|
XIV
План любанскай аперацыі ў нас быў такі.
Дзве баявыя групы са станковымі кулямётамі павінны быць пасланы
наперад, каб перарэзаць дарогі з Любані на Урэчча з паўночнага боку
і на Пагост, Слуцк — з заходняга боку. Было вядома, што ў любанскай
камендатуры ёсць радыё і тэлефонная сувязь з суседнімі гарнізонамі.
Амаль у любы час гітлераўцы маглі кінуць падмацаванні. Мы зрабілі
ўсё для таго, каб у патрэбны час перарэзаць тэлефонны провад, а
канцы іх падключыць да сваіх апаратаў. Калі будуць званіць у Любань
з суседніх гарнізонаў і пытаць, што там за стральба, наш тэлефаніст
па-нямецку павінен адказаць, што камендант заняты, а партызаны
страляюць недзе ў лесе.
Асобна былі створаны ўдарныя групы гранатамётчыкаў і
аўтаматчыкаў пад агульным камандаваннем Бельскага і Варвашэні. Групы
павінны былі нячутна падпаўзці к вялізнаму глінабітнаму будынку, дзе
размяшчалася камендатура, зняць вартавых і роўна а чацвёртай гадзіне
раніцы атакаваць эсэсаўцаў. Камандзірам групы аўтаматчыкаў быў
прызначаны Змітро Гуляеў, камісар атрада Далідовіча. Яму быў прыданы
атрад Патрына. Астатнія партызанскія сілы былі падзелены на дзве
часткі. Адна павінна была наступаць з паўночнага боку мястэчка, а
другая — з паўднёвага. Падрыхтоўка да аперацыі праводзілася ў поўнай
тайне. Ішлі мы ў такі час сутак, калі вораг не надта чакаў
якога-небудзь удару. Складанасць гэтай аперацыі заключалася яшчэ і ў
тым, што на паўднёвы ўсход ад райцэнтра Любань працякае рака Арэса,
а на захадзе было балота.
А другой гадзіне ночы 7 лістапада байцы Гуляева і атрад
Патрына падышлі да таго месца Арэсы, дзе яна працякае найбліжэй да
Любані. Тут быў мост, і, на жаль, ён служыў адзінай пераправай цераз
раку. Гітлераўцы выкарысталі гэта — паставілі тут моцную ахову і,
такім чынам, нібы засланілі сябе ад небяспек з лясістых месц раёна.
Гэтая заслона ўскладніла наша становішча. Мы ведалі пра
нямецкую ахову моста. Меркавалася зняць яе без шуму, аднак, калі
вартавы ўсё ж паспее падняць трывогу, тады наша аперацыя прыме зусім
іншы характар. Таму трэба было ўсё прадбачыць.
Я выклікаў да сябе камандзіраў перадавых
падраздзяленняў.
— Што мяркуеце рабіць? — спытаў у Гуляева.
— Самну,— ціха сказаў ён,— ніхто і піснуць не паспее.
У яго голасе чуліся рашучасць і ўпэўненасць, аднак
нельга было пакладацца толькі на гэта. Каля мяне стаяў Гарбачоў, ён
тут жа атрымаў заданне: у райцэнтр пад выглядам сялян любымі
метадамі заслаць пяцёх партызан, якія ў вызначаны час падышлі б да
моста з гарадка і па сігналу рынуліся на ахову. Затым я загадаў
вылучыць дзве групы: адну ад Гуляева, другую ад Патрына. Яны павінны
былі падысці да моста не па дарозе, а ўздоўж ракі: адна з правага
боку, другая з левага. Задача: знішчыць ахову, чаго б гэта ні
каштавала. Калі ж не ўдасца зняць яе паціху, знішчыць з шумам, аднак
раптоўна і ў тую ж хвіліну рынуцца ўсёй сілай у райцэнтр, каб не
даць гітлераўцам прыняць баявы парадак і заняць збудаваныя імі
ўмацаванні.
