|
На коніках да паклоннікаў
На Любаншчыне адбылася традыцыйная “Фальклорная вандроўка”. Яе
прымеркавалі да 185-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага
этнографа, пісьменніка і публіцыста Паўла Шпілеўскага. Актыўны ўдзел
у гэтым свяце прынялі шматлікія мясцовыя мастацкія калектывы,
дырэктары раённых метадычных цэнтраў, РДК, ГДК, цэнтраў культуры
сталічнай вобласці.
Павел Шпілеўскі нарадзіўся 12 лістапада 1823 года ў
вёсцы Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (зараз —
Любанскі раён) у сям’і мясцовага свяшчэнніка. З 1837 ён вучыўся ў
Мінскай духоўнай семінарыі (яна тады знаходзілася ў Слуцку), затым у
Пецярбургскай духоўнай акадэміі, пасля заканчэння якой (1847 год)
атрымаў ступень кандыдата багаслоўя.
Яшчэ ў юнацкія гады Павел Міхайлавіч захапіўся вуснай
народнай творчасцю беларусаў, збіраў узоры яе па месцах службы
бацькі. А пазней, у вольны ад вучобы і працы час, спецыяльна
падарожнічаў па Беларусі, запісваў самабытныя прыказкі, песні, казкі,
легенды, паданні, павер’і, вывучаў побыт і культуру народа. Усё гэта
потым вылілася ў артыкулы, нарысы, п’есу. Першую сваю этнаграфічную
працу — “Беларускія павер’і” — Шпілеўскі апублікаваў у літаратурным
дадатку да “Часопіса Міністэрства народнай асветы” ў 1846 годзе.
Пасля падобныя працы даволі часта з’яўляліся ў маскоўскіх і
пецярбургскіх перыядычных выданнях.
Павел Міхайлавіч любіў сваю радзіму. Ён адным з першых
адкрыў свету самабытнасць беларусаў як нацыі, заявіў аб багацці
беларускай мовы. У той час гэта было сапраўдным грамадзянскім
подзвігам. Любаншчына ганарыцца сваім слаўным сынам, беражэ і
ўшаноўвае памяць пра яго. “Фальклорныя вандроўкі”, якія прысвячаюцца
знакамітаму земляку, —своеасаблівыя справаздачы тых, хто следам за
Шпілеўскім вывучае, адраджае і папулярызуе народную культуру, яе
невычэрпныя скарбы.
Так было і сёлета. Маршрут “Фальклорнай
вандроўкі” складаў каля трыццаці кіламетраў. Таму на конных павозках
(гэта ўжо таксама традыцыя) падарожнікі дабраліся толькі да першага
населенага пункта маршруту — вёскі Обчын. Астатнія — вёскі Залуг,
Залужжа, Дубілаўка, Ляхаўка, Жораўка, Шыпілавічы, Рэдкавічы — мінулі
на аўтамабільным транспарце. Амаль усюды вандроўнікаў сустракалі
фальклорныя калектывы (скажам, у тым жа Обчыне сустрэчу ладзіў
фальклорны ансамбль “Павалякі”, якім кіруе Ніна Верамейчык).
Каля Ляхаўкі чакала яшчэ адна сустрэча: у лесе
вандроўнікі заўважылі цэлы натоўп Дзядоў Марозаў. Але, пакуль
падарожнікі выходзілі з аўтобусаў, тыя схаваліся ў гушчары. Дагнаць
так і не ўдалося. Зрэшты, яно і зразумела: Марозам яшчэ рана
паказвацца на людскія вочы — да Новага года амаль тры тыдні.
У Жораўцы вандроўнікі прынялі ўдзел у адкрыцці першай
на Любаншчыне народнай пякарні. Пад яе, паводле слоў старшыні
Ляхаўскага сельвыканкома Ганны Міцкевіч, прыстасавалі старую хату,
прызначаную на знос. А дырэктар мясцовага Дома культуры Ірына Жудрык
прапанавала размясціць там “Клуб народных хлебапёкаў”.
Зараз тут будуць пячы хлеб па старажытных
рэцэптах да розных народных святаў, гасцявых кірмашоў (вельмі
папулярных у раёне), многіх іншых цікавых падзей. Словам,
адраджаецца яшчэ адна нацыянальная традыцыя. Такі хлеб вясковыя
гаспадыні і замясілі ў дзежцы ў прысутнасці гасцей. Госці ж, каб
справа ўдалася, каб пачын быў плённым, шчодра адарылі хлебапёкаў
мноствам карысных рэчаў і сувеніраў.
У Шыпілавічах, на радзіме Паўла Шпілеўскага,
вандроўнікі ўшанавалі памяць пра знакамітага беларускага этнографа,
пісьменніка і публіцыста. Ушанаванне пачалося ўрачыстым перазвонам,
які наладзілі вучні сталічнай школы званароў. А прадоўжылася
канцэртам у вясковым Доме культуры, дзе з аўтэнтычнымі спевамі
выступіў фальклорны гурт “Глыбокія крыніцы” (СДК вёскі Закальное),
якім кіруе Надзея Мярэйчык. Некалькі цудоўных твораў выканала
духоўная капэла любанскай Свята-Праабражэнскай царквы. Настаяцель
гэтай царквы айцец Віктар звярнуўся да прысутных з прывітальным
словам, а дырэктар Любанскага дзяржаўнага музея народнай славы
Наталля Сіняк расказала ім пра жыццёвы шлях Паўла Шпілеўскага.
Канцэрт адбыўся і ў Палацы культуры вёскі
Сарачы — канцавым пункце “Фальклорнай вандроўкі”. Але спачатку
падарожнікі пазнаёміліся з выставай “Следам за сонцам”, прысвечанай
Паўлу Шпілеўскаму. А таксама з выставай твораў прыкладнога мастацтва
народных майстроў раёна. Шмат майстроў тут і працавалі. Напрыклад,
рэзчык па дрэву з пасёлка Сосны (СВК “Палессе-агра”) Уладзімір
Савіцкі з дачкой Тамарай і вучнем Аляксандрам Кудзёлкам вырэзвалі на
дошках выявы звяроў. А Вікторыя Бяршова і Вольга Пацярайлава са
сваім кіраўніком Надзеяй Катковай плялі мудрагелістыя паясы.
За ткацкімі станкамі сядзелі юныя ўдзельніцы гуртка
“Матрушка” з Камунараўскага СДК, якім кіруе Тамара Аксёнчык, разам
са сваімі цудоўнымі вырабамі — камунараўская вышывальшчыца Галіна
Сівіцкая, любанскі ганчар Міхась Насановіч і многія іншыя мясцовыя
ўмельцы.
— Мы не выпадкова выбралі для правядзення чарговага
савета дырэктараў, тэма якога якраз і звязана з народным фальклорам,
Любаншчыну, — сказала дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай
творчасці Раіса Вайцяхоўская. — Тут фальклор і ўвогуле нацыянальныя
традыцыі дзякуючы зацікаўленай пазіцыі начальніка аддзела культуры
Васіля Каткаўца і яго творчай каманды актыўна адраджаюцца, беражліва
захоўваюцца і перадаюцца падрастаючаму пакаленню. У любанчан ёсць
чаму павучыцца.
Сяргей КВІТКЕВІЧ, «Мінская праўда».
На здымках: моманты “Фальклорнай вандроўкі”.
Фота аўтара.
да зместу |
|