Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Адзенне і абутак сялян

     У перадваенныя гады на тэрыторыі Загальскага сельсавета даматканае адзенне паспяхова выцяснялася фабрычным. Аднак фабрычнае адзенне тады не было яшчэ адзіным у быце калгаснікаў, таму што данашваліся старыя запасы даматканага адзення і таму што прамысловасць у той час не магла яшчэ ў дастатку забяспечыць вытворчасць усіх відаў адзення для шматлікага сельскага насельніцтва. Таму калгаснікі нават перад самай вайной займаліся ў параўнальна невялікіх маштабах хатнім ткацтвам. Аднак адзенне з'яўлялася і ў той час такім элементам матэрыяльнага быту калгаснікаў, дзе ў вельмі шырокай ступені знаходзілі сабе месца вырабы прамысловасці. У такім жа прыкладна стане знаходзіўся і абутак. Перад вайной былі амаль поўнасцю выцеснены лапці. Яны тады ўжываліся ў час сенакосу на мокрых лугах.
     Існаваўшыя перад пачаткам вайны нацыянальныя густы і традыцыі ў адносінах усяго комплексу адзення, яго пакрою і спосабаў нашэння захаваліся ў сваёй аснове і ў гады вайны ва ўмовах партызанскага краю. Для гэтага перыяду размова можа ісці галоўным чынам аб зменах ва ўдзельнай вазе фабрычнага і даматканага адзення.
Зыходзячы з умоў партызанскага краю, можна гаварыць не столькі аб якасці адзення, яго форме, колькі аб ступені забяспечанаеці адзеннем, аб спосабах яго прыгатавання, захавання і нашэння.
     Гаворачы аб ступені забяспечанасці сялян адзеннем і абуткам ва ўмовах партызанскага краю, трэба ўлічваць узровень іх матэрыяльнага дабрабыту напярэдадні вайны і магчымасці скарыстання старых запасаў, а таксама вызначыць крыніцы стварэння новага адзення ў перыяд акупацыі і магчымасці захавання яго ад разграблення. На тэрыторыі Загальшчыны было многа калгасніц, якія напрацягу трох год нямецка-фашысцкай акупацыі не займаліся вырабам хатніх тканін. Адны не ткалі таму, што мелі дастатковы запас адзення і не адчувалі вострай патрэбы ў хатнім ткацтве; іншыя самі не ўмелі ткаць, але не карысталіся і паслугамі сваіх суседзяў, што таксама сведчыць аб адсутнасці вострай патрэбы ў адзенні; трэція не ткалі з-за адсутнасці для гэтага спрыяльных умоў, хоць сярод іх маглі быць людзі, не толькі забяспечаныя адзеннем, але і тыя, хто меў вострую патрэбу ў ім.
     Узровень матэрыяльнага дабрабыту беларускай вёскі напярэдадні вайны быў такі, што многія калгаснікі мелі значныя запасы адзення і матэрыялаў для яго вырабу. Гэтыя запасы некалькі папоўніліся ў першыя дні вайны, калі жыхары Загальскага сельсавета раскупілі літаральна ўсе тавары ў сваіх сельскіх магазінах.
Некаторыя калгаснікі гавораць, што ў іх хапіла на ўсе гады фашысцкай акупацыі даваенных запасаў адзення. «У вайну я нічога не ткала,—расказвае калгасніца вёскі Старасек Н.М.Сулім.—У мяне хапала даўніх запасаў». Калгасніца той жа вёскі А.А.Міхневіч расказвае, што іх сям'я ва ўмовах партызанскага краю сабрала пуды тры ільну і многа воўны, але ткаць не давялося: «Жылі старымі запасамі». Гэта сям'я з даваенных часоў мела дастаткова адзення і запасаў хатняга палатна. «У вайну я не ткала,—заяўляе калгасніца Е.П.Чыркоўская,—насілі тую адзежу, якую мелі да вайны». Калгасніца вёскі Татарка А.Д.Рудзько асабліва падкрэсліла, што не ткала ў гады вайны іменна таму, што сям'я карысталася даваенным адзеннем. Такую ж думку выказалі Г.П.Рублеўскі (в. Жывунь), Д.В.Ясючэня (в. Падлуг) і іншыя калгаснікі.
