|
У незалежнай краіне
Падарож па карце Любаншчыны
Сціплыя, прыцішаныя фарбы прыроды Любанскага раёна не
кідаюцца ў вочы, не вельмі вабяць вока яе аматара. Большую
частку тэрыторыі Любаншчыны займалі спрадвеку балоты — Загалле,
Мар'іна, Кузьмічы і іншыя — больш 40 буйных і дробных радовішчаў
торфу і сапрапелю, агульныя запасы якога дасягаюць 150 млн. т.
Большай часткай цяпер асушаныя балоты таксама не прывабліваюць
маляўнічасцю краявідаў, хіба толькі могуць парадаваць хлебароба
цяжкім коласам... Але ёсць на Любаншчыне надзвычай маляўнічыя
куточкі прыроды, пабываўшы ў якіх, назаўсёды застаешся ў палоне
іх прыгажосці і самабытнасці. Адно з такіх месцаў — возера
Вячэра, адно з буйнейшых у паўночным Палессі, блізкі сваяк
знакамітага, недалёкага адсюль Чырвонага возера.
Возера Вячэра
Вячэра запамінаецца і зачароўвае сваімі
прыцішанымі, быццам сумнымі берагамі, нейкай старажытнай
заспакоенасцю і ўпэўненасцю. Здаецца, тут спрадвеку і назаўседы
пасяліўся поўны спакой. Ідуць гады, мінаюць стагоддзі, а хвалі
возера па-ранейшаму, як і пры прашчурах, плешчуць у нізкія,
большай часткай дрыгвяністыя берагі. Возера Вячэра адносна
невялікае, плошча яго 3,25 кв. км, даўжыня — 2,8 км, найбольшая
шырыня 1,5 км. Яно неглыбокае — найбольшая глыбіня дасягае 2 м,
вадазбор нізінны, забалочаны, амаль усе берагі параслі трыснягом,
аерам, рагозам, чаротам, дно зарастае эладэяй, ірдзестам. Возера
надзвычай багатае высакаякасным сапрапелем, запасы якога
дасягаюць 8 мільёнаў куб. м. Тут у 1976 г. быў адкрыты першы ў
рэспубліцы эксплуатацыйны ўчастак па прамысловай здабычы
сапрапелю, які ўжываецца і на ўгнаенне, і як дамешак у корм
жывёле, і ў выглядзе выдатнай лекавай гразі.
Вячэра мялее, яно не можа ўжо існаваць без Арэсы, з
якой штучна папаўняецца вадой праз магістральны канал. Сілкуе яе
многа рэк і ручаёў. Правы прыток Арэсы — р. Таліца даўжынёй каля
40 км са сваімі прытокамі Бярозаўка і Няжараўка з сапсаванымі,
каналізаванымі рэчышчамі, левымі прытокамі Солан і Нешчанка, а
таксама Чабускі і Слаўкавіцка-Ямінскі каналы — галоўныя водныя
магістралі краю. Даўжыня Арэсы, правага прытока р. Пціч, адносна
невялікая, 128 км, але значэнне яе як вадазборнай магістралі
вельмі вялікае, Пачынаецца Арэса каля в. Падарэссе
Старадарожскага раёна, зніжэнне яе ўзроўню да вусця 33 м. Ціха і
павольна цячэ ў сваіх нізкіх берагах Арэса, толькі вясной іншы
год бурна віруе вада, калі рэчка скідвае большую частку гадавога
сцёку. Праходзіць рэчышча і праз Арэска-Глускі вал — тэктанічную
структуру на тэрыторыі Любанскага раёна, прыўзнятую прыразломную
частку Прыпяцкага прагіну, і велізарнае Арэскае балота, большая
частка якога (1,4 тыс. га) знаходзіцца ў Любанскім раёне. У
вельмі няпростых, складанейшых геаграфічных умовах пралягае
рэчышча Арэсы — знешне ціхмянай, спакойнай палескай рэчкі...
Яшчэ адна прыродная славутасць, рукатворнае Любанскае
вадасховішча, паўднёвы бераг якога пралягае ў сямі кіламетрах ад
горада. Створана яно ў 1966 г. на вышыні 142,5 м над узроўнем
мора шляхам узвядзення плаціны на Арэсе з мэтай жыўлення вадой
сажалак рыбакамбіната «Любань», агульная плошча якіх — 2430 га.
