|
Зямляк,
якім ганарымся
Багатая і шчодрая наша Любаншчына. Нямала дала яна
свету вучоных і грамадскіх дзеячаў, славутых працаўнікоў. Сярод іх і
вядомы журналіст і пісьменнік Анатоль Антонавіч Андруховіч.
Нарадзіўся Анатоль Антонавіч у шматдзетнай сялянскай
сям'і ў вёсцы Рэдкавічы. Ён быў пе'ршынцам. Затым на свет з'явіліся
сястра Ніна і брат Віктар. Да Вялікай Айчыннай вайны іх бацька
працаваў у міліцыі. і таму ў першыя ж дні ліхалецця быў прызваны ў
дзеючую армію. А неўзабаве і загінуў пад Смаленскам.
Анатолю ішоў трэці годзік, капі пачалася вайна. Аднак той час добра
ўрэзаўся ў памяць непамерным страхам, які перадаваўся дзіцяці ад
маці, аднавяскоўцаў.
Толя вельмі часта прыгадваў сваю матулю Любоў Аляксееўну —
найцудоўнейшую сялянскую жанчыну, заклапочаную, змораную цяжкай
працай. Завіхаючыся каля печы, яна час¬та дзялілася думкамі са сваёю
крывінкаю. А думкі тыя былі пра далейшае жыццё. Маці цвёрда верыла ў
лепшую будучыню ўласных дзяцей, вельмі хацела, каб хаця б старэйшы
вывучыўся і стаў вядомым чалавекам.
У 1945 годзе лёс злітаваўся над удавою і ў дом прыйшоў
добры гаспадар з далёкага Краснадара — Леанід Ананьевіч. Гэты
чалавек вельмі палюбіў асірацелых дзетак, паважаў Любоў Аляксееўну.
У міры і згодзе далі яны жыццё Лёню, Мікалаю, Жэні, Мішу, Валі.
Безумоўна, такой вялікай сям'і было цяжка жыць. Кругом панавалі
холад і нястача. Каб пракарміць сям'ю, бацькі з раніцы да вечара
працавалі на ферме. Анатоль, як старэйшы, стараўся ва ўсім
дапамагаць ім.
Гэтага, змалку спагадлівага і маўклівага хлапчука,
Толіка дапамагала гадаваць Любові Аляксееўне цётка Гануля, якая жыла
ў вёсцы Дунцы. Там ён і скончыў пачатковую школу. Затым вярнуўся ў
Рэдкавічы, а вучыцца давялося ў Любані. Каб паспець на заняткі,
трэба было рана ўставаць і пешшу ісці у райцэнтр, упрыцемках
вяртацца адтуль. Аднак гэта не перашкаджала Анатолю займацца
паспяхова і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці Установы
адукацыі.
Пасля атрымання атэстата сталасці Анатоль паехаў на
заробкі на Урал, бо трэба было дапамагчы бацькам паставіць на ногі
братоў і сясцёр. У 1959 годзе памёр айчым і маці засталася з дзецьмі
адна. Цяжкі і складаны выпаў ёй лёс. Пераадольваць жыццёвыя нягоды
ёй дапамагалі любімая праца і чулыя, паслухмяныя дзеці. У хуткім
часе Анатоль вярнуўся дадому і стаў працаваць мулярам у сваім
калгасе "Зара камуны”. 3 яго ўдзелам былі ўзведзены ў Рэдкавічах
кармакухня і майстэрня для механізатараў.
Можа і далей працаваў бы ён у будаўнічай брыгадзе, але
добра, што маці вельмі хацела, каб сын не пакідаў вучобу і ў 1961
годзе яна адправіла Анатоля ў Мінск. Там ён паступіў у Бела¬рускі
дзяржаўны універсітэт і адначасова працаваў слесарам на аўтазаводзе,
супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты "Аўтазаводзец". Пасля набыцця
прафесіі журналіста яго ўзялі ў рэдакцыю газеты "Мінская праўда",
затым былі "Вячэрні Мінск", гісторыка-публіцыстычны часопіс,
беларускае радыё.
Мара маці споўнілася — Анатоль Андруховіч стаў
таленавітым журналістам, пісьменнікам, вядомым чалавекам. У 1982
годзе ён пераехаў у Маскву і доўгі час працаваў там загадчыкам
беларускай групы аддзела апублікавання актаў Вярхоўнага Савета СССР.
Цяпер Анатоль Антонавіч знаходзіцца на заслужаным
адпачынку, але не сядзіць без справы, усе яшчэ піша. I дзе б ён калі
не знаходзіўся, у які б край не закідвала Анатоля жыццё, ён заўсёды
захоўваў у сабе жыватворныя сокі зямлі дзяцінства, памятаў родныя
Рэдкавічы, дзе нарадзіўся, вырас, навучыўся чытаць і пісаць, араць і
сеяць.
Анатоль Андруховіч мае двух сыноў — Андрэя, Антона, і
прыгажуню-дачку Юлю. Антон пайшоў па слядах бацькі, таксама піша
артыкулы і вершы.
Сам Анатоль Андруховіч выдаў зборчікі нарысаў "Сын
Палесся" (1976г, "Арэсы імклівая плынь" (1985), "Дачка Арэсы"
(1989), "Гарачы цэх" (1991). Менавіта пад літаратурным запісам
Андруховіча быў апублікаваны нарыс былога старшыні праўлення калгаса
"Чырвоная змена", Героя Сацыялістычнай Працы Кузьмы Іванавіча
Шаплыкі "Село шагает в завтра" (1983г.).
Ва ўсіх сваіх творах Андруховіч не прамінае звязаць
дзеянне з мясцінамі, знаёмымі яму з дзяцінства. Гэта яго памкненне
не выпадковае, ён ніколі не забывае тое, што назаўсёды ўвайшло ў
сэрца. А кожнаму пісьменніку здаецца, што ён у неаплатным даўгу
перад бацькаўскім кутам.
Марыя СЛІВЕЦ, бібліятэкар Рэдкавіцкай бібліятэкі.
да зместу |
|