Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 

Выкананне селянамі розных работ па абслугованню партызанскіх атрадаў

     Акрамя забяспячэння прадуктамі і рознымі матэрыяламі за кошт мясцовага насельніцтва, партызаны мелі патрэбу яшчэ ў працоўнай дапамозе пры выкананні розных работ гаспадарчага, ваенна-тэхнічнага характару і па забеспячэнню некаторых сваіх ваенных аб'ектаў. Выкананне гэтых работ калгаснікамі, набывала па пэўных этапах барацьбы даволі вялікія памеры.
     Ужо з першых дзён вайны калгаснікі Загальшчьшы аказвалі партызанам дапамогу ў збіранні зброі і боепрыпасаў. Раней крыху мы ўжо гаварылі аб актыўнай дзейнасці, якую разгарнуў па збіранню зброі старшыня Загальскага сельсавета С.Т.Карнееў.
     Калгаснікі старанна збіралі зброю ў тых месцах, дзе праходзілі войскі. Некаторая частка зброі была выяўлена ў магістральным канале паблізу вёсак Падлуг і Жывунь, дзе яе пакінулі адступаўшыя воінскія часці.
     Аб пошуках гэтай зброі расказала калгасніца X.I.Бусел. «Мой муж,—успамінае яна,—дастаўляў партызанам у 1941 г. многа зброі: лазіў па вадзе і шукаў яе ў канаве. Восенню ён знайшоў кулямёт. Для яго чысткі патрэбна была газа. Я хадзіла ла людзях, збірала адусюль патрошку газы, каб толькі вычысціць кулямёт. Чысцілі мы яго ўсёй сям'ёй. 3 гэтым кулямётам мой муж і пайшоў у партызаны».
     Актыўны ўдзел у рамонце партызанскай зброі прымаў калгаснік вёскі Стараеек В.Д.Голуб. Майстар на ўсе рукі, ён у сябе дома вырабляў драўляныя ложы для вінтовак, аўтаматаў, ручных кулямётаў.
     Некаторыя калгаснікі Загальшчыны працавалі ў партызанскіх майстэрнях. Вялікую цікавасць у гэтых адносінах прадстаўляе майстэрня ў вёсцы Старасек, дзе вырабляліся гранаты і іншыя віды зброі.
Вытворчасць гранат асобага мясцовага ўзору ў партызанскім Любанска-Акцябрска-Старобінскім краі мае сваю гісторыю.
     Летам 1942 г. у штаб партызанскага злучэння прыбыў афіцэр Савецкай Арміі Т.Е.Шаўгулідзе, які ўцёк з фашысцкага палону. Ён да вайны скончыў Інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту і працаваў у Цэнтральным паравозным упраўленні ў Маскве, займаючыея разам са сваім бацькам тэхнічнымі ўдасканаленнямі паравозаў. Знаходзячыся ў радах беларускіх партызан, Т.Е.Шаўгулідзе зарэкамендаваў сябе нястомным вынаходцам тэхнічных сродкаў барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Шырокую вядомасць у тылу ворага набылі вынайдзеныя ім гранаты і гранатамёт. Вартасцю гранат Шаўгулідзе было тое, што яны маглі вырабляцца з матэрыялаў, якія меліся пад рукой у партызан. Вясной 1943 г. гранаты прайшлі выпрабаванне пры штабе і пайшлі ў серыйную вытворчасць. Гэтыя гранаты сталі вырабляцца ў майстэрнях многіх партызанскіх злучэнняў Мінскай і Палескай абласцей.
     Такая майстэрня была створана і ў вёсцы Старасек. Яе абсталявалі ў памяшканні пачатковай школы. Працавалі ў майстэрні мясцовыя кавалі і токары. Гранаты вырабляліся тут на працягу ўсяго лета і зімы 1943 г.
Па расказах жыхароў Загальскага сельсавета гранаты гэтыя вырабляліся наступным чынам. Выбуховым матэрыялам служыў тол, які партызаны выплаўлялі з артылерыйскіх снарадаў і авіябомб. Для кожуха гранаты выкарыстоўваліся жалезныя трубы, якія дастаўляліся з саўгаса «Жалы» і з іншых месц. Ад трубы зубілам адсякаўся кавалак сантыметраў дзесяць даўжынёй. На кожуху рабілі зубілам насечкі ў шахматным парадку, каб пры ўзрыве атрымалася больш асколкаў. У адпаведнасці з дыяметрам кожуха рыхтавалі корпус гранаты, які ўстаўляўся ў сярэдзіну кожуха. Корпус рабілі з бляхі. Адзін канец яго сплюшчвалі наглуха, а ў другі ўстаўлялі патоўшчаную частку драўлянай ручкі і прыбівалі край корпуса да дрэва цвікамі. У корпус засыпалі тол, здробнены малатком у парашок.