     Трэба сказаць, што ўсе гэтыя калгаснікі па ўзроўню сваёй заможнасці былі сярэднімі ў Загальскім сельсавеце, але і іншыя сяляне, успамінаючы аб цяжкасцях у адзенні ў часы нямецка-фашысцкай акупацыі, указваюць галоўным чынам на грабяжы і пажары, карныя экспедыцыі гітлераўцаў і на фашысцкую блакаду 1944 г.
     Што датычыцца крыніц папаўнення адзення праз гандлёвую сетку, то яны адсутнічалі, бо ў партызанскім краі магазінаў не было. Край быў адрэзан таксама ад чорнага рынку нямецкай акупацыйнай зоны, дзе вялася спекуляцыя сякімі-такімі прамтаварамі.
     У гэтых умовах большасць калгаснікаў займалася ткацтвам і, вязаннем. Некаторыя з іх ткалі і ільняныя, і суконныя тканіны, шырока займаючыся гэтым рамяством. Іншыя вырабілі за тры гады вельмі мала тканін. Трэція толькі вязалі некаторыя прадметы з воўны. Сярод калгаснікаў, якія займаліся хатнім ткацтвам, былі такія, якія мелі ў гэтым вострую патрэбу. Былі таксама і людзі адносна забяспечаныя, але яны хацелі забяспечыць сябе яшчэ лепш і выкарыстоўвалі сваё ўмельства ў хатнім рамястве.
     Сыравінай для хатняга ткацтва служылі лён і воўна. Ва ўмовах партызанскага краю сеяліся ўсе тыя ж сельскагаспадарчыя культуры, што і да вайны. Амаль усе калгаснікі працягвалі трымаць авечак. Іх колькасць у адным двары даходзіла часам да 4—5 штук.
     Уся работа па вытворчасці пражы і хатніх тканін праводзілася ручным спосабам з дапамогай нескладаных станкоў. Ільнотраста ператваралася ў валакно ўручную. Валакно ачышчалаея ад кастры, расчэсвалася і дзялілася на два асноўных гатункі: кужаль (лепшае валакно) і згрэбніну. Воўна, астрыжаная з авечак і вымытая, скублася пальцамі, часам расчэсвалася на ваўначосках, якія працавалі пры партызанскіх млынах, часам жа яе пралі адразу пасля ручнога здрабнення. Прыладамі для пражы ільну і воўны служылі верацяно, прасніца, калаўротак. Пражу снавалі на сцяне, наматваючы ніткі на спецыяльна забітыя калочкі.
Ткацкі стан (кросны) быў такім, якім ён склаўся тут на працягу многіх папярэдніх год. Зеў у аснове тканіны на гэтым стане ўтвараўся пры дапамозе нітоў, якія прыводзіліея ў рух націсканнем ног на панажы. Чаўнок з ніткай утку пракідваўся ў зеў рукой, потым гэта нітка прыбівалася таксама рукамі пры дапамозе бёрда, якое было замацавана ў набіліцах.
     На кроснах выраблялі тканіну шырьшёй у 70—90 см. Даўжыня ўсёй асновы залежала ад колькасці губак або сцен, г. зн. ад таго, колькі разоў аснова працягвалася паміж калкамі ад аднаго да другога канца сцяны. Калі сцяна (а разам з ёй і адна губка) раўнялася па даўжыні, напрыклад, 5 м, то аснова ў пяць губак мела 25 м восем губак раўнялася 40 м і г. д. Часцей за ўсё агульная даўжыня асновы не перавышала 9—10 губак або сцен.
