Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Зямны Голуб з нябеснымі крыламі


     Васіль Голуб—асоба вядомая не толькі на роднай Любаншчыне, але і далёка за межамі раёна. Гэта чалавек аўтарытэтны, да яго меркавання многія прыслухоўваюцца і прыязджаюць па парады ці проста ў госці. Васіль Уладзіміравіч усім рады, бо заўсёды можа штосьці карыснае параіць і расказаць аб неардынарных навінах, якія ён у прамым сэнсе "стварае" ўласнымі рукамі. Напрыклад, зараз майструе... самалёт — "інфармацыйную падставу" для візіту на сядзібу Голуба мне доўга шукаць не давялося.
        Першы фермер
     Сёння Пласток адносна невялікая вёска — значна паменшала тут людзей і мясцовая сярэдняя школа цяпер стала ба¬завай. Раней усё было па-іншаму. Яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў назад вясковыя вулкі звінелі ад дзіцячых галасоў. Голуб нарадзіўся ў Пластку, таму пра гісторыю гэтых мясцінаў можа расказаць шмат цікавага. Скончыў школу, пайшоў у войска — пачатак яго жыццёвага шляху можна лічыць тыповым для вясковага хлопца. Трапіў у танкавую часць, дзе адслужыў два гады. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную вёску, уладкаваўся ў райсельэнерга, дзе займаўся наладкай электраабсталявання ў гаспадарках раёна. Працаваў у гэтай арганізацыі дзесяць гадоў, удзельнічаў у розных прафесійных спаборніцтвах (не толькі рэспубліканскага, але і саюзнага ўзроўню). Ажаніўся, узвёў уласны дом, нарадзіліся сын і дачушка — навошта нешта мяняць?
     Але для творчага і няўрымслівага чалавека вельмі важна паспрабаваць свае сілы ва ўласнай справе. I, нарэшце, з'явілася такая магчымасць у Васіля Уладзіміравіча. У пачатку 1990-х гадоў Голуб стаў адным з першых фермераў на Любаншчыне. Як толькі выйшаў адпаведны закон, ён адразу ўзяў тры гектары зямлі. Пасля плошчу палеткаў павялічыў да 8 га. Аднак вопыт фермерства аказаўся няўдалым.
     — У раёне ёсць добрыя землі, а ёсць суцэльны пясок, — тлумачыць Голуб. - Да таго ж мой участак быў далекавата ад сядзібы. Вось і атрымалася, што гаспадарыць у такіх умовах нерэнтабельна. Таму на пэўны час ад фермерства давялося адмовіцца. Пайшоў працаваць у школу, дзе вёў гуртковую работу, пасля на працягу шасці гадоў працаваў памочнікам дэпутата парламента.
     Нягледзячы на тое, што апошнім часам сацыяльны статус у Васіля Уладзіміравіча заўважна змяніўся, родны Пласток ён і не падумаў пакідаць. Наадварот, лічыць, што лепшага месца проста не знойдзеш. Голуб зноў узяў на апрацоўку значны кавалак зямлі — цяпер ён арандуе сем гектараў. На гэтых палетках вырошчвае бульбу, якую адразу рэалізуе на крухмальны завод. Таксама высявае збожжавыя — авёс, пшаніцу, ячмень, трыцікалё. Збожжа закладвае на захоўванне на зіму і прадае часткамі, па меры патрэбы ў грашах. Сельскагаспадарчая дзейнасць прыносіць значную частку даходаў сям'і, таму падчас сезона Васіль Уладзіміравіч ад цямна да цям¬на завіхаецца ў полі. "Сёлета ўраджай неблагі вырас, таму галадаць дакладна не будзем", — усміхаецца гаспадар.