Пайшлі на мост чатырнаццаць смельчакоў: сем з аднаго
боку, сем з другога, а пяць партызан павінны былі накінуцца на ахову
з боку горада. Выбраўшы зручны момант, яны так лоўка схапілі
нямецкіх патрулёў, што тыя і сапраўды піснуць не паспелі. Тры
кулямётчыкі спалі каля агнявога пункта, але ім не давялося нават
прачнуцца... Было яшчэ некалькі паліцэйскіх у каравульным памяшканні.
Яны таксама былі знішчаны.
Дарога была ачышчана, атрад і групы рушылі па
вызначаных маршрутах на свае пазіцыі.
Выйшлі амаль дакладна па плану каля будынкаў, дзе
размясціліся эсэсаўцы. Партызан аклікнуў толькі адзін вартавы, а
астатнія, пачуўшы небяспеку, збеглі. Кароткай чаргой з аўтамата
Гуляеў скасіў гітлераўца. Страляць дачасна забаранялася, гэта магло
ўспалашыць гарнізон, аднак іншага выйсця не было. Пакуль фашысты
ўзварушыліся, групы Гуляева паспелі дасягнуць глінабітнага будынка.
Загрымела «кішанёвая артылерыя». Чуўся звон шкла, дзікія крыкі і
стогны гітлераўцаў. 3 вышак застрачылі два станковыя кулямёты.
Флангавыя групы Патрына адкрылі агонь па вышках і па вокнах будынка.
Акупанты спрабавалі выскакваць праз вокны, але тут жа падалі ад
куль. Застракаталі нямецкія кулямёты і з іншых агнявых пунктаў,
аднак з перапалоху яны білі неўпапад. У цемені, добра ведаючы кожны
закавулак у гарадскім пасёлку, нашы атрады абышлі іх.
Акрамя эсэсаўцаў у Любані была камендатура, гестапа,
атрад паліцыі. Яны былі атакаваны баявымі групамі Далідовіча і
Розава. Акупанты спрабавалі супраціўляцца: на вуліцах паднялася
бязладная страляніна, аднак налёт быў такі раптоўны, што ўся
фашысцкая зграя, апанаваная страшэннай панікай, не здолела заняць
абароны.
Бой цягнуўся каля дзвюх гадзін, ён прайшоў нават з
большым поспехам, чым мы чакалі. Варожы гарнізон быў разгромлены
поўнасцю. Больш паўсотні фашыстаў было забіта, шмат паранена, частка
паліцаяў разбеглася. Нашы атрады захапілі багата зброі, боепрыпасаў,
прадуктаў і вопраткі. Значная частка прадуктаў і вопраткі была
раздадзена мясцоваму насельніцтву.
Раніцай, калі асноўныя групы ўжо адышлі ад Любані і
часова прыпыніліся ў вёсцы Рэдкавічы, мы атрымалі данясенні
камандзіраў засад на дарогах. Яны паведамлялі, што варожых
падмацаванняў не відаць. Гэта крыху здзівіла нас: няўжо наш удар быў
такі раптоўны, што гітлераўцы нават не паспелі ўзняць трывогі? Я
аддаў загад зняць заставы. У гэты час наш тэлефаніст далажыў, што
званілі з суседніх гарнізонаў, але ён адказаў на трывожныя запытанні
па-нямецку: «Нічога страшнага ў Любані не адбываецца, проста так
палохаем стральбой партызан». Фашысты і супакоіліся.
Ужо добра развіднела, настала зябкаватая, аднак
здаровая і даволі яшчэ светлая раніца позняй восені. Сонца паднялося
і зайграла ў вокнах трапяткімі, рознакаляровымі вясёлкамі. I па меры
таго як яно падымалася, усё свяжэла і свяжэла на вуліцы: молада
жаўцелі яшчэ не паспеўшыя пачарнець за вайну новыя платы, лёгкі іней
раставаў на стрэхах, мільгаючы і пабліскваючы вадзянымі кропелькамі,
сям-там з утульнага кутка, дзе-небудзь з-пад гнілога шула, выглядаў
пучок яшчэ зялёнай травы і, прыцягнуўшы на сябе сонечны праменьчык,
здавалася, выхваляўся перад усімі сваёй трываласцю. Настала якраз
тая хвалюючая гадзіна, калі савецкі чалавек некалі выносіў з хаты
чырвоны сцяг, вывешваў яго над брамаю і, поўны бадзёрасці і
ўрачыстасці, накіроўваўся на дэманстрацыю.
