|
XXII
У адным з маляўнічых куткоў Любаншчыны,
недалёка ад вёскі Старасек, знаходзіцца малапрыкметны сярод лясоў і
зараснікаў астравок Зыслаў. Рака Арэса з шырокімі дрыгвяністымі
берагамі агібае яго з усходу. Вакол вострава — балота, таму нават у
самае засушлівае лета дабрацца туды нялёгка. Месца гэтае прыгожае і
багатае разналессем. Расце на востраве стромкі хвойнік, раскошны
алешнік, сустракаюцца бярозы і дубы. Вясковыя хлапчукі і дзяўчаты,
правальваючыся па пояс у дрыгве, іншы раз дабіраліся сюды па суніцы
і маліны, а пазней — па арэхі. Птаства тут вялося ўсялякае: што ні
дрэва, то гняздо. I не дзіва, што часамі хлапчукі прыносілі дадому
рознакаляровыя яйкі і хваліліся аднагодкам сваімі дзіўнымі
здабыткамі.
Бадай-што, ні на адной карце не абазначаўся гэты
астравок, а калі і абазначаўся дзе, дык маленькай, малапрыкметнай
кропкай. Нейкі час нашы атрады не звярталі на яго асаблівай увагі,
але потым Далідовіч размясціў там некаторыя свае запасныя базы.
Пасля гэтага пачалі наведвацца сюды і другія камандзіры партызанскіх
атрадаў. Сур'ёзна зацікавіліся мы гэтым астраўком толькі тады, калі
паўстала пытанне будаўніцтва вялікага партызанскага аэрадрома.
Справа гэтая вельмі ж наспела ўлетку сорак другога года,— заставацца
без свайго аэрадрома больш нельга было, ды і аэрадром патрэбен быў
такі, які б выконваў задачы не толькі абласнога, але і
рэспубліканскага значэння. У нас ужо добра наладзілася радыё і жывая
сувязь з Вялікай зямлёй, часта прыляталі ў партызанскі край самалёты,
але прызямліцца ім не было дзе. Лётчыкі скідвалі нам грузы, але не
ўсё прысланае такім чынам мы маглі атрымаць. Былі выпадкі, калі
пакункі са зброяй і боепрыпасамі траплялі ў балота або ў такі гушчар,
што знайсці іх было нялёгка, а некаторыя і зусім не знаходзілі.
Аэрадром дапамог бы нам больш наблізіцца да Вялікай
зямлі, да роднай Масквы. Мінскім партызанам, ды і ўсяму беларускаму
народу добра было вядома, што Цэнтральны Камітэт партыі і Савецкі
ўрад сочаць за іх барацьбой, цікавяцца іх жыццём і дзейнасцю. Гэта
надавала людзям сілы і адвагі, загартоўвала іх у цяжкім і гераічным
змаганні.
Савецкі чалавек выхаваны так, што яму цяжка жыць і
працаваць, не адчуваючы локця братніх народаў, не маючы штодзённай
жывой сувязі са сваім урадам, са сваёй партыяй. Цэнтральны Камітэт
нашай партыі штодзённа цікавіўся разгортваннем партызанскага руху на
Беларусі. Вестка аб тым, што ў ЦК рыхтуецца сустрэча з
прадстаўнікамі беларускага народа, невымерна ўзрадавала нас і яшчэ
болын актывізавала партызанскія атрады ў барацьбе з акупантамі.
Паслаць свайго прадстаўніка ў Маскву — было вялікім шчасцем і
гонарам для кожнага партызана і партызанкі. Тым больш што нам ужо
было пра што расказаць. К жніўню 1942 года толькі ў адным нашым
злучэнні было ўжо каля дзесяці тысяч чалавек — шэсцьдзесят сем
партызанскіх атрадаў і груп. Мы мелі вялікую колькасць вінтовак і
аўтаматаў, ручных і станковых кулямётаў і каля двух дзесяткаў гармат.
У нас былі ўжо такія сілы, што мы маглі аперыраваць па ўсіх раёнах
Міншчыны і Палесся, трымалі сувязь і аказвалі дапамогу партызанам
другіх абласцей, асабліва заходніх абласцей Беларусі, устанавілі
кантакт з бранскімі, украінскімі і нават польскімі партызанамі, якім
аказвалі брацкую дапамогу па ўзмацненню барацьбы з ненавіснымі
акупантамі. Адчувальная была наша дапамога ўкраінскім партызанам, у
прыватнасці брыгадзе Каўпака, якая на працягу амаль трох месяцаў
знаходзілася на тэрыторыі Беларусі.
Вялікую і надзвычай дзейсную дапамогу аказвалі
беларускім партызанам масквічы і насельніцтва другіх абласцей РСФСР.
У наша злучэнне прыбыў з Падмаскоўя конны атрад пад камандай
Флегантава. Гэтыя людзі, перабраўшыся цераз лінію фронту, правялі
нечуваныя па свайму характару, сапраўды гераічныя рэйды па тылах
ворага.
Камандзіра атрада Аляксея Кандзідзьевіча Флегантава
Вялікая Айчынная вайна заспела на пасадзе кіраўніка спраў
Гідраметслужбы пры Саўнаркоме СССР. Кіпучая натура, бязмежная любоў
і адданасць партыі і Радзіме клікалі яго ў бой, на франты Вялікай
Айчыннай вайны.
— Я не магу больш заставацца ў Маскве ў цішыні
службовага кабінета,— гаварыў ён сакратару партыйнай арганізацыі
Гідраметслужбы.
—Ты зможаш прынесці фронту карысць і тут, на адказнай грамадзянскай
рабоце,— адказвалі яму ў партарганізацыі.
— I ўсё ж прашу накіраваць мяне на фронт,— настойваў
Флегантаў. А калі нельга на фронт, то накіруйце ў тыл ворага, у
партызанскія атрады. У гэтай справе ў мяне ўжо ёсць вопыт з часоў
грамадзянскай вайны.
Праз некаторы час партыйная арганізацыя разам з ваенкаматам
накіравала таварыша Флегантава ў распараджэнне Цэнтральнага штаба
партызанскага руху.
Нарадзіўся Аляксей Кандзідзьевіч у 1887 годзе ў беднай рабочай сям'і
ў горадзе Ольга, Чыцінскай вобласці. У раннім дзяцінстве асірацеў.
Далейшае яго жыццё і выхаванне праходзіла ў сястры. Вельмі рана
прыйшлося яму спазнаць паднявольную працу. Прыходзілася наймацца
чорнарабочым у горадзе Чыце, а таксама на залатыя прыіскі ў
Забайкаллі.
Але цяжкае жыццё не зламала падлетка, ён рос мужным і
моцным, гартавалася яго воля і ўсё больш расла ў душы нянавісць да
царскага самадзяржаўя, расла і мацнела самасвядомасць. 17-гадовым
юнаком Аляксей апынуўся ў самай гушчы бурлівых падзей першай рускай
рэвалюцыі 1905 года. У Хабараўску ён прымае актыўны ўдзел у вельмі
смелай аперацыі пры вызваленні з турмы групы палітычных зняволеных.
А калі пачалася першая сусветная вайна, Флегантава мабілізавалі ў
царскую армію, дзе ён служыў спачатку радавым салдатам, а праз
некаторы час быў накіраваны ў школу юнкераў. I тут Флегантаў ужо ў
новых умовах працягвае рэвалюцыйную работу сярод сваіх таварышаў,
салдат, растлумачваючы ім палітычную сутнасць і класавы характар
імперыялістычнай вайны. Яго ўплыў і аўтарытэт усё больш і больш
павялічваліся. У бурлівыя лютаўскія дні 1917 года салдаты выбралі
яго старшынёй палкавога камітэта 28-га стралковага палка. 3 далёкага
Петраграда, з берагоў Нявы, данесліся на Далёкі Усход залпы гармат «Аўроры».
Праз некаторы час і тут узялі ўладу ў свае рукі рабочыя і сяляне. 3
першых жа дзён Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі працоўныя Хабараўска
аказалі вялікае давер'е Аляксею Кандзідзьевічу, выбраўшы яго членам,
а затым і старшынёй Хабараўскага гарадскога Савета рабочых і
салдацкіх дэпутатаў.
Пачалася грамадзянская вайна. Вогненным кальцом інтэрвентаў была
акружана маладая Савецкая рэспубліка. Асабліва цяжка і доўга ішла
жорсткая барацьба на франтах Далёкага Усходу, і ўвесь гэты час
Флегантаў быў у першых радах салдат рэвалюцыі, на перадавых пазіцыях
гэтай жорсткай барацьбы. У самыя цяжкія гады грамадзянскай'вай-ны ён
на ўсё жыццё звязаў свой лёс з Камуністычнай партыяй, уступіўшы ў яе
рады ў 1919 годзе. На фронце з асаблівай сілай праявіўся талент
Аляксея Флегантава як арганізатара, кіраўніка парты-занскага руху,
вельмі здольнага военачальніка. Аляксей Кандзідзьевіч паказаў
цудоўную мужнасць і гераізм у бязлітаснай барацьбе супраць ворагаў
працоўных — калчакаўцаў, сямёнаўцаў і банд замежных інтэрвентаў.
Спачатку ён узначальваў не-вялікі партызанскі атрад, а затым
камандаваў дывізіяй. 3 1921 года да поўнага вызвалення савецкага
Далёкага Усходу стаяў на чале ўсіх партызанскіх сіл Прымор'я.
Савецкі ўрад высока ацаніў Флегантава ў барацьбе супраць
белагвардзейскіх інтэрвентаў, узнагародзіўшы яго ордэнам Чырвонага
Сцяга.
У мірны час Аляксея Кандзідзьевіча накіравалі туды, дзе
асабліва было ў той час цяжка, дзе патрабаваліся добрыя арганізатары,
актыўныя партыйныя работнікі. Спачатку на Далёкім Усходзе, потым на
Украіне, пазней — у Маскве Флегантаў займае адказныя дзяржаўныя і
гаспадарчыя пасады. I ўсюды ён паказвае сябе як верны ленінец,
бязмежна адданы партыі і свайму народу.
Канец ліпеня 1941 года. Аляксей Кандзідзьевіч Флегантаў, як
стары камуніст, баявы важак далёкаўсходніх партызан, па заданню
партыі працуе на апаленай вайною і параненай зямлі Смаленшчыны.
Прымяняючы свой баявы і жыццёвы вопыт, накоплены ў гады
грамадзянскай вайны, ён дапамагае партыйным арганізацыям Смаленшчыны
ў згуртаванні і ўзбраенні партызанскіх атрадаў. 3 уласцівай
камуністу энергіяй і вялікім уменнем ён кіруе барацьбой смаленскіх
народных мсціўцаў, а потым камандуе адным з самых вялікіх
партызанскіх атрадаў.
Няспыннае напружанне ў рабоце, бяссонныя ночы і да таго ж старыя
раны далі сябе адчуць. У пачатку кастрычніка 1941 года камандаванне
адклікала Флегантава ў Маскву на лячэнне. У гэты час, як вядома,
цёмныя зграі фашызму пагражальнай лавінай усё далей імкнуліся на
ўсход. Усё бліжэй і бліжэй вораг падыходзіў да меж Маскоўскай
вобласці. Стваралася непасрэдная пагроза сэрцу нашай Радзімы —
Маскве. I хаця вельмі дрэнна адчуваў сябе ў гэты час партызанскі
важак Флегантаў, усё ж ён не мог заставацца ў Маскве, нават
адмаўляўся ад далейшага лячэння. Па яго настойліваму патрабаванню
Штаб партызанскага руху накіроўвае Флегантава ў лясы Падмаскоўя, дзе
ў той час фарміраваліся партызанскія атрады, арганізоўваліся
харчовыя базы, накопліваліся запасы зброі і абсталёўваліся
партызанскія стаянкі. Флегантаў працуе ў гэты час інструктарам
партызанскага руху ў Падмаскоўі. Дні і ночы раз'язджае ён па раёнах
вобласці, арганізоўвае партызанскія атрады, вучыць маладых партызан
баявым справам, інструктуе іх, перадае свой багаты вопыт. Пад яго
непасрэдным кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле выдаецца «Спутнік
партызана», які стаў потым настольным даведнікам і вельмі патрэбным
дапаможнікам для народных мсціўцаў. Многія партызанскія атрады
Падмаскоўя сваімі баявымі поспехамі ў значнай меры абавязаны
штодзённай дапамозе Флёгантава.
А калі ў снежні 1941 і пачатку 1942 года слаўныя палкі
Чырвонай Арміі пачалі граміць фашысцкіх акупантаў пад Масквой,
Флегантаў быў ужо самым цяснейшым чынам звязаны з многімі
партызанскімі атрадамі Падмаскоўя, каардынаваў іх дзеянні ў дапамогу
нашым рэгулярным часцям.
Вайна ўсё далей і далей адыходзіла на захад. Былі вызвалены ад
фашыстаў многія вобласці, але вораг яшчэ не быў поўнасцю прагнаны з
нашай зямлі. У гэты час Аляксей Канедзеевіч, вельмі моцна
пасябраваўшы з маскоўскімі партызанамі, пачаў распрацоўваць ідэю
стварэння спецыяльнай кавалерыйскай часці, якая б змагла быць
накіравана ў тыл ворага для баявых дзеянняў. Ён пачаў вербаваць
добраахвотнікаў. У сваю кавалерыйскую групу Флегантаў падбіраў
найбольш смелых, адважных людзей. Некаторы час ён сам займаўся і
абучэннем байцоў-кавалерыстаў.
I вось наступіў доўгачаканы дзень — 3 жніўня 1942 года.
Добраахвотнікі-кавалерысты на чале з Флегантавым пагрузіліся ў
салдацкія цяплушкі і накіраваліся спачатку на Калінінскі фронт. Там
яны працягвалі сваё баявое абучэнне. Вучылі кавалерыстаў і партызан,
якія прыбылі з Беларусі праз так званыя «Віцебскія вароты».
Коннаму партызанскаму атраду далі назву «Баявы». Атрад
меў некалькі эскадронаў і ўзводаў. Пасля падрыхтоўкі быў накіраваны
ў тыл ворага на тэрыторыю Беларусі. Пераходы рабілі галоўным чынам
ноччу. Незаўважанымі перайшлі лінію фронту і праз некаторы час
апынуліся на тэрыторыі Віцебшчыны.
