Не танцаваць "Лявоніху" ў Замошшы,
Не біць бы бубну ў прыцемках, калі б
У паграбах не мелі мы той ношы,
Імя якой — галоўны наш калібр.
Ён устае завостраным алоўкам,
Пад ім ідзе упрысядкі карма.
Прывінчана яму боегалоўка,
Дзе ні адзінай звіліны няма.
Вялікі боль і сорам чалавека —
Пра гэта кожны склад мой і радок —
Дажыў да нас, да атамнага веку,
Адвечны, самы дзікі парадокс:
Са злітка людзі ліст рабілі тонкі,
Але спярша чым ад яго адсеч
Палоску на вянчальныя пярсцёнкі,
У пазалоту убіралі меч...
Я слаўлю меч, які капаў аблогу
I майстраваў калыску і засек,
Які сабой абараніў малога
I свастыку фашысцкую рассек.
Вялікі гонар славіць мір паэтам —
Зямля, кахання зіхатлівы німб,
I я б не ўспомніў нават пра ракеты,
Пра грозны і галоўны наш калібр,
Калі б для ўсіх,
Для ўсіх людзей харошых
У мірным небе сонца ўзышло,
Калі б на Волзе і ў маім Замошшы
Брацкае магілы не было.