     Ручкі выраблялі на такарным станку галоўным чынам з дубовага дрэва. Даўжыня ручкі раўнялася прыкладна 15 см. Уздоўж ручкі пасярэдзіне пракручвалі вузкую адтуліну для байка. Баёк рабіўся ў кузні. Баёк, які праходзіў унутры ручкі, адным канцом выходзіў наверх, а вастрыё яго другога канца было накіравана на капсуль аўтаматнай гільзы, замацаванай у патоўшчаным канцы ручкі.
     У гільзу ўстаўляўся бікфордаў шнур. Ад яе ён праходзіў праз тол і злучаўся са ўзрывальнікам, які памяшчаўся ўнутры гільзы, але ў процілеглым ад ручкі канцы. Узрывальнікі партызаны таксама рабілі самі, выкарыстоўваючы для гэтага тонкія трубачкі.
     Перад кіданнем гранаты канец рукаяткі стукалі аб цвёрды прадмет. Ад ціску на высунуты з ручкі канец баёк паглыбляўся ў напрамку да корпуса і ўдараў у капсуль аўтаматнай гільзы. Ад успышкі капсуля запальваўся бікфордаў шнур. Пакуль агонь даходзіў да канца шнура, граната далятала да цэлі. Затым успыхваў узрывальнік, ад чаго наступаў выбух толу і разрыў гранаты.
     У вытворчасці гранат у майстэрні, якая знаходзілася ў вёсцы Старасек, існаваў падзел працы паміж асобнымі майстрамі. Драўляныя ручкі тачылі калгаснікі П.Р.Бандарэнка (в. Падлуг), В.Д.Голуб і С.Ф.Клышко (в. Старасек). Драўляны станок круцілі старасецкія дзяўчаты. Байкі вырабляў калгасны каваль I.А.Гарбуновіч, яму дапамагаў С.Д.Гук. Кожухі рабіў таксама I.А.Гарбуновіч. У вырабе чахлоў і кожухаў прымалі ўдзел калгаснікі Тараховіч і Лагун.
     Кіраваў усёй вытворчасцю Т.Е.Шаўгулідзе, які часта наведваў вёску. Тут жа ён разам з былым шафёрам саўгаса «Жалы» Ф.Бедзікам і I.А.Гарбуновічам рабіў зборку гранат і запраўку іх узрыўчаткай.
     У гэтай майстэрні выраблялася ў дзень каля 20 гранат.
     Такую ж прыблізна колькасць выраблялі і многія іншыя майстэрні. Некаторыя майстэрні выпускалі да 30 гранат у дзень. У адзін з месяцаў у партызанскім краі было выраблена 3000 гранат. Баявое дзеянне гранат канструкцыі Шаўгулідзе было вельмі эфектыўнае. На месцы ўзрыву гранаты ўтваралася варонка, як ад 50-міліметравай міны.
     Па вёсках Загальшчыны былі размешчаны таксама і партызанскія майстэрні бытавога абслугоўвання. Гэтыя майстэрні пачалі ўзнікаць з 1942 г. У майстэрнях вырабляліся скуры і аўчыны, шыліся абутак і адзенне. Усе яны абслугоўваліся мясцовым насельніцтвам.
     Некалькі партызанскіх майстэрань было абсталявана ў дамах калгаснікаў на хутары Фамін Рог. Гэта было вельмі зручнае месца, таму што хутар знаходзіўся ў самым лесе. Тут існавала буйная майстэрня па вырабу скур і абутку. Знаходзілася яна на сядзібе калгасніка I.В.Пількевіча. Пад майстэрню быў абсталяван яго дом. I.В.Пількевіч быў сам добрым гарбаром. Працаваў ён у майстэрні разам з калгаснікамі вёскі Падлуг Н.Н.Ляшчэняй, М.В.Пількевічам, В.А.Ясючэняй. Скуры і аўчыны сюды паступалі з лясных партызанскіх баз. Партызаны забяепечвалі майстэрню і неабходнымі для вытворчасці матэрыяламі—мукой і соллю. Дубовую, яловую і лазовую кару, патрэбную для апрацоўкі скур, парыхтоўвалі калгаснікі.
