Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

XV

     Вялікая перамога нашых гераічных войск на подступах да Масквы прынесла нам, як і ўсяму савецкаму народу, радасць і шчасце, акрыліла партызан, павысіла баявы дух і яшчэ больш умацавала веру ў канчатковую перамогу над гітлераўскай Германіяй. Помню, якое бурнае ажыўленне, якая ўсхваляванасць былі ў нас у штабе пасля прыёму па радыё паведамлення Савецкага інфармбюро ад 11 снежня 1941 года. Звычайна да таго часу, пакуль не будзе прынята зводка, ніхто з нас не ішоў на адпачынак, а калі хто і адпачываў пасля цяжкай зморанасці, дык неўзабаве падымаўся і чакаў свежых вестак з фронту. Як пачуем, бывала, што нашы войскі перамагаюць, дык на душы робіцца цёпла, радасна, здаецца, вось устаў бы і ў гэтую ж хвіліну пайшоў на новую аперацыю, хоць толькі што вярнуўся з поля бою.
     Зводкі прымаў работнік штаба Аляксандр Сакевіч. Ён быў адказным за распаўсюджванне іх, за выпуск лістовак і іншай падпольнай літаратуры. I як толькі Сакевіч у пэўны час пераступаў парог штабной зямлянкі, мы па выразу на яго твары ўжо здагадваліся, якія весткі ён прынёс. Калі на нашых франтах былі поспехі, вочы ў Сакевіча радасна блішчалі, на вуснах свяцілася шырокая ўсмешка. Калі ж весткі былі няўцешныя, Сакевіч заходзіў у зямлянку пануры, часцей за ўсё не гаварыў ні слова і, нібы адчуваючы сябе вінаватым, не глядзеў нікому ў вочы.
     Цікава, што і ў партызан выпрацаваліся нейкія своеасаблівыя адносіны да Сакевіча. Калі ён прыносіў добрыя навіны, усе ласкава, бадзёра ўсміхаліся яму, частавалі тытунём, а калі дрэнныя — непрыязна адварочваліся, таілі крыўду, нібы Сакевіч і сапраўды быў вінаваты ў тым, што зводку перадалі нярадасную.
I вось ноччу з адзінаццатага на дванаццатае снежпя 1941 года сабраліся мы ў штабной зямлянцы і сталі чакаць Сакевіча.
     Нарэшце ён з'явіўся. I не проста ўвайшоў, а ўварваўся як бура. Мы толькі павярнуліся да яго і зразумелі, што адбылося штосьці важнае, штосьц вялікае.
     — Чытай, хутчэй чытай!
     Сакевіч абвёў усіх урачыстым позіркам і, дастаўшы з-за пазухі сшытак, пачаў:
     «У апошнюю гадзіну. Правал нямецкага плана акружэння і ўзяцця Масквы. Паражэнне нямецкіх войск на подступах да Масквы».
     Ён з прыціскам вымаўляе кожнае слова, нібы стараючыся надаць яму яшчэ большае значэнне, чым яно мае.
«...6 снежня 1941 года,— чытае ён далей,— войскі нашага Заходняга фронту, знясіліўшы праціўніка ў папярэдніх баях, перайшлі ў контрнаступленне супраць яго ўдарных флангавых груповак. У выніку пачатага наступлення абедзве гэтыя групоўкі разбіты і паспешліва адыходзяць, кідаючы тэхніку, узбраенне і несучы велізарныя страты».
     «...Пасля пераходу ў наступленне, з 6 па 10 снежня, часцямі нашых войск занята і вызвалена ад немцаў звыш 400 населеных пунктаў».
     Затым, пералічыўшы трафеі, Сакевіч перадыхнуў, зноў абвёў усіх нас урачыстым позіркам і прачытаў заключную частку паведамлення.
     «...Германскае інфармацыйнае бюро пісала ў пачатку снежня:
     «...Германскія колы заяўляюць, што германскае наступленне на сталіцу бальшавікоў прасунулася так далёка, што ўжо можна разглядзець унутраную частку горада Масквы праз добры бінокль».
     Сакевіч спыніўся і, усміхнуўшыся, дадаў:
     — Не бачыць ім Масквы, як сваіх вушэй. I далей прадаўжаў:
    «Цяпер ужо несумненна, што гэты выхвальны план акружэння і ўзяцця Масквы праваліўся з трэскам. Немцы тут яўным чынам пацярпелі паражэнне.
      Немцы скардзяцца на зіму і сцвярджаюць, што зіма перашкодзіла ім ажыццявіць план заняцця Масквы. Але ж, па-першае, сапраўднай зімы яшчэ няма ў нас пад Масквою, таму што маразы дасягаюць у нас не больш 3 — 5 градусаў. Па-другое, скаргі на зіму азначаюць, што немцы не паклапаціліся забяспечыць сваю армію цёплым абмундзіраваннем, хоць яны на ўвесь свет пракрычалі, што даўно ўжо гатовы да зімняй кампаніі. А не забяспечылі яны сваёй арміі зімнім абмундзіраваннем таму, што спадзяваліся скончыць вайну да наступлення зімы. Спадзяванні немцаў, як відаць, не апраўдаліся. Тут быў дапушчаны немцамі сур'ёзны і бясспрэчны пралік. Але пралік у нямецкіх планах ніяк ужо нельга растлумачыць зімнімі ўмовамі кампаніі. Не зіма тут вінавата, а арганічны дэфект работы германскага камандавання ў галіне планавання вайны.»
     Прачытаўшы зводку, Сакевіч паклаў яе на стол. Амаль кожны з нас яшчэ сам прачытаў паведамленне, а потым мы разгарнулі карту. Вызваленыя нашымі войскамі гарады мы любоўна абвялі на карце чырвоным алоўкам. Усхвалявана, з вялікай радасцю думалі мы пра шчасце тых нашых савецкіх людзей, якія цяпер святкуюць сваё вызваленне ад акупантаў.
      Мы разам з гэтымі людзьмі, мы змагаемся адзіным фронтам! Гэта надавала нам яшчэ больш рашучасці і гартавала волю да перамогі.
     Невымернай была наша радасць ад усведамлення таго, што роднай і любімай сталіцы больш не пагражае небяспека акружэння, што ўшчэнт разляцеліся ўсе правакацыйныя выдумкі фашысцкай прапаганды аб узяцці Масквы. Цяпер у нас, у глыбокім тыле ворага, яшчэ больш пашырыцца бязлітасная барацьба з акупантамі, увесь беларускі народ возьмецца за зброю.
     Да раніцы была выпушчана спецыяльная лістоўка і разаслана ва ўсе раёны Мінскай, Палескай і частткова Магілёўскай абласцей.
     Акрамя штаба ў кожным атрадзе нашага злучэння было прынята гэтае гістарычнае паведамленне Саўінфармбюро. Яго размнажалі і распаўсюджвалі атрады, падпольныя групы. Праз дзень-два ўсё насельніцтва ведала аб вялікай перамозе нашых войск пад Масквой. Тысячы мужчын і жанчын з вёсак і гарадоў прыйшлі пасля гэтага ў партызанскія атрады. Цэлыя абозы са збожжам і харчаваннем амаль бесперапынна прыбывалі на нашы базы.
* * *
     Неабходнасць непасрэднай сувязі з Масквой наспявала з кожным днём усё больш і больш. Мы штодня слухалі нашу сталіцу, прымалі весткі з франтоў. Маскву мы чулі,— гэта была вялікая натхняючая справа, але ж Масква яшчэ не ўсё чула пра нас. Сувязь з ЦК КП(6)Б і з Беларускім штабам партызанскага руху ў нас была не сістэматычная. Яна парушылася з таго дня, калі мы выехалі з Мазыра. А так хацелася, каб пра партызанскія справы ведалі ў Маскве, у нашых братніх рэспубліках. Нам вельмі патрэбна была дапамога роднай сталіцы і шчырая падтрымка братніх народаў.
