакаціўся смех бурнай хваляй. Тут ужо нішто не магло
дапамагчы. Можна ўтрымаць людзей ад апладысментаў, ад ускрыкаў
захаплення, калі гэта патрабуюць абставіны. Але калі партызан пачаў
смяяцца, то лепш яму не перашкаджаць, пакуль не насмяецца ўволю,—
усё роўна не перапыніш. За апошнія паўгода людзі мала смяяліся, мала
весяліліся і смяюцца цяпер ад таго, што і на самай справе смешна, і
нават ад радасці і ўсхваляванасці.
3 вуснаў у вусны шапатком перадаваліся словы з эфіру і
так, нібы па жывому тэлеграфу, ішлі па ўсяму востраву.
«Існуе толькі адзін сродак, неабходны для таго,
каб звесці да нуля перавагу немцаў у танках і гэтым самым карэнным
чынам палепшыць становішча нашай арміі. Ён, гэты сродак, заключаецца
не толькі ў тым, каб павялічыць у некалькі разоў вытворчасць танкаў
у нашай краіне, але таксама і ў тым, каб рэзка павялічыць
вытворчасць супрацьтанкавых самалётаў, супрацьтанкавых стрэльбаў і
гармат, супрацьтанкавых гранат і мінамётаў, будаваць больш
супрацьтанкавых равоў і ўсякага роду іншых супрацьтанкавых перашкод.
У гэтым цяпер задача».
—У гэтым задача! — пачулася сярод партызан. Пазней гэты
сказ маланкай разляцеўся па атрадах і моцна прыжыўся ў партызанскім
лексіконе.
Надыходзіў час выступаць на баявыя аперацыі. 3 зямлянкі
выйшлі камандзіры атрадаў і груп. У памяці кожнага гучалі нядаўна
пачутыя словы. Яны выклікалі бадзёрасць і нястрымнае жаданне аддаць
усе сілы на барацьбу з ворагам. Ля радыёпрыёмніка засталіся Сакевіч,
Касцюкавец, Філіпушка і яшчэ некалькі партызан з алоўкамі і паперай.
Яны звяралі свае запісы. Варвашэня адвёў убок кіраўнікоў падпольных
груп, Феню Конанаву і сувязных. Па даручэнню абкома ён паведаміў ім,
што заўтра к поўдню будзе выпушчана спецыяльная лістоўка з дакладам
I.В.Сталіна. Для гэтага пакідаецца група людзей. Іх работа будзе
лічыцца баявым заданнем. Што не ўдалося запісаць цяпер, запішуць па
перадатчыку ТАСС. Неабходна заўтра выслаць сваіх людзей на явачныя
пункты, каб у час забраць лістоўкі і распаўсюдзіць сярод
насельніцтва.
да зместу |
|