     Яшчэ да арганізацыі майстэрань і ў час іх работы скуры і аўчыны для партызан выраблялі многія калгаснікі ў сябе дома. У вёсцы Старасек асноўным гарбаром і аўчыннікам быў В.Д.Голуб. Для закваскі скур ён зрабіў спецыяльны вялікі чан ёмістасцю ў 40 вёдзер. У ім памяшчалася каля 60 скур. Выраблялі скуры для партызан таксама калгаснікі гэтай вёскі М.Чыркоўскі і Ф.С.Сулім.
     Працаваў у сябе дома для партызан калгаснік вёскі Жывунь Г.П.Рублеўскі. Ен вырабляў хром і падэшвы. Займаўся вырабам скур для партызан жывуньскі калгаснік М. П. Халаём.
     На хутары Фамін Рог былі і іншыя партызанскія майстэрні. Калгасніца С.М.Тарасевіч расказвае, што ў яе доме знаходзілася шавецкая майстэрня, у якой абутак партызанам шылі два браты—Парфірый і Іван Ясючэні. У гэтай майстэрні працаваў таксама калгаснік вёскі Жынунь К.С.Каладзінскі. На хутары ў хаце Кацярыны ІІількевіч была размешчана і кравецкая майстэрня. Яшчэ адна такая майстэрня знаходзілася ў доме А.С.Лялькіна.
     Шавецкую майстэрню партызаны абсталявалі ў вёсцы Старасек у калгасніцы М.Ф.Плышэўскай. У гэтай жа вёсцы ў хаце калгасніцы Н.М.Сулім была арганізавана партызанская кравецкая майстэрня. Тут працавалі тры майстры. Яны шылі партызанам цёплае і верхняе адзенне, шапкі, рукавіцы. Кажухі партызанам шыў таксама жыхар вёскі Старасек А.М.Сулім.
     У вёсцы Загалле шылі кажухі для партызан М.К.Ешмантовіч і С.П.Глаз. Пазней С.П.Глаз стаў, як ён казаў, «загадчыкам швейнай арцелі» ў мясцовым партызанскім атрадзе імя Заслонава. Жанчыны-калгасніцы вёскі Жывунь шылі партызанам бялізну з трафейнага матэрыялу які сюды дастаўлялі.
     Калгаснікі Загальшчыны, апрача гэтага, абслугоўвалі партызанскі млын у лесе каля вёскі Баянічы, пякарню на хутары Ніўкі, партызанскую сталовую на хутары Фамін Рог, працавалі таксама ў розных майстэрнях, якія знаходзіліся на партызанскіх базах у лесе.
     Акрамя працы ў майстэрнях, калгаснікі выконвалі для партызан яшчэ розныя іншыя работы.
    3 1941 г. некаторыя сяляне даглядалі партызанскую жывёлу. Восенню 1941 г. калгаснікі вёскі Старасек М.I.Мохарт і С.Міхневіч пасвілі на востраве Зыслаў цялят, якія былі прыгнаны туды з саўгаса «Жалы». Дапамагалі калгаснікі даглядаць партызанскія статкі і ў 1942— 1943 гг.
     3 1943 г. і да выгнання фашыстаў калгаснікі Загальшчыны абслугоўвалі партызан фурманкамі для перавозкі грузаў і людзей. Ужо ў 1941 г. жыхары вёскі Старасек ездзілі на фурманках у саўгас імя Х-годдзя БССР і дастаўлялі адтуль муку і гаручае ў партызанскі атрад Далідовіча. Калгас «Рассвет» даў партызанам і аўтамашыну. У 1943 г. жыхары вёскі Старасек вазілі з саўгаса імя Х-годдзя БССР сена для партызанскай жывёлы. Калгасныя фурманкі ў дарозе суправаджаліся партызанскай аховай. Калі ў партызанскія атрады ўступілі ўсе мужчыны, здольныя ваяваць, то з фурманкамі часта ездзілі сельскія дзяўчаты. Сялянскія фурманкі шырока выкарыстоўваліся для перамяшчэння партызан у час паходаў і правядзення баявых аперацый.
     Калгаснікі выконвалі для партызан розныя сталярныя, цяслярныя і кавальскія работы. Гэтыя работы выконваліся як у саміх вёсках, так і на лясных партызанскіх базах.