     Мы слухаем Маскву, сочым за гераічнымі справамі нашых воінаў, уральскіх рабочых, новасібірскіх, тамбоўскіх калгаснікаў, за самаадданай працай грузінскіх і ўзбекскіх працоўных. Іх подзвігі натхняюць нас на яшчэ больш шырокае разгортванне партызанскага руху, на яшчэ болып моцныя ўдары па ворагу. Няхай бы і пра нас паслухалі на Вялікай зямлі. I нам вельмі хацелася падаць свой голас, зрабіць сваю справаздачу перад нашымі франтамі, перад савецкім народам.
     Што трэба для гэтага? Вядома, у першую чаргу добрая, сістэматычная радыёсувязь. Аднак гэтага ў нас пакуль што не было. Мы маглі зрабіць цяпер толькі адно: паслаць у савецкі тыл яшчэ адну групу нашых вопытных партызан. Праўда, гэта было не зусім надзейнае мерапрыемства, але трэба рабіць тое, што можна. Наша трывога ішла ад таго, што першая група, пасланая намі ў ЦК, пакуль што не вярнулася, аднак траціць надзеі на тое, што яна яшчэ вернецца, было рана. Важна тое, што мы яшчэ ў верасні ўпэўніліся, што нашы пасланцы дасягнулі мэты. Аднаго разу Сакевіч, прыняўшы чарговую зводку Саўінфармбюро, у незвычайным узбуджэнні прыбег да нас:
     — Таварышы! — узрадавана загаварыў ён.— Пра нашых партызан гавораць, вось слова ў слова запісана. Наш Пятровіч выканаў заданне!
     I ён прачытаў паведамленне Саўінфармбюро ад 21 верасня 1941 г.
     «У Савецкае інфармбюро,— гаварылася ў паведамленні,— паступіла пісьмо Сцяпана Мікалаевіча Пятровіча — байца партызанскага атрада, які дзейнічае ў Беларусі. У першую чаргу,— піша т. Пятровіч,— наш атрад знішчыў дзевяць мастоў цераз раку Случ. Немцам не ўдалося аднавіць ні аднаго з іх. Фашысты некалькі разоў будавалі адзін буйны мост, але мы зноў яго разбуралі. Нядаўна нашы партызаны ў вёсцы акружылі хату, у якой абедаў фашысцкі обер-лейтэнант, які вельмі здзекаваўся з сялян гэтай вёскі, схапілі яго і расстралялі. Дакументы, зброю і аўтамашыну мы даставілі ў атрад. Праз некалькі дзён пасля гэтага 11 нямецкіх аўтамашын, адзін бранявік і 3 матацыклы прыехалі ў наш раён. Немцы намерваліся адшукаць і ліквідаваць партызанскі атрад. Каля вёскі Л. мы з засады адкрылі агонь па фашыстах. Бой цягнуўся з гадзіну. 27 нямецкіх салдат мы знішчылі, 16 цяжка паранілі, астатнія ўцяклі. Неўзабаве пасля гэтага бою я заклаў на дарозе вялікую міну. Раніцай паказаліся аўтамашыны нямецкага карнага атрада. Галаўная трохтонная машына наскочыла на міну і ўзляцела ў паветра. 3 25 нямецкіх салдат ні адзін не ўцалеў. У другім месцы мы працягнулі цераз лясную дарогу дрот на вышыні ў паўтара метра ад зямлі і моцна прывязалі яго да дрэў. На досвітку праз лес праходзілі тры нямецкія аўтамашыны. Першая з іх на поўным хаду наскочыла на провад, якім быў забіты шафёр і некалькі салдат, што сядзелі ў кузаве. Другая машына наляцела на першую, а ў кузаў трэцяй машыны мы кінулі дзве гранаты.
     У адным з мястэчкаў немцы прызначылі старастам свайго шпіёна Фядота Пратасеню. Тры нашыя партызаны пераапрануліся ў форму нямецкіх афіцэраў, селі на нямецкую легкавую машыну і паехалі ў мястэчка. Пераапранутыя партызаны выклікалі старасту і патрабавалі ўказаць мясцовых актыўных савецкіх работнікаў. Пратасеня неадкладна ўручыў спіс сельскага актыву. Партызаны знішчылі здрадніка.
     У вёсках немцы вывесілі загады, у якіх абяцалі па 5 тысяч марак за кожнага партызана — жывога ці мёртвага. Пад пагрозай расстрэлу немцы забараняюць сялянам хадзіць у лес па грыбы і ягады. Але загады, пагрозы і зверствы не дапамагаюць. Беларускі народ падтрымлівае партызан, і мы грамілі, грамім і будзем граміць фашысцкую нечысць...»
     Мы былі вельмі задаволены тым, што Масква ўжо ведала пра некаторыя нашы справы, і цяпер вырашылі падрыхтаваць для адпраўкі ў Штаб партызанскага руху да таварышаў Варашылава і Панамарэнкі яшчэ трох сувязных. Ад бюро абкома было разаслана спецыяльнае пісьмо атрадам і групам, сакратарам падпольных райкомаў партыі. У пісьме ўказвалася, што абком рыхтуе шырокую справаздачу аб сваёй дзейнасці за ўвесь перыяд падполля. Справаздача будзе паслана ў Цэнтральны Камітэт ВКП(б) і ў ЦК КП(6)Б. Камандзірам і камісарам атрадаў, сакратарам райкомаў, кіраўнікам падпольных груп рэкамендавалася прыслаць у абком КП(б)Б падрабязныя справаздачы і выказаць свае меркаванні і прапановы на будучае.
     У кожным атрадзе па-рознаму рэагавалі на пісьмо абкома. Амаль ва ўсіх атрадах адразу зразумелі галоўнае. Там на бюро падпольных райкомаў, на партыйных і агульных сходах партызаны шырока абмеркавалі пісьмо, падвялі вынікі баявых спраў за паўгода і вызначылі далейшыя шляхі. Даць справаздачу Маскве было вялікім шчасцем, і людзі гаварылі, вядома, пра тое, што сапраўды зрабілі і маглі зрабіць.
     А вось Сталяроў, атрымаўшы абкомаўскае пісьмо, доўга хаваўся, не паказваў яго партызанам. Нічога не напісаць пра сваю работу ён не мог: у Маскву ж гэта ўсё пойдзе, а напісаць пра баявыя справы ў яго не было чаго. I ўсё ж такі перад Масквой не мог маўчаць і ён. Радзіма патрабавала адказу на звычайнае, простае пытанне, як камандзір партызанскага атрада Сталяроў выконвае свой патрыятычны доўг — як змагаецца з ворагам? Паспрабуй не адкажы.
     I Сталяроў хутка прыслаў нам сваю так званую справаздачу. У раздзеле «Што зроблена» — не было амаль нічога. Відаць, чалавек не хацеў хлусіць, затое ў планах на будучае ён размахнуўся, спісаў бадай цэлы сшытак. Тут прадугледжвалася і пашырэнне атрада, і найлепшае ўзбраенне яго, вызначаліся самыя смелыя аперацыі і дыверсіі. Гэта былі каштоўныя абяцанні, заставалася іх толькі выконваць.
     Пашун і Ермаковіч прыслалі нешта супрацьлеглае таму, што мы атрымалі ад Сталярова. Яны падрабязна апісалі мінулае і амаль зусім не знайшлі слоў для вызначэння будучага. «Будзем змагацца»,— гаварылася ў іх справаздачы, але ніводнага слова пра планы на зімовы перыяд не было. I калі пазней мы разглядалі ў абкоме гэтую справаздачу, дык некаторыя таварышы гаварылі, што Пашун і Ермаковіч, як відаць, не збіраюцца зімой ваяваць з акупантамі.