Сонца свяціла ласкава, па-святочнаму, нас так і цягнула
адкласці на нейкі час усе справы і арганізаваць у гэтай вёсцы
дэманстрацыю, правесці свята па ўсіх правілах, як у добрыя мінулыя
часы. Аднак затрымлівацца надоўга мы тут не маглі. Ясна было кожнаму,
што фашысты хутка ўзварушацца, кінуць войскі на Любань, тады нам
цяжэй будзе адысці на свае базы. Вось ужо і дзевяць гадзін раніцы.
На вуліцу выйшлі дзяўчаты. Яны апрануты па-святочнаму.
Традыцыя святкавання кастрычніцкай даты ўжо так увайшла ў свядомасць
людзей, што стала духоўнай патрэбай. Напярэдадні акупанты абвясцілі,
што ўсе савецкія святы адмяняюцца, што за святкаванне гадавіны
Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі людзі будуць цяжка пакараны,
аднак жа вось дзяўчаты выйшлі. Паступова на вуліцы пачало з'яўляцца
ўсё больш і больш людзей. Спачатку нясмела, з асцярогай, а потым на
ўвесь голас яны пачалі загаварваць з нашымі партызанамі. Даведаўшыся,
што гэта мы сёння ноччу страсянулі любанскі гарнізон, сяляне
мнагазначна, з адабрэннем у вачах, усміхаліся, падміргвалі адзін
аднаму. Слова за слова,— даведаліся сяляне, што ўчора ўвечары мы
слухалі Маскву. Ну, тут і пайшло! Абступілі нас з усіх бакоў,
просяць затрымацца хоць на адну хвіліну, хоць двума словамі
паведаміць, што там чутно ў Маскве, у Крамлі
Так сам сабою ўзнік у Рэдкавічах святочны мітынг.
Рызыкуючы трапіць у небяспечнае становішча, мы ўсё ж крыху
затрымаліся ў вёсцы. Я павіншаваў сялян са святам дваццаць чацвёртай
гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і перадаў
змест прамовы Сталіна на ўрачыстым пасяджэнні ў Маскве.
Здавалася, што ні ў адно свята людзі не перажывалі
такой вялікай усеабдымнай радасці. I мы радаваліся разам з імі.
Радаваліся ад таго, што Радзіма наша выстаяла перад варожым націскам
і што далей, то ўсё больш набірае сілы наша Чырвоная Армія. Нарэшце
радасць прыходзіла і ад таго, што наш вялікі партызанскі бой прайшоў
з поспехам.
Сонца было ўжо над стрэхамі, калі мы пакідалі вёску. Па
вуліцы ішлі строем, усе сяляне праводзілі нас. I вось перад намі і
ўслед за намі, дзе па вуглах хат, дзе на варотах, пачалі з'яўляцца
чырвоныя сцягі. Рэдкавічы віталі дваццаць чацвёртую гадавіну
Кастрычніка. У партызан цвярдзеў крок, бо чырвоныя сцягі віталі і
нашу перамогу, заклікалі нас наперад.
Па дарозе ў лагер нас дагналі партызаны адной з нашых
застаў. На павозцы ля станковага кулямёта ў іх ляжаў нейкі чалавек,
вымазаны ў гразь так, што нават цяжка было разгледзець яго вопратку,
твар, нельга было вызначыць узрост.
— Хто такі? — спытаў я ў камандзіра заставы.
— Паліцэйскі,— упэўнена адказаў той,— схапілі каля
мястэчка, бег некуды.
— А чаму на павозцы, хіба ісці не можа?
— Ды так што не можа, таварыш камандзір. Заморак нейкі,
мусіць, хваравіты: а тут яшчэ хлопцы далі яму прыпаркі, ён і самлеў.