Цэнтральны штаб партызанскага руху паставіў перад конным атрадам
вельмі адказную задачу: сваімі дзеяннямі, баявым прыкладам, умелай
пастаноўкай партыйна-палітычнай работы сярод мясцовага насельніцтва
ўсяляк садзейнічаць разгортванню партызанскага руху ў Беларусі.
Гэтую задачу атрад стараўся ўвесь час паспяхова выканаць. Ужо
рухаючыся да месца прызначэння, ён правёў некалькі баявых аперацый у
тыле ворага.
10 верасня 1942 года атрад дасягнуў Лепельскага раёна.
Партызанская разведка данесла, што мястэчка Камень занята штабам
гітлераўскай дывізіі на чале з генералам. Фашысты збіраюцца
пераязджаць у пасёлак Бароўка.
Флегантаў прыняў вельмі смелае рашэнне — разграміць штаб
фашысцкай дывізіі. Ажыццяўленне гэтай аперацыі было даручана ўзводу
Жохава I. В. Раніцай 12 верасня група партызан, узброеных аўтаматамі,
кулямётамі, ПТР і мінамі, прыбыла ў назначанае месца, замініравала
шасэ і замаскіравалася ў 50 метрах ад дарогі. Налёт быў разлічаны на
раптоўнасць. Гэта атраду ўдалося. У выніку аперацыі было знішчана 12
аўтамашын з жывой сілай і боепрыпасамі, 80 салдат, 3 афіцэры і
генерал. Былі таксама ўзяты цэнныя дакументы з штаба дывізіі.
Праз некаторы час атрад уступіў на тэрыторыю Чэрвеньскага
раёна, і 17 кастрычніка 1942 года кавалерысты прыбылі ў вёску
Зенаполле.
У сямі кіламетрах ад вёскі, на лясным участку Рассохі,
партызаны аблюбавалі месца для свайго лагера. Пачалося будаўніцтва
гаспадарчых памяшканняў, шпіталя, абсталяванне стойлаў для коней. А
потым пайшло звычайнае партызанскае жыццё ў лесе. Невялікія групы
амаль кожны дзень выходзілі адсюль на баявыя заданні.
Выконваючы адказную задачу штаба Мінскага партызанскага
злучэння, конны атрад на чале з Флегантавым увесь час праводзіў
вялікую арганізацыйную работу па ўмацаванню партызанскіх
падраздзяленняў. Праз некаторы час у адной брыгадзе пад
камандаваннем Флегантава былі аб'яднаны конны атрад, а таксама
атрады Ціхамірава, Лівенцава, Філіпскіх і Кузняцова. Такая
арганізацыйная структура адыграла вялікую ролю. 3 часам брыгада
вырасла ў грозную, добраўзброеную і арганізаваную сілу. Партызанская
брыгада мела даволі рэгулярную радыёсувязь з Вялікай зямлёй. Гэта
дало магчымасць Цэнтральнаму штабу партызанскага руху сістэматычна
забяспечваць брыгаду неабходным узбраеннем, боепрыпасамі, выбуховымі
матэрыяламі. 3 кожным днём усё больш пашыралася кола баявой
дзейнасці брыгады. Усё часцей праводзіліся буйныя баявыя аперацыі.
У канцы лістапада 1942 года кавалерысты пад
камандаваннем Бабкова разам з атрадам Ціхамірава знішчылі фашысцкі
эшалон у раёне станцыі Талька, Пухавіцкага раёна. Аперацыя была
дэталёва прадумана і распрацавана. Месца для арганізацыі знішчэння
эшалона было выбрана на перагоне станцыі Верайцы — Талька. Лясны
масіў у гэтым раёне і скрытыя падыходы да чыгункі садзейнічалі
поспеху партызан. Падрыўнікі Агапонаў і Кузняцоў пад прыкрыццём
сваіх таварышаў хутка і ўмела замініравалі чыгунку. Партызаны пад
камандаваннем Ціхамірава, Саланчука і Бычкова замаскіраваліся ў
канавах. Наступіла трывожная, насцярожваючая цішыня. I вось праз
некаторы час гэтую цішыню парушыў перастук поезда, які марудна
падыходзіў да замініраванага ўчастка дарогі. Раздаўся аглушальны
выбух. Уцалелыя гітлераўцы пачалі актыўна адстрэльвацца. Стала
зразумела, што гэта быў эшалон з жывой сілай ворага. Партызаны
адкрылі прыцэльны агонь і пачалі атаку на фашыстаў. Асобныя
смельчакі амаль ушчыльную падыходзілі да вагонаў і ва ўпор
расстрэльвалі ачумелых ад спалоху гітлераўцаў. У гэты час другая
група партызан закідвала вагоны гранатамі.
Расправіўшыся з жывой сілай ворага, народныя мсціўцы
спалілі ўвесь эшалон. Была знішчана значная частка гітлераўскага
папаўнення, якая накіроўвалася на фронт.
Прыход кавалерыйскага падраздзялення з-за лініі фронту
ў беларускія лясы меў вялікае маральнае значэнне і адыграў пэўную
ролю ва ўзмацненні партызанскай барацьбы.
Партызанская брыгада пад камандаваннем Флегантава
вырастала хутка і колькасна. У яе рады цэлымі групамі прыходзілі
людзі не толькі з навакольных вёсак, але нават і з аддаленых раёнаў.
Мясцовае насельніцтва забяспечвала партызан усім неабходным. Людзі
прыносілі ў лес знойдзеныя імі зброю, боепрыпасы, дапамагалі ў
забеспячэнні выбуховымі матэрыяламі.
Шырокае разгортванне партызанскага руху на Чэрвенынчыне
выклікала сур'ёзную трывогу сярод акупантаў. У лютым і сакавіку 1943
года гітлераўцы кінулі на барацьбу з партызанамі вялікую карную сілу.
I тут камандаванне партызанскай брыгады прыняло рашэнне: часова
перадыслакавацца ў іншае, больш бяспечнае месца, за межы
Чэрвеньскага раёна. Гэта перамяшчэнне праходзіла з 11 па 13 сакавіка
1943 года і ўвесь час з вельмі ўпартымі баямі.
Ноччу на 13 сакавіка частка брыгады ва ўмовах цяжкіх
баёў вымушана была спыніцца каля вёскі Ігнатаўка, Асіповіцкага раёна.
Раніцай карнікі вялікай сілай акружылі гэту вёску. Камандзір брыгады
аддаў загад заняць кругавую абарону і ўступіць у бой з наступаючым
ворагам. Пасля моцнай і даволі працяглай, перастрэлкі партызаны
кінуліся ў атаку. Карнікі вымушаны былі адступіць і на некаторы час
прыціхлі. Адчувалася, што фашысты збіраюцца перагрупаваць свае сілы.
Партызаны стараліся выкарыстаць гэты вельмі кароткі час для таго,
каб вывесці хаця б свой абоз і раненых. Флегантаў аддаў загад
тылавым службам як мага хутчэй адыходзіць у глыбіню лесу, а сам з
невялікай групай партызан застаўся на самай адказнай пазіцыі, каб
прыкрыць адыход абоза з партызанскай маёмасцю, і галоўным чынам
павозкі з раненымі партызанамі.
У гэты час карнікі паўтарылі сваё наступленне з яшчэ большай
сілай. Яны падцягнулі сюды нават артылерыю і танкі. Пачалася вельмі
ўпартая, метадычная «апрацоўка» лесу. Так працягвалася даволі доўга,
а потым гітлераўцы зноў пайшлі ў атаку. Аляксей Флегантаў увесь час
асабіста вёў агонь па ворагу, усімі сваімі сіламі і баявым прыкладам
натхняў байцоў на самыя рашучыя подзвігі. Гераічная барацьба
партызан працягвалася доўга. Што ні рабілі фашысты, якія сілы ні
прымянялі, але не змаглі зламаць супраціўленне і вялікую мужнасць
групы партызан пад камандаваннем слаўнага камбрыга Флегантава.
Праз некаторы час у жорсткай барацьбе камбрыг быў цяжка
паранены. Як ні намагаліся партызаны, але выратаваць яго не ўдалося.
На баявым пасту, у гераічнай, самаахвярнай барацьбе з гітлераўскай
навалай, адстойваючы беларускую зямлю, загінуў верны сын рускага
народа, легендарны камбрыг камуніст Аляксей Кандзідзьевіч Флегантаў.
На магіле свайго баявога камбрыга партызаны далі клятву
бязлітасна помсціць ненавіснаму ворагу і любой цаной заваяваць
светлую, патрэбную людзям перамогу, у якую так непахісна верыў
камбрыг. Праз некаторы час партызаны назвалі імем Аляксея Флегантава
сваю брыгаду.
Па загаду Беларускага штаба партызанскага руху ў
кастрычніку 1943 года партызанская брыгада імя Аляксея Флегантава
выйшла ў другі вялікі рэйд па беларускай зямлі — з лясоў
Чэрвеньшчыны да Заходняга Буга, у лясы Маларыцкага раёна, Брэсцкай
вобласці. Як і тут, на Міншчыне, так і там, у лясах Брэстчыны,
мужныя народныя мсціўцы брыгады імя Флегантава бязлітасна грамілі
фашысцкіх акупантаў ужо да поўнага выгнання іх з межаў нашай
рэспублікі.
* * *
У цяжкія і суровыя дні, калі на часова акупіраванай
тэрыторыі Беларускай рэспублікі гаспадарылі чорныя сілы гітлераўскіх
людаедаў, ператвараючы ў руіны нашы гарады, вёскі і сёлы, знішчаючы
дзесяткі тысяч савецкіх людзей, сотні юнакоў і дзяўчат, камсамольцаў
і несаюзнай моладзі гор. Масквы, Маскоўскай вобласці і многіх іншых
гарадоў Расійскай Федэрацыі звярнуліся з заявамі ў партыйныя,
савецкія і ваенныя арганізацыі з просьбай накіраваць іх на
акупіраваную тэрыторыю Беларусі для барацьбы з фашысцкімі акупантамі.
Гэты рух узначаліў ЦК ВЛКСМ, Маскоўскі камітэт і мясцовыя камітэты
ВЛКСМ.
У чэрвені 1942 года ЦК Кампартыі Беларусі, ЦК ВЛКСМ і
Маскоўскі камітэт ВЛКСМ стварылі маладзёжны камсамольскі атрад
маскоўскіх аўта-матчыкаў, прысвоіўшы яму імя Героя Савецкага Саюза
капітана Гастэлы — вернага сына беларускага народа, гераічна
загінуўшага ў першыя дні вайны ў смяротнай схватцы з фашысцкімі
сцярвятнікамі.
У атрад уступілі камсамольцы пераважна ва ўзросце 18—20
гадоў. Камісарам атрада быў назначаны Панцялеенка Мікалай —
удзельнік фінскай вайны, чалавек, які прайшоў вялікую баявую школу;
начальнікам штаба — камсамолец-франтавік Сіманаў Мікалай, які
ўдзельнічаў у многіх баях з фашысцкімі акупантамі пры абароне
Севастопаля і пасля шпіталя, будучы нестраявым, звярнуўся з просьбай
накіраваць яго ў тыл ворага працягваць барацьбу з фашысцкімі
акупантамі. Атрад у ліпені 1942 года пачаў свой шлях у тыл фашысцкіх
акупантаў.
У саставе атрада былі дзве дыверсійна-падрыўныя групы,
накіраваныя са спецыяльным заданнем ЦК у тыл ворага. Камандзірамі
гэтых груп былі камуністы Жукоўскі Аляксандр, Пушчын Казімір.
Цэнтральным Камітэтам Кампартыі Беларусі і Цэнтральным штабам
партызанскага руху перад атрадам была пастаўлена задача: зрабіць
рэйд па тылах ворага з паўночных раёнаў Беларускай рэспублікі ў
паўднёвыя раёны, арганізоўваючы на сваім шляху дыверсійна-падрыўную
работу.
У жніўні 1942 года атрад прыняў партызанскую прысягу і
пачаў пераходзіць лінію фронту. Сэрцам атрада з'явіліся камуністы,
якіх налічвалася 7 чалавек, і 40 чалавек камсамольцаў. Гэта была
вялікая арганізуючая сіла, якая ўзначальвала барацьбу атрада з
нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У выключна цяжкіх умовах на працягу 43 дзён атрад
прайшоў па тылах ворага каля 1 500 кіламетраў.
Лінію фронту атрад прайшоў праз «Віцебскія вароты».
Першыя дні марш праходзіў амаль бесперапынна. Гэтага патрабавалі
абставіны і выкананне пастаўленай задачы — зрабіць рэйд за самы
кароткі тэрмін. У асобныя дні атрад рабіў па 50 кіламетраў у суткі.
Камсамольцы Рыма Шаршнёва, Вася Шутаў, Георгій
Шчарбатаў, Міша Чукін, Віктар Мінкоў, Саша Ільічоў, Лёша Нікалаеў,
Лёва Луневіч, Віктар Якаўлеў, Юрый Лісоўскі, Вася Камароў, Ніна
Макарава, Галя Кірава, Пеця Коўзун, Юра Растаргуеў і шмат іншых
сваёй храбрасцю і адвагай служылі прыкладам у барацьбе з фашысцкімі
акупантамі. Па-таварыску і з вялікай любоўю сустракалі гастэлаўцаў
мясцовыя партызаны і насельніцтва. Вестка аб руху маскоўскіх
аўтаматчыкаў хутка пачала аблятаць населеныя пункты.
Распаўсюджваліся чуткі, што рухаецца дэсант у саставе 6 000 чалавек.
Гастэлаўцы па шляху свайго руху праводзілі вялікую масава-палітычную
работу. Аб рэйдзе атрада стала вядома і нямецкай агентуры, і
фашысцкім наймітам-паліцэйскім. Гэта ўскладніла далейшае прасоўванне
атрада, але не збавіла тэмпу руху.