     Розаў, Жукоўскі, Далідовіч, Жыжык, Храпко, Пакроўскі, Хадаркевіч, Петрушэня, Патрын, Корж, Меркуль, Паўлоўскі і іншыя коратка напісалі аб тым, што зрабілі, і яшчэ больш сціпла, але канкрэтна паведамілі пра свае далейшыя планы. Ва ўсіх галоўным было — падрыхтоўка да зімняга перыяду, далейшая актыўная барацьба з ворагам. Мы звялі ўсе гэтыя справаздачы ў адну і накіравалі праз сувязных у Маскву. 3 гэтымі ж сувязнымі паслалі і пісьмо, у якім настойліва прасілі прыслаць нам радыстаў з апаратам і шыфрам.
     Што ні дзень, то ўсё мацнейшыя находзілі халады. Жыць станавілася цяжэй. Прамокшы ў балоце, ужо не пагрэешся на сонцы, не пераначуеш, як улетку, пад любым кустом. Мы разумелі, што настае вельмі напружаны і адказны перыяд нашай падпольнай і партызанскай дзейнасці. Яшчэ не так даўно многія партызаны не верылі, што ім давядзецца зімаваць у лесе.
     Цяпер жа было ясна, што ваяваць давядзецца і зімой. Асноўныя кадры нашых партызан добра разумелі гэта, аднак дзе-нідзе часам узнікалі небяспечныя для падполля размовы. Знайшліся і такія людзі, якія выступалі за тое, каб зусім згарнуць партызанскі рух на зіму, распусціць людзей па вёсках, а потым вясною, калі пацяплее, зноў усіх сабраць. Гэтая думка чамусьці спадабалася і Далідовічу, хоць ён, нібыта, і пачаў рыхтавацца да зімы.
Сёй-той намякаў і на іншае. Аднаго разу Луфераў перадаў нам, што Ермаковіч на апошнім пасяджэнні бюро райкома хоць даволі туманна, няўпэўнена, але ўсё ж адкрыта выказаўся за тое, каб даць указанне ўсім атрадам у бліжэйшы час па магчымасці пераходзіць лінію фронту і дабірацца да рэгулярных часцей Чырвонай Арміі: пераходзіць, а тут усё пакінуць. Яго маўкліва, толькі ледзь прыкметным кіўком галавы, падтрымаў Пашун. Чуў я такія закіды і ад некаторых іншых. Ясна было, што гэтыя людзі пабойваліся зімовых халадоў, страчвалі веру ў поспех партызанскага руху. А тут яшчэ ў нейкай меры падзейнічала на малавераў і нямецкая лістоўка, якая была скінута ў зоне нашых атрадаў пасля свята. У гэтым правакацыйным фашысцкім лістку быў зварот да ўсяго насельніцтва акупіраваных абласцей. Там даваліся парады савецкім грамадзянам не асуджаць сябе на пагібель, не чапаць немцаў. Раілася не арганізоўвацца ў буйныя партызанскія атрады, бо такім атрадам цяжка будзе хавацца, і яны загінуць. «Стварайце маленькія групы,— гаварылася ў лістоўцы,— і падавайцеся ў савецкі тыл».
     У гэтай нямецкай фальшыўцы, разлічанай на аслабленне партызанскай барацьбы і ашуканства насельніцтва, заглаўнымі літарамі падаваўся заклік: «Смерць нямецкім акупантам».
     Мы зразумелі, што гэта фашысцкая правакацыя, і выкрылі яе сутнасць перад народам.
Да ўсяго гэтага гітлераўцы, у адказ на нашы аперацыі, арганізавалі шырокую разбойніцкую экспедыцыю. Яны запоўнілі амаль усе вёскі партызанскіх раёнаў, кожны дзень рабілі спробы наступаць на нашы атрады, блакіраваць іх. Для таго каб вытрымаць гэты шалёны націск ворага, патрэбны моцная згуртаванасць сіл, жалезная дысцыпліна. Усе члены абкома выйшлі на самыя адказныя і небяспечныя ўчасткі, райкомы ўзялі на сябе непасрэднае кіраўніцтва партызанскімі групамі і атрадамі. Нам даводзілася па некалькі разоў на дзень весці бой з узброенымі да зубоў эсэсаўцамі і, вядома, несці цяжкія страты ў жывой сіле. Іншы раз трэба было па цэлых днях не выпускаць з рук зброі, манеўраваць, пераходзіць з аднаго месца на другое, падоўгу ляжаць у балоце.
     Жорсткія баі ішлі амаль ва ўсіх раёнах вобласці. Гітлераўцы неслі велізарныя страты, аднак наступалі бесперапынна. Па ўсім было відаць, што яны рыхтуюць новае наступленне на фронце і таму імкнуцца забяспечыць свой тыл.
     У Грэскім раёне партызаны пад камандаваннем сакратара падпольнага райкома партыі Уладзіміра Іванавіча Зайца ўступілі ў бой з вялікім атрадам фашыстаў, які наступаў у напрамку варонечскіх балотаў. У выніку было забіта звыш 30 фашысцкіх салдат і афіцэраў, захоплены 3 кулямёты, 1 мінамёт, 14 аўтаматаў і многа вінтовак.
     Супраць атрадаў, якімі камандавалі сакратар Барысаўскага падпольнага райкома партыі Іван Яраш і член бюро райкома Антон Хадаркевіч, гітлераўцы кінулі цэлы полк эсэсаўцаў. Цяжкі бой цягнуўся некалькі сутак, і ўсё ж такі партызаны перамаглі. Страціўшы ў гэтым баі больш двухсот салдат і афіцэраў забітымі і параненымі, фашысты адышлі.
     Але і барысаўскія партызаны панеслі тады цяжкую страту: у няроўным баі з узброенымі да зубоў эсэсаўцамі смерцю героя загінуў Іван Афанасьевіч Яраш. Камісар атрада Антон Герасімавіч Хадаркевіч быў цяжка паранены.
     У гэты час, як на бяду, я цяжка занямог. Прастудзіўся, мусіць, у балоце. Здарылася гэта на востраве Зыслаў. Усе члены абкома былі ў атрадах, пры мне заставалася некалькі чалавек з штабной групы і непадалёку — атрад Далідовіча. 3 самага рання эсэсаўскія атрады вялі жорсткія атакі ў напрамку вострава. Нашы атрады гераічна абараняліся, але ж сілы ворага былі ў шмат разоў болыныя. Партызанам давялося адыходзіць, на востраў усё часцей і часцей пачалі падаць міны, кулі пасвіствалі над галавою. Я аддаў загад байцам, чаго б там ні каштавала, выратаваць перш-наперш друкарню, запас паперы і ўсе дакументы падпольнага абкома. Людзі працавалі не шкадуючы сіл, рызыкуючы жыццём. Праз некаторы час прыбег да мяне адзін з гэтых байцоў і далажыў, што заданне выканана.
     — Васіль Іванавіч,— ціха сказаў ён,— давайце я вам крыху дапамагу, ды будзем адыходзіць адсюль, а то...
     — А то што? — спытаў я.
     — Немцы зусім блізка,— сказаў ён, і голас яго трывожна задрыжаў.— Калі мы зараз жа не адыдзем, нас могуць акружыць.
     — А дзе ж Далідовіч? Хлопец маўчаў.
     — Дзе ж Далідовіч? — зноў спытаў я.
     Тады прыглушаным ад трывогі голасам ён сказаў:
     — Далідовіч адышоў у другое месца. Цяпер яго атрад каля вострава Добры.
     Гэтае паведамленне глыбока ўразіла мяне. Далідовіч не меў права адступаць.