—Шчасце яго,— умяшаўся ў гаворку Якаў Бердніковіч,— што
хутка абвяў, а то б мы яму, гаду, са злосці пячонкі адбілі б. Яшчэ
прыкідваецца сваім, смярдзюга, дурняў знайшоў. Вось ачухаецца, дык
мы яму яшчэ...
—Ніякіх самасудаў! — рэзка абарваў я Бердніковіча і
паклікаў Гарбачова. Цяжкая здагадка мільганула ў мяне: магчыма, гэта
сапраўды наш чалавек, той самы падполыпчык, якога Гарбачоў прыладзіў
у любанскім гарнізоне.
На вялікае здзіўленне ўсіх, і асабліва Бердніковіча,
які вельмі быў старанным у правучванні «паліцэйскага», выявілася,
што гэта і ёсць Раменьчык, наш партызан-разведчык. Ен ледзь не
загінуў у часе налёту. Сапраўды складанае становішча было ў чалавека.
Па службе разведчыка яму трэба было заставацца ў гарнізоне да
апошняй хвіліны і чакаць нашых. Раменьчык пайшоў на самаахвярнасць і
сумленна выканаў свой патрыятычны абавязак. Ён пастараўся зрабіць
так, каб з дзвюх гадзін ночы самому стаяць вартавым. Пры з'яўленні
партызан ён кінуў пост і, выкарыстаўшы паніку і перапалох сярод
гітлераўцаў, сапсаваў у камендатуры рацыю, тэлефонныя апараты, каб
слуцкі, пагосцкі і старобінскі гарнізоны не здолелі прыслаць
падмацавання.
Потым, каб не трапіць пад гарачую руку партызан,
Раменьчык прытуліўся ў надзейным месцы, перачакаў самы гарачы час і
падаўся ў той бок, куды адышлі партызаны. Тут яго і схапіла наша
застава. Вядома, што калі чалавек быў у паліцэйскай форме, то
размова з ім доўга не цягнулася.
У лагеры нас чакала вельмі радасная навіна. Работнік
абкома Сакевіч, які разам з невялікай групай партызан застаўся на
месцы для выпуску лістовак, паведаміў, што ў Маскве, на Краснай
плошчы, толькі што адбыўся ваенны парад, на якім з прамовай выступіў
I.В.Сталін. Тэкст прамовы ўдалося запісаць поўнасцю.
«...Таварышы чырвонаармейцы і чырвонафлотцы, камандзіры
і палітработнікі, партызаны і партызанкі! — гаварыў Вярхоўны
Галоўнакамандуючы.— На вас глядзіць увесь свет як на сілу, здольную
знішчыць грабежніцкія полчышчы нямецкіх захопнікаў. На вас глядзяць
заняволеныя народы Еўропы, падпаўшыя пад ярмо нямецкіх захопнікаў,
як на сваіх вызваліцеляў. Вялікая вызваленчая місія выпала на вашу
долю. Будзьце ж дастойнымі гэтай місіі! Вайна, якую вы ведзяце, ёсць
вайна вызваленчая, вайна справядлівая. Няхай натхняе вас у гэтай
вайне мужны вобраз нашых вялікіх продкаў — Аляксандра Неўскага,
Дзмітрыя Данскога, Кузьмы Мініна, Дзмітрыя Пажарскага, Аляксандра
Суворава, Міхаіла Кутузава! Няхай асяніць вас пераможны сцяг
вялікага Леніна!
За поўны разгром нямецкіх захопнікаў!»
У хуткім часе пачалі прыбываць данясенні з другіх
раёнаў. Першым з'явіўся пасланец ад Меркуля і Коржа. Яго даклад
выклікаў ва ўсіх нас небывалае ажыўленне. Справа ў тым, што атрад
Коржа разам з групай партызан Меркуля, пры актыўнай дапамозе
калгаснікаў, адным заходам знішчыў тры паліцэйскія гарнізоны ў
вёсках Заброддзе, Чырвонае Возера і Осава. Прычым знішчыў іх, мала
прымяняючы зброю.
