Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Літаратурны партрэт
"Уладзімір Паўлаў. Бяру свой род"

Частка другая: "Каласы яго засеўка"


     Уладзімір Андрэевіч Паўлаў пачаў выступаць у друку з 1954 года. Аўтар зборнікаў вершаў "Далягляд", "Начная балада", "Светацені", "Што было на Беларусі", "Гадавое кальцо", выбраных вершаў. Піша таксама прозу. Чытач мае магчымасць пазнаёміцца з аповесцямі: "Пажарніцы", "Годы нашы — птушкі", "Ад агню і мяча", "Чуж-чужаніца", "Яжэліха", "Нас поле не насеяна" і інш. У 1987 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшаў двухтомнік выбраных вершаў і прозы Уладзіміра Паўлава. Наш зямляк паспяхова працуе ў перакладзе на беларускую мову твораў рускіх, грузінскіх, літоўскіх, латышскіх, малдаўскіх і іншых паэтаў і пісьменнікаў. Усё гэта ён робіць дыхтоўна, на высокім літаратурным узроўні. Ужо на пачатку сваёй творчай дзейнасці малады паэт у рамантычна прыўзнятых вершах пісаў аб тым, што яго хвалюе — пра нялёгкія армейскія будні авіятараў, якія жывуць на зямлі і бясконца ўлюбёныя ў неба, у любую хвіліну гатовыя па трывозе абараніць яго. Слова ў пачынаючага літаратара было сваё, адкрытае ім у глыбіні народнай мовы.
     У такіх яго вершах, як "Праводзіны", "Ты на золку мяне разбудзіць шкадавала" і іншых Ул. Паўлаў здолеў навесці чытача на сур'ёзны роздум і развагу:
Пакуль змена на варце яшчэ не настала,
Я ўсе гукі і шорахі прагна лаўлю.
За мяне не адну ты ноч не даспала,
А цяпер, мама, я недасплю.

     Многім чытачам да спадобы гэтыя, на першы погляд простыя, вершы паэта. У іх падкупляе натуральная інтанацыя, тое, што ён вядзе з імі размову зразумелай і ў той жа час вобразнай паэтычнай мовай, шчыра, задушэўна.
     У сваіх вершах паэт дзеліцца з чытачом запаветнымі думкамі і пачуццямі, выказвае любоў да народа, яго гісторыі:
Таму шляхоў няма дадому
На бацькаў выбіты парог,
За праўду хто — няхай над стромай! —
I хвілі выстаяць не змог
I хто забыў хоць на імгненне
Пра хлеб і соль у тым краі,
Дзе чуў ад маці блаславенне:
Заўсёды праўдаю жыві.

     У 1960 годзе выйшаў першы зборнік паэзіі Ул. Паўлава "Узлётная паласа", вершы ў ім жывапісныя, пластычныя, іх вартасць ва ўнутраным святле, у дабраце, шчырасці перажыванняў. Гэты зборнік быў для паэта сапраўдным узлётам. Гэта аднадушна сцвярджала і крытыка. Узнёсла, даклада ўзважыўшы кожнае слова, пісаў Ул. Паўлаў пра сваё пакаленне:
Хай залічаць нас у сігісы "грэшных" —
Рана крылы дужыя ўзраслі.
Неба прасінеўшага застрэшша
Не ўтрымала ўнукаў на зямлі.
Кліча іх няскладзенаю песняй
Да сябе нялёгкі зорны шлях.
У краі бацькоўскім ім не цесна, —
Цесна мужным сэрцам у грудзях.

     Гэта былі вершы маладога паэта-рамантыка, улюбёнага ў бацькоўскі край і родны дом, які трэба шанаваць і берагчы ад ворага. Чытач знайшоў тут не толькі грамадзянскую лірыку, але і інтымную. У інтымнай лірыцы адбіліся пачуцці закаханага юнака: "Мне каханне такое трэба, каб дзівіліся зоркі і неба..."
     Былі ў першых зборніках, натуральна, і недахопы — і агульныя словы, і прапісныя ісціны, але, зразумела, не яны звярталі нашу ўвагу. Звяртала на сябе ўвагу тое лепшае, што было ім уласціва. Перш за ўсё — праўда жыцця і пачуцця. Як проста, а разам з тым хораша, цепла было сказана пра маці:
"... Ты на золку мяне разбудзіць шкадавала
I за статкам выходзіла ў поле сама".