Я загадаў сваім байцам заняць абарону на тым месцы адкуль зняўся Далідовіч, праз сілу ўстаў і пайшоў з імі сам. Эсэсаўцы прасоўваліся грэбляю, а часткова і балотам, бо марозік ужо крыху падмацаваў яго. Заўважыўшы, што абарона знята, гітлераўцы пасмялелі і ўжо ішлі ў напрамку вострава на ўвесь рост. Мы сустрэлі іх кулямётным агнём. Эсэсаўцы заляглі, але з другога варожага ланцуга пачалі біць па нас з мінамётаў. Я загадаў трымацца да апошняга і адначасова паслаў катэгарычны загад Далідовічу прыкрыць наш левы фланг.
     На шчасце, у гэтую крытычную хвіліну прыбег на востраў Раман Мачульскі. 3 ім Гальчэня, Філіпушка, Касцюкавец і яшчэ некалькі партызан з атрада Патрына. Мы пратрымаліся на востраве дацямна, а потым адышлі.
     Эсэсаўская экспедыцыя нічога не дала гітлераўцам. Ніводнага атрада яны не знішчылі, ніводнага партызана не злавілі. Народныя мсціўцы мужна вытрымалі цяжкія выпрабаванні і выйшлі з бою пераможцамі.
А як жа там Бондар? Хвароба мяне зваліла, некалькі дзён я ляжаў з вялікай тэмпературай і нічога не чуў пра яго. У час блакады Аляксей Георгіевіч знаходзіўся, бадай-што, у больш складаных умовах, чым усе мы. Трымаць яго пры сабе мы не маглі, бо ў нас тады яшчэ не было ні належнага медперсаналу, ні патрэбных медыкаментаў; цяжка было стварыць спрыяльныя ўмовы для лячэння. Да таго ж — надышлі халады, у нашых зямлянках, якія выкопваліся часцей за ўсё на балотных грудках, было сыравата і няўтульна. Давялося, такім чынам, пакінуць Аляксея Георгіевіча ў вёсцы Барыкове, у той хаце, дзе мы яго паклалі, як толькі прывезлі з Чырвонага Возера. Трактарыстка Насця Ярмак хавала яго, даглядала, гэтай жанчыне мы верылі. Зрэдку наязджаў забалацкі ўрач Крук, які ўзначальваў адну раённую бальніцу ў нашай зоне і лячыў людзей. За гэтыя месяцы ён вылечыў нямала раненых чырвонаармейцаў, якія цяпер знаходзіліся ў нашых атрадах.
     Перад блакадай я даручыў Раману Навумавічу забраць Бондара з вёскі, аднак зрабіць гэта не ўдалося. Калі Мачульскі з двума партызанамі прыйшоў у Барыкоў, там ужо было поўна гітлераўцаў. Мусіць, толькі адна Насціна хата і засталася не занятай гітлераўцамі, бо там было трое малых дзяцей. Па вуліцы снавалі патрулі, на выездах і на скрыжаваннях дарогі стаялі кулямёты. Нельга было і думаць забіраць Аляксея з месца, гэта магло б скончыцца вельмі кепска. Самім ледзь удалося прабрацца, а як пралезеш з раненым чалавекам? Ды яшчэ Насця ўсхвалявалася. Даведаўшыся, што Раман Навумавіч хоча забраць з яе хаты раненага партызанскага камандзіра, яна рашуча запратэставала, накінулася на Мачульскага са словамі горкай крыўды і шчырага жалю.
     — Значыць, мне не давяраеце? — ледзь не плачучы гаварыла яна.— Значыць, у мяне яму кепска, не даглядаю, не дбаю пра яго? Павязеце ў лес, каб там хворы чалавек мёрз, галадаў, рану сваю загнойваў...
Насця прысягнула, што хутчэй яна сама загіне, чым дапусціць тое, каб не апраўдаць давер'я абкома і ўсіх партызан.
     Так Аляксей Георгіевіч і застаўся на сваім старым месцы. Калі я быў у цяжкім стане, Раман Навумавіч і іншыя мае таварышы стараліся абыходзіць гэтае пытанне, каб не ўскладняць маёй хваробы. Цяпер жа мне патрэбна была праўда і дакладнасць. Я паслаў у Барыкоў Гальчэню з заданнем праведаць Аляксея Георгіевіча і ў той жа дзень вярнуцца назад.
     Герасім Маркавіч пераабуўся ў лапці (на заданні ён заўсёды хадзіў у лапцях), паклаў пісталет у кішэню, за пояс засунуў сякеру і пайшоў. Адвячоркам ён вярнуўся, і яго расказ пра Бондара ўсхваляваў нас. Аляксею Георгіевічу сапраўды давялося перажыць нямала. Эсэсаўцы, мусіць, чулі, што ў Барыкове раней стаяў партызанскі атрад, таму яны, на другі ж дзень свайго прыходу, зрабілі ў вёсцы павальны вобыск: ператрэслі ўсе закавулкі, паўзрывалі ў хатах падлогу, перапаролі штыкамі сена і салому ў гумнах. Бондар як ляжаў у бакоўцы за печчу, так і заставаўся там. Куды было дзявацца? Нага страшэнна распухла, тэмпература ўвесь час амаль не спадала,— варухнуцца нельга. Каб і хацела Насця перанесці яго куды-небудзь, дык адна не здолела б, а паклікаць каго ў такі час было рызыкоўна: прабыванне партызана ў Насцінай хаце трымалася ў глыбокай тайне. Таму Насця і вырашыла не пераносіць Бондара нікуды. Што будзе, тое і будзе. Якраз можа здарыцца, што фашысцкія злыдні палезуць на вышкі, уздзяруць падлогу, усюды абнюхаюць, а ў сябе пад носам не паглядзяць. А перад самым вобыскам яна пайшла яшчэ на такую хітрыку: размяла па хаце кучу смецця, размазала гліну, выліла на падлогу паўцэбра вады, раскідала ўсюды дровы, качэргі, розныя рэчы і сама выйшла, пакінуўшы дома адных дзяцей. Старэйшай дачцэ Вольцы загадала, каб тая не пужалася немцаў, як увойдуць у хату, і сказала ім, што мамы ў хаце няма, пайшла ў павець па дровы.
     Хвіліны чакання гэтага вобыску былі самымі цяжкімі як для Бондара, так і для Насці і яе дзяцей.
     Аляксей Георгіевіч знаходзіўся ў складаным становішчы: ні схавацца, ні сур'ёзна супраціўляцца чалавек не мог. Хвіліны цягнуліся як гадзіны: хутчэй бы скончылася гэтае пакутліва-напружанае чаканне — ці так, ці гэтак. Знойдуць, тады ўсе патроны для іх, толькі адзін для сябе. Не знойдуць, абыдзецца ціха, будзем памаленьку ачуньваць. Яму яшчэ ніколі так не хацелася жыць, як у гэтыя хвіліны.
     На дварэ пачуліся крокі, чужая гаворка, і нехта з размаху выцяў нагою ў дзверы сянец. I вось у хату ўвайшлі эсэсаўцы. Аляксей Георгіевіч расказваў нам потым, што ў гэты час ён адчуваў сябе зусім спакойна, яго нервы ўжо былі падрыхтаваны да ўсяго...
     Убачыўшы страшэннае смецце ў хаце, карнікі супыніліся на парозе. Меншыя дзеці кінуліся хавацца на печ. А старэйшая Волька намагалася пераадолець страх: ёй жа мама загадала не баяцца немцаў. Дзяўчынка не палезла на печ, а засталася сядзець на лаўцы.