Да вайны калгасніцы ткалі пераважна позняй восенню, зімой і ранняй вясной, калі гэтаму не перашкаджалі палявыя работы. Цяпер жа ва ўмовах акупацыі для ткацтва было вельмі многа перашкод (карныя экспедыцыі, бамбёжкі, блакады, цяжкія жыллёвыя ўмовы, адсутнасць у асобных выпадках сыравіны і г. д.).
     Калгасніца вёскі Старасек Ю.I.Сулім, напрыклад, выткала ў партызанскім краі посцілкі, а кужэльнае выткаць не паспела. Суконнага зусім нічога не ткала, таму што мела толькі адну авечку. М.А.Мохарт з гэтай жа вёскі ўспамінае: «У час вайны авечак у мяне не было і суконнага я не ткала». А.С.Статкевіч (в. Старасек) гаворыць, што яна вясной 1942 г. хацела паставіць кросны, але гэтаму перашкодзіў пажар. Пазней ужо так і не давялося ёй ткаць, бо прыходзілася жыць у чужых, будавацца, ісці ў лес. «Прасці і ткаць у вайну мне даводзілася мала,—успамінае А.Т.Емяльянава. — Заснавала губкі тры, ды і тыя згарэлі вясной 1942 г.»
     Але ў многіх сем'ях, нягледзячы ні на якія цяжкасці, ткацтвам усё ж займаліся. Калгасніца вёскі Старасек Е.В.Сініцкая расказвае: «Я ткала разы тры, а майго дзевера жонка ткала нават і ў час бамбёжкі. Мы ўцякалі ў хвойнік, а яна, бывала, выскачыць у пограб і зноў садзіцца за кросны». О.А.Барысевіч таксама ткала рэгулярна. «Я баялася ставіць кросны ў доме,—гаворыць яна,—бо самалёты бамбілі, але ставіла ў зямлянцы, якая была ў суседкі праз вуліцу».
     Нават у блакаду 1944 г., як расказвае Ю.I.Сулім, «бабы на балоце цягалі за сабой не толькі клубкі з ніткамі, але нават і плеценыя кросны (ніцяную аснову), якія не паспелі навіць на варстат». Часам, калі адной гаспадарцы было не пад сілу наладзіць вытворчасць тканін, калгасніцы ткалі ў складчыну. М.Мохарт расказвае, што яна з суседкамі Е.Сулім і К Барысевіч сумесна выткала адны кросны кужэльных хустак у клетку. Ёй дасталося тады тры хусткі.
     Некаторым калгасніцам удавалася выткаць значную колькасць розных тканін. М.А.Мохарт, напрыклад, ткала разоў пяць тонкае кужэльнае палатно, посцілкі, зрэбнае палатно на мяшкі, ручнікі, хусткі. Яшчэ больш ткала Л.I.Сулім. Кожную зіму яна ставіла 3—4 кроснаў (тонкае і зрэбнае палатно, ручнікі, настольнікі). Адзін раз яна выткала 5 губак сукна. Некалькі разоў ткала сукно Р.Н.Чыркоўская. Параўнальна многа ткалі і ў сем'ях М.М.Падлоўкіна, О.Г.Сініцкай, Е.В.Сініцкай, А.Ф.Плышэўскай, С.П.Глаза, А.С.Радкевіч і іншых. Ва ўмовах партызанскага краю, як і ў папярэднія гады, вырабляўся даволі шырокі асартымент тканін. Пераважна яны ткаліся ў два ніты. Такое палатно не мела на сабе ніякіх складаных узораў.
     Узорныя тканіны вырабляліся для ручнікоў, настольнікаў, хустак і г. д. Узор рабіўся двума спосабамі. Па аднаму з іх узор можна было атрымаць нават з аднатонных нітак асновы і ўтку шляхам павелічэння колькасці нітоў. Напрыклад, тканнё ў тры ніты давала ўзор у елачку, што практыкавалася галоўным чынам для вырабу ручнікоў. Часам ужывалася да 8 і больш нітоў. Гэта давала магчымасць атрымаць складаны, характэрны для беларускага арнаменту ўзор у выглядзе вялікіх гнёздаў (або «кругоў»), якія ўтвараліся ад спалучэння і чаргавання квадратаў і прамавугольнікаў розных памераў.
