Чорная бяроза
За Любанню ў прысадах
Прыпыніла,
I разануў па зрэнках
Чорны ствол.
Бяроза чорная, цябе шукалі пілы,
Ды спілаваць цябе не мелі сілы.
Дык што ж ты? Страх?
А можа, хараство?
Сярод бялянак ты як прывід
Чорны.
Ды не самотна
Чорнаму камлю.
I светлы цень кладзецца на зямлю
Паміж камлёў бялюткіх
Незлічоных.
Лісцёвая дажджыная
Напеўнасць
Ускалыхне тугой
Мае гады.
Ты вырастала з попелу, напэўна,
Ты вырастала з нашае бяды.
Тут вырасла,
3 лясоў чужых не збегла.
Свая зямля трымае карані.
Як негрыцянка ля сястрыцы
Белай,
Ты чорнаю стаіш у белым дні.
Пяе, гарыць зеленакрыла
Крона,
Зялёны дождж сцякае
Па камлі.
Нібы агеньчык,
Трапяткі, зялёны,
На свечцы чорнай хтосьці запаліў.
Гудзе шаша пад коламі
Стамлённа,
Шчыміць душа,
I думна на душы.
Бяроза чорная,
Не будзь маім праклёнам.
Бяжы за мной,
Задумліва бяжы.
Агорне дален дымным і мурожным.
I недзе каля слуцкага сяла
У бляску фар,
Халодным і трывожным,
Мяне дагоніць ноч твайго
Святла.