     —Хто ест дома? — крыкнуў адзін з эсэсаўцаў. Дзяўчынка здрыганулася, аднак не ўстала з месца. Яна выставіла наперад сваю кволую руку і, скрывіўшыся, доўга трымала яе перад сабою. Дзяўчынка паказвала немцам на дзверы. Паказвала, а сказаць у першую хвіліну нічога не магла. Толькі праз нейкі час, калі адзін з эсэсаўцаў памкнуўся ўжо вяртацца назад, Волька крыкнула нейкім роспачным голасам:
     —Мама на дварэ, пайшла па дровы. Старэйшы групы ступіў крок да сярэдзіны хаты, дзеці на печы заплакалі. Але гітлеравец адчуў, што абцас яго бота ўгруз у размяклую гліну і спыніўся. Зняўшы з крука ручнік, ён выцер ім абцас і адступіўся да парога. Крыкнуўшы нешта, махнуў рукою. Гітлераўцы пайшлі ў хлеў, абшукалі ўсе куткі ў клеці, у сенцах, злазілі ў пограб, а ў хату больш не варочаліся.
     На гэты раз усё абышлося добра, Насціна вынаходлівасць апраўдала сябе. Вярнуўшыся ў хату, жанчына месца не знаходзіла ад радасці: абдымала дзяцей, цалавала Вольку за тое, што тая зрабіла ўсё як трэба.
Да самага вечара гаспадыня не прыбірала кватэры, усё чакала, што гітлераўцы яшчэ наведаюцца. Але ў той дзень эсэсаўцы больш не заходзілі, хоць увесь час снавалі па вуліцы. Затое ў наступныя дні яны наведваліся ў Насціну хату вельмі часта. I кожны раз гаспадыня знаходзіла метад адвесці варожыя вочы ад бакоўкі за печчу: то задобрывала акупантаў усім, што толькі мела, то прыкідвалася глуханямой, то клала ўсіх дзяцей на ложак і казала эсэсаўцам, што ў хаце сыпны тыф.
     Так Аляксей Георгіевіч быў выратаваны.
     Калі нашы партызаны прыехалі па яго, Насця зноў да слёз пакрыўдзілася.
     — Няхай яшчэ крыху пабудзе,— шчыра прасіла яна,— хоць да таго часу, калі на ногі стане... А як стане, сам пойдзе, куды яму трэба будзе. Правяду і надзейную сцежку ў лес пакажу.
     На гэты раз мы не маглі задаволіць Насцінай просьбы. Гестапаўцы маглі б дазнацца пра кватэру Бондара.
Нельга было надалей рызыкаваць жыццём члена бюро абкома, а таксама Насціным жыццём з яе малымі дзецьмі.
     Насця згадзілася з гэтым, аднак пачала прасіць аб другім. Хацелася ёй ведаць, дзе будзе знаходзіцца Бондар, ці можна будзе прыходзіць да яго, каб дапамагаць Аляксею Георгіевічу па-ранейшаму. Гэта было пачуццё сястры, якая клапоціцца аб жыцці любімага брата.
     Партызаны запэўнялі яе, што цяпер гэта немагчыма, што Аляксей Георгіевіч і так будзе ў найлепшым доглядзе, аднак Насця не супакойвалася і дамагалася свайго.
     Крыху пазней мне давялося пабываць у Барыкове. Даведаўшыся, што прыехалі з падпольнага абкома, Насця адразу прыбегла да мяне.
      — Як Аляксей Георгіевіч? — было першым яе пытаннем.
     Я сказаў, што Бондар адчувае сябе нядрэнна, ачуньвае, што хутка пачне хадзіць. Ён перадаваў прывітанне і падзяку за клопаты і шчырую ўвагу да яго.
     Ад сябе і ад усіх партызан я таксама падзякаваў Насці за выратаванне Аляксея Георгіевіча.
Жанчына са шчырай усхваляванасцю прыняла ўсё гэта, а потым пачала скардзіцца мне. Чаму партызаны адгарадзіліся ад яе, чаму не хочуць пусціць яе ў лагер праведаць, як там адчувае сябе Бондар, ці не патрэбна яшчэ камунебудзь дапамога?
     — Я лячыла партызана,— з крыўдай гаварыла Насця,— даглядала яго, жыцця свайго не шкадавала, а цяпер я нібы чужая ў вас, не давяраеце мне.
     Давялося дазволіць Насці наведаць наш лагер. Яна стала потым адной з самых актыўных нашых разведчыц і сапраўды прынесла вельмі многа карысці партызанскім атрадам.
     Гітлераўцы абрабавалі ўсю вёску Барыкоў, некалькі хат спалілі. У саўгасе «Жалы» расстралялі сем рабочых. У Старобіне загналі вялікую групу людзей у скатабойню і запалілі будынак. Нечы злы язык данёс, што рэдкаўчане адзначалі свята Вялікага Кастрычніка, што на многіх хатах былі вывешаны чырвоныя сцягі. Гітлераўцы запалілі вёску. У Забалацці фашысты ўчынілі лютае катаванне насельніцтва. Старога Апанаса Марозава яны збілі да страты прытомнасці, падазраючы, што перад самым прыездам эсэсаўцаў ён спаліў свіран са збожжам, што схаваў ключы ад калгасных скляпоў. Некалькі чалавек закатавалі да смерці.
     Так гітлераўцы распраўляліся за няўдачы сваёй разбойніцкай экспедыцыі. Праз некалькі дзён у фашысцкіх газетах з'явілася чарговая брахня, што нібыта ўсе партызаны Міншчыны і ў палескіх раёнах знішчаны, што ўсе дарогі і вялізныя тэрыторыі вакол гарнізонаў поўнасцю ачышчаны.
* * *
     Вярталіся людзі з бою. Некаторыя атрады ўсталёўваліся на новых месцах, бо старыя былі ўжо вядомыя для акупантаў. Тыя, пра каго гітлераўцы яшчэ пе пранюхалі ці збаяліся сунуць туды нос, маглі заставацца і на ранейшых базах.
     Паступова збіраліся і нашы абкомаўцы. Прыйшлі Варвашэня, Бельскі. За гэтыя дні яны да таго змяніліся з выгляду, што здалёк іх цяжка было б пазнаць. Твары схуднелі, абраслі, вопратка знасілася і паліняла, хоць зусім не бачыла сонца: паліняла ад балотнай і лясной вады і снегу. Раман Навумавіч быў тут і раней, але як толькі мне стала крыху лепш, ён пайшоў на адну даволі важную аперацыю. Ужо даўно непакоіў яго фашысцкі гарнізон у вёсцы Крываносы, Старадарожскага раёна, у той вёсцы, дзе ён нарадзіўся. Гэтая вёска мела вялікае значэнне, бо праз яе праходзіў партызанскі шлях на Старыя Дарогі, якія знаходзяцца, як вядома, на шашы Брэст — Масква і чыгуначнай лініі Асіповічы — Баранавічы. Раман Навумавіч заглядваў у Крываносы разы два, меў падрабязныя весткі пра гарнізон і ўсё збіраўся пайсці разагнаць яго.
     Я ведаў пра гэтыя намеры Рамана Навумавіча і не меў нічога супраць такой аперацыі. Але раней неяк усё не выпадала, знаходзіліся больш важныя справы. А дні тры таму назад якраз было зручна ўдарыць па акупантах у такім месцы, дзе, паводле афіцыйных зводак нямецкага камандавання, усё было нібыта спакойна.
     Цяпер Раман Навумавіч вярнуўся, і вось мы сядзім у зямлянцы каля пячуркі і слухаем яго расказ пра аперацыю. У другой зямлянцы адпачываюць нашы байцы, у прыватнасці і тыя, што хадзілі разам з Мачульскім. Бердніковіч і Раменьчык нясуць вахту. Яны цяпер амаль заўсёды разам, вельмі пасябравалі. Бердніковіч так прывязаўся да свайго «хрышчэніка», што гатоў проста на руках яго насіць. Мусіць, гэтым ён хоча загладзіць сваю віну перад ім за любанскія «прыгоды».
