|
XXI
Служба сувязі ў народнай гаспадарцы і ва ўсім
жыцці краіны ў мірны час мае вельмі важнае значэнне. Аднак не менш
вялікую ролю адыгрывае яна і ў ваенны час, спрыяючы поспеху аперацый
як паасобных часцей, так і ўсёй арміі пры разгроме праціўніка. На
першы погляд можа ўзнікнуць пытанне: а што ж рабіць службе сувязі ў
партызанскай дзейнасці? Але той, хто недаацэньвае роліслужбы сувязі
ў партызанскім руху, вельмі памыляецца. Ва ўсе перыяды народнай
барацьбы супраць чужаземных захопнікаў служба сувязі існавала і
дзейнічала ў належным маштабе. Тэхніка яе была розная, і карысталіся
ёю ў залежнасці ад таго, наколькі яе ставала. Многае падказвала тут
і народная мудрасць.
Яшчэ перад адыходам у падполле гаварылі нам у ЦК КП(б)Б,
што ад добра наладжанай сувязі будзе залежаць многае і што за
арганізацыю гэтай справы трэба брацца неадкладна, з першых дзён
барацьбы з ворагам.
Мы загадзя ўстанавілі па некалькі пунктаў сувязі ў кожным
раёне вобласці і пастараліся, каб яны ахоплівалі кожны завод,
фабрыку, а ў сельскай мясцовасці — кожную вёску.
Да мая сорак другога года мы карысталіся пераважна сувяззю
праз нашых давераных людзей. Сувязь гэтая была самым дасканалым
чынам заканспіравана. На гэтую справу вызначаліся людзі надзейныя,
стойкія, палітычна падрыхтаваныя. Як і ва ўсёй нашай рабоце, тут нам
вельмі многа дапамог багаты вопыт канспірацыі і наладжвання
падпольнай сувязі бальшавіцкай партыі ў дарэвалюцыйны перыяд.
Усякія метады мы выкарыстоўвалі для ажыццяўлення добрай
партызанскай сувязі. Былі ў нас свае явачныя пункты і кватэры, былі
свае «паштовыя скрынкі» ў дуплах старых дрэў, свае «паштовыя
работнікі». Ва ўсіх відах сувязі бралася стаўка не толькі на адну
сувязную лінію. У нас дзейнічалі дзве ці нават тры паралельныя лініі.
Калі здараўся правал або якая іншая няўдача на адной лініі, дык
выручала другая.
Галоўным сродкам сувязі з савецкім тылам у першыя месяцы
партызанскай барацьбы былі зноў жа людзі, нашы баявыя, загартаваныя
падпольшчыкі. Мы даручылі ім перадачу выключна важных данясенняў і
былі заўсёды ўпэўнены, што гэтыя данясенні не трапяць у рукі ворага.
Правал такой групы прынёс бы, вядома, цяжкую страту, аднак гэта не
было б правалам усёй арганізацыі. Трэба сказаць, што за ўвесь перыяд
падполля ў нас не было такога правалу.
Мы пасылалі групы цераз лінію фронту ў Маскву — у ЦК КП(б)Б і
Штаб партызанскага руху. Першую групу, як вядома, узначальваў наш
баявы партызан Сцяпан Пятровіч.
Такія віды сувязі добра паслужылі нам, яны адыгралі вельмі
важную ролю ў першыя месяцы партыйнага падполля і арганізацыі
партызанскага руху на Беларусі. Аднак што дзень далей, то ўсё больш
і больш пашыраўся партызанскі рух, узмацнялася ўсенародная барацьба
з ворагам. Змяняліся ўмовы, узнікалі новыя і вельмі складаныя задачы.
Нам стала цесна ў рамках нашай першапачатковай нелегальнай сувязі,
яна ўжо адставала ад нашых патрабаванняў, тармазіла рух наперад.