Да аперацыі Корж падрыхтаваўся добра. Дасканала
вывучыўшы абстаноўку, Васіль Захаравіч вырашыў не траціць вельмі на
паліцэйскіх патронаў, а захапіць іх усіх без шуму. Аб сваіх
меркаваннях ён расказаў членам бюро Старобінскага райкома партыі.
План быў ухвалены. Раённы камітэт вылучыў у дапамогу Коржу групу
байцоў Меркуля. Пагаварылі з партызанамі, іх таксама захапіў смелы і
арыгінальны план чарговай аперацыі.
Пачалі дзейнічаць. Васіль Захаравіч Корж узяўся быць за
перакладчыка, а камсамолец партызан Нордман, які нядрэнна валодаў
нямецкай мовай, апрануўся ў форму нямецкага афіцэра і стаў «камендантам».
Астатніх партызан таксама пераапранулі ў нямецкую вопратку. У баявую
групу падбіраліся людзі смелыя, рашучыя, з вялікай вытрымкай і
моцнай воляй.
Досвіткам падышлі да вёскі Заброддзе. Паставілі вакол
кулямёты, потым падзяліліся на групы па два, па тры чалавекі і
пайшлі. Корж ішоў з «камендантам». Паліцэйскія тут былі не на
казарменным становішчы, таму даводзілася заходзіць «у госці» амаль
да кожнага. Корж адразу накіраваўся да двара старасты. Апынуўшыся
каля яго хаты, Васіль Захаравіч моцна пастукаў у акно.
— Хто там? — адазваўся хрыпаты мужчынскі голас.
— Камендант Шульц,— грозна прамовіў Нордман.
А «перакладчык» у сваю чаргу растлумачыў:
— Пан камендант хоча пагаварыць з вамі.
Тым часам «камендант» пачаў выкрыкваць нямецкія словы,
стараючыся падбіраць найбольш злосныя і зняважлівыя. Прайшло
некалькі хвілін, і ў вокнах з'явілася святло, потым загрымела
запора, дзверы адчыніліся. Корж, у суправаджэнні двух пераапранутых
партызан, увайшоў у хату. Стараста, пажылы, злыселы мужчына, лісліва
пакланіўся, нешта залепятаў, а калі выпраміўся, дык раптам збялеў,
рот яго пакарэжыўся. Мабыць, аднаго з партызан ён пазнаў. Нервовым
узмахам рукі ён збіў лямпу, кінуўся ў сенцы і схапіў сякеру.
Страляць пабаяўся, бо ў хаце былі яго жонка і дзеці. Коржу таксама
нельга было страляць: у цемені можна было трапіць у сваіх.
Завязалася кароткая, але вельмі адчайная і рашучая барацьба. Варта
было зрабіць які-небудзь промах, і ўся аперацыя магла б праваліцца.
Калі толькі стараста вырвецца жывым, ён зараз жа падыме трывогу.
У такіх выпадках рашучасць і імклівасць — галоўнае.
Злавіўшы ліхтарыкам стараставу лысіну, Корж нацэліў на яго пісталет
і загадаў кінуць сякеру. Яркае святло асляпіла здрадніку вочы. Не
паспеў ён адумацца, як адзін з партызан забег збоку і стукнуў яго
аўтаматам па галаве. Сякера выпала з рук. Старасту звязалі і
вывалаклі на вуліцу.
Прыкладна такім жа чынам, дзе лягчэй, дзе цяжэй,
партызаны расправіліся з астатнімі паліцэйскімі вёскі Заброддзе.
Мясцовыя калгаснікі дапамагалі партызанам лавіць і знішчаць ворагаў.
Тых, хто застаўся жывы, забралі з сабою, надзейна павязаўшы ім рукі.
Рушылі далей. На дварэ ўжо добра развіднела, але
партызаны ішлі строем, зусім не маскіруючыся. Неўзабаве паказалася
вёска Чырвонае Возера. Не даходзячы да яе, можа, з паўкіламетра,
Корж загадаў пакласці ўсіх паліцэйскіх, якіх вёў з сабою, ніцма на
зямлю, тут жа каля павозак пакінуў ахову з кулямётамі, а сам з
Нордманам і групай партызан пайшоў у вёску. Сустрэўшы на вуліцы
аднаго паліцэйскага, «перакладчык» загадаў яму правесці «пана
каменданта» да старасты. Той рад быў дагадзіць начальству.