     Мачульскі пайшоў у Крываносы з невялікай групай партызан. Добра ведаючы вёску, ён без асаблівых цяжкасцей абмінуў пасты, зайшоў на вуліцу. Хацелася б знайсці бацьку, але дзе яго шукаць? Стары ўжо даўно не жыве ў сваёй хаце, бо яго ўвесь час высочваюць гестапаўцы,— дачуліся нягоднікі, што сын у партызанах.
Сустрэўся сусед, прыяцель бацькі Рамана Мачульскага, надзейны чалавек. Ён расказаў, дзе хто з паліцаяў начуе, дзе стаіць кулямёт, параіў, з каторага боку трэба зайсці і дзе пакінуць засаду. Потым падняў мясцовых людзей. Цікава, што ён беспамылкова, як паляўнічы па звярынай сцежцы, вызначыў месца, куды фашысты будуць уцякаць, калі іх пагоняць з вёскі, і гэта, у значнай меры, вырашыла поспех аперацыі.
     Партызаны ўдарылі з засады, а калі фашысцкая погань рынулася назад, па іх ударылі з другога боку. Мачульскі спачатку нават не мог зразумець, што тут атрымалася. Страляніна паднялася на ўсё сяло. «Бі іх, гадаў! — чуліся ўсюды крыкі.— Знішчай, сабакам сабачая смерць!»
     Высветлілася ўсё пасля аперацыі. Сабраў Мачульскі сваіх партызан і раптам бачыць, што іх пабольшала разоў у пяць. Выстраіліся людзі ў два рады: хто стаіць з вінтоўкай, хто з паляўнічай стрэльбай, а хто проста з добрай дубінай. Сярод іх і бацька Мачульскага. Падышоў стары да сына, абняў яго за плечы, ад імя вяскоўцаў і мясцовай патрыятычнай групы падзякаваў за тое, што ў добры час прыйшоў сюды, дапамог расправіцца з варожым гарнізонам.
      3 той ночы многія крываносаўцы, у тым ліку і стары Навум Мачульскі, сталі сапраўднымі партызанамі.
      Аляксей Георгіевіч адчуваў сябе значна лепш. Ён ахвотна ўключаўся ў гаворку, нават жартаваў, смяяўся. I неяк прыемна і радасна было ад таго, што падпольны абком — вось ён, перад вачыма. Ён жыве, дзейнічае і будзе дзейнічаць, нягледзячы ні на якія цяжкасці і выпрабаванні.
     Суровыя, напружаныя, часта нават небяспечныя для жыцця дні не пахіснулі нікога ні ў абкоме, ні ў райкомах. Наадварот, яны загартавалі нашы сілы, сцэментавалі волю і ўзбагацілі вопыт.
      З'явіліся нарэшце любанцы: Луфераў, Гарбачоў і Ляшчэня. Усе дні блакады я не бачыў іх. Яны і самі, напэўна, толькі што спаткаліся, бо ўвесь гэты час былі ў розных атрадах. Гарбачоў нядаўна вярнуўся з атрада Патрына. Шынель яго быў увесь у гразі, у некалькіх месцах прабіты кулямі.
      —Паказваў некаторым, як трэба падпаўзаць,—растлумачыў ён, заўважыўшы, што ўсе мы звярнулі ўвагу на яго шынель.— Заляжа іншы, урыецца і ляжыць, як той мядзведзь, чакае, пакуль акупант навернецца на яго. А ты не чакай, а сам знайдзі ворага, захапі яго знянацку і аглушы! Вось наша тактыка. Аглушы, а сам ходу і сляды замяці. Мы павінны браць ворага не толькі сілай, а і вынаходлівасцю, розумам.
      Затым Гарбачоў пачаў прасіцца на новую апера-цыю. Гэты чалавек не ведаў стомы ў сваіх пошуках, адвазе, заўсёды імкнуўся зрабіць што-небудзь незвычайнае, заўсёды бурліла ў ім невычарпальная энергія. На заданні ён хадзіў пераважна адзін, хоць гэта было і рызыкоўна. Колькі разоў у абкоме прабіралі яго за гэта. Сёння ён прапанаваў правесці даволі складаную аперацыю ў Любані і зноў ні слова аб тым, што аднаму гэта не пад сілу.
      — Трэба ўзяць там жывога эсэсаўца,— гаварыў ён.— Няхай, свалата, раскажа, што там яшчэ збіраюцца яны рабіць. Тады нам лягчэй будзе вызначыць свае планы.
      — Для такой аперацыі трэба чалавек шэсць,— заўважыў Мачульскі.
      —Можна і аднаму,— упэўнена сцвярджаў Гарбачоў, — а калі спатрэбіцца дапамога, дык яна знойдзецца там, на месцы. У кожнай вёсцы ў нас ёсць свае людзі.
     У той жа дзень, узяўшы з сабою двух партызан, ён пайшоў: абком ухваліў яго ініцыятыву.
     —Цяжкавата з такімі натурамі,— раптам паскардзіўся Луфераў, апусціўшы шчаціністы падбародак на далонь рукі.— Задумае што-небудзь — кол на галаве чашы,— не перайначыш.
     — Добрую ініцыятыву трэба падтрымаць,— заўважыў Бельскі.— Калі ён дастане «языка», разумееш, гэта будзе карысна для нас.
      Луфераў падняў галаву, нездаволена бліснуў вачыма і зноў уткнуўся ў далонь.
      —Лёгка сказаць,— заўважыў ён.— Я крыху здагадваюся, што гэта будзе за аперацыя. Там дзвесце чалавек эсэсаўцаў ужо больш за тыдзень стаяць. Што можна зрабіць утрох? Урэшце я не толькі пра яго. Есць у нас яшчэ такія гарачыя галовы.
      — Хто? — спытаў Бельскі.
     — Ды вось хоць тыя ж Ермаковіч і Пашун. Гэта зацікавіла нас.
     — Аднойчы амаль усю ноч прасядзеў з імі,— прадаўжаў Луфераў.— Угаворваў, пераконваў людзей, нават страшыць спрабаваў, нічога не дапамагло. Убілася людзям у галаву думка, што ім трэба ісці за лінію фронту, і нічым яе не выб'еш. «Там нашае месца,— кажуць,— а не тут».— «Чаму не тут?» — пытаю. «Таму,— кажуць,—што мы людзі вайсковыя. Нам трэба ваяваць супраць захопнікаў у радах Чырвонай Арміі. Там і гарматы, там і самалёты... А тут прыціснуць фашысты яшчэ раз, і загінеш ні за што». Вось і гавары з людзьмі... Баюся, што сёння яны ўжо далёка ад нас.
     — Героі! — разважна кінуў Мачульскі.
     Папрок адносіўся да Луферава. Той адчуў гэта і пачырванеў: ніхто так не захапляўся дзейнасцю гэтых двух камандзіраў, як сам Луфераў. Ен шчыра паважаў іх, давяраў ва ўсім, а тыя не палічыліся ні з чым і падвялі яго і нас.
      Зразумела, што гэта была вельмі непрыемная з'ява. Ніхто з нас не чакаў такога ўчынку ад Пашуна і Ермаковіча, хоць мы добра ведалі пра іх хістанне і няўпэўненасць у вялікай важнасці партызанскай барацьбы.
     — Адны пайшлі ці з групамі? — спытаў Бельскі.
     — Вядома, з групамі,— адказаў Луфераў.— Толькі я думаю, што не ўсе байцы з імі. Большасць засталася.
     —Зараз жа правер, Андрэй Сцяпанавіч,— загадаў я Луфераву.—Ды пацікаўся яшчэ некаторымі атрадамі.      Паглядзі, што там робіцца ў Розава, у Сталярова.