     У іншых шматнітовых тканінах для большай стракатасці ўзору ў якасці ўтку або асновы ўжываліся каляровыя ніткі. Так ткаліся галоўным чынам посцілкі. Для гэтага ж пры вырабе абрусаў у якаеці асновы часам ужывалася адбеленая ільняная пража, а ўтком служылі неадбеленыя (суровыя) ільняныя або пасконныя ніткі. Другім спосабам атрымання ўзору было чаргаванне розных па свайму колеру палос нітак асновы і ўтку пры двухнітовым тканні. Так ткалі галоўным чынам тонкія матэрыі для хустак і г. д. Калі рознакаляровыя ніткі чаргаваліся палосамі толькі ў аснове пры аднатонным утку або наадварот, то атрымлівалася паласатая тканіна, калі ж такое чаргаванне рабілася і ў аснове, і ў утку, тады тканіна набывала выгляд клятчастай. Падобным спосабам нярэдка затыкаліся таксама канцы двухнітовага ручніка. Часам на адной белай аснове ткалі па чарзе некалькі кавалкаў розных тканін (звычайнае палатно, посцілкі, коўдры і інш.). Яны адрозніваліея па свайму ўтку. Так ткала, напрыклад, у гады вайны сялянка вёскі Загалле А.Ф.Плышэўская.
     У некаторых з пералічаных відаў тканін (для посцілак, хустак і г. д.) пры ільняной аснове даваўся шарсцяны ўток. 3 шарсцяной пражы ткалі сушо для верхняга адзення і коўдры. Часам чыста шарсцянымі (аснова і ўток) рабіліся андаракі і хусткі. Для вытворчасці сукна нярэдка ўжываўся ільняны ўток пры шарсцяной аснове. Узорнасць і рознакаляровасць шарсцяных тканін дасягалася таксама і шматнітовасцю (большай колькасцю нітоў) і рознакаляровасцю пражы. Так, напрыклад, чорнае сукно ткалася ў чатыры ніты і набывала ўзор у елачку. Чорная аснова і белы ўток (або наадварот) пры двухнітовым спосабе тканіны давалі шэры колер сукна. Клятчастая коўдра або хустка атрымлівалася пры чаргаванні белых і чорных палос нітак асновы і ўтку. Для большай стракатасці і разнастайнасці клетак часам белыя шарсцяныя ніткі фарбаваліся ў чырвоны, сіні, зялёны і іншыя колеры, а карычневыя фарбаваліся ў чорны колер.
     Загальшчына па ўзроўню свайго ткацкага майстэрства не можа, вядома, параўнацца з такім раёнам Беларусі, як Случчына (Слуцкі, Чырвонаслабодскі, Капыльскі раёны Мінскай вобласці) або з некаторымі раёнамі Гродзенскай вобласці. Аднак і тут ткалі прыгожыя тканіны.
     Некаторыя віды тканін яшчэ да шыцця з іх адзення праходзілі дадатковую апрацоўку: палотны адбельваліся, а сукны валіліся. Адбельванне палатна рабілася заўсёды ў дамашніх умовах і ніякіх асаблівых цяжкасцей не прадстаўляла. Сукно для яго ўшчыльнення валілі рознымі спосабамі.