— Даўно служыш? — спытаў у яго Корж.
— Даўно,— угодліва адказаў паліцай,— з першых дзён
вызвалення.
— Ого!— «Перакладчык» зрабіў здзіўлены выгляд.— Значыць,
ветэран?
— Што?
— Ветэран, кажу, стары служака. Тутэйшы ці прыезджы?
— Тутэйшы, але даўно не быў тут.
— А дзе ж ты быў?
— У савецкай турме.
— Так, так, — заківаў галавою «перакладчык». А «камендант»
ухвальна сказаў:
— Гут, гут.
—Нагараваўся ты, відаць,— прадаўжаў «перакладчык».— Ды
нізавошта, відаць?
—За дробязь адну,— падахвочаны «немцамі», выкладваў паліцай,—
стрэліў быў у аднаго актывіста калектывізацыі, ды не пацэліў добра,
а толькі параніў...
—Нагараваўся, нагараваўся,— спачуваў «перакладчык».—
Ну, нічога, цяпер ты ў нас патрэбны чалавек. Паслужыш яшчэ крыху,
павысім, узнагароду дадзім...
—Павесім...— з націскам сказаў «камендант» і лагодна заківаў
галавой. Твар яго выяўляў задаволенне ад таго, што і ён здолеў нешта
зразумець па-руску і нават прыняць удзел у размове: — Па-авес-сім...
Паліцэйскі палахліва глянуў на яго.
— Не бойся! — супакоіў яго «перакладчык».— Пан Шульц яшчэ
толькі вучыцца гаварыць па-руску.
Падышоўшы да двара старасты, Корж пакінуў партызан на дварэ,
а сам з «камендантам» увайшоў у хату.
—Добры дзень, пан! — сказаў «перакладчык» у той час, як «пан
камендант» таксама прывітаўся па-нямецку.— Як здароўе, пан?
Стараста, нізка пакланіўшыся, памкнуўся ўжо адказваць, але «камендант»
нешта выкрыкнуў па-нямецку.
—Вінаваты! — казырнуўшы, адказаў «перакладчык» і, рэзка
павярнуўшыся да старасты, прамовіў:
— Пан камендант не хоча ведаць пра ваша здароўе, а загадвае
зараз жа сабраць увесь гарнізон у школу. У яго будзе вельмі важнае
паведамленне. Усе павінны прыйсці са зброяй.
Стараста яшчэ раз угодліва пакланіўся:
— Слухаю!
«Камендант» і «перакладчык» пайшлі ў школу. Хутка туды пачалі
збірацца паліцэйскія, і калі ўсе былі ў зборы, «камендант» даў знак
«перакладчыку» пачынаць. «Перакладчык» устаў, акінуў усіх непрыязным
позіркам і пачаў з самых рэзкіх слоў:
—Гультаі вы, абібокі, а не памочнікі нямецкага
камандавання! Пан камендант зусім не задаволены вамі. Чаму вы не
нападаеце на партызан у лесе, а седзіцё па сваіх хатах? Што гэта
вам, паліцэйскі гарнізон ці бязладнае зборышча? Нават службы аховы
няма, ні пароля, нічога. Чаму гэта і сюды некаторыя прыйшлі без
вінтовак?
У заключэнне «перакладчык» ад імя «каменданта» загадаў
паліцэйскім зараз жа ісці да павозак, што стаяць за вёскай, і
атрымаць там аўтаматы.
— Пойдзеце на буйную аперацыю,— растлумачыў «перакладчык».
Паліцэйскія пад камандай старасты накіраваліся ва ўказанае месца, а
там іх сустрэў Меркуль, які са сваёй групай, узброенай кулямётамі,
увесь час пільна сачыў за ўсім, што рабілася ў вёсцы.