У жніўні 1942 года атрад падышоў ноччу да ракі Обаль,
Сіроцінскага раёна, Віцебскай вобласці. На месцы, выбраным для
фарсіравання ракі, аказаўся паром, які выкарысталі для пераправы. Як
толькі паром з групай людзей і баявой маёмасцю дайшоў да сярэдзіны
ракі, ён раптоўна пачаў тануць і пайшоў на дно. У гэты момант
надзвычайную адвагу ў выратаванні людзей і баявой маёмасці пад
кіраўніцтвам камісара атрада Панцялеенкі праявілі аўтаматчыкі
камсамольцы Глазуноў, Чыстоў, Бадаеў і іншыя. Тут атрад затрымаўся
на цэлыя суткі. Як высветлілася пазней, паром быў прабіты і вельмі
старанна замаскіраваны мясцовымі паліцэйскімі. На Другія суткі,
ноччу, атрад фарсіраваў раку Обаль уброд і ўплаў.
Гастэлаўцам трэба было яшчэ пераправіцца праз чыгунку
Полацк — Віцебск. Тут участак адкрыты, ні кусціка, ні дрэўца, а таму
і вельмі небяспечны. Аднак, як сцвярджалі праваднікі, не так ужо
старанна ахоўваецца. Атрад дзейнічаў ноччу. Наперадзе ішла
ўзмоцненая разведка. Яна ў самым пачатку пераходу натрапіла на густа
расстаўленыя агнявыя кропкі ворага. Успыхнуў шквальны перакрыжаваны
агонь. Вяртацца назад было небяспечна. На кароткай нарадзе
камуністаў і камандзіраў было прынята рашэнне — прарвацца, знішчыўшы
агнявыя точкі праціўніка, дзейнічаць групамі пад камандай камуністаў
і камсамольцаў.
У кароткім, але вельмі жорсткім баі заданне было
паспяхова выканана, пераход праз чыгунку забяспечан.
Гастэлаўцы амаль поўнасцю знішчылі ўмацаваную точку
праціўніка. Уцалелыя фашысты ў паніцы адступілі. У гэтым рашучым баі
вызначыліся байцы атрада Васіль Распопаў, Георгій Шчарбатаў, Васіль
Шутаў.
На шляху гастэлаўцаў была вёска Мясаедава. У ёй размяшчаўся
паліцэйскі гарнізон. Даведаўшыся аб руху партызан, гарнізон без бою
разбегся. Насельніцтва вельмі добра сустрэла партызан і аказала ім
дапамогу прадуктамі. Добра сустрэла атрад і насельніцтва вёскі
ІІІашы. У час адпачынку 72-гадовы калгаснік Фядура Мікалай
Савельевіч арганізаваў лазню для партызан і харчаванне.
У канцы месяца атрад фарсіраваў Заходнюю Дзвіну. Тут наогул
адсутнічалі сродкі пераправы. Пасля старанных пошукаў былі знойдзены
дзве лодкі. Гастэлаўцы вырашылі фарсіраваць раку на гэтых лодках.
Атрымаўшы неабходныя разведданыя аб праціўніку, было прынята рашэнне:
раку фарсіраваць днём і як мага хутчэй, аператыўней, пакуль вораг не
заўважыў атрада. Велізарную дапамогу ў пераправе праз раку аказалі
кіраўнікі мясцовых партызан таварышы Несцераў і Баранаў Павел
Іванавіч. Адшукалі іх пры дапамозе дзяўчыны-партызанкі Іры Храбценка,
якую выпадкова сустрэлі ў час разведкі. Яна не выдала сябе да таго
часу, пакуль не прывяла атрад у лес да партызан.
Асабліва цяжкім было фарсіраванне ракі Бярэзіны. Каб
дабрацца да берага, неабходна было прайсці з вельмі цяжкім грузам
узрыўчаткі і боепрыпасаў па балоцё каля двух кіламетраў, а затым па
канаве праз Бярэзінскі запаведнік. Тут некаторыя байцы вельмі
стамляліся, іх неабходна было вызваляць ад грузаў і размяркоўваць
яго сярод больш моцных таварышаў. На пераадоленне гэтага ўчастка
атраду спатрэбілася каля сутак, аднак задача фарсіравання ракі была
выканана паспяхова.
На шляху атрада аказаліся яшчэ дзве ракі ў Барысаўскім раёне — Гайна
і Цна. Іх прыйшлося фарсіраваць ноччу і таксама з вялікімі
цяжкасцямі.
У верасні 1942 года атрад дасягнуў Асіповіцкага раёна.
Каля вёсак Ловічы і Зборск фарсіравалі раку Свіслач — ноччу, на
адкрытым месцы. Сродкаў для пераправы таксама не было. Плот з тонкіх
бярвенняў, звязаных рамянямі, аказаўся непрыгодным для пераправы.
Прынялі рашэнне шукаць сродкі для пераправы на тым баку. 3 гэтай
мэтай партызан Нікалаеў Аляксей Ягоравіч пераплыў на другі бераг і
знайшоў дом лесніка. Ляснік прозвішча свайго не сказаў, але даў для
пераправы лодку на двух чалавек. Гастэлаўцам прыйшлося зрабіць звыш
30 рэйсаў для таго, каб пераправіць людзей і баявую маёмасць.
Ноччу падышлі да чыгуначнай магістралі Асіповічы —Бабруйск.
Дарога тут узмоцнена ахоўвалася, праз кожныя сто метраў гарэлі
кастры, немцы бесперапынна патрулявалі. Каля вогнішчаў стаялі людзі
з мясцовага насельніцтва, прыцягнутыя акупантамі да аховы чыгункі.
Цягнікі праходзілі вельмі часта. Разведка атрада захапіла аднаго
патрульнага з грамадзянскіх асоб, які паказаў найбольш зручнае месца
для пераходу чыгункі — бетонную вадасцёкавую трубу, якая праходзіла
пад чыгуначным палатном. Да гэтага месца прыйшлося паўзці
па-пластунску, ланцужком. Потым усе прапаўзлі праз трубу без
перашкод. Пасля гэтага партызаны доўга смяяліся: не прайшлі па зямлі,
дык прайшлі пад зямлёю.
За час пераходу гастэлаўцам неаднаразова прыходзілася
ўступаць у бой з фашыстамі. Каля дзесятка мясцовых гарнізонаў і
нямала варожых застаў было знішчана.
У канцы верасня атрад дасягнуў Акцябрскага раёна,
Палескай вобласці, дзе дзейнічала ў той час група партызан на чале з
Героем Савецкага Саюза Паўлоўскім. У першай палавіне кастрычніка
гастэлаўцы размясціліся лагерам у 4 кіламетрах ад вёскі Альбінск і
паступілі ў распараджэнне камандавання партызанскім злучэннем
Мінскай і Палескай абласцей. Адразу ж уключыліся ў баявую работу.
Штаб злучэння даручыў гастэлаўцам зрабіць налёт на
фышысцкі эшалон на ўчастку Жыткавічы—Капцэвічы.
Падрыўную групу ў саставе Васіля Шутава, Галіны Кіравай, Рыгора
Такуева і Льва Гінзбурга ўзначаліў Казімір Пушчын. Аперацыя
праводзілася днём. 3 абодвух бакоў чыгуначнага палатна гастэлаўцы
выставілі наглядальнікаў. Па сваёй нявопытнасці яны не адразу
заўважылі набліжэнне нямецкага патруля. У самы разгар работы
падрыўнікоў нямецкія ахоўнікі ўзнялі трывогу. 3 варожага эшалона,
які ў той час падышоў, высыпалі гітлераўцы. Завязаўся цяжкі, няроўны
бой. Гастэлаўцы прыкрылі падрыўнікоў агнём, ім удалося адпаўзці ў
кювет, а далей нельга было крануцца ні кроку — такі моцны быў агонь
ворага.
Толькі стойкасць і сапраўдны гераізм партызан
выратавалі становішча. Моцным і дружным агнём гастэлаўцы прымусілі
гітлераўцаў адхлынуць і залегчы. Падрыўнікі, выкарыстаўшы гэты
момант, выскачылі з кювета, адпаўзлі ў бліжэйшы хмызняк і сталі
абараняцца разам са сваімі таварышамі.
Хутка атрад адступіў, але гітлераўцы панеслі вялікія
страты. У выніку нападу на значны час быў затрыманы эшалон і
парушаны графік руху.
Наступная аперацыя на ўчастку чыгуначнай лініі
Капцэвічы —Старушкі прайшла з большым поспехам. Тут быў падарваны
эшалон з буйным атрадам войск СС на чале з генералам і афіцэрамі.
Добра маскіруючыся, гастэлаўцы-падрыўнікі падпаўзлі да лініі і
падклалі пад рэйкі 12 кілаграмаў толу. Выбухам быў пашкоджаны
паравоз, а большасць вагонаў разбіта. Ад трох класных вагонаў, у
якіх знаходзіўся нямецкі камандны састаў, засталіся толькі абломкі.
Больш 150 акупантаў было знішчана моцным выбухам і агнём гастэлаўцаў.
У гэтай аперацыі асабліва вызначыліся падрыўнікі Галіна
Кірава, Ніна Макарава, Васіль Шутаў, Барыс Міндлін, Аляксандр Цвірко
і партызанка Рыма Шаршнёва. Гераічнай смерцю загінуў у гэтым баі
аўтаматчык Аляксандр Ільічоў.
Гастэлаўцы пад камандай Казіміра Пушчына адыгралі велізарную
ролю ў «рэйкавай вайне». За час баявых дзеянняў у тыле ворага гэтым
атрадам, а потым брыгадай імя Брагіна, у састаў якой уваходзілі
гастэлаўцы, было разгромлена 6 буйных гарнізонаў, падарвана 39
ваенных эшалонаў, знішчана каля 4 тысяч гітлераўцаў.
Маскоўскія камсамольцы ўвесь час сачылі за сваімі
пасланцамі, трымалі з імі сувязь і пасля разгрому немцаў пад
Сталінградам прыслалі сваім сябрам наступнае пісьмо:
«Партызанам-масквічам атрада імя Гастэлы ад
камсамольцаў і моладзі Масквы і Маскоўскай вобласці.
Дарагія сябры!
Мы шлём вам гэтае пісьмо і свае скромныя падарункі ў
тыя дні, калі ўся краіна, увесь наш народ рыхтуецца дастойна
сустрэць слаўную гадавіну гераічнай Чырвонай Арміі.
Бліскучай перамогай нашых войск закончылася бітва за
Сталінград, бітва, якая не мае роўных у гісторыі войнаў.
Сталінград і подступы да яго сталі вялікім могільнікам жывой сілы і
тэхнікі германскай арміі.
I няхай ведаюць нямецкія бандыты, што ім нядоўга
засталося жыць на савецкай зямлі. Лёс гітлераўскіх армій пад
Сталінградам — грознае папярэджанне ворагу. Няхай памятае праклятая
немчура, што ўсіх іх чакае смерць або палон.
У суровых і напружаных абставінах праходзіць наша
барацьба супраць фашысцкіх разбойнікаў за гонар, свабоду і
незалежнасць нашай Радзімы.
Мы ўважліва сочым за вашымі баявымі справамі ў тыле ворага,
ганарымся вашай стойкасцю, мужнасцю, упартасцю, уменнем бязлітасна
знішчаць нямецка-фашысцкіх нягоднікаў.
Імя Сашы Ільічова, які геройскі загінуў у барацьбе з
ворагамі, будзе вечна жыць у нашых сэрцах. На подзвігах Сашы і
многіх іншых герояў-партызан мы будзем выхоўваць камсамольцаў і
моладзь у духу самаадданай любві да сваёй Радзімы і лютай нянавісці
да ворага.
Упэўнены, што выхаванцы Маскоўскай арганізацыі і
надалей будуць па-геройску змагацца з азвярэлым ворагам, цалкам
апраўдаюць давер'е камсамола.
Мы запэўняем вас, што юнакі і дзяўчаты, якія працуюць у
тыле, будуць яшчэ больш упарта і самааддана працаваць для хутчэйшай
перамогі над ворагам, з гонарам выканаюць абавязацельствы, узятыя ў
гонар 25-й гадавіны Чырвонай Арміі.
Камсамольцы і моладзь будуць працаваць так, каб наша
доблесная Чырвоная Армія, Чырвоны Флот, партызаны мелі ўзбраення,
боепрыпасаў, харчу столькі, колькі спатрэбіцца для поўнага разгрому
і знішчэння нямецка-фашысцкіх вылюдкаў. Выконваючы заданне,
забіваючы немца, знішчаючы тэхніку ворага, памятайце, што масквічы
самааддана працуюць ля станкоў, у калгасах і саўгасах, куюць разам з
вамі перамогу над заклятым ворагам — нямецкім фашызмам.
Натхнёныя патрыятычным пачынам тамбоўскіх калгаснікаў,
камсамольцы і моладзь Маскоўскай вобласці сабралі на будаўніцтва
танкавай калоны «Маскоўскі калгаснік» 25 мільёнаў рублёў. Цяпер
танкі «Маскоўскі калгаснік» бязлітасна б'юць ворага.
Таварыш Сталін ад імя ЦК ВКП(б) падзякаваў Маскоўскаму
камсамолу за клопаты аб Чырвонай Арміі, і мы баявымі справамі
адкажам на гэтую падзяку.
Дарагія таварышы партызаны і партызанкі! Не давайце
ворагу ні хвіліны спакою, зрывайце ўсе яго планы, пускайце пад адхон
нямецкія эшалоны з войскам і грузамі, біце, знішчайце, душыце
гітлераўскіх сабак, змагайцеся за хутчэйшае вызваленне нашай
свяшчэннай зямлі ад паганай немчуры.
Імклівей націск, народныя мсціўцы!
Наперад, да перамогі над ненавісным ворагам!
Смерць нямецкім акупантам!»
* * *
Да палавіны лета 1942 года атрадамі нашага злучэння
былі знішчаны тысячы фашысцкіх салдат і афіцэраў, шмат паранена. Мы
пусцілі пад адхон тры варожыя бронецягнікі, пяцьдзесят восем
эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, разбурылі пятнаццаць чыгуначных
мастоў, восемдзесят шасейных, разбілі сто сорак сем аўтамашын,
разграмілі сто дваццаць нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў і ўчасткаў,
спалілі трыццаць нафтабаз, спынілі дзейнасць дваццаці смалакурных
заводаў.
