О краю мой родны, о краю
радзінны,
Мо з выраю ўрань бацяны праляталі,
Ты ў сон увайшоў спелай гронкай рабіны
На снезе бялюткім, нібыта каралі.
Прысніўся і дзед мне, сівы, яснавокі...
Ен лескі прыставіў да сенцаў дашчаных,
Усходзіць па іх — страшна аж — пад аблокі,
Гаворыць: "Чакай, табе гронку дастану!.."
А тыя аблокі над самаю хатай,
То неба да дзеда спускаецца нізка.
I маці ў трывозе: "Куды ж бо вы, тата?
Адліжна было. Асцярожна, мо слізка..."
Стаю затаённа — за дзеда баюся.
О гронка рабіны, твой смак не забыты!..
А дзед: "Не бяды, як адсюль і звалюся,
Глянь, гурбы пад стрэхі — падушкі нібыта".
Увосень навешаў там дзед арабіны,
А студзень прабраў яе добра марозам.
Цяпер то ласунак салодкі адзіны.
О гронка рабіны, дзіцячыя грозы!
0 край мой родны, о краю адзіны,
У сэрцы ты зорным святлом прамянішся
І снішся мне гронкай марознай рабіны,
Пяшчотаю дзеда майго ты мне снішся!