Наспявала неабходнасць шырокага выкарыстання тэхнічнай сувязі. 3
першых месяцаў сорак другога года мы старанна дамагаліся гэтага і ў
пачатку мая атрымамалі рацыю. Беларускі штаб партызанскага руху
рабіў усё неабходнае для таго, каб у кожнай вобласці, у кожным
партызанскім злучэнні і нават у брыгадах, а пазней і ў атрадах, якія
стаялі ў вельмі важных пунктах і вялі барацьбу з чужаземнымі
захопнікамі на важных стратэгічных лініях, былі свае рацыі. Гэта
дапамагала трымаць непасрэдную сувязь з нашымі франтамі і асобнымі
арміямі, каардынаваць дзеянні, рэгулярна звязвацца з Масквой,
Цэнтральным штабам партызанскага руху і ЦК КП(б)Б. Пазней стала
вядома, што Цэнтральны Камітэт КП(б)Б, атрымаўшы нашы данясенні,
некалькі разоў спрабаваў устанавіць з намі непасрэдную сувязь, але
пасланыя сюды групы па некаторых абставінах не даходзілі да нас і
заставаліся працаваць па сувязі ў партызанскіх атрадах другіх
абласцей рэспублікі.
Нарэшце адна група дасягнула мэты. Спусцілася яна на
парашутах у раёне вёсак Убібачкі, Кузьмічы, Любанскага раёна. Дні
два людзі блукалі па лесе, але паколькі гэта была партызанская зона,
дык неўзабаве яны наткнуліся на нашы заставы.
Мы ў гэты час, выконваючы план адной аперацыі, ішлі ў напрамку
Старыя Дарогі — Асіповічы. Атрады спыніліся на прывал у раёне вёскі
Азярное, а штаб размясціўся каля вёскі Барыкоў. Раптам з'яўляюцца
тры коннікі і дакладваюць, што каля Убібачак затрыманы два невядомыя
чалавекі з пакетам на маё імя. Трымаюцца гэтыя людзі неяк падазрона,
апрануты ў нямецкую форму, з нямецкімі пісталетамі, ды між іншым
прагаварыліся, што недзе ў лесе іх чакае яшчэ адзін чалавек. Калі
затрыманыя пераканаліся, што перад імі партызаны, яны загаварылі
смялей, хоць сакрэту, што ў іх ёсць рацыя, не выдалі: відаць, чакалі
таго моманту, пакуль не будзе ўручаны пакет таму, каму ён адрасаваны.
Каб хутчэй высветліць, хто гэтыя людзі, я вырашыў
паехаць туды сам. Узяў з сабой групу коннікаў, сеў у тачанку і зараз
жа выехаў. Дарога была не блізкая, каля сарака кіламетраў трэба было
праехаць, а калі з аб'ездамі, то і больш. Прыбыў на месца ўжо
раніцою.
Прывялі да мяне затрыманых — аказваецца, людзі знаёмыя. Адзін
некалі ў трыццаць пятым ці трыццаць шостым годзе працаваў старшынёй
Уздзенскага райвыканкома, прозвішча яго Жарыкаў, а другі — былы
дырэктар сярэдняй школы Старобінскага раёна Скалабан. Відаць, ЦК КП(б)Б
наўмысля паслаў такіх людзей, якія добра ведалі мяне.
Як пазней яны расказвалі, дык гэта так і было. Калі паўстала
пытанне аб непасрэднай тэхнічнай сувязі з Мінскім падпольным абкомам
і партызанскім злучэннем, а першыя сувязныя не дасягнулі сваёй мэты,
таварыш Панамарэнка загадаў падабраць дэсантную групу з такіх людзей,
якія б асабіста ведалі мяне, добра арыентаваліся ў мясцовасці і
маглі б карыстацца давер'ем насельніцтва. Гэта справа была даручана
таварышу Аўхімовічу, які быў тады сакратаром ЦК КП(б)Б па кадрах.
Пазней ён сам наведаў Мінскі, Палескі, Пінскі і Гомельскі падпольныя
абкомы КП(б)Б, аказаў вялікую дапамогу ў падборы кіруючых партыйных
кадраў і сваёй дзейнасцю дапамагаў разгортванню ўсенароднай
партызанскай вайны.