     На падворку ў ідэальным стане ўся неабходная тэхніка — збожжа- і бульбаўборачны камбайны, трактар, грузавая машына, прыстасаванне для сартавання бульбы, прычапныя і навясныя агрэгаты. Усе механізмы Голуб перабраў уласнымі рукамі —даводзіў да ладу, удасканальваў. Цяпер гаспадар не толькі працуе на ўласных палетках, але і дапамагае родным, суседзям. Можна лічыць, што ў Пластку працуе сапраўднае "міні-прадпрыемства" па аказанню паслуг насельніцтву. Васіль Уладзіміравіч заўсёды ахвотна прыходзіць на дапамогу: калі я завітаў да яго, Голуб збіраўся абмалочваць прысядзібныя ўчасткі вяскоўцаў.
Фантан з фотаэлементам
     Сядзібу з высачэзнай мачтай заўважаеш адразу, як толькі паварочваеш у патрэбным напрамку. Сярод мясцовых дасюль ходзяць розныя байкі пра дзівака-суседа. Яшчэ мабыць дваццаць гадоў назад ён устанавіў браму з радыёкіраваннем: націскаеш на кнопку — гасцінна адчыняецца. Вось дык "ноу-хау" было для Пластка, усе прыходзілі паглядзець.
     —Тэхнікай захапляўся з дзяцінства, — узгадвае Голуб. - Яшчэ ў пачатковай школе з'явіўся ў мяне свой матацыкл — "Мінск". Пасля былі і "Ява" і "Запарожац". Заўсёды імкнуўся нешта зрабіць уласнымі рукамі — я гэтым жыву.
     Самы першы камп'ютар Васіль Уладзіміравіч таксама змайстраваў сам — паяў мікрасхемы і сабраў-такі "цуд тэхнікі". Відэамаг¬нітафон набыў, калі толькі ў крамы запісваліся ў чаргу, каб атрымаць айчыніную "Электроніку ВМ-12" (магчыма, памятаеце такі грувасткі апарат, у які касета запраўлялася зверху). А высокая вышка на падворку — спадчына гадоў "асваення высокіх тэхналогій". Гэта прыстасаванне некалькі дзесяткаў гадоў таму Голуб зрабіў, каб карыстацца радыётэлефонам. I атрымаў магчымасць размаўляць на адлегласці 30 кіламетраў. Гэта цяпер такія "вопыты" здаюцца крыху дзіўнымі, а ў тыя часы названыя навінкі былі запаветнай марай для многіх.
     Гаспадар з Пластка ніколькі не адстае ад прагрэсу: пастаянна абнаўляе камп'ютар (мае нават спецыяльную электронную дыягностыку для аўтамабіляў), карыстаецца самай сучаснай тэхнікай. На падворку мноства цікавых прыстасаванняў: відэакамера над брамкай, фантан на фотаэлементах (уключаецца толькі тады, калі нехта з'яўляецца побач, а так—"засыхае", эканоміць электрычнасць). Побач сажалка, агароджа шчодра аплеценая вінаградам, розныя дэкаратыўныя элементы — нават і не скажаш адразу, што вясковая сядзіба. Хіба толькі па цішыні ды, напэўна, па нейкай асаблівай сакавітасці паветра, высокіх пухнатых аблоках і тлустых гусях, якія павольна шпацыруюць за плотам, аб гэтым здагадваешся.
     - Каб добра жыць у вёсцы, трэба добра працаваць, — лічыць Голуб. - Акрамя вырошчвання бульбы і збожжавых, прафесійна займаюся яшчэ фота- і відэаздымкамі. Ёсць усё неабходнае лічбавае абсталяванне. Зрабіў устаноўку для таго, каб рабіць свідравіны. У раёне праблема: магчыма, з-за правядзення меліярацыі знікае з калодзежаў вада. Таму вельмі актуальная справа для людзей — калонкі. Сёлета ўжо нямала зрабіў свідравін. Здабываю ваду на глыбіні да дваццаці метраў, далей рухацца нельга — лічыцца, што гэта прыродныя рэсурсы і на такую дзейнасць неабходна мноства розных даведак. Як бачыце, спрабую сябе ў розных галінах і, здаецца, атрымліваецца някепска.
