Вядома ўсім, што вельмі шмат
Куткоў на свеце дзіўных.
Але не менш, а болей, брат,
Іх на тваёй радзіме.
У нашым краі дарагім,
У Беларусі роднай
Не памяняешся ні з кім,
Яе красою годнай.
Пайшоў я з брацікам сваім
За вёску, на прастору.
...Святлее золак... Мы глядзім,
Як адцвітаюць зоры.
Як узыходзіць новы дзень
У залатым убранні,
Як абмалёўвае прамень
I хат, і дрэваў грані.
Гучыць у чуйнай цішыні
Чароўная мелодыя.
Яна ляцела з вышыні
I ад зямелькі вольнае.
Туман—нібыта з малака—
Над рэчкаю клубіцца
I срэбны шчэбет ручайка
Паміж травы імчыцца.
Паважна выйшаў з пушчы зубр
На сонца падзівіцца.
Глядзіць у далеч волат-дуб,
Як з даўняй казкі віцязь.
На дубе ж, быццам чарадзей,
Загадкавы, цыбаты,
Іграе бусел на дудзе—
Бадзёрыць буслянятак.
А на азёрнай чысціні
Гарлачыкі прачнуліся—
Галоўкі дружна паднялі
I сонечна ўсміхнуліся.
Пазлізваў зернеткі расы
3 палетка цёплы ветрык
I мітусяцца каласы,
Нібы гарэзы-дзеткі.
Зафыркаў недзе грузавік...
Запахла сырадоем...
Сабраў брат кветак палявых,
Лясных, азёрных, лугавых...
—Для мамы дарагое.