     Але найбольш ёмістым у гэтай кнізе быў верш "Дзяцінства", які ўключаў аўтара ў круг маладых паэтаў, што ўступілі ў літаратуру на ўзмежжы 50-60-гадоў: Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, Г Бураўкіна і інш.
Дзяцінства маё басаногае, дзе ты?
Прайшло ты не ў яслях, не ў шуме палёў,
А ў мёртвым святле парашутнай ракеты
У цёмных кутках земляных бліндажоў...

     Суровая праўда! Усяго яны спазналі ў вайну і пасля вайны. Думаць, пісаць, успамінаць хопіць на ўсё жыццё.
     Мужна і стала заявіў пра сябе Ул. Паўлаў ў першых вершах. 3 добрай верай чыталіся і наступныя кнігі пісьменніка "Далягляд" (1964), "Светацені" (1967).
У шчырых і праўдзівых радках заўсёды лёгка распазнаць і характар іх аўтара. Не ведаючы паэта асабіста, уяўленнем сваім можна вылучыць у яго характары добрую таварысцкасць, патрабавальнасць, сумленнасць, а яшчэ парывістасць і няўседнасць.
     Кожнаму пісьменніку, як бы многа ён ні зрабіў у літаратуры, заўсёды будзе здавацца, што ён у неаплатным даўгу перад найродным бацькоўскім кутком. Што значыць для Паўлава роднае, зямляцкае, сам ён акрэсліў вось так: "I толькі маці ды зямля, перасыпаная яе рукамі, помняць і ведаюць цябе, непакояцца і чакаюць, і ты абавязаны ехаць дамоў. Там твая радзіма. Адтуль яна пачынаецца для цябе з вялікай літары. Там ты прапісаны да ўсёй зямлі".
     Легендарны Любанскі край, зямля працавітых і мужных людзей, самабытных паэтаў, планета лагоднага позірку матчыных вачэй і моцных плячэй бацькі Андрэя — былога франтавога разведчыка. Ім, родзічам і блізкім, проста землякам — героям вайны і працы прысвяціў паэт свае лепшыя творы: "У Замошшы маім паміраюць мужчыны...", "Замошская рота", "Востраў Зыслаў", "Песня пра Івана Чуклая", "Не танцаваць "Лявоніху" у Замошшы", "Балада пра бацьку", "Вёска Сінягоў", "Вясковыя танцы", "Залатая капейка цеткі Васілісы", "Песні ваенных гадоў"...
     Гэта паэзія — асобны сказ пра родныя мясціны. Менавіта Любаншчына, калыска паэта, дала яму крылы ўзнесласці і матывы паэтычных вобразаў. Дзякуючы многім творам Ул. Паўлава в. Замошша ўвойдзе ў гісторыю тым, што яе апеў выдатны паэт і грамадзянін, бо духоўная сувязь з Замошшам не перарвалася з цягам гадоў. "Пра Радзіму, як і пра маці, — на думку паэта, — можна расказваць бясконца". Шмат дзе давялося пахадзіць і паездзіць паэту за свой век, а "малая" радзіма, дарагая і жаданая, назаўсёды засталася ў сэрцы, жывячы яго сваім цяплом:
Я адтуль, дзе Залессі, Замошшы
Пахнуць грушамі і грыбамі,
Дзе спрадвеку людзей харошых
Называюць сябрамі...

     Памяць аб мінулым, аб цяжкіх гадах ваеннага ліхалецця вырасла ў шэраг паэтычных твораў, якія адлюстравалі патрыятычны настрой аўтара:
Нідзе каб зямля аніколі не знала
Ні ўдоў, ні сіротаў,
За гэта Замошша калісьці паклала
Адборную роту.
Паслухайце, долы з вятрамі ў журбоце, —
Ці спёка, ці слота.
Вы чуеце, людзі, — пайшла ў бессмяроцце
Замошская рота.