     Напярэдадні вайны даматканае сукно калгаснікі валілі, як правіла, на сукнавальных машынах, якія меліся пры паравых млынах, прыводзіліся ў рух тым жа рухавіком і забяспечваліся гарачай вадой ад паравога катла. Такая сукнавальная машына была і ў партызанскім краі ў 5—6 км ад Загальскага сельсавета ў вёсцы Ляскавічы. Разам з тым сукно валілі таксама на ручной валюшні. Шырокай вядомасцю ў навакольных вёсках карысталася валюшня ў вёсцы Падлуг. Яе прывозілі ў час вайны за 7 км у вёску Старасек. Аднак у цяжкіх умовах вайны шырокае распаўсюджанне атрымаў і самы старадаўні, прымітыўны спосаб валення, калі сукно мялі нагамі ў карыце для мыцця бялізны, паліваючы яго гарачай вадой. Валенне сукна ў ступе пры дапамозе таўкача, як гэта рабілася ў некаторых раёнах Беларусі, тут не было пашырана.
      Некаторыя тканіны перад шыццём фарбаваліся. Дамашняя афарбоўка тканін была вядома ў Беларусі яшчэ з даўніх часоў. Ва ўмовах партызанскага краю пачалі адраджацца старыя спосабы афарбоўкі нітак і тканін пры дапамозе розных раслінных фарбавальнікаў. Тут фарбавалі галоўным чынам палатно, з якога потым шылі верхняе адзенне. У Жывуні сялянкі варылі ягады крушыны і ў гэтым растворы фарбавалі палатно. Для афарбоўкі ўжывалі таксама альховую кару. А.Ф.Плышэўская гаворыць, што ў іх у навар альховай кары клалі яшчэ кавалкі іржавага жалеза.
     Часам калгаснікі даставалі фабрычную тканіну. Маецца на ўвазе парашутная матэрыя. У раёне партызанскага аэрадрома, які знаходзіўся на тэрыторыі Загальшчыны, савецкія лётчыкі часта скідалі самыя разнастайныя грузы на парашутах. Частку гэтых парашутаў партызаны аддавалі калгаснікам навакольных вёсак. Гэта, вядома, была вельмі абмежаваная крыніца папаўнення запасаў адзення. Між тым кожны выпадак атрымання парашутнай тканіны, вельмі прыгоднай для адзення, успрыймаўся ў вёсцы з вялікім задавальненнем.
     Калгасніца С.М.Тарасевіч расказвае, што ў вёсцы Жывунь былі даволі частымі выпадкі, калі партызаны давалі мясцовым жыхарам парашуты. Ёй, напрыклад, вясной 1943 г. далі цэлы парашут. 3 парашутаў тут шылі рознае адзенне. У сям'і Л.М.Капусцінай з парашутаў, напрыклад, шылі бялізну і сукенкі. Стропы парашутаў шырока выкарыстоўваліся для нітак.
     Прыведзеныя тут факты паказваюць, што ва ўмовах партызанскага краю беларускія сяляне ў асноўным забяспечвалі сябе матэрыялам для прыгатавання неабходнага адзення. Горш было з матэрыяламі для вырабу скуранога абутку. Тут сустракаліся большыя цяжкасці і ў атрыманні сыравіны і ў яе апрацоўцы.
     Асноўнай крыншіцай атрымання скураной сыравіны з'яўлялася жывёлагадоўля. Для абутку патрэбны былі скуры. Недахоп іх вынікаў не толькі з абмежаванай колькасці жывёлы, але і з таго, што многа скур ішло на абутак партызанам.
     Цяжкасці ў апрацоўцы скураной сыравіны выклікаліся тым, што ў сельскай мясцовасці было параўнальна мала спецыялістаў гэтага рамяства. Апрацоўка скур для абутку ніколі не была так шырока распаўсюджана сярод беларускіх сялян, як, скажам, хатняе ткацтва. Асноўная маса сялянства насіла ў дарэвалюцыйны чае толькі лапці. Больш заможныя сяляне куплялі матэрыял на боты, чаравікі або набывалі гатовы абутак у горадзе і ў мястэчку, дзе вырабам скур і шыццём абутку займаліся спецыяльныя рамеснікі. Толькі ў асабліва цяжкія перыяды жыцця краіны, калі ў сілу асобных сацыялына-эканамічных умоў гандаль горада з вёскай парушаўся, беларускі селянін браўся сам за выраб скур.