— Скласці вінтоўкі! — скамандаваў ён. Некаторыя з
паліцаяў пазналі Меркуля і кінуліся наўцёкі, але зараз жа былі
скошаны аўтаматнай чаргой. Астатнія паспешна выканалі каманду.
—Кладзіцеся на зямлю! — загадаў Меркуль. Паліцаі
паляглі ўніз тварамі.
Пачуўшы страляніну, узварушыўся суседні, осаўскі
гарнізон. Паліцаям захацелася даведацца, што робіцца ў Чырвоным
Возеры. Падышоўшы да вёскі і ўбачыўшы на ўскраіне групу людзей,
осаўскія паліцэйскія рассыпаліся ў ланцуг і заляглі, пачалі
прыглядацца. Здалёк ім цяжка было разабраць, што за людзі каля вёскі
Чырвонае Возера.
Корж таксама заўважыў няпрошаных гасцей. Ён
загадаў Меркулю ўзяць іх на прыцэл, а сам з «камендантам» і з
невялікай групай партызан пад камандай Шатнага пайшоў насустрач
паліцэйскім. Корж ужо добра ўвайшоў у ролю «перакладчыка». Тут ён
гучна лаяўся, энергічна размахваў пісталетам і крычаў:
— Пан камендант загадвае вам неадкладна выступіць для
сумесных дзеянняў супраць партызан! Зараз жа падыдзіце!.
Праз некалькі хвілін паліцэйскія вырашылі накіраваць да
Коржа свайго парламенцёра. Спярша паказаўся белы шматок на штыку,
потым паліцай устаў і дробным няўпэўненым крокам стаў набліжацца.
«Камендант» выкрыкнуў нешта незразумелае, а «перакладчык» спытаў:
— Паліцэйскія вы ці чорт вашу маці ведае хто?
— Паліцэйскія, пан, паліцэйскія,— залапатаў парламенцёр.
—Пан камендант не верыць, што вы паліцэйскія,— грозным
тонам прадаўжаў «перакладчык».— Якога тады чорта вы туляецеся ў час
аперацыі супраць партызан? Калі вы сапраўды паліцэйскія, дык пан
камендант загадвае вам падысці да яго без зброі.
Паліцэйскі кінуў вінтоўку і ледзь не бежкам паспяшаўся
да «каменданта». У гэты момант Корж зірнуў на Шатнага і вельмі
здзівіўся. За некалькі крокаў ад яго стаяў ужо нібыта і не Шатны,
бясстрашны партызан, а нікчэмны, гарбаты паліцэйскі: падбароддзе ў
яго было падвязана нейкай зношанай чорнай хусткай, шапка насунута на
вушы, шыя ўцягнута ў каўнер. У чым справа? Але не час цяпер
цікавіцца. Корж звярнуўся да парламенцёра:
— Хто ў вас старшы?
— Я,—далажыў паліцэйскі.
— Прозвішча?
— Ляўшэвіч, пан.
«Перакладчык» аж здрыгануўся, аднак выгляду не падаў.
Гэтае прозвішча вельмі ж запомнілася яму.
— Кліч сюды ўсіх! — загадаў ён.
— Гэта нашы! — гукнуў Ляўшэвіч сваім.— Гэта нашы,
ідзіце сюды смела!
Чатырнаццаць паліцэйскіх падняліся са сваіх месц і
накіраваліся да Меркуля. Калі яны непрыкметна былі ўзяты пад канвой,
Корж ціха спытаў у Шатнага:
— Чаго ты так абматаўся?
— Каб не пазналі пакуль што,— шапнуў Шатны.— Гэты
Ляўшэвіч мяне ведае.
Аднак ні здрадніку Ляўшэвічу, ні яго падначаленым і ў
галаве не было прыглядацца да прыезджых «паліцэйскіх». Калі ёсць
сапраўдны нямецкі камендант і сапраўдны перакладчык, дык чаго там
прыглядацца да паліцэйскіх. Ясна, што і паліцэйскія з акупантамі
будуць.