     Ёсць паэты, верныя правілу, "ні дня без радка". Для Паўлава гэта правіла не абавязковае. Думка ў яго павінна адстаяцца і па часе і адліцца ў слова. За многімі яго творамі стаіць якраз працяглая работа думкі, як гэта на прыкладзе выдатнага верша "Я шукаю мадонну".
     Праблема ідэала, хараства, жаноцкасці — вечная тэма паэзіі. Хто ж мадонна ў Ул.А. Паўлава? Напачатку яна мроілася паэту, як чароўная русалка з рамантычнай легенды. I толькі па часе ён зразумеў, што прыгожае — у самім жыцці. Ідэал хараства паэт убачыў ў простай вясковай маладзіцы, якую — ў акружэнні дзяцей — ён сустрэў на вясковым улонні сярод спелай збажыны:
3 лесу, з ягад ішлі.
3 галавой іх схавала калоссе.
Уся сямейка бы канула
У цёплы жытнёвы разліў.
I тады мне на міг,
На адзін толькі міг падалося,
Што мадонна прайшла тут...
А русалку я толькі прысніў.

     У апошнія гады ў паэта выходзяць зборнікі вершаў "Начная балада" (1971 г), "Сонца купаецца" (1976 г), "Гадавое кальцо" (1986 г). Новыя зборнікі засведчылі, што творчая індывідуальнасць Ул. Паўлава развіваецца паспяхова. У яго паэзіі перш за ўсё уражвае сур'езнасць станаўлення да жыцця і да слова, шчырасць, далучанасць да высокага. "Добрыя вершы Вы надрукавалі ў "Полымі", "Маладосці" ў кастрычніку. Адразу ўрэзалася: "Гадавое кальцо зарыпела ў камлі" і г.д. Ну, вядома, "Ветэраны"...
      Жадаю Вам многа гадоў, добрага жыцця, здароўя, творчай і звычайнай радасці. I яшчэ: жадаю Вам напісаць добрыя кнігі паэзіі і прозы, шчырыя і праўдзівыя. Шчасця Вам! Ваш Пімен Панчанка. 21.10.85 г." Такі наказ шмат значыў ддя пісьменніка. У канцы 60-х гадоў Ул. Паўлаў адкрыўся нам як празаік. 3 вялікай сімпатыяй пра Паўлава-празаіка гаварыў I. Мележ у выступленні на II з'ездзе пісьменнікаў Беларусі.
     У 1969 годзе выйшла аповесць для дзяцей "Пажарніца", станоўча ўспрынятая грамадскасцю і крытыкай. 1970 год — год выхаду кнігі Ул. Паўлава "Годы нашы — птушкі", якая складалася з дзвюх аповесцей: "Спелыя травы" і "Яжэліха".
     Гераіня "Спелых траў", Уля, перад вайной паспела скончыць дзесяць класаў і збіралася паступіць у інстытут. Але лёс распарадзіўся па-іншаму — давялося стаць у строй змагароў. Аповесць пабудавана як бы па знаёмай схеме — спачатку ідуць лірычныя, светлыя старонкі аб даваеннай пары, дзе мы бачым расстаноўку канфліктных сіл: загадчык клуба Пашка, старшакласніца Уля і настаўнік матэматыкі Раман Раманавіч, потым — вайна і нашэсце захопнікаў, калі кожны з дзеючых асоб выбраў свае месца ў барацьбе. Раман Раманавіч, які выношваў даўнюю задумку — адпомсціць савецкай уладзе, яе актывістам, становіцца паліцаем. I вось знаёмыя раней людзі — ворагі, што і вызначае іх дзейнасць. Аповесць "Спелыя травы" утрымлівае нашу ўвагу, прымушае сачыць за перыпетыямі чалавечных сутыкненняў.
     Найбольш вядомая аповесць У Паўлава "Яжэліха", у якой паказана простая беларуская жанчына. здольная на высакародныя ўчынкі, на подзвіг. Прататып Яжэліхі — маці паэта.
     Значную цікавасць уяўляюць таксама аповесці "Нас поле не насеяна" і "Чуж-чужаніца", а таксама апавяданні "Бацечка", "Сіняе мора". I тут вядучая тэма — вайна. На вайне выразней відаць каштоўнасці чалавечнага жыцця. Лёс роднай зямлі, бацькаўшчыны, народа, чалавека, — сукупнасць гэтых вымярэнняў характарызуе ўсю прозу Паўлава. Яго аповесці можна разглядаць як раздзелы аднаго вялікага рамана, аб'яднанага адзінствам канцэпцыі і дзеяння. Поспехі ў прозе тлённа адбіліся на агульным творчым развіцці аўтара. Паўлаў-паэт блізкі да Паўлава-празаіка. "Празаічнай, калі так можна сказаць, гранню таленту, — пісаў пра яго Анатоль Вярцінскі, — відаць, вытлумачваецца і схільнасць Паўлава да вершаў-апавяданняў, вершаў-партрэтаў". Багацце ўраджанняў, драматызм і напружанасць пачуццяў, шчырасць душы, тонкасць і глыбіня перажыванняў робяць паэтычную творчасць Ул. Паўлава значнай з'явай сучаснай беларускай літаратуры.
Па жыццёвым і творчым стасункам вырысоўваецца Паўлаў — Грамадзянін. Ён нясе адказнасць за ўсё, што адбываецца на Радзіме, у свеце. Яго хвалюе стан роднай мовы:
Трыццаць сёмы нядобрае памяці год,
Як жа прагне цябе ўвесь чыноўніцкі род!
Ды сцвярджаю, што плод без зярняці — не плод,
I без мовы — насельніцтва мы, не народ.
Баліць душа аб раз'яднанасці браццяў-славян:
Спявае перапёлка ў спелым жыце
Гуляе сонца весела ў двары.
Таварышы славяне, спадары,
Хто раз'яднаў вас і калі — скажыце!