     Браліся за такую складаную справу вельмі нямногія. Гэта былі пераважна тыя людзі, якія займаліся вырабам аўчын для кажухоў, што заўсёды было распаўсюджана ў беларускай вёсцы. У гады грамадзянскай вайны некаторыя сяляне, што маглі вырабляць аўчыны, авалодвалі дадатковымі ведамі і навыкамі, якіх патрабаваў выраб скур для абутку.
     Зразумела, што два дзесяткі год, якія прайшлі з таго часу, не згладзілі з памяці беларуекіх сялян ні самога факту нядаўняга вырабу скур у сельскіх умовах, ні асноўных ведаў, звязаных з гэтым рамяством, ні нават вытворчых навыкаў, якімі валодалі асобныя майстры.
     Пасля менш чым дваццацігадовага перапынку, калі беларуская вёска ўсё лепш і лепш забяспечвалася абуткам, які давала прамысловасць Савецкай краіны, беларускаму селяніну ў гады вайны зноў давялося самому ўзяцца за выраб скур. Трэба сказаць, што развіццю гэтага рамяства ва ўмовах партызанскага краю спрыяла тое, што партызанскае камандаванне энергічна падтрымлівала і заахвочвала нешматлікіх спецыялістаў-гарбароў.
     Вось некаторыя даныя аб тэхніцы вырабу аўчын і скур, расказаныя калгаснікам вёскі Старасек I.Д.Сініцкім, які займаўся гэтай работай. Спачатку майстрам рыхтаваўся так званы квас. Для яго прыгатавання ў цэбры або бочцы з цёплай вадой разбоўтвалася мука і соль (замест солі ў партызанскім краі ўжывалі калійнае ўгнаенне). У такі квас аўчыны закладвалі тыдні на тры. Пасля гэтага іх даставалі і ніжні бок скраблі на дошцы касой, ад чаго скура набывала белы колер. Для далейшай апрацоўкі аўчын бралі кару, сушылі яе, таўклі на муку. Белую аўчыну змочвалі, пасыпалі гэтай мукой, і так яна ляжала дзён пяць, убіраючы ў сябе фарбуючыя і іншыя хімічныя рэчывы. Потым аўчыну, якая набывала жоўты колер, сушылі, мялі, каб яна стала мяккай. Гэтым працэс вырабу аўчыны заканчваўся, і з яе можна было шыць адзенне.
     Скуры для абутку выраблялі інакш. Перш за ўсё для знішчэння шэрсці скуру мачылі двое сутак у бочцы з вадой, у якой была распушчана кухонная соль (яе ў гады партызанскай барацьбы таксама замяняла калійнае ўгнаенне). Пасля аслаблення сувязі шэрсці з асноўным слоем скуры яе саскрабалі дошчачкай з завостраным краем. Пасля гэтага скуры закладвалі на месяц у чан з такім жа квасам, які рыхтаваўся і для аўчын. Там скуры праз кожныя пяць сутак пераварачвалі. Пасля гэтага ніжні бок скуры, як і ў аўчыне, скраблі касой. Потым сырую скуру пасыпалі тоўстым слоем мукі з лазовай і хваёвай кары, і так яна ляжала тыдзень. Гэты асноўны працэс апрацоўкі скуры заканчваўся яе выеушваннем.
     Працэс апрацоўкі некалькі мяняўся ў залежнасці ад віду вырабляемай скуры. Так, напрыклад, для прыгатавання падэшвы ўжывалася мука з дубовай кары. Для прыгатавання юхту вырабленую скуру пасля ўсяго густа змазвалі дзёгцем.
