У хаце той, дзе нарадзіўся я,
Прыгадваецца кожны раз нязменна
Адчаю побыт бежанска-ваенны:
На кожны кут — Асобная сям'я.
Палучаныя гювяззю вайны,
Жабрацкім лёсам і бядой адною,
Адзіны мелі дах над галавою
Тубыльцы — мы, Выгнаннікі — яны.
Як не страляла ўранні за акном
I ў бліндажы было не трэба бегчы,
Нас гадавалі бульбачкаю з печы
I мне датуль нязнаным талакном.
У хаце, дзе нарадзіўся я,
Без дробнай спрэчкі, аніякай звадкі
На ногі узнімалі нас салдаткі,
Хоць мама была ў кожнага свая.
Калі прынеслі слабага ад ран, —
Былі мы самі голыя да ніткі, —
I ўсё ж на бінт знаходзілі наміткі,
Бо то быў абаронца — партызан.
I вось ужо — мінула колькі год! —
Расце перакананне з лета ў зіму:
Там пачынаў я разумець Радзіму,
Вучыўся там я пазнаваць народ.
У краі тым, дзе нарадзіўся я,
Сваёй хапала і чужой трывогі,
Ды слалася трыпутнікам пад ногі
Мая благаславёная зямля.
Пасля нягоды радасна да слёз.
Жыццёвыя такія каляіны.
У краі тым чырвона ад каліны
I светла — хоць зажмурся! — ад бяроз.