     Толькі мужным пад сілу адкрыта выказаць свае думкі і меркаванні на ўсю Беларусь. У 2003 годзе "ЛІМ" друкуе адкрыты ліст Ул. Паўлава празаіку Уладзіміру Гаўрыловічу "Помніць сябе". Яго сэнс — клопат пра пачынаючых пісьменнікаў, жаданне абараніць творцаў ў беларускай літаратуры, не пачутых на "чыноўніцкім узвышшы", абраза гістарычнага мінулага, калі быў знішчаны будынак, дзе мінскія падпольшчыкі ўзарвалі Генеральнага камісара Генеральнай акругі Беларусі, прызначанага на гэту пасаду Гітлерам, Кубэ Рыхарда Паўля Вільгельма.
Было ў цябе прарокаў і паэтаў!
У похапкі іх зводзілі са свету,
I катаў меч ніколі не стаміўся.
Яны пябе ўслаўлялі перад светам.
Пайшлі на крыж, ахвярныя, за гэта. ...
За іх ніхто дасюль не памаліўся. (верш 'Торыч")

     I мусіць, як вынік, крышку іранічнае, а ў душы — самотнае, аўтарскае слова:
Прыходзіць аднойчы
Як зараз прыйшло,
Ні разу па тэле
Вершаў сваіх не чытаў.
Не званілі.
Не запрашалі.
Не прапаноўвалі.
Якім жа бяздарам
Для тых небазорак,
Што там працуюць,
Я выглядаю?!
Яно і вядома,
Якая аправа
Для тых Нарцызаў
I Неферціці
3 мяне?

     Ул. Паўлаў друкуецца зараз ў перыядычных выданнях: часопісе "Вясёлка", "Полымя", "Роднае слова".
     У апошняй, выключна шчырай аповесці "Бог чуе таго, хто плача" (яна зусім не выпадкова мае падзагаловак "Свая аповесць"), надрукаванай у часопісе "Полымя" за 2000 г, аўтар увесь час вяртаецца памяццю да сваіх каранёў, да продкаў, да гісторыі "малой радзімы". Напрыканцы аповесці — з любоўю сабраныя, упарадкаваныя па алфавіту словы з замошскай лексікі. Чытай, здзіўляйся мудрасці продкаў, тым словам, што зараз для моладзі як замежная мова, а то і складаней.
     Ад кожнага радка аповесці вее жыццёвай сталасцю аўтара. Пра надзённае, пра сябе і акружаючых: "Якімі б ні выпалі дзяцінства, юнацтва, яны — самыя мілейшыя. Тады і снегу насыпала з дахамі, і сонца аж пералівалася, і, як ніколі, пеніліся сады. Буяла вясна... Шчаслівейшай пары няма". Вось для гэтай "шчаслівейшай пары", укладючы пісьменніцкі талент, плённа працуе Ул. Паўлаў у дзіцячай літаратуры. Працуе, памятаючы запавет класіка, што для дзяцей трэба пісаць, як і для дарослых, толькі яшчэ лепш. Адна з апошніх дзіцячых кніг выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 2004 г, мае назву "Згадка на дабро", прызначана для малодшага школьнага ўзросту. Часта друкуецца ў часопісе "Вясёлка".
     Свой мастацкі свет Уладзімір Паўлаў стварае няспешна і грунтоўна. Ён складаны і драматычны, пяшчотны і суровы, як само жыццё, як яго аржаная праўда.

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©