Калі ж яны падышлі да павозак і апынуліся пад рулямі
кулямётаў, Шатны зняў павязку і ступіў да Ляўшэвіча.
— Партызаны! — не сваім голасам закрычаў Ляўшэвіч, але
тут жа быў збіты з ног трапным ударам Меркуля.
— Кідай зброю! — скамандаваў Меркуль астатнім. Паколькі
паліцэйскія былі жорсткія і бязлітасныя да мясцовага насельніцтва,
настолькі ж баязлівымі аказаліся тут.
Усе адразу пакідалі зброю, а Ляўшэвіч раптам
паспрабаваў даводзіць, што ён не вінаваты, што яго сілаю прымусілі
пайсці ў паліцыю.
— Вырадак ты агідны! — сказаў яму Меркуль.— Ты думаў,
што мы так і не дабяромся да цябе!
I тут жа перад усімі партызанамі ён далажыў Коржу, хто такі Ляўшэвіч.
Васіль Захаравіч спакойна выслухаў Меркуля, прайшоўся
сюды-туды па абмёрзлай мураве, падумаў, потым коратка загадаў:
— Расстраляць здрадніка Радзімы!
Следам за гэтым ён загадаў расстраляць таго
чырвонаазерскага паліцая, які выхваляўся сваімі «заслугамі»,
праводзячы «каменданта» і «перакладчыка» да старасты. 3 астатнімі
зрабілі згодна прысуду мясцовых людзей: хто пайшоў у паліцаі
добраахвотна і паспеў ужо нарабіць шмат шкоды,— расстралялі, а тых,
хто трапіў у гэтую бандыцкую шайку пад прымусам, не праяўляў
актыўнасці на службе ў фашыстаў і нават не меў зброі, пусцілі дадому.
Вестка аб гэтай аперацыі маланкай абляцела раёны.
Па ўсіх вёсках пачалі гаварыць, што Корж з Меркулем неўзабаве
ліквідуюць усю старобінскую і жыткавіцкую паліцыю.
Ад Паўлоўскага і Маханька прыйшлі паведамленні пра
налёт на капаткевіцкі гарнізон. Камандзіры перадавалі, што аперацыя
прайшла паспяхова: забіта звыш двух дзесяткаў гітлераўцаў і паліцаяў,
узяты трафеі. 3 боку партызан ахвяр не было. У дадатак да аперацыі
Коржа Меркуль паведаміў, што яго група зрабіла яшчэ ўдалы налёт на
пагосцкі гарнізон у Старобінскім раёне.
Жыткавіцкая група не здолела паварушыць местачковага
гарнізона, аднак яна зрабіла не менш важную справу: групе ўдалося
ўзарваць жыткавіцкую міжраённую нафтабазу, дзе за апошнія часы
акупанты назапасілі сотні тон гаручага.
Жукоўскі ўдарыў па чырвонаслабодскаму гарнізону, Жыжык
— па капыльскаму. Партызаны Пакроўскага разграмілі
нямецка-паліцэйскі гарнізон у мястэчку Смілавічы і спалілі склад з
валёнкамі, падрыхтаванымі для гітлераўскай арміі.
У гэтыя ж дні стала вядома, што баявыя падпольныя групы
ў Мінску зрабілі рад буйных дыверсій на чыгуначным вузле. Была
выведзена са строю помпа на станцыі Мінск-Таварная. У выніку вузел
застаўся без вады.
Дзесяць дзён немцы вымушаны былі ганяць паравозы на
мост, дзе ім падавалі ваду з рэчкі. Праз недахоп вады шмат паравозаў
выйшла са строю.
I ў многіх іншых месцах у гэтыя дні нямецкія захопнікі
добра адчулі на сваёй скуры смелыя і магутныя ўдары народных
мсціўцаў.
Так партызаны Міншчыны адзначылі дваццаць чацвёртую
гадавіну Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
Праз некаторы час па ўсіх атрадах, па ўсёй Беларусі
разнеслася радасная, хвалюючая душу вестка: нямецкія полчышчы былі
разгромлены пад Масквой і адагнаны ад роднай сталіцы.
да зместу |
|