Займаючыся гэтым пытаннем, таварыш Аўхімовіч успомніў
пра Скалабана, які ў той час быў у Маскве. Да Айчыннай вайны
Аўхімовіч прыязджаў у Старобінскі раён, там на партыйнай канферэнцыі
ён чуў ад мяне і іншых раённых работнікаў добрыя словы пра Скалабана,
які якраз быў дэлегатам канферэнцыі. Выклікаў цяпер яго ў ЦК,
пазнаёміўся бліжэй. Скалабан даў згоду ляцець на Міншчыну. Сталі
сумесна думаць пра другога чалавека, і Скалабан рэкамендаваў Сцяпана
Жарыкава, з якім ён пазнаёміўся ў Маскве. I калі Скалабан пачаў
потым гаварыць, што ў Мінскім падпольным абкоме працуе Казлоў,
Жарыкаў сказаў, што ён мяне добра ведае, хацеў бы дабрацца да мяне і
разам ваяваць супраць ворага.
Такім чынам, выходзіла, што да нас прыбылі свае людзі. Аднак
у той суровы час ва ўсякай справе патрабавалася асцярожнасць, іншы
раз нельга было давярацца нават і відавочным фактам. Да вайны я
ведаў гэтых людзей, а як яны павялі сябе ў час вайны, было невядома.
Таму мне прыйшлося крыху пакрыўдзіць прыбыўшых у першую ж
хвіліну нашага спаткання. Яны ў радасці кінуліся абдымацца са мной,
а я прывітаўся стрымана і нават халаднавата. Ніяк не мог пераадолець
свайго пачуцця насцярожанасці.
Было ў іх пісьмо мне ад сакратара Цэнтральнага Камітэта КП(б)Б
таварыша Панамарэнкі. Мы ўважліва прачыталі пісьмо. Хацелася б
парадавацца з такога поваду і парадаваць іншых, але ж, на вялікі
жаль, і тут мы не маглі поўнасцю пакласціся на бясспрэчнасць факта.
Хто ведае, Панамарэнка пісаў гэтае пісьмо ці не? Мы ўжо неаднойчы
атрымлівалі пісьмы, дзе стаяў подпіс Панамарэнкі. 3 пісьмамі, якія
былі адрасаваны ўсім партызанам Беларусі з просьбай аказваць
усялякую дапамогу такому-та работніку разведаддзела Чырвонай Арміі і
падпісанымі нібыта начальнікам аддзела генштаба Чырвонай Арміі
Кузняцовым, да нас спрабавалі прабрацца гітлераўскія шпіёны. Гестапа
прыдумвала розныя правакацыі, але яму нічога не ўдавалася. Усе
правакацыйныя пісьмы, сфабрыкаваныя гестапаўцамі, былі намі выкрыты
разам з іх уладальнікамі.
Неўзабаве прывялі трэцяга чалавека. Гэта быў яшчэ зусім
малады хлапец, з адкрытым, крыху наіўным тварам, з вясёлымі
праніклівымі вачыма. Звалі яго Валодзем, прозвішча — Феўралёў. Ён
быў родам са станцыі Цымлянская, Растоўскай вобласці, і трапіў у
групу пасля сканчэння курсаў радыстаў у Маскве.
Дапусцілі людзей да работы, толькі на ўсякі выпадак Бондар
устанавіў за імі нагляд. Час пакажа. Вудуць добра, сумленна
працаваць, значыць, людзі нашы, уся тады ім павага і давер'е, а
пачнуць хітракаць, няхай наракаюць на сябе.
Я паслаў радыёграмы ў Маскву, у Цэнтральны Камітэт КП(б)Б і Штаб
партызанскага руху. Радысты перадалі. Не звяраўся, як яны яе
перадалі, але перадалі. Назаўтра атрымліваю адказ: «Рады, што
звязаліся, віншуем, жадаем поспехаў...» і далей у такім стылі.
Што ж, думаю, першай магла быць і такая радыёграма,
няма нічога дзіўнага. Перадаём яшчэ раз і просім канкрэтных
указанняў у рабоце. Неўзабаве прыходзіць адказ і, на жаль, зноў
такога ж зместу, толькі крышачку зменены: «Віншуем, моцна паціскаем
руку, жадаем поспехаў...»
Тут ужо мы насцеражыліся: не можа быць, каб з Масквы пасылалі
дзве, па сутнасці, аднолькавыя радыёграмы. Апрача таго, там добра
ведаюць, што не віншаванні і пажаданні нам патрэбны, а дзейсная
дапамога ў рабоце. Відаць, тут папахвае правакацыяй.