     —Наконт апошніх я магу сказаць,— прапанаваў Бельскі.— Нядаўна быў у тым баку. Пасля любанскай аперацыі Розаў святкаваў тры дні запар, а Сталяроў адседжваецца па-ранейшаму. Тры марадзёры з яго групы нядаўна абрабавалі сялян вёскі Ляскавічы.
     Прыйшоў Далідовіч. Ён усё яшчэ не мог проста глядзець мне ў вочы,— не лёгка было чалавеку перажыць сваю віну. Мачульскі, Варвашэня і іншыя члены бюро мелі з ім гутарку яшчэ тады, калі я быў хворы, і вельмі суровую. Яны патрабавалі ўжыць супраць Далідовіча самыя крайнія меры: выклікаць на бюро, падрабязна разабраць яго ўчынкі і, калі высветліцца, што камандзір меў злачынныя намеры, сурова пакараць яго.
    Я не падтрымліваў такіх прапаноў, бо ў душы быў упэўнены, што Далідовіч не вораг, ён наш, савецкі чалавек, камуніст. Іншы раз могуць быць памылкі і зрывы ў кожнага. Можа, разгубіўся чалавек у цяжкі момант і не падумаў, не прааналізаваў абстаноўкі, перш чым аддаць загад аб адступленні атрада.
Калі мы ўсё ж пачалі гаворку, я так і сказаў Далідовічу:
     —Учынак твой няправільны, не партыйны, аднак ніякіх жорсткіх мер ужываць мы пакуль што не будзем, дарэмна ты чакаеш іх ад нас. Мы давяраем табе па-ранейшаму, а ты павінен апраўдаць гэтае давер'е.
Луфераў накіраваўся шукаць групы Ермаковіча і Пашуна, а мы, карыстаючыся выпадкам, што ўсе члены бюро на месцы, абмеркавалі некаторыя неадкладныя пытанні далейшай работы. Трэба было гэтымі днямі абавязкова склікаць нараду камандзіраў і камісараў і яшчэ раз пагаварыць з імі наконт падрыхтоўкі да зімы.
«Дзікія» атрады, накшталт групы Балахонава і часткова Сталярова, вельмі шкодзілі нам — неабходна было зараз жа заняцца імі. Нам трэба было памнажаць і памнажаць нашы сілы, арганізоўваць і загартоўваць людзей.
     Няцяжка было прадбачыць, што ў гэтую зіму нас чакаюць вялікія і суровыя выпрабаванні.
* * *
     У тую ж ноч усе члены бюро, акрамя хворага Бондара, разышліся па атрадах. Я накіраваўся да Сталярова. Хацелася бліжэй пазнаёміцца з гэтым чалавекам, даведацца пра яго сапраўдныя намеры і планы. Нарэшце час было вызначыць асноўнае: варта са Сталяровым важдацца ці не? Калі гэта чалавек з пэўным характарам і здольнасцямі, чаму б не паспрабаваць зрабіць з яго добрага партызанскага камандзіра, а калі ён наўмысля злоўжывае сваім становішчам, дык ізаляваць і абясшкодзіць, а для групы падабраць новага камандзіра.
     Знайшоў я Сталярова ў адным невялікім пасёлку недалёка ад вёскі Слаўкавічы. Са мною было сем партызан. Спыніліся мы на вуліцы,— ніхто нідзе не затрымаў нас, не спытаў пароля, дакументаў. Потым бачым—выкочваюць хлопцы на вуліцу станковы кулямёт, а ля крайніх хат пасёлка выстаўляюць заслоны з ручнымі кулямётамі.
     — Дзе камандзір? — пытаю ў аднаго сустрэчнага партызана.
     — А вам што трэба? — непрыязна адзываецца ён.
     — Ды вось хацеў бы пагаварыць з ім.
     — А вы хто такі?
     — Прадстаўнік Савецкай улады.
     — Ведаем мы такіх прадстаўнікоў. Здзівіў! У нас таксама ёсць прадстаўнік.
     — Ну добра,— кажу я,— цяпер будзе два.
     — Не ведаю, дзе камандзір! — рэзка кінуў партызан, махнуў рукою і пайшоў.
Ідзём далей, сустракаем яшчэ аднаго ўзброенага чалавека. Крочыць, пахістваючыся, вінтоўку трымае руляй уніз.
     — Дзень добры,— кажу яму.— Што, партызан?
     — А хіба не бачыш? — бармоча хлопец сабе пад нос і ідзе далей.
     — Пачакай крыху,— звяртаюся да яго,— нам трэба з табой пагаварыць.
     — А што мне з вамі гаварыць, —адказвае і нават не глядзіць у наш бок.
     — Вось чалавек,— папракаю я,— з ім хочуць параіцца, а ён уцякае.
     — Я не ўцякаю,— нездаволена адказвае ён і прыцішае крок.
     — Дзе камандзір? — зноў пытаюся я. Хлопец раптам падымае галаву, усміхаецца:
     — Камандзір? П'яны ляжыць наш камандзір, дзе ён яшчэ можа быць.
     — Пойдзем пакажаш яго кватэру.
     — Не пайду, нізавошта не пайду,—запратэставаў хлопец.— Лепш не паказвацца яму на вочы, калі ён п'яны, можа застрэліць пад гарачую руку.
     Так у той дзень і не ўдалося мне сустрэцца са Сталяровым.
     Мы размясціліся ў адной прасторнай хаце, завялі гаворку з мясцовымі людзьмі. Зрэдку заходзілі партызаны, то адзін, то другі. Сяляне сустракалі іх непрыязна, пры іх з'яўленні пераводзілі гаворку на звычайныя хатнія тэмы.
     Назаўтра гадзін у дзесяць з'явіўся камандзір. Твар заспаны, ускамлычаныя валасы тырчаць з-пад шапкі. Спыняецца ля парога, неахайна прыкладвае руку к чубу і, не пазіраючы на мяне, дакладвае:
     — Камандзір партызанскага атрада Жора.
     — Добра, — кажу, — таварыш Жора, сядайце. А мне сказалі, што вас няма дома, што вы некуды паехалі.
     — Не,— гаворыць ён,— нікуды я не ездзіў, я быў хворы.
     — Сядайце,— зноў запрашаю я,— давайце пагаворым, як вы тут жывяце, ваюеце, як дапамагаюць вам мясцовыя людзі.
      Сталяроў прысеў на лаўку, апусціў уніз чуб, з хвіліну памаўчаў, потым, уздыхнуўшы, заявіў:
     — Галава ў мяне баліць сёння, проста аж круціцца ўсё перад вачыма, язык не варочаецца. Дазвольце мне прыйсці пазней.
     — Добра, прыходзьце пазней.
     Праз некалькі хвілін пасля таго, як Сталяроў выйшаў, заходзіць у хату іхні пасланец і прыносіць нам кілаграмы два мяса і бутэльку гарэлкі.
     — Камандзір,— кажа,— прыслаў.
      Я аддаў гарэлку назад, а мяса прыняў і папрасіў гаспадыню зварыць нам што-небудзь.
     У поўдзень зноў прыйшоў Жора. Мы якраз збіраліся абедаць.
       — Сядайце,— кажу яму,— давайце разам паабедаем.
     — Дзякуй,— адказвае,— я хацеў запрасіць вас да сябе.
      — Не,— кажу,— паабедаем тут.
      Сеў. Жуе не хочучы, не ўсмак: відаць, што без гарэлкі яму нязвычна абедаць.
      —Добра б было пазнаёміцца з вашымі партызанамі,— кажу я,— пагутарыць з імі. Можа, вы збераце іх сюды.