        Сам сабе авіяканструктар
     Але ж галоўная мара Васіля Голуба — неба. Многія з усмешкай кажуць: да гэтага, маўляў, нават прозвішча абавязвае. А ён ніколькі не крыўдзіцца і раз за разам узлятае ў блакітныя прасторы. Узгадвае, што ўпершыню пачуў пра лёгкую авіяцыю яшчэ ў войску, дзе па іроніі лёсу служыў у танкавых войсках. Першыя чарцяжы дэльтапланаў з'явіліся ў часопісе "Мадэліст-канструктар". Голуб шмат разоў перагортваў старонкі з мудрагелістымі схемамі і нарэшце рашыўся зрабіць такую машыну. У 1980-х гадах пачаў майстраваць свой першы дэльтаплан, хоць рэальна яго ніколі не бачыў.
     - Рабіў, крыху адрываўся ад зямлі, падаў і зноў падкручваў, —узгадвае Васіль Уладзіміравіч. - Амаль адмовіўся ад гэтай справы, пасля паехаў да сябра ў Брэст і там убачыў дэльтапланы. У аэраклубе "Бусел" хлопцы ўзнімаліся ў неба на такой тэхніцы. Адзін з іх навучыў мяне лятаць на дэльтаплане.
     3 тага часу Голуб пачаў рабіць "крылатую тэхніку". Атрымлівалася больш паспяхова — змайстраваў тры мотадэльтапланы. На апошнім устаноўлены рухавік ад аўтамабіля "Судзукі". Лепш прымяняць авіяцыйны, аднак ён каштуе дарагавата. Увогуле гэта захапленне не з танных. Адно крыло для дэльтаплана каштуе каля трох тысяч долараў. Яго размах — адзінаццаць метраў. Менавіта такія крылы цяпер"апранае" Голуб, калі ўзлятае ў неба. Узнімаецца на вышыню да кіламетра', аднойчы з 1,2 км парашутыстаў скідваў. Увогуле мотадэльтаплан можа і да 4 кіламетраў дасягнуць. Узлётная паласа непадалёк — трэба мець добрыя навыкі, каб на такіх кароткіх адлегласцях узлятаць і садзіцца. Голуб "пад крылом" ужо пятнаццаць гадоў. I падаць прыходзілася: адзін такі момант (калі ўпаў у возера) нават удалося на відэакамеру зняць. Пасля гэты сюжэт паказвалі ў перадачы "Сам сабе рэжысёр".
     Узлятае Васіль Уладзіміравіч, калі ёсць вольны час, добрае надвор'е і... госці. Да яго прыязджалі многія, сярод якіх і знакамітасці — вядомыя спартсменкі Юлія Несцярэнка і Аляксандра Герасіменя. Для адпачынку, лічыць гаспадар, палёты — самая цікавая забава. Толькі падчас жніва няма калі дэльтаплан з ангара выцягваць. Не стае часу і ў майстэрню зазіраць, дзе Голуб пачаў збіраць самы сапраўдны двухмесны аднаматорны самалёт. Спачатку з'ездзіў у Кіеў на авіярамонтны завод: набыў запчасткі, параіўся, як лепш рабіць. Рухавік ад аўтамабіля "Субару" (да таго, як займацца аўтамабільнымі, фірма выпускала рухавікі для лёгкай авіяцыі) чакае свайго часу. Узімку ў майстэрні Голуб усур'ёз возьмецца за зборку самалёта. Мяркуе, што праз два гады гэту работу завершыць і ўзляціць у неба.
     - Без вялікай мэты сумна жыць на свеце, — кажа Васіль Уладзіміравіч. - Варта да нечага імкнуцца, тады з'яўляецца сэнс. Мне ж яшчэ 46 гадоў і многага можна дасягнуць.

М. ЛІТВІНАЎ.
Голас Любаншчыны 25 кастрычніка 2008 г
 

да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©