У нас былі поўныя дасягненні ў партыйна-арганізатарскай
і прапагандысцкай рабоце. У злучэйні і ў раёнах налічвалася
семдзесят чатыры партарганізацыі, якія аб'ядноўвалі каля дзвюх тысяч
камуністаў; працавала ўжо дзевяноста шэсць камсамольскіх арганізацый.
У іх налічвалася звыш трох тысяч чалавек. Шмат у якіх раёнах
выходзілі друкаваныя падпольныя выданні.
Газеты, лістоўкі, «баявыя лісткі» і іншыя выданні, якія
выпускаліся ў тыле ворага, давалі праўдзівую інфармацыю аб
становішчы на франтах, расказвалі аб баявых подзвігах савецкіх
воінаў, працоўным гераізме народа, мужнай барацьбе партызан і ўсіх
савецкіх патрыётаў. А гэта мела велізарнае значэнне ў
ідэйна-палітычным выхаванні працоўных, ва ўмацаванні іх маральнага
духу. Падпольны друк нёс у масы заклікі партыі, якія ўказвалі верны
шлях да перамогі, натхнялі партызан і ўсё насельніцтва на барацьбу з
ворагам.
Складанасць нашай агітацыйна-прапагандысцкай работы
сярод партызан і насельніцтва ў пачатку вайны была ў тым, што
падпольныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі, прапагандысты і
агітатары самі атрымлівалі вельмі скупую, прытым нерэгулярную
інфармацыю аб становішчы на франтах і ў краіне. Каб папоўніць гэту
хібу, быў арганізаваны сістэматычны прыём радыёперадач з Масквы.
Гэтую інфармацыю мы адразу ж даводзілі да шырокіх мас насельніцтва.
I рабілася гэта такім чынам. Вечарам і ноччу прымаліся зводкі
Саўінфармбюро, матэрыялы з газет і іншыя важныя паведамленні. Да
раніцы іх перапісвалі, потым размнажалі на пішучых машынках, а
раніцай гэтыя паведамленні нарачным адпраўляліся ў бліжэйшыя гарады,
вёскі і ў партызанскія атрады. Калі ж у абкоме з'явілася свая
друкарня, такія матэрыялы мы размнажалі друкарскім спосабам.
Ужо ў пачатку нашай дзейнасці мы сутыкнуліся з
неабходнасцю стварыць моцную паліграфічную базу. Трэба было дастаць
шрыфты, друкарскія машыны, фарбу, газетную паперу. Усё гэта
прыходзілася «даставаць» у ворага.
Нам удалося амаль для кожнага падпольнага райкома партыі
набыць радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, спецыяльныя друкарскія
машыны і паперу. Навучыліся мы ў далейшым рабіць і свае партатыўныя
друкарні, асабліва зручныя ў партызанскіх рэйдах і паходах.
Праз некаторы час у нас сталі з'яўляцца адна за другой
газеты падпольных раённых партыйных камітэтаў, партызанскіх атрадаў
і злучэнняў. За параўнальна кароткі тэрмін на тэрыторыі акупіраванай,
але нескаронай Беларусі было створана 12 рэспубліканскіх і абласных
газет, а ўсяго 162 падпольныя газеты. Яны выходзілі на беларускай і
рускай мовах. Шмат было выдадзена брашур, зборнікаў песень і вершаў,
плакатаў, сатырычных малюнкаў.
Партызанскі друк узнімаў савецкіх людзей на свяшчэнную
вайну з акупантамі, запальваў у іх сэрцах агонь лютай нянавісці да
гітлераўцаў. I ў газетах, і ў лістоўках бесперапынна выкрываліся
крывавыя злачынствы захопнікаў, расказвалася аб становішчы на
франтах і ў савецкім тыле.
Журналісты і падпольшчыкі аддавалі ўсе свае сілы, усё сваё
ўмельства, каб бальшавіцкае слова партызанскіх газет гучала як набат
і гэты набат клікаў на бой з ворагам. Падпольны друк заклікаў
савецкіх працаўнікоў не скарацца захопнікам, а ўлівацца ў
партызанскія атрады, змагацца супраць фашысцкіх парадкаў, змагацца з
ворагам да поўнага яго знішчэння.
Лістоўкі і газеты, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва,
неаднаразова служылі своеасаблівым пропускам, з якім рабочыя і
калгаснікі, мужчыны і жанчыны ўсіх узростаў ішлі ў лясы, станавіліся
ў рады народных мсціўцаў, актыўных байцоў з фашысцкімі акупантамі.
У Мінскай вобласці выдаваліся пазней 34
падпольныя газеты, у тым ліку газета «Звязда» — орган ЦК КПБ і
Мінскага абкома КПБ, газета «Чырвоная змена» — орган ЦК ЛКСМБ і
Мінскага абкома ЛКСМБ. У Мінску выдавалася газета «Мінскі бальшавік»;
у Мінскім сельскім раёне — «Шлях сацыялізма»; у Любанскім — «Кліч
Радзімы»; Бягомльскім — «Савецкі патрыёт»; Барысаўскім — «Бальшавіцкая
праўда», «Бальшавіцкая трыбуна», «Народны мсцівец»; Дзяржынскім — «Ленінская
праўда»; Заслаўскім — «Мы адпомсцім», «Партызан-камсамолец»;
Капыльскім — «Калгаснік Капыльшчыны»; Крупскім — «Партызанскі шлях»;
Чырвонаслабодскім — «Чырвоная зара»; Лагойскім — «За Савецкую
Беларусь», «За Савецкую Радзіму», «Катовец»; Плешчаніцкім — «Ленінец»;
Пухавіцкім — «Партызан Беларусі»; Рудзенскім — «У бой за Радзіму», «Бальшавіцкі
сцяг»; Слуцкім — «Патрыёт Радзімы», «Народны мсцівец»; Смалявіцкім —
«Смерць фашызму»; Старобінскім — «Савецкі патрыёт»; Старадарожскім —
«За Савецкую Радзіму»; Уздзенскім — «За Савецкую Радзіму»;
Халопеніцкім — «Чырвоны сцяг»; Чэрвеньскім — «Чэрвеньскі партызан».
Тыраж гэтых газет 500—600 экземпляраў, фармат быў
непастаянным. Друкаваліся яны толькі на палавіне звычайнай газетнай
паласы, іншы раз на чвэрці, а то і на восьмай частцы. Выходзілі
газеты, вядома, не кожны дзень, і ўсё ж раённы падпольны друк у тыле
ворага быў сапраўднай трыбунай для народа і грознай зброяй у
барацьбе з ворагам.
Многа цяжкасцей і нягод прыйшлося перажыць работнікам
падпольнага друку ў тыле ворага. Неаднойчы яны траплялі ў
небяспечнае становішча і рызыкавалі жыццём, але заўсёды
добрасумленна, па-партыйнаму выконвалі свой абавязак журналіста.
Інтарэсы Радзімы былі для іх даражэй за ўласнае жыццё.
У сувязі з гэтым прыпамінаецца такі эпізод. Аднойчы
фашысцкія шпікі пранюхалі месца знаходжання рэдакцыі слуцкай
падпольнай газеты «Народны мсцівец». Праз сувязнога партызанскага
атрада аб гэтым даведаўся рэдактар газеты Мікалай Дастанка.
Трэба было неадкладйа пакідаць стаянку, дзе
знаходзіліся рэдакцыя і друкарня. Але яе з трох бакоў акружылі
гітлераўцы. Выйсці можна было толькі праз балота.
Журналістаў-падпольшчыкаў і рабочых друкарні гэта не збянтэжыла. Яны
прынялі рашэнне: чаго б гэта ні каштавала — выратаваць шрыфты і
друкарскі станок.
Па пояс у халоднай і гнілой вадзе прабіраліся журналісты па балоце.
У адным месцы фашысты іх амаль акружылі, стварылася вельмі
небяспечнае становішча. Перашкаджаў вялікі груз, з ім нельга было
далёка адысці ад ворага, які праследаваў іх. Тады журналісты
вырашылі пазбавіцца ад самага каштоўнага для жыцця — ад сухароў, а з
друкарскай маёмасці не кінулі нічога. Сем дзён, пераадольваючы голад
і холад, яны кружылі па балотах і багнах, але каштоўны груз
выратавалі. Праз тыдзень «Народны мсцівец» стаў зноў рэгулярна
выходзіць і рассылацца па партызанскіх атрадах.
Аб чым паведамляў партызанскі друк? Да чаго заклікаў ён
партызан і савецкіх людзей?
Газета мінскіх падпольшчыкаў «Мінскі бальшавік», якую
рэдагаваў Аляксандр Сакевіч, з першых дзён свайго існавання
адначасова з публікацыяй матэрыялаў аб становішчы на франтах Вялікай
Айчыннай вайны, аб баявых дзеяннях беларускіх партызан і мінскіх
падпольшчыкаў заклікала насельніцтва горада ўсё больш узмацняць
удары па тылах ворага, аказваць дзейсную дапамогу Чырвонай Арміі.
«Працоўныя Мінска! — заклікала газета.— Памножым удары па ворагу,
наблізім дзень вызвалення ад нямецкіх захопнікаў!»
Такі заклік быў у юбілейным нумары «Мінскага бальшавіка»,
прысвечаным 25-й гадавіне БССР. У гэтым жа нумары былі змешчаны
нататкі: «Патрыёты Мінска», «Баявыя справы чыгуначнікаў», «Удары па
ворагу», «Смерць фашысцкім саўдзельнікам».
Цікавымі па зместу і афармленню былі падпольныя газеты
«Народны мсцівец» — орган Слуцкага райкома партыі (сакратар РК КП(б)Б
Іпаліт Канановіч, камандзір партызанскай брыгады імя Чкалава Мікалай
Розаў); «Савецкі патрыёт» — Старобінскага РК КП(б)Б (сакратар
райкома Васіль Меркуль, ён жа і камандзір партызанскага атрада); «Ленінец»
— Плешчаніцкага райкома партыі (сакратар РК КП(б)Б Іван Ясіновіч, ён
жа і камісар партызанскай брыгады імя Калініна), «Бальшавіцкі сцяг»
— Рудзенскага РК КП(б)Б (сакратар райкома Мікалай Пакроўскі, ён жа
камандзір партызанскай брыгады «Беларусь»), «Бальшавіцкая трыбуна» —
Барысаўскага РК КП(б)Б (сакратар райкома Іван Смірноў, камандзір
партызанскай брыгады «Дзядзі Колі» Пётр Лапацін) і іншыя.
Гэтыя газеты вызначаліся баявітасцю і злабадзённасцю
тэматыкі. Яны базіраваліся ў буйных партызанскіх злучэннях, якія
ўзначальвалі баявыя камандзіры і вопытныя, энергічныя партыйныя
работнікі. Артыкулы, карэспандэнцыі, заметкі, якія змяшчаліся ў
гэтых газетах, заклікалі да барацьбы з гітлераўцамі, выхоўвалі
нянавісць да ворага і ўпэўненасць у нашай перамозе.
Аб тым, у якіх умовах даводзілася выпускаць газету і
якую ролю адыгрывала яна ў акупіраваных абласцях, дае ўяўленне
расказ партызана Н.Вайцянкова, былога настаўніка, літсупрацоўніка
газеты «Бальшавіцкая праўда», якая выходзіла ў брыгадзе «Дзядзі Колі».
«Рэдакцыя, —успамінае Н. Вайцянкоў, —размяшчалася на
лясной палянцы пад паветкай, пакрытай карой елкі. Пад ёй — адна
наборная каса і станок для адбіткаў. Апрача брыгаднай газеты тут
друкаваліся зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, звароты да насельніцтва
і орган Барысаўскага гаркома і райкома КП(б)Б «Бальшавіцкая трыбуна».
Газеты яшчэ друкаваліся, а да друкарні і рэдакцыі адзін
за адным па конях пад'язджалі сувязныя, распаўсюджвальнікі друку.
— Зводачку нам хутчэй, зводачку,—прасілі яны. I прагна,
па некалькі разоў, каб добра запомніць, прачытвалі зводку, матэрыялы,
змешчаныя ў газеце. Вызваліўшыся ад рэдакцыйнай работы, рэдактар,
літсупрацоўнікі, наборшчыкі і друкары бралі газеты і лістоўкі,
зводкі, звароты і неслі іх у вёскі, пасёлкі і гарады.
За мной была замацавана вёска Звянятка, Барысаўскага
раёна. Тут я праводзіў гутаркі, расказваў аб падзеях на фронце.
Помню, аднойчы прынес газету «Бальшавіцкая праўда». У ёй была
змешчана зводка Саўінфармбюро аб перамозе Савецкай Арміі пад Масквой.
Прачыталі людзі, і радасцю, надзеяй на хуткую перамогу загарэліся іх
твары.
I вось тады я падумаў: якую велізарную ролю адыгрывае ў
тыле ворага праўдзівае слова нашай невялікай падпольнай газеты!..
Цяжка пералічыць усе жанры партызанскага друку. Апрача
інфармацый аб падзеях на франтах і аб жыцці Краіны Саветаў шмат
месца газеты адводзілі баявым эпізодам, змяшчалі кароткія, але
гнеўныя расказы сведак аб зверствах фашысцкіх акупантаў, не
абыходзілі і куток гумару і сатыры. Вось, напрыклад, матэрыялы
гэтага кутка газеты «Бальшавіцкая трыбуна»:
«Бабулька і ўнучак
— Унучак, дзе ты быў, калі гарэў нямецкі склад? Трэба ж
было сысці з вачэй, каб не прыліплі, праклятыя.
— Не, бабулька, я тады не быў у іх на вачах, я
падпальваў другі склад».
Актыўны ўдзел у партызанскіх газетах прымалі беларускія
пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Пімен Панчанка,
Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Міхась Лынькоў,
Анатоль Астрэйка і іншыя. Яны напісалі шмат баявых твораў. Моцнае
слова беларускіх празаікаў, паэтаў узнімала патрыятычнае пачуццё
народа, умацоўвала волю ў барацьбе з гітлераўцамі, узмацняла
народную любоў да маці-Радзімы і Камуністычнай партыі.
У агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў ліпені
1941 года быў надрукаваны верш Анатоля Астрэйкі, у якім беларускі
паэт, што знаходзіўся ў гады вайны ў партызанскім злучэнні Мінскай
вобласці, палка заклікаў біць фашыстаў любымі сродкамі, у любых
умовах, скрозь і ўсюды:
За свою Отчизну,
За родную мать.
Не щадя и жизни,
Будем воевать.
Если нет оружия,
Подымай топор,
Чтоб в кровавой луже
Захлебнулся вор.
Косы все и вилы
Остро наточи,
Пусть найдут могилу
Звери-палачи.
Подкраднсь ты тихо
По лесной глуши,
В битвах, схватках лихо
Ворога глуши.
Горе-разоренье
Нам фашизм несет,
Пусть же только тленье
Гадина пожнет.
Не давайте спуска,
Колотите сброд,
На земле пусть русской
Гибель враг найдет.
Смелых и отважных
Пуля не берет,
Смелых и отважных
Любит наш народ.
* * *
Вялікую агітацыйную і арганізатарскую ролю адыгрывалі
лістоўкі і звароты, якія выдаваліся у падполлі. Яны неслі ў масы
смелыя, простыя і зразумелыя словы. Невялікія па фармату,
эмацыянальна насычаныя, гэтыя лісткі выкрывалі лжывую фашысцкую
прапаганду, заклікалі мясцовае насельніцтва аказваць усямерную
дапамогу і падтрымку партызанам, весці актыўную барацьбу ў тыле
ворага, не выконваць загады і распараджэнні акупацыйных улад,
ствараць невыносныя ўмовы для ворага і яго саўдзельнікаў.
У лістоўках і зваротах знаходзілі адбітак усе важнейшыя
падзеі Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа.
У лістоўцы ад 17 кастрычніка 1941 года, звяртаючыся да
грамадзян раёнаў, часова акупіраваных фашысцкімі рабаўнікамі, Мінскі
падпольны абком партыі пісаў:
«Гітлераўскія бандыты распаўсюджваюць байкі аб становішчы на
фронце і жыцці Савецкага Саюза. Не верце фашысцкім брахунам. Фашысты
церпяць велізарныя страты. Гітлер і яго генералы разлічвалі на «маланкавае»
заканчэнне вайны супраць Савецкага Саюза, але магутнае супраціуленне
Чырвонай Арміі разбурыла гэтыя разлікі: фашысцкім забойцам нанесены
вельмі цяжкія удары. На савецкіх палях знайшлі свае магілы лепшыя
нямецкія дывізіі...».
Далей прыводзіліся лічбы страт фашысцкай арміі за
першыя месяцы вайны. Лістоўка заканчвалася зваротам да насельніцтва:
«Таварышы! Арганізоўвайце партызанскія атрады,
знішчайце ворага на ўсіх дарогах, падпальвайце склады і
падтрымлівайце партызанскі рух.
Смерць гітлераўскім катам і іх памагатым!»
У лістоўках паведамлялася аб поспехах Савецкай Арміі,
аб зверствах фашыстаў. У лістоўцы Мінскага падпольнага абкома ад 10
красавіка 1942 года гаварылася:
«...Фашысцкія войскі, адступаючы пад націскам Чырвонай Арміі на
захад, яшчэ больш нахабна распраўляюцца з мірным насельніцтвам. У
раёнах Беларусі гітлераўскія вылюдкі расстрэльваюць мірнае
насельніцтва, спальваюць сёлы і вёскі, кідаюць у агонь жанчын,
дзяцей і рабуюць маёмасць працоўных.
Паўсюды чутны плач, стогны і крыкі жанчын, старых і
дзяцей, якіх катуюць фашысцкія забойцы.
Хай ведаюць гітлераўскія шакалы, што ніякія катаванні і
тэрор не зломяць народ, які ўзняўся супраць нямецкага фашызму.
Таварышы! Набліжаецца час вызвалення беларускай зямлі
ад фашысцкай погані.
Набліжаецца час, калі беларускі народ зноў зажыве шчасліва і радасна.
Адпомсцім жа нямецка-фашысцкім бандытам за пралітую
кроў нашых бацькоў, маці, братоў і сясцёр.
Не выпусцім ніводнага жывога фашыста з нашай зямлі,
змочанай крывёю нашага народа.
Няхай беларуская зямля зробіцца могілкамі для
гітлераўскіх захопнікаў!
Усе да аднаго на барацьбу з ворагам!
Арганізоўвайцеся ў партызанскія атрады!
Узрывайце масты, чыгункі... Не давайце коней, калёс,
мяса і хлеба фашыстам! Хай гэта брудная, вашывая гітлераўская зграя
здохне з голаду!
Усімі сродкамі дапамагайце Чырвонай Арміі і партызанам
граміць ворага».
У сувязі з наступленнем Савецкай Арміі на франтах лістоўкі
інфармавалі насельніцтва аб вызваленні гарадоў і населеных пунктаў,
пазней — аб пачатку вызвалення беларускай зямлі, заклікалі ўзмацняць
удары па тылах ворага, ахоўваць прадпрыемствы і жылы фонд. Так, у
лістоўцы Мінскага падпольнага гаркома партыі гаварылася:
«...Пад сакрушальнымі ўдарамі нашых войск фашысцкія
орды, адступаючы на захад, ажыццяўляюць новыя нечуваныя злачынствы
над нашым народам. Яны гоняць з сабой або расстрэльваюць мірнае
насельніцтва, спальваюць нашы вёскі, узрываюць уцалелыя будынкі ў
гарадах.
Працоўныя Мінска! Усімі сіламі і ўсімі сродкамі
ахоўвайце ўцалелыя будынкі і прадпрыемствы ад разбурэння іх
гітлераўскімі варварамі. Знішчайце каманды фашысцкіх падпальшчыкаў і
мінёраў...»
Калі забегчы крыху ўперад, то неабходна сказаць, што
вельмі шырокі адбітак у партызанскім друку знайшла так званая «рэйкавая
вайна», якая паўсюды разгарнулася на тэрыторыі Беларусі.
Па ўказанню ЦК ВКП(б) Цэнтральны штаб партызанскага
руху распрацаваў план масіраваных удараў па чыгуначных магістралях
ворага. Сутнасць гэтага плана зводзілася да таго, каб адначасовымі
дзеяннямі партызан разбурыць і прывесці ў непрыгоднасць сотні
кіламетраў чыгункі і гэтым на працяглы час паралізаваць рух варожых
эшалонаў.
Да аперацыі добра падрыхтаваліся Мінскі падпольны
абком, усе падпольныя арганізацыі і партызанскія атрады. Народныя
мсціўцы старанна вывучалі падрыўную справу, арганізавалі дакладную
разведку падыходаў да чыгуначных пуцей. Быў выдадзены шэраг лістовак,
вытрымкі з якіх перадрукоўваліся ў многіх падпольных газетах.
«Праз Беларусь праходзяць асноўныя чыгуначныя і
шасейныя дарогі... Па гэтых дарогах шматлікія эшалоны ворага з
салдатамі, тэхнікай і ўзбраеннем ідуць да лініі фронту. Задача
мінскіх партызан - наносіць рашучыя удары па камунікацыях ворага,
пускаць пад адхон цягнікі, знішчаць аўтатранспарт, абозы...
Слаўныя партызаны павінны зрываць перавозкі воінскіх эшалонаў
праз Беларусь, пераразаць жылы ворагу, не прапускаць да фронту
ніводнага эшалона».
У лістоўцы Старадарожскага падпольнага райкома партыі
пісалася: «Маладыя партызаны і партызанкі! Помніце: чыгунка - самае
слабае месца, разбірайце і ўзрывайце пуці-рэйкі, масты, стрэлкі
крыжавшы, сігналы, сродкі сувязі і блакіроўкі! 3 кожным днём
павялічвайце лік знішчаных варожых эшалонаў!..»
Лістоўкі і газеты рэгулярна інфармавалі атрады і злучэнні аб
ходзе «рэйкавай вайны», расказвалі гераізме партызан-падрыўнікоў.
Ужо ў першай буйной аперацыі па разбурэнню чыгуначных камунікацый
ворага, якая працягвалася з канца 1942 да сярэдзіны верасня 1943
года, удзельнічала тысячы партызан.
У падпольных газетах друкавалася многа карэспандэнцыі, заметак,
інфармацый, у якіх асвятляліся баявыя дзеянні партызан на
камунікацыях нямецка-фашысцкіх армій. Разам з тым усе падпольныя
газеты друкавалі матэрыялы, у якіх расказвалася аб той вялікай
дапамозе, якую сваімі аперацыямі у «рэйкавай вайне» і іншымі
дыверсіямі на чыгуначных мапстралях і шасенных дарогах беларускія
партызаны аказвалі савецкім войскам.
Метады і сродкі распаўсюджвання падпольных газет
былі рознымі. Партызанскія сувязныя, якім даручалася дастаўляць,
разносіць і расклейваць газеты, лістоўкі і іншую літаратуру,
паказвалі ўзоры знаходлівасці, кемлівасці і гераізму.
Газеты і лістоўкі перавозілі на фурманках, у мяшках са
збожжам, мукой, бульбай, у цюках сена або саломы і г. д. На
фурманках звычайна ехала некалькі жанчын-сялянак, партызанскіх
сувязных, якія быццам бы везлі прадукты на рынак або зварочваліся з
купленымі там няхітрымі таварамі — бочкамі, вёдрамі і г. д.
Гітлераўцам і ў галаву не прыходзіла, што партызанскія газеты і
лістоўкі былі старанна захаваны ў пустацелых палазах звычайных
саней. Газеты і лістоўкі таксама закладваліся ў пустацелыя дугі або
аглоблі, у малочныя бітоны з двайным дном.
Сувязная партызанскага атрада камсамолка
К.Ляшчэня дастаўляла ў сёлы і вёскі маладзёжную газету «Чырвоная
змена» ў качанах капусты.
У тых месцах, куды цяжка было пранікнуць
партызанскім сувязным, практыкаваўся і такі спосаб распаўсюджвання
падпольнага друку: партызаны лавілі ў полі коней, якія належалі
жыхарам сяла, дзе знаходзіліся гітлераўскія салдаты або размяшчаліся
фашысцкія гарнізоны, у грыву каня запляталася газета або лістоўка.
Так яны траплялі да гаспадара, а затым чыталіся ўсёй вёскай. У
населеныя пункты, якія былі размешчаны на берагах рэк, газеты і
лістоўкі накіроўваліся па вадзе ў старанна закупораных бутэльках.
Партызаны ведалі, што ў вёсках спецыяльна выстаўляліся дзяжурныя,
каб лавіць такія бутэлькі.
Падпольныя газеты і лістоўкі, брашуры і плакаты
развозіліся і па чыгунцы. На станцыі Рудзенск, напрыклад, у паштовым
аддзяленні працавала наша партызанская сувязная. Па яе ініцыятыве
газета «Мінскі бальшавік» і лістоўкі ўпакоўваліся разам з пачкамі
нямецкай пошты, якая, як правіла, гітлераўцамі не правяралася. У
Мінску на вакзале і на іншых станцыях нашы людзі прымалі пошту,
забіралі партызанскія газеты і накіроўвалі іх па назначэнню.
Вельмі часта падпольныя лістоўкі вывешвалі на вітрынах
фашысцкіх аб'яў і загадаў, на тэлеграфных слупах, на дзвярах
фашысцкіх камендатур, на штакетах, сценах дамоў. Лістоўкі і газеты
раскідвалі ў тэатрах і на рынках, у лагерах ваеннапалонных,
расклейвалі на вагонах і аўтамашынах фашысцкай адміністрацыі, на
млынах і ў іншых месцах, якія наведвала насельніцтва. У раённым
цэнтры Грэску, напрыклад, лістоўкі наклейвалі на дзвярах будынка,
дзе размяшчалася жандармерыя. Некалькі разоў падпольныя газеты і
лістоўкі траплялі ў стол начальніка паліцыі здрадніка Душэнскага.
Яны прыходзілі да яго па пошце з надпісам: «Асабіста начальніку
паліцыі Грэскага раёна».
Практыкавалася арганізацыя газетных вітрын на
скрыжаваннях дарог, на ўзлесках, куды фашысты баяліся паказвацца,
асцерагаючыся партызанскіх засад. Але затое жыхары ў такіх месцах
заўсёды маглі прачытаць чарговы нумар газеты, свежую лістоўку або
новую зводку Саўінфармбюро.
Былі выпадкі, калі нашы выданні рабілі вялікі і
складаны шлях, станавіліся здабыткам шырокага кола чытачоў. Газета
Лагойскага падпольнага райкома КПБ «За Савецкую Беларусь», якая
часта трапляла ў Мінск, аднойчы абышла ўсе цэхі тытунёвай фабрыкі.
Рабочыя чыталі адзін экземпляр гэтай газеты на працягу дня,
перадаючы з рук у рукі. На другі дзень гэты экземпляр, ужо даволі
пацёрты і замурзаны, апынуўся на Мінскім дражджавым заводзе. I тут
газету прачыталі ўсе рабочыя.
Распаўсюджванне друку даручалі толькі правераным людзям,
якія валодалі мужнасцю і знаходлівасцю. Помню такі выпадак. Сувязныя
партызанскага атрада, які дзейнічаў недалёка ад Мінска, М. Гурыновіч
і М.Варанкоў на аўтамашыне нямецкай падсобнай гаспадаркі ў старанна
замаскіраваным цюку саломы везлі ў горад чарговую партыю падпольнай
«Звязды». Каля шлагбаума іх спыніў патруль. Дакументы, якія былі ў
партызан, не выклікалі падазронасці. Аднак гітлераўцы і паліцэйскія
чамусьці на гэты раз вырашылі ўважліва праверыць груз. I калі з
саломы ўпала некалькі пачак газет, партызан Варанкоў хутка выхапіў
з-за пазухі пісталет і ва ўпор выстраліў у фашыста. 3 другімі
паспяхова справіўся Гурыновіч. Не разгубіўся і шафёр: ён хутка
развярнуў аўтамашыну. Партызаны ўскочылі ў кузаў і зніклі.