     — А вы хто будзеце? — пытае ў мяне Сталяроў.— У твар вас не ведаю, а раніцай, прызнацца, не адважыўся пацікавіцца, калі заходзіў сюды.
     — Камандзір звычайна робіць так,— адказваю.— Калі ў яго лагеры з'яўляюцца чужыя людзі, зараз жа высвятляе, хто яны, правярае дакументы. А так і вораг да вас можа прабрацца.
     —Я адчуваю, што вы не чужы,— злёгку пачырванеўшы, гаворыць Сталяроў,— ды не ведаю, хто вы.
      — Калі не чужы, значыць, свой,— жартую я, а потым паказваю дакументы.
     Паглядзеў ён дакументы, устаў, выпрастаўся.
      — Ясна, будзем збіраць партызан. Хомка! — крыкнуў ён партызану, які ў гэты час ішоў па вуліцы.— Пакліч сюды Васю.
      Вася прыйшоў не хутка, але ўсё-такі прыйшоў.
      — Мой намеснік,— адрэкамендаваў мне яго Сталяроў.
      Намеснік нават не глянуў у наш бок, не прывітаўся, падобна было на тое, што ён яшчэ не адаспаўся пасля бурнай п'янкі і ў душы праклінае ўсіх на свеце за тое, што яго разбудзілі. Знешні выгляд яго быў самы разбэшчаны: потныя лямцаватыя валасы раскіданы, кашуля без пояса, боты на нагах неаднолькавыя,— мусіць, адзін свой, а другі чужы.
      — Збяры зараз жа людзей! — загадаў Сталяроў.
      — А як я збяру?— адразу агрызнуўся намеснік.— Дзе я табе іх вазьму?
      — Як гэта дзе? — крыкнуў Сталяроў.— Сам павінен ведаць дзе!
      — То ж і ёсць, што павінен, а вось і сам ты не ведаеш. Іх, нашых, тут амаль што і няма нікога. Два пайшлі ў Слаўкавічы, а рэшта чорт іх ведае, дзе яны. Што я буду бегаць па іх?
     — Распусціў людзей, морда кудлатая,— затрос кулакамі Сталяроў.— Ты ў мяне адкажаш за гэта, я табе павыдзіраю гэтыя лямцы з галавы.
     На гэта намеснік меланхалічна адказаў:
     — Паспрабуй, рукі, мусіць, кароткія. Сам распусціў людзей, а мне адказвай.
      — Што ж рабіць? — крыху супакоіўшыся, звярнуўся да мяне Сталяроў.— Можа заўтра дазволіце сабраць?      Я сам займуся гэтым.
     — Што ж, няхай так,— згадзіўся я,— толькі сход партызан мы правядзём абавязкова.
     Назаўтра зранку людзі паступова пачалі запаўняць нашу кватэру. Заходзяць, не вітаючыся, некаторыя без шапак, хоць на дварэ было ўжо холадна: відаць, з суседніх хат прыйшлі. Бачу — адзін палез на печ, рассеўся там, падкурчыўшы ногі і ўцягнуўшы шыю ў плечы. Калі сунуўся туды яшчэ адзін, першы адштурхнуў яго нагой.
Я зрабіў выгляд, што нічога не заўважаю. Паступова спрабую завязаць з людзьмі гутарку, прыцягнуць іх увагу. Пачынаю гаварыць ім пра даклад старшыні Дзяржаўнага Камітэта абароны, расказваю, як увесь савецкі народ узняўся на барацьбу з ворагам, як жывуць і дзейнічаюць суседнія партызанскія атрады, як усе людзі паважаюць іх і штодзённа дапамагаюць. Слухаюць уважліва, гаварыць не перашкаджаюць, толькі ўсё раз-пораз скоса паглядаюць на свайго камандзіра. А той сядзіць, апусціўшы галаву і прыплюснуўшы вочы. Нельга разабраць: задумаўся ён ці проста дрэмле.
     — Мы прыехалі,— кажу я,— сюды для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з вамі самімі ды з вашай работай. Як вы жывяце, ваюеце, як адносіцеся да мясцовага насельніцтва. Хацелася б паслухаць вашага камандзіра.
У кутку ля печы пырснуў смех. Сталяроў падняў галаву, крыўдліва глянуў у той бок.
     — Давайце, таварыш Сталяроў,— падахвочваў я яго,— расказвайце, і мне будзе прыемна паслухаць і тваім партызанам.
      Сталяроў выступіў, сказаў некалькі слоў:
     — Што, хіба я вас дрэнна вучу, хіба я вінаваты, што вы робіце дрэнна...
      I сеў. Бачу, больш яму няма пра што гаварыць.
     У сваім выступленні я не крытыкую камандзіра, а нават падтрымліваю яго, кажу, што аднаму цяжка ўсё дагледзець, што ў камандзіра павінны быць добрыя, надзейныя памочнікі, у першую чаргу моцны чалавек — камісар. У кутках зноў узнік смех. Заўважаю, што і Сталяроў пасміхаецца, хоць і не падымае вачэй.
      — Гаварылі ўжо нам пра гэта.
      — Хто гаварыў?
     — А быў тут адзін.
     — Ну і што ж вы яму сказалі?
     — Тое самае, што і цяпер скажам: ніякіх чужых камісараў не прымем, а свайго можам выбраць, калі гэта трэба. У нас нават ужо ёсць выбраны. Вось ён, устань, Валодзя.
     3 лаўкі падняўся даўгавязы хлопец з забінтаванай шыяй. Смех пакаціўся па ўсёй хаце.
     — «Мякіннік»,— крыкнуў нехта скрозь рогат.
     — Які я камісар? — спрабаваў апраўдацца хлопец.— Я зусім не ведаю, што рабіць.
     — Што скажу, тое і будзеш рабіць! — крыкнуў на яго Сталяроў.— Сказана камісар, значыць камісар, чаго тут яшчэ выкручвацца!
      Па хаце зноў пракаціўся рогат.
     — Няхай і ён прамову скажа,— параіў нехта хрыпаватым голасам.— Няхай раскажа, як у Слаўкавічах яму, п'янаму, дзяўчаты мякіны ў штаны насыпалі.
     — У вас будзе сапраўдны камісар,— рашуча заявіў я,— вопытны партыйны работнік.
     — Не прызнаю я такіх камісараў,— ужо даволі рэзка запярэчыў Сталяроў,— не падпушчу іх да сябе.
     — Камісар у вас будзе! — цвёрда сказаў я.
     — Калі так намагаеце, дык будзем галасаваць,— кінуўся на хітрасць Сталяроў.
     — Ніякіх галасаванняў! — загадаў я.— Абком назначыў вам камісара, а вы абавязаны прыняць яго.
     Я дастаў з кішэні сшыткавыя лісткі з абавязацельствамі атрадаў, прысланымі ў абком для перадачы ў Маскву, і паклаў на стол перад Сталяровым разам з яго дакладной.
     — А чаму вы тут не напісалі, што адмаўляецеся ад камісара? — спытаў я.— Чаму не напісалі, што не хочаце як след ваяваць, а туляецеся па вёсках, не здолелі нават наладзіць дысцыпліны і парадку ў атрадзе. Няхай бы ведалі ў Маскве, што баец Чырвонай Арміі Сталяроў, па сутнасці, парушае воінскую прысягу. Замест таго каб сумленна абараняць сваю Радзіму, ён разгульвае па палескіх вёсках, п'янствуе, патурае марадзёрам. Чаму вы не напісалі пра гэта?
     Сталяроў глянуў на лісткі, мусіць, сумленне ў ім загаварыла, і ён нарэшце зразумеў, што далей упарціцца нельга.
      Пазней мы ўлілі ў гэты атрад групу мясцовых камуністаў і перадавых калгаснікаў. Атрад з новым камісарам хутка рос і мяняў сваё аблічча.
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©