Мы вырашылі паслаць у ЦК яшчэ адну радыёграму. Напісалі
канкрэтна, паставілі некалькі спецыфічных пытанняў. Атрымліваем зноў
тое ж самае, што і раней, толькі з нязначнымі зменамі: тыя ж
прывітанні, віншаванні, пажаданні і яшчэ некалькі, відаць, выдуманых
шыфравальшчыкам слоў.
Што рабіць? Ёсць рацыя, а сувязі з Масквой, з Цэнтральным Камітэтам
КП(б)Б як не было, так, па сутнасці, і няма. Зняць радыста,
паставіць, скажам, свайго, дык жа ён кода і шыфра не ведае. А
Жарыкаў спецыяльна рыхтаваўся для работы шыфравальшчыкам.
Выклікаю яго ў штаб.
— Скажы,— гавару,— Сцяпан Сяргеевіч, правільна ты расшыфроўваеш
радыёграмы?
— А чаму вы мяне пытаеце? — адказвае. — Безумоўна, правільна.
— Чаму ж усе тры радыёграмы аднолькавыя?
— Не ведаю,— адказвае,— яны не зусім аднолькавыя. Мусіць, там
так пісалі, я за гэта не адказваю.
Тут у мяне ўжо не хапіла цярплівасці.
— Будзеш гаварыць праўду ці не? — крыкнуў я.— Кажы, хто вас
сюды паслаў?
Ён, бачу, крыху захваляваўся, а ўсё ж клянецца, што прыбыў з Масквы,
з Беларускага штаба партызанскага руху. Запэўняе, што расшыфроўка
дакладная.
Доўга я з ім гутарыў, нічога не даведаўся, пусціў. Пад вечар
сабралася закрытае бюро абкома. Дакладваю бюро, што атрыманыя з
Масквы радыёграмы выклікаюць сур'ёзнае падазрэнне, што яны падобны
адна на адну і не даюць ніякага кірунку ў рабоце. Нельга верыць, што
гэта сапраўдныя радыёграмы. Нас могуць павіншаваць, пажадаць
поспехаў адзін раз, але ж не можа таго быць, каб гэта паўтаралася
тры разы засаб. Не такі цяпер час, каб займацца лішнімі пяшчотамі.
Фашысты рвуцца на поўдзень, а мы салодзенькія радыёграмы атрымліваем.
Доўга мы думалі, як быць. Зрыў непасрэднай сувязі з Масквой
глыбока хваляваў усіх членаў бюро. Трэба было зараз жа шукаць
нейкага выйсця.
Бельскі прапанаваў выклікаць на бюро Жарыкава і выслухаць яго
тлумачэнні. Я, вядома, не пярэчыў яшчэ раз паслухаць Жарыкава на
бюро, але сказаў Бельскаму, што шыфравальшчык гаворыць не зусім
шчыра. Жарыкаў прыйшоў хмурны, з разгубленым выглядам. Задаём
пытанне — адмоўчваецца альбо круціць галавой, калі жорстка гаворым
пра яго віну. Нічога благога не прызнае за сабою, нават бясспрэчныя
факты адвяргае.
Тады я ўношу прапанову — адхіліць Жарыкава ад работы шыфравальшчыка
і даручыць таварышу Бондару правесці расследаванне. I калі хоць
што-небудзь з нашых падазрэнняў пацвердзіцца, прымяніць закон
ваеннага часу. Бюро абкома прыняло такую прапанову.
Толькі цяпер зразумеў Жарыкаў, што далей хлусіць нельга. Ад
роспачы і глыбокага хвалявання ён ледзь не заплакаў, а потым
прызнаўся, што проста забыў шыфр: маскоўскія радыёграмы засталіся
проста нерасшыфраванымі.
— Хіба мая галава — энцыклапедыя? — апраўдваўся Жарыкаў.— Я
не магу доўга трымаць у памяці такіх складаных рэчаў. Калі вывучаў,
здавалася, добра ведаў, а пакуль прыляцеў на месца, усё забыў, усё
вылецела з галавы.
— Значыць, гэтыя радыёграмы, якія чытаў нам, ты проста
выдумаў? — запытаўся я.
— Так,— адказвае,— выдумаў. Я спадзяваўся, што ўсё будзе
добра.
— А Скалабан ведаў пра гэта?
— Не, не ведаў.