Апрача сваіх падпольных выданняў да нас у Мінскую
вобласць прысылалася шмат газет з Масквы, у тым ліку «Правда»,
«Известия», «Комсомольская правда», «Советская Белоруссия», а
таксама лістоўкі, часопісы і іншая літаратура.
Толькі на працягу ліпеня - жніўня 1941 года у тыл
ворага нашымі самалётамі было закінута каля 30 назваў розных газет і
лістовак агульным тыражом каля 2 мільёнаў экземпляраў. У 1942 годзе
у распараджэнне партызанскіх атрадаў было дастаўлена 32 назвы
лістовак і розных газет агульным тыражом звыш 6 мільёнаў экземпляраў.
Па далёка няпоўных даных, на працягу 1941-1943 гадоў Цэнтральны
Камітэт КПБ распаўсюдзіў на акупіраванан тэрыторыі Беларусі 20
мільёнаў лістовак і больш 5 мільёнаў экземпляраў газет, брашур і
плакатаў.
Асабліва моцна і палымяна гучаў бальшавіцкі голас
цэнтральнага органа нашай партыі «Правды», якую
падполыдчыкі-партызаны заўсёды з нецярплівасцю чакалі. Помню, калі ў
першыя дні вайны нам удавалася звязацца па радыё з Масквой, мы
радзіравалі: «Высылайце боепрыпасы і абавязкова 200— 300 экземпляраў
«Правды». Трэба сказаць, што рэдакцыя «Правды» заўсёды ішла нам
насустрач.
3 чэрвеня 1942 года мы пачалі атрымліваць «Правду» ўжо рэгулярна.
Лётчыкаў, якія прывозілі разам з боепрыпасамі газету, або таварышаў,
што дастаўлялі яе праз лінію фронту, партызаны сустракалі "з вялікай
сардэчнасцю. Безумоўна, газет было мала, а жадаючых пачытаць
«Правду», «Известия», «Комсомольскую правду» — тысячы. Часта
даводзілася бачыць такія экземпляры, якія прайшлі праз сотні сёл і
вёсак, дзесяткі партызанскіх атрадаў.
3 рэдакцый газет «Правда» і «Известия» прыязджалі да
нас у падпольны абком партыі для наладжвання падпольнага друку
журналісты. Вялікую дапамогу аказалі прыбыўшыя ў абком карэспандэнт
«Правды» Міхась Сівалобаў і карэспандэнт «Известий» Барыс Ямпольскі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны аўтарытэт «Правды» быў
выключна вялікі. Аб гэтым сведчыць і той факт, што імем газеты
называліся партызанскія атрады. Адзін з іх — у Чэрвеньскім раёне — у
першыя дні акупацыі налічваў усяго 14 чалавек, а затым вырас да
тысячы, ператварыўся ў брыгаду, якая была гразой нямецка-фашысцкіх
захопнікаў.
У жыцці партыйнага падполля і партызанскага руху апрача
друкаваных газет — цэнтральных, падпольных абласных і раённых газет
партызанскіх злучэнняў і атрадаў — значную ролю адыгрываў насценны
друк. Насценныя газеты выпускалі ў партызанскіх брыгадах і атрадах,
ва ўсіх вялікіх і малых баявых падраздзяленнях, у любых умовах і ў
любы час — на стаянках і ў паходах, у дождж і завіруху, днём і ноччу.
У іх з дня ў дзень апісвалася кіпучае жыццё падпольных партыйных і
камсамольскіх арганізацый, баявыя справы народных мсціўцаў,
партызанскія будні. Матэрыялы гэтых газет расказвалі аб лепшых
байцах, выхоўвалі маладое папаўненне партызан, клікалі іх у бой з
нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на барацьбу за вызваленне роднай
Беларусі.
Некаторыя з гэтых газет цяпер можна бачыць у
Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Безумоўна,
там прадстаўлены не ўсе насценныя газеты і «баявыя лісткі». Многія
насценныя газеты не захаваліся — яны страчаны ў баях і паходах.
Насценныя газеты і «баявыя лісткі», як правіла,
пісаліся ад рукі, былі самымі разнастайнымі не толькі па зместу, але
і па фармату, па афармленню.
Асобныя нумары былі з газетны ліст, а «баявыя лісткі» выпускаліся
часам на лістку школьнага сшытка.
Неаднолькавыя насценныя газеты і па свайму «ўзросту» —
адны нарадзіліся ў першыя дні акупацыі, другія — калі стаў шырока
разгортвацца масавы партызанскі рух. А некаторыя насценныя газеты
з'явіліся незадоўга да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх
акупантаў. Але, нягледзячы на гэта, усе яны былі аператыўнымі,
палітычна вострымі і ў большасці з густам і любоўна аформлены.
Адначасова з насценнымі газетамі і «баявымі лісткамі» выходзілі
рукапісныя часопісы. Яны выдаваліся партыйнымі і камсамольскімі
арганізацыямі партызанскіх злучэнняў і атрадаў. Па сваёй тэматыцы,
зместу і накіраванасці іх можна падзяліць на ваенна-палітычныя,
літаратурна-мастацкія, маладзёжныя і г. д. Вакол кожнага з іх
групаваліся партызанскія журналісты, літаратары, публіцысты, мастакі,
якіх было шмат у атрадах і брыгадах, таму часта часопісы былі
надзвычай змястоўнымі, цікавымі і багата ілюстраванымі. Характэрна,
што ў кожным нумары пісалася галоўным чынам аб людзях дадзенага
падраздзялення, публікаваліся нарысы, замалёўкі, апавяданні,
насычаныя фактамі, эпізодамі з жыцця партызанскіх атрадаў.
Рэдакцыі падпольных газет, асабліва раённых, якія, як
правіла, знаходзіліся там, дзе працавалі падпольныя райкомы партыі,
былі, па сутнасці, сапраўднымі штабамі ідэалагічнай работы.
Партыйныя і камсамольскія кіраўнікі, палітработнікі партызанскіх
злучэнняў і падраздзяленняў, якія прыходзілі ў райкомы партыі або
райкомы камсамола, абавязкова наведвалі рэдакцыі газет. Там яны
атрымлівалі фактычныя матэрыялы і звесткі, забяспечваліся кнігамі,
брашурамі, часопісамі, плакатамі, лозунгамі, лістоўкамі і іншымі
матэрыяламі для прапагандысцкай, лекцыйнай і агітацыйнай работы. Тут
жа яны часта атрымлівалі інструктаж, кіруючыя ўказанні партыйных
органаў, рэкамендацыі і саветы па шмат якіх пытаннях.
Гэта таксама давала магчымасць падпольным газетам
пастаянна ўмацоўваць сувязі са сваімі чытачамі. У газеты пісалі
кіраўнікі партызанскіх атрадаў, партыйна-палітычныя работнікі,
камуністы і камсамольцы, прыносілі карэспандэнцыі і сяляне
навакольных вёсак. Рэдакцыі партызанскіх газет не мелі пастаяннага
адраса, яны перасоўваліся па лясах, а часам і па балотах разам з
партызанскімі атрадамі, але пісьмы карэспандэнтаў заўсёды своечасова
знаходзілі рэдакцыі падпольных газет.
Са сваімі карэспандэнтамі рэдакцыі імкнуліся падтрымліваць пастаянны
цесны кантакт. Рэдактары газет, ды і ўсе работнікі партыйнага
падполля; добра разумелі, што без актыву газета не можа адгукацца на
важнейшыя падзеі жыцця партызанскіх падраздзяленняў, не зможа быць у
курсе дзейнасці падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый і,
урэшце, не зможа быць жывой і аператыўнай, даваць злабадзённы і
праўдзівы матэрыял. I партыйныя камітэты дапамагалі органам друку
лепш працаваць са сваім актывам, стаць сапраўднымі памочнікамі
падпольных партыйных арганізацый.
Усё гэта садзейнічала таму, што ў газетах — вялікіх і
малых — асвятляліся самыя разнастайныя бакі падпольнай работы і
партызанскага жыцця. Газеты абагульнялі галоўным чынам факты
палітычнай работы і камуністычнага выхавання. Многа месца адводзілі
яны баявой дзейнасці партызанскіх атрадаў і брыгад. Падпольныя
газеты займаліся пытаннямі партызанскай дысцыпліны, быту, этыкі. У
аснове ўсяго гэтага вялікага і шматбаковага матэрыялу, які з дня ў
дзень публікаваўся ў падпольным друку, ляжала адна пранікнёная ідэя
— ідэя палітычнага і баявога згуртавання вялікай арміі народных
мсціўцаў і насельніцтва пад ленінскім сцягам Камуністычнай партыі
для абароны сацыялістычнай Айчыны, для разгрому фашысцкіх агрэсараў
і канчатковага выгнання іх за межы Савецкай Радзімы.
I ў тым, што народ у суровай барацьбе з каварным ворагам выстаяў і
перамог,— вялікая заслуга нашага друку, які пад кіраўніцтвам
Камуністычнай партыі нёс у масы магутнае слова ленінскай тіраўды.
Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі і
падпольныя партыйныя органы пастаянна клапаціліся аб развіцці друку,
аб рабоце кожнай газеты паасобку, як друкаванай, так і рукапіснай.
Газеты паўсюдна ўзначальваліся камуністамі, якія з'яўляліся членамі
адпаведных падпольных партыйных камітэтаў. Мінскі абком і райкомы
КПБ зацвярджалі планы работы сваіх газет, абмяркоўвалі тэксты
лістовак, адозваў, зваротаў і ў некаторых выпадках перадавыя
артыкулы.
Кіраўніцтва падпольным друкам было ўскладзена на сакратара абкома
Івана Дзянісавіча Варвашэню. Штодзённа займаючыся
партыйна-палітычнай работай, ён многа ўвагі аддаваў развіццю
падпольнага друку, выхаванню журналістаў і партызанскіх
карэспандэнтаў.
Многія абласныя кіруючыя партыйныя работнікі, сакратары падпольных
райкомаў, камандзіры і камісары атрадаў і злучэнняў пастаянна
падтрымлівалі сувязь з газетамі і непасрэдна кіравалі іх дзейнасцю.
Яны не толькі давалі ўказанні, саветы і рэкамендацыі, але часта самі
выступалі ў якасці аўтараў перадавых артыкулаў і карэспандэнцый.
Мінскі падпольны абласны камітэт партыі часта
практыкаваў нарады рэдактараў і іншых работнікаў газет. На гэтых
нарадах, як правіла, абмяркоўваліся асобныя нумары газет,
абагульняўся вопыт работы.
Тое ж рабілі і многія падпольныя райкомы партыі.
Уважліва сачыў, напрыклад, за сваёй газетай Грэскі падпольны райком
партыі. Многа ўвагі аддаваў газеце Халопеніцкі райком КП(б)Б. На
пасяджэннях бюро гэтых райкомаў сістэматычна слухаліся справаздачы
рэдактараў, абмяркоўваліся тэксты падрыхтаваных да выпуску асобных
нумароў газеты і г. д.
Шэраг падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый
разам з палітработнікамі партызанскіх атрадаў і злучэнняў
практыкаваў рэгулярны інструктаж рэдактараў насценных газет і «баявых
лісткоў», рукапісных часопісаў. Праводзілі і іншыя мерапрыемствы, у
прыватнасці агляды і выстаўкі насценных газет, перасылку насценных
газет і «баявых лісткоў» (у межах аднаго злучэння) з атрада ў атрад
для агляду і перадачы вопыту. Лепшыя насценгазеты і «баявыя лісткі»
адзначаліся граматамі, загадамі па злучэнню і г. д. Усе гэтыя меры
садзейнічалі паляпшэнню зместу і мастацкага афармлення насценных
газет і рукапісных часопісаў.
Асабліва ўзмацнілася дзейнасць падпольнага
друку і партыйнае кіраўніцтва ім пасля V пленума ЦК КП Беларусі. Ен
абмеркаваў пытанне «Аб становішчы і задачах работы партыйных органаў
і партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі». Рашэнні
гэтага пленума з'явіліся гістарычнай падзеяй у жыцці партыйнага
падполля і дзейнасці партызанскага руху ў Беларусі. Заклікаўшы
падпольныя партыйныя арганізацыі ўзмацніць масава-палітычную работу,
пленум патрэбаваў ад падпольных абкомаў і райкомаў КП(б)Б, ад усіх
партыйных арганізацый палепшыць кіраўніцтва друкам, пастаянна
клапаціцца аб тым, каб газеты настойліва прапагандавалі трываласць
савецкага ладу, умацоўвалі ў насельніцтва ўпэўненасць у перамозе над
ворагам. «Бальшавіцкая прапаганда,— гаворыцца ў Пастанове пленума ЦК
КП(б)Б,— павінна праводзіцца ўсімі наяўнымі сродкамі друку і вусна
распаўсюджвацца ўсюды сярод насельніцтва акупіраванай тэрыторыі.
Гэта прыцягне новыя тысячы змагароў супраць акупантаў».
Пасля пленума пераважная большасць падпольных
партыйных камітэтаў стала больш і канкрэтней займацца сваімі
газетамі, указваць на тыя актуальныя тэмы, якімі неабходна было
займацца. Яны клапаціліся, каб рэдакцыі газет умацоўвалі і пашыралі
свае сувязі з аўтарскім актывам і чытачамі. Усё гэта разглядалася як
абавязковая ўмова далейшага паляпшэння работы партызанскага друку.
Партыйнае кіраўніцтва забяспечыла нашаму падпольнаму друку высокі
ідэйны ўзровень, зрабіла яго вострай, гібкай і дзейснай зброяй у
барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў.
* * *
Для таго каб мець магчымасць пабываць у Маскве,
неабходна паскорыць падрыхтоўку да прыёму самалётаў. Дзе ж пасадзіш
нашых крылатых гасцей, калі ўсюды тут лясы ды балоты? Праўда,
пасадзіць не так ужо было і цяжка, але ж ці зможа ён потым узняцца?
Помню, у пачатку жніўня сабраліся мы і пайшлі аглядаць астравок
Зыслаў: Бельскі, Мачульскі, Бондар, Варвашэня, Ляшчэня, Далідовіч,
лётчык Павел і Анасенка, які прыйшоў да нас пасля ранення, крыху,
падлячыўшыся ў аднаго лесніка, і я. Павёў нас Герасім Гальчэня.
