* * *
Стамлюся душою у сталічным я тлуме
I так засумую па рэчцы, па лесе!
Бяссонне падкажа пагадліва думе:
Даўно не была ты на Прыарэссі.
Успомніцца ўсё, што, здалося, забыта,
I станецца сэрцу так міла і люба,
Карціць-паляцела б, на крылах нібыта,
У Любань, у Любань, у Любань...
Імчуся сюды, як на светлае свята.
Мой горад, такі ты на свеце адзіны —
Прысады і кветкі ля кожнае хаты,
Табой ганаруся — мая тут Радзіма.
Гатова абняць я тут кожнае дрэва
I кланяцца кожнаму лугу і полю.
Наслухацца дай мне птушынага спеву,
Адчуць дабрыню і няўяўную волю.
Акрэпну душою — і зноўку ў дарогу.
Я дзякую, краю святы і гасцінны!
Скажу зямлякам: вы маліцеся Богу,
Што ён дараваў вам такую мясціну!
Мой край, заставайся навечна ты любым
I свой не змяняй ты назоў аніколі.
Мой край прыарэскі, радзімы мой Любань
У вольнай краіне пачуўся ты вольным!