Тут гадуюць карпа, шчупака, таўсталобіка, карася. Частка вады з
сажалак у засушлівыя перыяды выкарыстоўваецца для абваднення
сельскагаспадарчых угоддзяў. Плошча Любанскага вадасховішча — 22
кв. км, даўжыня — 11,8 км, наибольшая глыбіня дасягае 6 м.
Вадасховішча стала любімым месцам адпачынку любанцаў.
На тэрыторыі Любанскага і Глускага раёнаў на глыбіні
220 — 470 м выяўлена Любанскае радовішча гаручых сланцаў
таўшчынёй 0,5 — 1,65 м з перспектыў ным запасам каля 900 млн. т.
Плошча радовішча — 630 кв. км. Запасы пакуль не распрацоўваюцца,
мяркуецца выкарыстанне выкапняў шляхам тэрмічнага раскладання з
мэтай атрымання сланцавага масла і газу, газавага бензіну,
бензолу, будаўнічых матэрыялаў і іх кампанентаў.
У пяці кіламетрах на паўночны ўсход ад Любані
размешчана Любанскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу з
агульным запасам 235 тыс. куб. м. Ускрыша неглыбокая — 0,2 — 2,
5 м, таўшчыня залежаў —1,8 — 3 м. Пясок шэрага колеру з памерам
жвіру 5 — 10 мм — выдатны матэрыял для будаўніцтва дарог.
Яшчэ ў даваенны час створаны Любанскі лясгас. Сёння ён
размяшчаецца на плошчы 58 тыс. га, у яго склад уваходзіць сем
лясніцтваў. 62 працэнты займаюць хваёвыя лясы, 16 — бярозавыя,
10 — чорнаальховыя, 2,8 — дубовыя, 1,2 — асінавыя. Дзве трэці
леса насаджэнняў займаюць маладнякі. Любанская лесапаляўнічая
гаспадарка плошчай 77 тыс. га арганізавана ў 1967 г. На яе
тэрыторыі налічваецца 19 відаў паляўнічых млекакормячых і 22
віды птушкі. Найвышэйшы пункт Любанскага раёна знаходзіцца ў
паўночным баку в. Юшкавічы — 190 м над узроўнем мора, самы нізкі,
130 м — пойма р. Арэса.
Не абдзяліла Любанскі раён прырода сваімі
помнікамі і славутасцямі. У Ямінскім лясніцтве, за в. Пласток,
на плошчы 0,3 гектара расце група магутных дубоў, дыяметр ствала
кожнага з якіх дасягае 1,5 метра. Дуб з дыяметрам ствала 1,4
метра і вышынёй звыш 30 метраў расце каля в. Камуна. Непадалёку
ад в. Касцюкі ля дарогі Любань — Пагост невядома чаму сярод
беластвольных сясцёр вырасла чорная бяроза... На тэрыторыі
Асавецкага лясніцтва на плошчы каля двух гектараў знаходзіцца
дзялянка мядзведжай цыбулі, ці чарамшы. Тут створаны заказнік
мясцовага значэння гэтай рэдкай дзікарослай пажыўнай расліны. Ва
Урэччы струменяць крыніцы на вул. Варашылава, непадалёку ад
спіртзавода, ва ўрочышчы Першы Ператок у 100 м ад Бярозаўкі, дзе
здзіўлялі калісьці свет сваімі вырабамі майстры Урэцкай гуты.
Значыць, паўнаводнай будзе рэчка, не высахне...
Ёсць на тэрыторыі раёна ахоўваемыя ўчасткі тарфяных радовішчаў
прыродаахоўнага прызначэння — Загальскі масіў плошчай 140
гектараў у водаахоўнай зоне возера Вячэра, Астраўкі і Вежань
плошчай па 20 гектараў, Пасецкі Бор — 364 гектары ў водаахоўнай
зоне Арэсы. Ахоўваюцца таксама месцы рассялення чорнага бусла і
барсука ў розных кутках раёна.
...Такая Любаншчына — сціплы, непрыкметны кавалачак
Беларусі, паўднёвая частка якой прынадае на ўзмежак Беларускага
Палесся, паўночная — край Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Прырода
дала ёй усяго пакрысе — і вады, і сушы, і балот, і лясоў... Не
прыроднымі багаццямі славіцца Любаншчына, не магутнымі рэсурсамі
— вядома яна найболын сваімі працавітымі, добрасумленнымі,
шчырымі людзьмі.
В. Р. Феранц
да зместу |
|