Перад гэтым некалькі дзён ліў дождж, вада на балоце паднялася,
прайсці цяжка, але ў Гальчэні ўсюды былі свае сцежкі. Выйшаўшы з
вёскі Старасек, Герасім Маркавіч пашукаў крыху па зарасніках і хутка
выбраў такую сцежку, што можна было ісці смела. Рушыў ён наперад, а
мы за ім. Зялёны астравок цікавіў нас і тым, што ён знаходзіўся ў
цэнтры нашых асноўных баз і быў амаль не прыкметным для акупантаў.
Ці знойдзецца тут зручнае месца для будучага аэрадрома — гэта
непакоіла нас усю дарогу. Калі знойдзецца, то зараз жа возьмемся за
работу. На востраве Гальчэня таксама ішоў наперадзе, ішоў упэўнена,
відаць добра ведаў, куды вядзе. Не было такога кутка на Любаншчыне,
якога б Герасім Маркавіч не ведаў. Пад нагамі ў нас шастала густая
трава. У некаторых месцах яна была вышэй кален і абдавала нас расой,
хоць сонца было ўжо высока. У гушчары пахла здаровай вільгаццю,
месцамі пралезці было цяжка: арэшнік пераплёўся з бярэзнікам, і
галлё лезла ў вочы. Прайшоўшы каля двух з паловай кіламетраў,
Гальчэня прыпыніўся, глянуў на сонца і падаўся ўправа. Праз некалькі
хвілін ён вывеў нас на прагаліну і задаволена сказаў:
— Вось вам і аэрадром. Падцерабіць крыху, траву скасіць,
і лічы што гатова.
Анасенка не стрымаўся ад смеху.
— Двухматорны сядзе, — дабрадушна пажартаваў ён, — дык усю
гэтую вашу пляцоўку і накрые. А хвост вунь на тым дубе павісне.
Гальчэня недаверліва паківаў галавой, аднак, зірнуўшы
на стагодні дуб, які ўзвышаўся ў кутку паляны, крыху сумеўся.
—Дуб сапраўды будзе замінаць,— згадзіўся ён,—
давядзецца яго выкарчаваць, а пляцоўка тут добрая. Ты хіба не
садзіўся на такіх?
— Садзіцца-то садзіўся,— растлумачыў лётчык,— толькі на
іншых марках. Вось калі мяне нядаўна падбілі, я сеў проста ў кустах,
ды толькі ўзняцца ўжо не змог.
— Сядзеш вось і тут,— сказаў Герасім Маркавіч,— сядзеш
і ўзляціш.— Пры гэтым ён так упэўнена паказаў на пляцоўку, нібы тут
ужо і сапраўды прызямліўся самалёт.
— Для таго каб узляцець на транспартным самалёце,—
цярпліва растлумачыў Анасенка,— трэба сама мала пяць-шэсць такіх
пляцовак скласці ў адну. Ды грунт укатаць; укамяніць.
Што пляцоўка гэта малая для цяжкіх самалётаў, ясна было
і нам, але мы ўсе былі вельмі задаволены, што ўдалося знайсці на
востраве хоць і такую палянку. Выходзіла, што нібы сама прырода
паклапацілася аб нас. Заставалася паглядзець, ці можна расшырыць
гэтую пляцоўку.
— Колькі, вы думаеце, тут метраў? — звярнуўся Анасенка
да Герасіма Маркавіча, хоць той ужо, відаць, і не хацеў больш
спрачацца.
Замест адказу Гальчэня падаўся да ўсходняга краю пляцоўкі і адтуль
пачаў мераць яе шырокімі, паспешлівымі крокамі: «Раз, два, тры,
чатыры...» Нам чутно было, як ён далічыў да сотні, потым пачаў зноў:
«Раз, два, тры, чатыры». Ногі яго ціха ступалі па мяккай,
перасыпанай кураслепам траве, і сляды ад лапцей увачавідкі знікалі,
бо трава з-пад іх хутка падымалася.
Мы ішлі за Гальчэнем.
—Метраў чатырыста! —гучна сказаў ён, дайшоўшы да канца
пляцоўкі.— Але тут можна яшчэ крыху расцерабіць.
I цяпер пачаў ужо мераць Анасенка. Ён даваў крокі
прыкладна такія ж, як і Гальчэня, стараўся пераступаць цераз купіны
і пеньчукі, каб не рабіць абыходаў. Хутка лётчык знік з нашага
позірку, і толькі па яго ўскліках і па трэску сухіх галін мы
вызначалі, дзе ён.
—Тысяча пяцьсот,—пачулі мы нарэшце канчатковую лічбу
Анасенкі.— Ідзіце сюды!
Гальчэня не на жарты здзівіўся:
— Хіба цэлыя эскадрыллі тут будзем прымаць?
— Магчыма, што і так.
Прайшліся мы па адмеранай Анасенкам тэрыторыі: уздоўж
каля паўтара кіламетра, ушыркі — каля аднаго. Грунт, як на шчасце,
добры: сям-там балоцінка — яе няцяжка засыпаць, месцамі гурбякі —
можна зрэзаць. Горш за ўсё — раскарчоўка. Акрамя невялікай прагаліны,
на якой Гальчэня хацеў бы прымаць самалёты, уся плошча густа зарасла
розным кустаўём і арэшнікам. Сустракаліся даволі тоўстыя сосны,
сям-там бярозы. Выкарчаваць усё гэта не проста, аднак іншага выйсця
не было.
— Будзе тут работкі,— уздыхнуўшы, сказаў Далідовіч.
Трывога яго была зусім зразумелая. Для таго каб
абсталяваць пляцоўку хутка, трэба кінуць сюды значныя сілы, а дзе іх
узяць. Акупанты наваднілі раёны эсэсаўскімі галаварэзамі і рабілі
спробы стварыць у апорных месцах свае гарнізоны. Нашы атрады
бесперапынна вялі баявыя дзеянні на пэўных участках, і зняць іх
адтуль было нельга.
Я акінуў позіркам вялікую, пакуль што яшчэ дакладна не
акрэсленую, плошчу і сказаў:
— Калі ўзяць людзей з вёсак, пагаварыць з імі і
растлумачыць, што гэта справа вельмі важная, яны ўсё нам зробяць.
Зразумела, што некаторыя рэзервы маглі б знайсціся і ў
самім злучэнні, але ж калі ўлічыць, што будаўніцтва аэрадрома —
справа тэрміновая, дык гэтых рэзерваў было далёка недастаткова.
Падышоў Анасенка: энергічны твар, нічым непарушаная
вайсковая выпраўка.
— Даводзілася вам мець справу з такім будаўніцтвам? —
спытаў я.
— Даводзілася,— адказаў лётчык.
—Дадзім вам рабочых,—прапанаваў я,— цяглавую сілу, рыдлёўкі,
сякеры і дадзім паўтара-два месяцы. Справіцеся?
— Не, не спраўлюся! - рашуча заявіў Анасенка.
— Што вам яшчэ патрэбна? — спытаў я.
—Людзей у нас хопіць,- адказаў лётчык.- Толькі трэба
мне яшчэ некалькі соцень фурманак, бо без камення і гравію аэрадрома
не пабудуеш.
—А калі мы ўсё гэта зробім: дадзім транспарт і ўсё
неабходнае?
—Тады спраўлюся! — гучна сказау Анасенка. Потым мы
падабралі месца для падманнага аэрадрома, і, калі ішлі назад,
Далідовіч асцярожна спытаў:
— Дзе гэта мы возьмем гэтулькі людзей і фурманак? У
атрадах вольных людзей не так многа, а пад вод і зусім мала. У нас у
большасці коні верхавыя.
— А нашы зоны? Далідовіч задумаўся.
— Гэта праўда,— памяркоўна сказаў ён,— там людзі ёсць.
Але ж будаўніцтва наша своеасаблівае, спатрэбіцца канспірацыя.
— Будзе і канспірацыя.
... Я глыбока верыў, што калгаснікі навакольных весак
актыўна дапамогуць нам. Яны пойдуць нам насустрач з першага слова,
як ішлі ўжо не адзін раз. I самі прыйдуць і даставяць усё, што трэба.
Мачульскі маўчаў, раздумваў, а потым пачаў уголас
падлічваць, колькі чалавек можна ўзяць з вескі Старасек, колькі з
Загалля, Альбшска, Калінаўкі, Ніжына, Скаўшына, Сухой Мілі, Убібачак
і іншых. У яго планах ужо ўзнікалі рабочыя брыгады і знаходзіліся
начальнікі гэтых брыгад. Ен пачаў пералічваць надзейных людзей з
Старасека, якіх можна было б паставіць на чале брыгад. Пералічваў па
прозвішчах і налічыў больш дзесяці толькі з адной вескі.
Гальчэня ўважліва слухаў, ківаў згодліва галавою, а
потым раптам запярэчыў:
—Адных дзядоў бярэш, гэта няправільна.
—А хто ж там з маладзейшых? — усміхнуўшыся, спытаў
Мачульскі.
— Жанок бяры, вось каго,— намагаў Герасім Маркавіч,—
чым дрэнныя будуць брыгадзіры ці начальніцы?
Назаўтра Анасенка, Філіпушка і прадстаўнікі штаба
злучэння пайшлі ў бліжэйшыя вёскі, і ўжо ў той жа дзень у нас
пачалася работа. Да балота падышлі людзі з рыдлёўкамі і сякерамі,
падехалі фурманкі. Падышлі ўсе, хто мог быць карысным: пажылыя
мужчыны і дзяды, жанчыны і Нават падлеткі. Калі некаторым старым
цяжка было капаць рыдлёўкай, яны падбіралі сабе лягчэйшую работу.
Меркавалася браць на работу толькі здаравейшых, аднак
гэтае правіла ў некаторых вёсках давялося парушыць. Даведаўшыся, што
партызанам патрэбна дапамога, на работу пачалі збірацца ўсе
калгаснікі. У хатах заставаліся малыя ды зусім старыя. Паспрабуй
скажы каму, што ён не падыходзіць для гэтай справы. Пакрыўдзіцца
чалавек, прыме за знявагу.
У Старасеку быў такі выпадак. Фарміруючы брыгаду,
Анасенка адвёў убок пажылога, слабага здароўем калгасніка Антона
Сініцкага і шчыра параіў яму:
— Пабудзь дома пакуль што, няхай здаравейшыя ідуць.
Калі выйдзе ў нас няўпраўка, мы накажам табе.
Сініцкі аж з твару змяніўся.
— А я што? — разгублена спытаў ён.— Мне не
давяраеце?
— Давяраем, — апраўдваўся Анасенка, — толькі цяжкавата
будзе вам на земляных работах. Там жа і дзень і ноч давядзецца
працаваць.
—Значыцца, не годзен? — пакрыўджаным голасам прадаўжаў
Сініцкі.— На разведку пасылалі за пяцьдзесят кіламетраў — быў годзен,
фураж атрадам дастаўляць — годзен, а тут — убок? Ды я не горш за
якога маладога яшчэ пацягну. Не возьмеце — сам прыйду!
Жанчыны, пачуўшы гэтую размову, таксама запратэставалі:
— Без яго і мы не справімся, ён тут у нас усяму сялу
галава.
Падышоў Карнееў і як старшыня сельскага Савета
парэкамендаваў узяць Антона Сініцкага на будаўніцтва.
— Такіх смела бяры,— сказаў ён Анасенку,— я яго даўно
ведаю. Хочаш, скажу табе адзін свой сакрэт: я тут гляджу, каб у
кожнай брыгадзе былі людзі стойкія, правераныя. От цяпер яны будуць
капаць, церабіць, а пройдзе час — дадзім у рукі зброю і пойдуць
ваяваць, біць акупантаў. У маім сельсавеце можна дзесятак атрадаў
арганізаваць.
Для таго каб адразу ж узяць належны тэмп на будаўніцтве
аэрадрома, трэба было даставіць туды транспарт, цяглавую сілу,
шчэбень, каткі. А каб усё гэта даставіць і ў далейшым мець зносіны з
востравам, патрэбна была добрая грэбля.
Насыпалася на балота зямля — яе вазілі, насілі.
Спатрэбілася многа лесу — яго секлі тут жа. Грэбля была зроблена за
некалькі сутак, і тады астравок упершыню з часу свайго існавання
засяліўся людзьмі. Хоць усе брыгады былі з бліжэйшых вёсак і многім
з рабочых можна было хадзіць адпачываць дадому, кожны хацеў лічыць
сябе мабілізаваным і на ўвесь час работы ўсталёўваўся на востраве.
Вакол намечанай пляцоўкі хутка выраслі часовыя буданы, прымітыўныя
палаткі. Усё гэта было карысным на выпадак дажджу, бо звычайна людзі
адпачывалі проста пад адкрытым небам, на сухіх лісцях, на ахапках
сена або саломы.
Пэўных часоў адпачынку тут, па сутнасці, не было. Ночы
стаялі ясныя, прахладныя. Пасля невялікай перадышкі брыгады
выходзілі на работу ў любую пару сутак. Ноччу яны працавалі яшчэ
больш напружана, бо не так было душна.
У рабоце ўсё ішло звычайным калгасным парадкам: брыгады
мелі свае ўчасткі, свае вытворчыя заданні, спаборнічалі між сабою.
Паглядзіш — няйначай калгас выйшаў на работу! Аднак калі
прыгледзецца ўважліва, дык гэта ўжо не звычайны калгас мірных часоў.
Усе тут калгаснікі, але яны ўжо не тыя, што былі раней. Чалавек
працуе і з цікавасцю, з вялікай павагай паглядае на партызан, трошкі
зайздросціць, што ў іх ёсць зброя, а ў яго няма. Працуе і ўвесь час
прыслухоўваецца да слоў партызанскіх камандзіраў. Ен гатоў
добраахвотна прыняць на сябе абавязкі воіна, адкласці ўбок сякеру і
ўзяцца за вінтоўку. Таму ў брыгадах існуе вайсковая дысцыпліна,
узорны парадак.