     Лепшыя спецьгялісты выраблялі скуры не толькі для сябе і сваіх аднавяскоўцаў. Іх шырока выкарыстоўвалі партызаны ў сваіх майстэрнях і на такой жа рабоце дома. Сяляне-гарбары вёсак Падлуг, Жывунь і хутара Фамін Рог працавалі з 1942 г. у буйнай партызанскай майстэрні. Яна знаходзілася на хутары Фамін Рог у доме М.В.Пількевіча, які сам вырабляў скуры. Сярод іншых майстроў тут працавалі жыхары вёскі Падлуг В.А.Ясючэня Н.Н.Ляшчэня. Гэта майстэрня абслугоўвала і патрэбы сялян. Калгасніца вёскі Жывунь С.М.Тарасевіч расказвае, што яна і яе аднавяскоўцы не адзін раз карысталіся паслугамі партызанскай майстэрні. Многа скур для сялян вырабляў калгаснік вёскі Жывунь Г.П.Рублеўскі.
     У вёсцы Старасек самым лепшым гарбаром быў В.Д.Голуб. Ён вырабляў для партызан і сялян аўчыны і скуры. Добрым майстрам у гэтай вёсцы быў таксама М.Чыркоўскі. Вырабляў скуры для сялян і партызан Ф. С. Сулім.
      Некаторыя сяляне, якія раней ніколі не займаліся гарбарствам, ва ўмовах партызанскага краю пачалі авалодваць гэтым рамяством. Калгасніцу М.А.Мохарт навучыў, напрыклад, вырабляць скуры С.Чэркас. Займаліся гарбарствам таксама ў загальскай сям'і Радкевічаў.
      3 вырабленых матэрыялаў (тканін, скуры) калгаснікі ў час вайны шылі ў вялікай колькасці адзенне і абутак. Бялізну, верхнія мужчынскія кашулі з палатна, такія ж штаны, жаночыя кофты і спадніцы з хатніх тканін амаль усе тут шылі самі. За дапамогай звярталіся вельмі рэдка. Затое заўсёды сяляне карысталіся паслугамі спецыялістаў пры шыцці верхняга мужчынскага і жаночага адзення з сукна. Кажухі шылі сялянам толькі спецыялісты-краўцы. Майстры-шаўцы шылі ў вёсцы боты і чаравікі. У вёсцы Загалле С.П.Глаз, А.М.Сулім, М. К. Ешмантовіч шылі кажухі і паўшубкі аднавяскоўцам. Кажухі і абутак шыліся таксама ў партызанскіх майстэрнях. С.М.Тарасевіч успамінае, што ў партызанскай майстэрні хутара Фамін Рог ёй бясплатна пашылі кажух, дачцы паўшубак, сыну боты.
     У партызанскім краі адзенне не змяніла свайго агульнага нацыянальнага характару, які склаўся ў гэтым раёне да пачатку вайны. Нацыянальныя асаблівасці традыцыйнага народнага адзення адчуваліся тут нават мацней у сувязі з тым, што ва ўмовах вайны ўзрасла ўдзельная вага адзення з хатніх тканін.
      Акрамя фабрычнага адзення, якое было набыта калгаснікамі перад вайной, тут насілі адзенне з хатніх ільняных і шарсцяных тканін, вырабленых як да вайны, так і ў час вайны, а таксама вязаныя вырабы з шарсцяной і ільняной пражы.
      Для пасцелей у гады вайны ўжывалі амаль выключна вырабы з хатніх тканін. Сяннік рабіўся са зрэбнага палатна. На просціны, якія цяпер мелі вельмі малое распаўсюджанне, ужывалася як тонкае, так і зрэбнае палатно. Навалочкі рабіліся часцей з тонкага палатна і нярэдка ўпрыгожваліся прошвай уласнага вырабу. Накрываліся пасцелі суконнымі або паўшарсцянымі коўдрамі.