    Удзельнічалі калгаснікі і калгасніцы таксама ў правядзенні сельскагаспадарчых работ у партызанскіх гаспадарках. Жанчыны з вёскі Старасек хадзілі капаць бульбу, якую партызаны саджалі для сябе на востраве Зыслаў. Восенню 1942 г. партызаны канфіскавалі з поля хлеб, які быў нарыхтаваны паліцэйскім гарнізонам вёскі Ямінск. Гэта збожжа перавезлі ў Загальскі сельсавет, і тут калгаснікі змалацілі яго для партызан складанай малатарняй.
     Пачынаючы з 1942 г., калі савецкія самалёты пачалі скідаць на парашутах для народных мсціўцаў розныя грузы, калгаснікі прымалі актыўны ўдзел у пошуках гэтых грузаў. Часам на такія пошукі сяляне выходзілі цэлай вёскай. «Калі нашы самалёты скідалі парашуты з грузамі,—расказвае I.Д.Сініцкі,—то старасецкія жыхары хадзілі іх шукаць. Як толькі мы знаходзілі груз, то ішлі да вартавога, што стаяў на востраве Зыслаў, і паведамлялі, дзе знайшлі. Туды з намі ішлі партызаны з аэрадрома, і з імі мы выносілі груз з балота на бераг».
     Вялікую і вельмі важную работу праводзілі калгаснікі на пабудове і абслугоўванні партызанскага аэрадрома.
    На Любаншчыне, як і ў некаторых іншых раёнах Палесся, астравамі называюцца ўзвышшы сярод балот. Многа такіх астравоў раскідана сярод балот і лясоў Загальскага сельсавета. Зыслаў, бадай, найбольшы з іх. Да калектывізацыі на гэтым востраве было нават некалькі хутароў, якія пазней ссяліліся ў цэнтр калгаса імя Карла Маркса.
     Вакол вострава Зыслаў раскінуліея амаль зусім непраходныя балоты. Праехаць праз гэтыя балоты было тым больш немагчыма. Толькі вёска Старасек была звязана з востравам старой перагніўшай грэбляй.
     У жніўні 1942 г. пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага абкома партыі на Зыславе пачалося будаўніцтва аэрадрома. Для работ былі прыцягнуты многія калгаснікі суседніх вёсак. За некалькі тыдняў была расчышчапа, выкарчавана і ўтрамбавана вялікая пляцоўка сярод лесу. У верасні тут ужо прызямліўся першы савецкі самалёт. Аэрадром на востраве Зыслаў быў адным з самых значных партызанскіх аэрадромаў часоў Айчыннай вайны.
     Вёска Старасек, якая знаходзілася паблізу ад аэрадрома, стала адыгрываць ролю аэрапорта. Сюды прыязджалі адпачыць, абагрэцца, а часам і пераначаваць лётчыкі, якія прыляталі з Вялікай зямлі. Іх заўсёды сустракалі з радасцю і гасціннасцю. Госці абменьваліся з мясцовымі жыхарамі падарункамі. Мужчын яны частавалі маскоўскім тытуном, папіросамі, жанчынам прывозілі соль. Жыхары з свайго боку не толькі добра частавалі лётчыкаў, але давалі з сабой яшчэ сала, мяса.
     Часта ў вёсцы знаходзіліся раненыя. Іх таксама на аэрадром адвозілі сяляне.
    Актыўны ўдзел прымалі сяляне вёскі Старасек у абслугоўванні самога аэрадрома. «На аэрадроме я працаваў вельмі многа з канём і без каня,—расказвае I.I.Дайнека.—Летам дапамагаў заганяць у лес самалёты, якія тут садзіліся, зімой раскідаў снег».
    Зімой здаралася і так, што партызаны клікалі на аэрадром раскідаць снег сялян і з іншых вёсак. «Аднойчы,-успамінае калгаснік М.I.Падлоўкін,—нас працавала па аэрадроме чалавек дзвесце з фурманкамі. Тут былі людзі з Жывуні, Альбінска, Загалля, Татаркі, Старасека. Зімой снег прабавалі прыкатваць каткамі. Яго рассоўвалі і саўкамі, у якія запрагалі быкоў. Фурманкі падбіралі снег і звозілі яго ў лес. Я тады працаваў там чатыры дні».
 

да зместу

       

да 65-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©