Калі аднойчы мы з Мачульскім прыйшлі на востраў, з усіх
канцоў пачалі падбягаць да нас брыгадзіры, або, як называлі іх
Анасенка і Філіпушка, старшыя каманд. Некаторыя з іх стараліся быць
падобнымі да сапраўдных камандзіраў і дакладвалі па-вайсковаму. Яны
паведамлялі, колькі ў іх людзей, адкуль, што ўжо зроблена і што яшчэ
трэба зрабіць. Часамі такі рапарт залішне зацягваўся і быў падобны
на звычайны даклад калгаснага брыгадзіра, аднак чалавек увесь час
стаяў рукі па швах і трымаўся як мага больш брава.
Далажыўшы, ён спехам закурваў, калі дазвалялі ўмовы, і
подбегам накіроўваўся зноў у сваю брыгаду. Там не камандаваў, не
выхваляўся, што ён начальнік, а браўся за сякеру або рыдлёўку і
працаваў нароўні з усімі.
Работа была працаёмкая, патрабавала многа часу і сілы,
аднак паколькі людзі працавалі з вялікай ахвотай, з жаданнем
апраўдаць давер'е партызан, то плошча будучага аэрадрома ўвачавідкі
расшыралася і прымала патрэбны выгляд.
Усе ведалі, для чаго расчышчаецца такая велізарная
плошча, а гэта натхняла, надавала сілы. Брыгада старасекаўцаў
палуднавала, калі мы падышлі да яе ўчастка. Сям-там гарэлі маленькія
агні, людзі пяклі скараспелку, падсмажвалі на ражнах сала. Сёй-той
варыў што-небудзь у чыгунку. Тут жа сядзела некалькі чалавек
загальцаў, яны курылі, відаць пасля перакускі. Каля іх прылёг
наўзлогі Антон Сініцкі і нешта старанна расказваў, энергічна
размахваючы рукою.
— Чалавек, мусіць, усё пра сваю авечку расказвае, —
пажартаваў Карнееў, падышоўшы да нас з суседняга ўчастка.
А гісторыя з яго авечкай сапраўды была шырока вядомая.
— Аднойчы Антон Сініцкі завёз партызанам сваю авечку і бітон малака.
Потым, калі прыехаў у вёску атрад гестапаўцаў, нейкая подлая душа
падказала, што Сініцкі дапамагае партызанам. Яго схапілі, пачалі
біць і дапытваць: куды завёз авечку і малако?
—Паночкі,— наўмысля дрыготкім, жаласлівым голасам
узмаліўся Антон.— Гэта ж усё няпраўда, што вам нехта набрахаў. Тут
не толькі што адну маю авечку, а цэлую чараду партызаны забралі.
Ішлі нядаўна і забралі штук можа больш за сорак. I не адзін бітон
малака выпілі, а цэлых васемнаццаць. Кожны разы два глынуў, дык і
васемнаццаці бітонаў нават не хапіла...
На самай жа справе нікога з партызан у вёсцы не было,
ніхто не браў авечак і не піў малака, але Сініцкаму ўдалося такім
чынам апраўдацца і моцна напалохаць фашыстаў.
Цяпер, убачыўшы нас, Сініцкі паспешліва ўстаў і ступіў
некалькі крокаў насустрач. Тут ён быў за старшага, таму лічыў сваім
абавязкам першым прывітацца і запрасіць на полудзень. Мы прыселі на
пеньчукі.
— Ну, як ідзе работа? — спытаў я.
Антон паведаміў, што не пазней як праз дзень яны
закончаць раскарчоўку, а тады ўся брыгада пераключыцца на
выраўноўванне плошчы.
Адзін з загальцаў сказаў, што яны сёння закончаць
раскарчоўку.
Сініцкі нездаволена паглядзеў у яго бок і нібы
мімаходам заўважыў:
— Ну які там у вас лес, хмызняк адзін. На гэта загалец
спакойна адказаў:
— Такі ж самы, як і ў вас, побач нашы ўчасткі. Сініцкі
запярэчыў:
— Параўнаў. У нас жа сосны, хоць дошкі пілуй, алешыны,
бярэзнік.
— I ў нас ёсць лес,— прымірэнча сказаў загалец.—Ды чаго
ты хвалюешся? Калі мы скончым раней, дык прыйдзем і вам дапаможам.
— Лепш мы вам дапаможам,— настойваў Сініцкі. Потым ён
звярнуўся да мяне:
— Скажыце, а хутка сюды прыляціць самалёт з нашай
роднай Масквы?
— Як толькі закончым аэрадром, дык і прыляціць.
— А можна будзе тады ў Маскву пісьмо паслаць або,
скажам, у Казань, Разань?
— Думаю, што можна будзе.
— А калі б нам усім сабрацца ды вось, як некалі да
вайны, напісаць пісьмо нашаму ўраду. Апісаць, як мы тут жывём, як
бязлітасна б'ём ворага. Можна было б такое паслаць?
— Можна, і абавязкова напішам.
У часе нашай гаворкі сабраліся каля нас людзі. Кожнаму
хацелася пачуць што-небудзь новае пра наш савецкі тыл, пра Маскву.
Сініцкі ўстаў, акінуў усіх хуткім позіркам і сказаў:
— Хадзем, жанкі, і вы, мужчыны. Сёння ноччу і нам трэба
закончыць раскарчоўку.
Усе хутка сабраліся і пайшлі на работу.
Хоць працавалі на востраве пераважна калгаснікі, а
партызан было зусім мала, сюды часта, на якую хвіліну, наведваліся
камандзіры атрадаў, камісары, а часцей за ўсё веставыя з баявых
атрадаў і груп. Коратка яны расказвалі пра абстаноўку і, калі
дазваляў час, дзяліліся са знаёмымі калгаснікамі сваімі ўражаннямі
аб баях, перадавалі ім найбольш важныя баявыя эпізоды. I ўсе
калгаснікі жылі гэтымі навінамі, працавалі тут, а думкі іх былі там,
дзе ішлі баі, дзе іх сябры, браты білі фашыстаў.
У часе будаўніцтва аэрадрома найбольш буйныя баявыя
аперацыі праходзілі ў раёне вёскі Катка на Глушчыне і ў навакольных
населеных пунктах Халопенічы, Слабодка, саўгас «Халопенічы». У
варожым гарнізоне Катка налічвалася звыш трохсот фашыстаў. На
ўзбраенні ў іх было тры 40-міліметровыя гарматы, сем мінамётаў,
больш дзесятка станковых і ручных кулямётаў, аўтаматы, вінтоўкі.
Вёска была абнесена акопнымі ўмацаваннямі.
Штаб злучэння вырашыў знішчыць гэты гарнізон перш за
ўсё таму, што ён знаходзіўся на стыку трох раёнаў і скоўваў дзеянні
партызанскіх атрадаў. На аперацыю было загадана выйсці асобным
падраздзяленням атрадаў Паўлоўскага, Храпко, Гуляева, Пакуша і
Макара Бумажкова. Выйшлі таксама атрады Цікунова і Патрына. Атрад
Цікунова быў створаны толькі некалькі месяцаў таму назад і цяпер
пачаў дзейнічаць як самастойная баявая адзінка. Усяго было паслана
на Катку чалавек каля пяцісот з добрым узбраеннем. Пры
падраздзяленнях было чатыры гарматы, адзін ротны мінамёт, шэсць
станковых і васемнаццаць ручных кулямётаў, многа аўтаматычнай зброі.
Агульнае кіраўніцтва аперацыяй было ўскладзена на намесніка
начальніка штаба злучэння Канстанцінава.
Першапачатковы план аперацыі быў прыблізна такі:
падраздзяленні Гуляева, Пакуша, Бумажкова і атрады Цікунова і
Патрына наносяць галоўны ўдар па гарнізону з заходняга і паўночнага
бакоў. Для прыкрыцця флангаў Паўлоўскі і Храпко выстаўляюць баявыя
засады каля вёскі Касарычы і на дарогах, якія вядуць да гарнізона.
Сігналам пачатку бою павінны быць дзве чырвоныя ракеты, пушчаныя ў
бок праціўніка.
Аднак перад самым наступленнем разведка данесла, што праціўнік з
абозам і асноўным узбраеннем выйшаў з вёскі Катка і прасоўваецца ў
напрамку вёскі Харомцы, Акцябрскага раёна. К вечару гітлераўцы
занялі Харомцы і ўстанавілі ўзмоцненыя пасты і патруляванне.
Давялося спешна змяніць план аперацыі.
Камандзірам атрадаў і падраздзяленняў былі пастаўлены
дадатковыя задачы: рэзервовай групе, якая знаходзілася пры штабе,
нанесці ўдар па праціўніку ў вёсцы Харомцы з паўднёвага боку. Пакушу
і Патрыну — раптоўна ўварвацца ў вёску з паўночнага боку, а
Бумажкову адначасова ўдарыць па варожаму гарнізону ў саўгасе імя
Патапенкі. У праціўніка заставалася вольная дарога на вёску
Бабровічы, таму Гуляеву і Цікунову было загадана неадкладна
размясціць засады ў лесе і надзейна перагарадзіць гэтую дарогу.
Наступленне пачалося раніцай дзесятага жніўня 1942
года. У выніку імклівай атакі гітлераўцы былі выбіты з вёскі, аднак
ім удалося адысці ў невялікі лясок на поўнач ад Харомцаў і там
замацавацца.
Тым часам падраздзяленні Паўлоўскага і Храпко,
фарсіраваўшы раку Пціч, раптоўным ударам разбілі праціўніка ў
саўгасе «Халопенічы», а затым павялі наступленне на вёску Катка. Тут
яшчэ заставаліся ахоўныя групы варожага гарнізона. Асноўная
вайсковая маёмасць гітлераўцаў таксама не была вывезена адсюль.
Партызаны знішчылі астаткі варожых сіл каткаўскага гарнізона і
захапілі багатыя трафеі. У ходзе далейшага наступлення быў таксама
разбіты гітлераўскі гарнізон у вёсцы Слабодка па дарозе к Харомцам.
Бой з асноўнымі сіламі гітлераўцаў, якія ўмацаваліся ў
лесе на поўнач ад Харомцаў, цягнуўся больш сутак. Звыш трох
дзесяткаў фашыстаў было забіта, многа паранена. Астатнія ноччу
рассыпаліся і па адным або невялікімі групамі ўцяклі ў Глуск,
пакінуўшы на месцы баёў амаль усё ўзбраенне і рэшту боепрыпасаў.
Некалькі паліцаяў здалося ў палон.
Нашы атрады страт не мелі. Толькі два партызаны былі
паранены, і то не цяжка.
Нашы поспехі на полі бою падбадзёрвалі калгаснікаў —
будаўнікоў аэрадрома, натхнялі іх на самаадданую працу. За два з
лішкам тыдні ўся плошча будучага аэрадрома была раскарчавана.
Некалькі дзён спатрэбілася для таго, каб выраўнаваць яе, засыпаць
шчэбенем і ўтрамбаваць.
Да канца жніўня аэрадром быў гатовы. Заставаліся розныя
другарадныя гаспадарчыя работы і абсталяванне падманнага аэрадрома
на выпадак налёту варожай авіяцыі. Гэта маглі б зрабіць і самі
партызаны, аднак хутка мы заўважылі, што нашы аэрадромныя будаўнікі
не хочуць разыходзіцца па хатах. Аднойчы Філіпушка прыйшоў у штаб і
сказаў: — Мае брыгады просяць яшчэ работы. Мы параіліся між сабою і
вырашылі дазволіць будаўнікам пакуль што застацца на востраве. Адну
групу паставілі на маскіроўку аэрадрома, і яна цудоўна выконвала
сваю справу. Калі не прымалі самалётаў, дык увесь час аэрадром быў
засаджаны хвайняком або елкамі, і з паветра ніяк нельга было пазнаць,
аэрадром гэта ці сапраўдны лес. Былі збудаваны зямлянкі для
абслугоўваючага персаналу, для раненых байцоў, якіх трэба было
накіраваць у савецкі тыл, абсталявалі падманны аэрадром. Потым
знайшлася яшчэ работа, і, такім чынам, атрымалася, што толькі
невялікая частка будаўнікоў вярнулася ў вёскі і была потым нашым
пэўным рэзервам. А большасць засталася ў партызанах: хто ўвайшоў у
каманду абслугоўвання, хто ў гаспадарчыя ўзводы, некаторыя атрымалі
зброю і сталі ў баявыя рады.
3 першых тыдняў верасня 1942 года на наш аэрадром
пачалі прылятаць крылатыя госці з Масквы, а таксама з другіх месц
Савецкага Саюза. Маленькая кропка на зямлі хутка стала вядомай нашым
людзям за тысячы кіламетраў. Аб ёй ведалі на Украіне, у Літве,
Латвіі... Аб ёй ведалі партызаны Польшчы, Чэхаславакіі.
Сотні раненых народных мсціўцаў Беларусі і Украіны былі
накіраваны праз гэты аэрадром у савецкі тыл. Аэрадромам карысталася
на працягу некалькіх месяцаў партызанскае злучэнне Каўпака. Аднойчы
ў цяжкі для ўкраінскіх партызан час, калі нельга было сесці на свой
аэрадром, да нас прчыляцелі сакратар ЦК КП(б) Украіны Каротчанка і
начальнік партызанскага штаба Украіны Строкач. 3 ляснога аэрадрома
былі вывезены ў савецкі тыл і размешчаны ў спецыяльных дамах тысячы
дзяцей загінуўшых партызан і воінаў Чырвонай Арміі. Адсюль вылецелі
ў Маскву відныя вучоныя і другія спецыялісты нашай рэспублікі, якія
не паспелі эвакуіравацца ў пачатку вайны.
Адсюль таксама быў эвакуіраваны ў Маскву цяжкапаранены
праслаўлены партызан Кірыл Пракофьевіч Арлоўскі, зараз Герой
Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня вядомага ўсёй
краіне калгаса «Рассвет», Кіраўскага раёна.
Усе гады вайны карысталіся мы Зыслаўскім аэрадромам. Ён
служыў важнейшым сродкам непасрэднай сувязі з Вялікай зямлёй для
многіх партызанскіх злучэнняў Беларусі.
Гэта быў першы ў рэспубліцы партызанскі аэрадром.
да зместу |
|