Я загадаў ізаляваць Жарыкава, бо ў мяне і ў астатніх членаў
бюро абкома, па віне самога ж Жарыкава, з'явілася падазрэнне, што ён
здраднік.
Выходзячы са штаба, Жарыкаў нарэшце сказаў, што ў радыста
Феўралёва ёсць запасы, аварыйны шыфр. Толькі гэты шыфр не зусім
складаны, акупанты могуць разабрацца ў ім.
Давялося пайсці на рызыку. Я выклікаў радыста Валодзю
Феўралёва і загадаў яму перадаць наступную радыёграму ў ЦК КП(б)Б: «Нармальнай
сувязі ўстанавіць не магу. Жарыкаў забыў шыфр. Атрыманыя ад вас
радыёграмы не расшыфраваны. Прашу тэрмінова камандзіраваць новага
шыфравальшчыка».
Але радыст адмовіўся перадаваць радыёграму запасным шыфрам.
— Гэта шыфр аварыйны,— заявіў ён,— ім дазволена карыстацца толькі ў
самых крайніх выпадках: у выпадках аварыі.
— Дык у нас жа якраз і аварыя,— кажу яму,— у нас
правальваецца сувязь з Масквой, з Цэнтральным Камітэтам партыі.
— Чаму правальваецца? — пытае.— А Жарыкаў нашто?
— Жарыкаў забыў шыфр,— тлумачу я радысту,—ён цяпер арыштаваны за
ашуканства і правал работы.
— Не можа гэтага быць,— не згаджаецца Феўралёў.— Мне загадана
падначальвацца толькі Жарыкаву, і я гэтага буду трымацца. Няхай
Жарыкаў напіша мне, што здарылася.
Давялося прынесці радысту запіску ад Жарыкава. Пазнаўшы яго
почырк і канчаткова пераканаўшыся, што становішча з радыёсувяззю
сапраўды пагражаючае, Феўралёў перадаў радыёграму сваім шыфрам.
У той жа дзень прыйшоў адказ ад ЦК КП(б)Б: «Радыёграму
атрымалі. Прымаем захады. 29 будзе самалёт. Чакайце. Укажыце месца і
ўстанавіце наземныя сігналы».
Мы ўказалі месца, і 29 мая 1942 года роўна ў дванаццаць
гадзін ночы да нас прыбыў самалёт і спусціў на парашутах другога
радыста і шыфравальшчыка.
3 гэтага часу ў нас устанаўліваецца рэгулярная радыёсувязь з
ЦК КП(б)Б. Крыху пазней нам прыслалі яшчэ некалькі рацый і
радыёвузел. Мы наладзілі радыёсувязь з сумежнымі абласцямі, раёнамі,
з найбольш буйнымі брыгадамі і атрадамі. Кожны дзень ЦК атрымліваў
ад нас весткі пра нашы партызанскія справы, пра нямецкія ўзброеныя
сілы і кірункі іх руху, пра гітлераўскія гарнізоны і ўмацаванні на
тэрыторыі Беларусі.
Таварыш Скалабан найлепш паказаў сябе на рабоце,
працаваў камісарам аднаго атрада, многа разоў удзельнічаў у цяжкіх
баях. Гэта быў чалавек сумленны і здольны. Мы прадставілі яго да
ўрадавай узнагароды, і потым па даручэнню Прэзідыума Вярхоўнага
Савета Саюза ССР я ўручыў яму ордэн Чырвонага Сцяга.
Што ж датычыць Жарыкава, дык ён на першых кроках не зразумеў, не
ўзважыў усёй сур'ёзнасці і адказнасці партызанскай барацьбы. На
партызанскую дзейнасць ён глядзеў як на лёгкую рамантыку. Пэўны час
ён нават не верыў, што партызаны могуць займацца чым-небудзь
сур'ёзным. Яму здавалася, што ўсе гэтыя рацыі, шыфры — проста
нікчэмнае фантазёрства. Каму ў партызанах спатрэбіцца той шыфр?
Навошта ён? Якая там можа быць сувязь? Жывуць людзі ў лесе, ратуюцца
ад гітлераўцаў і не ў галаве ім гэтыя шыфры. Цікавіла толькі адно:
паклапаціцца, каб не трапіць гітлераўцам у лапы.
У адносінах шыфра ён хутка ўбачыў, што памыліўся.
