У Замошшы маім паміраюць мужчыны,
Нібы тыя дубы пасярод пажарніц,
Узмахнуўшы здаровай яшчэ верхавінай,
У камлі надламаўшыся, валяцца ніц.
У Замошшы маім паміраюць мужчыны —
Залатыя дзядзькі, дарагія сваты.
Ім праз дваццаць гадоў,
Дзень блакадны нішчымны
I заходзіць у тыл і адольвае тыл.
На іх век дасталася нялёгкая ноша,
Між сабой яны чэсна дзялілі бяду,
Ды ўсё меней мужчын застаецца ў Замошшы,
Што прайшлі на франтах праз агонь і ваду.
Быццам ім забаліць, так нясуць асцярожна,
Быццам мулкія дошкі ім раны натруць,
Іх нясуць на плячах да апошняй з апошніх
Вышыні, што заўжды пасля смерці бяруць.
Ад разрываў удухай душыла іх горкай,
Іх намацвалі чэргі сваім пісягом.
I сягоння яны на зяленым пагорку,
Прыкрываючы вёску, ляжаць ланцугом.