     Шырокае распаўсюджанне ў дамашнім ужытку мелі посцілкі. Беларуская посцілка—гэта свайго роду універсальнае пакрывала, вытканае на ільняной аснове з шарсцяным або такім жа ільняным утком. Ткалася яна заўсёды з узорам (паласатая і ў клетку). Часам пры двухнітовай аснове ўжываецца ўток са стужак баваўнянага рыззя розных колераў. Гэтым спосабам на посцілцы ствараюцца папярочныя палосы. У апошнія гады мастацкая посцілка пачала адыгрываць таксама ролю насценнага дывана. Гэты традыцыйны прадмет дамашняга ўжытку ахвотна вырабляўся і шырока прымяняўся ва ўмовах вайны.
     Арыгінальны дыван, напрыклад, выткала ў гады вайны калгасніца вёскі Старасек О.Г.Сініцкая. Ён быў зроблен з двух кавалкаў чорнага фарбаванага сукна і вышыт рознакаляровымі суконнымі ніткамі ўзорам стылізаваных кветак і лісцяў.
      Як і да вайны, калгасніцы вязалі пальчаткі, рукавіцы, панчохі, шкарпэткі, шалікі і хусткі. Акрамя таго, шырокія маштабы набывала вязанне жаночых кофтачак і нават спадніц, мужчынскіх світэраў.
      Добры абутак (скураныя боты і чаравікі) у дні вайны насілі далёка не ўсе. Большасць сялян абувалася тады ў лапці. Праўда, лапці рабіліся не толькі лазовыя, як у дарэвалюцыйныя часы, але і скураныя. Для гэтага ўжывалі нявырабленую скуру жывёлы. Скураныя лапці не плялі, а шылі, прычым у іх знадворку быў верхні бок скуры.
      Патрэба ў абутку была настолькі вялікай, што ў тых умовах скуры не хапала нават для лапцей. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што на лапцях нявырабленая скура хутчэй знашвалася, чым такая ж скура, калі яе выраблялі і ўжывалі ў якасці верху для ботаў, чаравікаў, туфель. Ужывалі ж нявырабленую скуру для лапцей таму, што гэта была звычайна тонкая скура, прыгодная пасля апрацоўкі толькі ў якасці верху для шыцця ботаў і чаравікаў. Гэту скуру яшчэ нельга было выкарыстаць для вырабу добрага абутку без падэшвы, якой пе хапала ў партызанскім краі. У шырокіх маштабах даводзілася звяртацца і да лазовых лапцей.
      Трэба сказаць, што беларускія лапці даволі простыя па сваёй будове ў параўнанні з тымі лапцямі, якія звычайна пляліся рускімі. Але моладзь не ўмела плесці, бо не насіла іх да вайны. Удава В.С.Кудзіноўская, якая мела трох дзяцей, расказвае, што ў іх сям'і лазовыя лапці насілі амаль на працягу ўсёй вайны. I для ўсіх пляла толькі яна, таму што сын не ўмеў рабіць гэтага. Дададзім, што яе сыну ў пачатку вайны споўнілася 16 год. Многія жыхары, асабліва дзеці і моладзь, летам хадзілі босыя.
     Акрамя хатняга вырабу адзення, яго запас папаўняўся яшчэ дзякуючы партызанам, якія перадавалі сельскім жыхарам некаторую частку сваіх трафеяў. Праўда, гэта крыніца займала ў быце сялян вельмі нязначнае месца ў параўнанні з хатнім вырабам адзення.
      Многа адзення згарэла ў час карнай экспедыцыі гітлераўцау вясной 1942 г. А.Ф.Плышэўская расказвае, што ў час пажару іх сям'і не ўдалося выратаваць ні адзення, ні абутку, таму што паліцэйскі спецыяльна падпаліў дом з боку дзвярэй. «Калі вясной 1942 г. гарэў наш дом,—успамінае Л.I.Сулім,—то разам з усім згарэла і адзенне». Падобных фактаў было многа.
     Нават у тых сялянскіх дварах, якія не пацярпелі ад пажараў, нельга было выратаваць ад фашысцкіх варвараў маёмасць, у тым ліку і адзенне. Асабліва многа загінула адзення зімой 1943/44 г. (перад блакадай і ў час блакады).
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©