|
Любаншчына ў літаратуры
Памяць дарог
За Любанем растуць баравікі —
У негрыбную пору вестку чую. Ну як я з ею ноч пераначую,
Калі цяпер пайшоў бы напрасткі
У бор знаёмы, пералесак ніцы,
У тое лета, дзе даўно не быў?! Там столькі дзён маіх і светлых дзіў,
Нібыта на мурашніку ігліцы.
За Любанем растуць баравікі!
Званіць сябрам мне трэба неадкладна, Купіць бензіну — ім каб не накладна, —
Хіба ж уседзець можна ў час такі?!
Ну, хто хутчэй з вас, Казімір ці Толя,
Чыя машына сёння на хаду? Праз тры гадзіны вас я завяду
У месцы, што й не сніліся ніколі.
Хоць лесам вас, я знаю, не здзівіць:
Адзін — з-пад Оршы, гэты — з Налібокаў... Залегла памяць, як вала, глыбока,
Якую мне, дастаўшы, піць і піць.
Сустрэне Феня Конанава нас — Пры ўездзе ў горад з каменю дзяўчына. Усмешлівымі шчырымі вачыма Нам партизанка скажа: "Ў добры час!"
А ля развілкі сакратар абкома Таварыш Брагін — помнік тут яму.
Не вянуць кветкі ўлетку і ўзіму У скверыку далей не выпадкова.
Шаршнёва Рыма тут ляжыць з вайны, Камбрыг Шашура, іншыя героі.
Іх жыцці хай нам мужнасці патрояць Супроць нахрапнай сытае маны.
Мінуем абмялелую Арэсу — Аціхлы пульс пратокаў і балот.
Раскажуць без мяне пра намалот, Я ж павяду на Зыслаў вас, да лесу.
Зямлянкі тут пад соснамі урыты, Прапелера трайнік над галавой.
Захопнік, што ішоў на нас вайной, Ва ўсе часы смяротна быў тут біты.
А во крышталем дзынкнула Урэчча, У бок гаршка пастукаў Дарасін.
Ажно з Замошша бачна: над усім Сінее Мір-гары сярэднявечча.
Сабе малога падсаджу на крамы:
Лічы, брат, салігорскія капры!
Нічога ў часе, памяць, не сатры —
Счакана мама тупае ля брамы.
Той самы міг, што будзе праз вякі
Цябе сюды з любое далі весці.
Бо не былі ж галоўнымі мне весці:
За Любанем растуць баравікі.
То для мяне была толькі прычына
Дамоў пад'ехаць, край свой паказаць.
Я хлопцам зразумелы — што й казаць! —
Саміх не раз радзімай іх лячыла.
Успамінаем, як урок забыты,
Пра сцежкі, што ў Замошша прывялі.
Мы тут і ўСавы Паўлава былі —
У дзевятнаццатым падпольшчык быў забіты.
А з маці хоць і ноч прагавары,
Не ўсё раскажаш...
Калі спаць палягуць,
Я чую нетаропкую развагу:
— Харошыя, сынок, твае сябры.
Дык чуеце, пазніцца не з рукі.
Няўрод грыбны не ўсюды — не бяда.
Хутчэй усе ў машыну і — гайда:
За Любанем растуць баравікі!
1982 г.
Да зместу |
|