Прыйшлося змяніць яму свае погляды і на многія іншыя справы. Мы
паслалі яго радавым байцом у атрад Далідовіча. Ваяваў Жарыкаў
нядрэнна, заслужыў давер'е ў людзей і праз нейкі час быў назначаны
камандзірам узвода ў адным з атрадаў у Ганцавіцкім раёне. За баявыя
справы быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Звязды і медалем «Партызану
Айчыннай вайны» першай ступені. 3 работай ён спраўляўся — усё ж такі
чалавек з адукацыяй, з пэўным вопытам.
Загінуў Сцяпан Жарыкаў праз сваю залішнюю бестурботнасць,
неасцярогу. Ішоў з Ганцавіч да нас, каб атрымаць зброю і боепрыпасы
для атрада. Каля Капыля зайшоў да знаёмага калгасніка, з гадзіну
адпачыў там, пачаставаўся і пайшоў далей. Замест таго каб ісці
непрыкметна, рушыў адкрытымі шляхамі. Так ён натрапіў на гестапаўцаў.
Потым я цяжка перажываў праз яго і, шчыра скажу, вельмі
шкадаваў, што загінуў чалавек так недарэчна. Я лічыў, што не толькі
ён у гэтым вінаваты, а часткова і мы. Мусіць, не знайшлі падыходу к
чалавеку, не дапамаглі яму па-сапраўднаму пераламаць сябе. Што ж
зробіш? Нямала даводзілася перажываць і пакутаваць і праз некаторыя
свае памылкі і праз памылкі сваіх таварышаў.
Другі радыст, што прыляцеў да нас з Масквы, прывёз мне
пісьмо ад Панамарэнкі. Пісьмо было даволі загадкавае; спачатку я
нават не мог зразумець, для чаго яно. Там пісалася наступнае: «Паведаміце
мне, калі вы ў апошні раз былі ў Маскве, у ЦК ВКП(6); з кім мелі
гутарку, які дакумент афармлялі?»
Нейкі час я не адказваў, усё думаў: навошта гэта, чаму
мне задаюць такія пытанні? Потым зразумеў, што гэта робіцца для
праверкі. Апошні раз у Маскве я быў у 1940 годзе, сустракаўся з
сакратаром ЦК ВКП(б) таварышам Андрэевым А. А. і пісаў адзін вельмі
важны дакумент. Аб гэтым ведаў у ЦК КП(б)Б толькі Панцеляймон
Кандратавіч. Вось такім чынам і правяралася, той гэта Казлоў дасылае
ў Маскву радыёграмы аб партызанскай дзейнасці ці які-небудзь другі,
магчыма, падстаўлены ворагам. Усяго можна было чакаць у тыя часы.
Я паслаў у ЦК КП(б)Б падрабязныя весткі: і калі быў у Маскве,
і з кім сустракаўся, аб чым ішла гаворка пры сустрэчы і які дакумент
тады я пісаў.
Пасля гэтага сумненні, відаць, зніклі. Панцеляймон
Кандратавіч потым расказваў мне, што пасля атрымання радыёграмы ён
канчаткова ўпэўніўся, што гэта той самы Казлоў, які па ўказанню ЦК
астаўся на Міншчыне для стварэння партыйнага падполля і арганізацыі
партызанскай барацьбы. Ён так і далажыў Андрэю Андрэевічу:
— Гэта наш Казлоў.
Праз некалькі дзён прыйшла вельмі важная шыфроўка. Перадаюць
шчырую падзяку ўсяму складу абкома і ўсім партызанам злучэння, затым
паведамляецца, што Цэнтральны Камітэт увайшоў з хадайніцтвам ва Урад
Саюза ССР аб узнагароджанні беларускіх партызан, якія мужна
змагаюцца і вызначыліся ў баях з нямецкімі фашыстамі, ордэнамі і
медалямі Савецкага Саюза.
У гэтай жа тэлеграме было сказана, што Цэнтральны Камітэт ВКП(б)
увесь час сочыць за барацьбой беларускіх партызан, усё ведае пра іх
дзейнасць і, мусіць, неўзабаве будуць выкліканы ў ЦК кіраўнікі
партызанскага руху, якія знаходзяцца на часова акупіраванай
тэрыторыі Беларусі.
да зместу |
|