|
Горад у белым рамонку
«Зручнае для жыцця цi, па-iншаму, — «любае» месца».
Кажуць, што спачатку ў гэтым палескiм краi сталi будавацца людзi,
якiх прываблiвала паўнаводная i багатая на рыбу рэчка Арэса. Прычым
калi гэта адбылося на самай справе, невядома дагэтуль. Дакладна адно:
першая пiсьмовая згадка пра Любань з’явiлася ў iнвентары Слуцкага
княства за 1566 год. А прыкладна праз стагоддзе жыхары мястэчка
атрымалi права на самакiраванне.
Дзеля справядлiвасцi варта заўважыць, што доўгi час
само па сабе мястэчка было невялiкiм i налiчвала не больш за 200—250
чалавек. Царква, сiнагога, школка, два вадзяныя млыны, колькi
кушнерскiх, сталярных, кавальскiх рамесных майстэрняў — вось цi не
ўсе мясцовыя «асаблiвасцi» канца пазамiнулага стагоддзя. I толькi за
«савецкiм» часам тут пачынае развiвацца прамысловасць, з’яўляюцца
крухмальны i масларобчы заводы, адчыняецца бальнiца, будуецца мост
праз раку, новыя вулiцы. Любань набывае статус райцэнтра. А перад
самай вайной ператвараецца з мястэчка ў гарадскi пасёлак.
Першыя камунары, першыя мелiяратары, першыя партызаны —
гэта таксама пра iх. Мiнулая вайна стала адной з найбольш адметных
старонак у гiсторыi краю. Нягледзячы на сваё далёка не цэнтральнае
становiшча, Любаншчына аказваецца галоўнай зонай супрацiўлення ва
ўсёй Мiнскай вобласцi. Партызанскi аэрадром, партызанская школа,
падпольны друк «Звязды» i «Чырвонай змены» на востраве Зыслаў. Тут
была праведзена адна з найбольш вядомых партызанскiх акцый пачатку
Вялiкай Айчыннай — разгром Любанскага нямецка-палiцэйскага гарнiзона
ў ноч з 6 на 7 лiстапада 1941 года.
— Урон, якi быў нанесены раёну падчас вайны, вымяраўся
мiльярдамi рублёў, — распавядае дырэктар Любанскага музея народнай
славы Наталля Сiняк. — Была цалкам разбурана гаспадарка, прыйшлi ў
заняпад, сталi зарастаць пустазеллем мелiярацыйныя каналы i шлюзы.
Аднак самымi цяжкiмi аказалiся людскiя страты — Любаншчына
недалiчылася кожнага трэцяга свайго жыхара.
Аднаўленне давялося пачынаць практычна з нуля — раён
быў выпалены амаль на 90 працэнтаў. Прычым адначасова з адраджэннем
масларобчага i крухмальнага заводаў тут стваралiся цалкам новыя
вытворчасцi — ільнозавод, будаўнiчыя арганiзацыi, рыбгас. Любань
пачала расцi i, як вынiк, зноў змянiла статус — з гарадскога пасёлка
на горад. Праўда, новы час прынёс ужо iншыя выпрабаваннi. У пачатку
1990-х гадоў тут, як i ва ўсёй Беларусi, сутыкнулiся з такой з’явай,
як эканамiчны крызiс.
— Гэта быў вельмi няпросты перыяд, асаблiва калi
ўлiчыць, што Любаншчына была i застаецца пераважна
сельскагаспадарчым раёнам, — зазначае намеснiк старшынi райвыканкама
Iрына Медушэўская. — Аднак добрым аказалася ўжо тое, што ў першыя ж
гады мы здолелi наладзiць супрацоўнiцтва з шэрагам раёнаў Расiйскай
Федэрацыi. I рэгулярна пастаўляць туды бульбу, моркву, капусту. А
потым пачаўся рост эканомiкi. Пры гэтым, да прыкладу, за апошнiя
пяць гадоў усе прагнозныя паказчыкi развiцця «сплюсавалi» як мiнiмум
у паўтара раза.
Лепшая сiтуацыя ў эканомiцы — большыя заробкi. I да
таго ж — дадатковыя ўкладаннi ў iнфраструктуру. Горад змяняе сваё
аблiчча. У Любанi будуецца жыллё, асфальтуюцца вулiцы, быў
добраўпарадкаваны сквер, з’явiлiся плiтка на тратуарах, вячэрняя
падсветка ў алеi Славы. Плюс да таго толькi сёлета тут адчынiлiся
тры новыя крамы. А таксама — сучаснае кафэ. Што да блiжэйшай
будучынi, то ў планах — рэканструкцыя фiзкультурна-аздараўленчага
комплексу.
Магчыма, сёння тут не сустрэнеш вялiкiх палацавых
ансамбляў цi якiх-небудзь iншых велiчных старажытных архiтэктурных
збудаванняў. Любанцы збольшага былi сялянамi, працавалi на зямлi,
жылi ў звычайных драўляных хатах. I ў той жа час гэта мясцовасць
надзiва багатая на курганы i гарадзiшчы. А яшчэ — на помнiкi, якiя
ствараюцца ўжо нашымi днямi. Так, у горадзе паўстаў новы, сучасны
будынак Спаса-Праабражэнскай царквы, з’явiлiся помнiкi славутым
землякам, помнiк ураджэнцам раёна, якiя загiнулi падчас вайны ў
Афганiстане. Любаншчына — радзiма вядомага польска-беларускага паэта
Уладзiслава Сыракомлi, а таксама беларускага этнографа i пiсьменнiка,
аўтара нарысаў «Падарожжа па Палессi i беларускiм краi» Паўла
Шпiлеўскага. А калi ж дадаць да гэтага мемарыяльны комплекс на
востраве Зыслаў, музейны пакой Сыракомлi ў вёсцы Смольгава i
унiкальны музей гiсторыi мелiярацыi ў вёсцы Камуна, атрымаецца, што
край — сапраўдная знаходка для шматлiкiх падарожнiкаў.
Аднак пры гэтым — не толькi для аматараў даўнiны. Ёсць
тут i iншыя, не менш цiкавыя куточкi, i сярод iх — вададром,
Блакiтныя азёры, некранутая часам i людзьмi прырода. Нездарма ў
раёне, каля вёскi Малыя Гарадзяцiчы, не так даўно з’явiўся домiк
паляўнiчага. А задачай на заўтра стане ўладкаванне адразу некалькiх
месцаў для экалагiчнага адпачынку. Любань, 440-гадовы «горад у белым
рамонку», чакае гасцей. I мае прапанаваць iм усе ўмовы.
Сяргей ГРЫБ. Газета
"Звязда"
да зместу |
|