Аб гісторыі роднага краю, аб лёсах герояў і простых людзей, якіх узрасціла гэта зямля

ГалоўнаяКароткія звесткіФотагалерэяГасцёўняКарта сайтаАб сайце

 

 

Зямля нашых продкаў
Да новага жыцця
Выпрабаванне вайной
Адроджаны край
У незалежнай краіне
Фотагалерэя
 
Будзем памятаць іх імёны
Гонар і павага Вам
 
 
Нашы пісьменнікі
Пісьменнікі пра край
Спроба пяра
 
Легенды
 
 
Гісторыя царквы
Цэрквы раёна
 
 
 
 

Шкляная мануфактура ва Урэччы


    
Дата заснавання ўрэцкай мануфактуры (люстэркавай) даследчыкамі прыводзіцца розная: 1737 і 1738, па іншых звестках — 1635 г. Бясспрэчна, што ў пачатку XVIII ст. Урэцкая гута існавала і выпускала прадукцыю, доказам чаму з'яўляецца келіх з ініцыяламі цара Пятра I. У час Паўночнай вайны слуцкая знаць давала баль у гонар рускай арміі, для якога былі выраблены такія келіхі.
      Урэчча было выбрана месцам размяшчэння шкляной мануфактуры невыпадкова: «изобилие леса и... глины для тиглей или плавильных горшков, а также изрядного песку, нужного для стекла». На гуце працавалі майстрамі і рабочымі пераважна прыгонныя сяляне. У 40-60-я гады XVIII ст. тут працавалі таксама вольнанаёмныя майстры, у тым ліку іншаземныя спецыялісты з Саксоніі. У 1743 г. было занята 12 вольнанаёмных майстроў, на ўтрыманне якіх было затрачана 11 538 злотых, 64 майстры і рамеснікі з ліку прыгонных — 2506 злотых. Радзівілы з цягам часу замянялі вольнанаёмных майстроў рамеснікамі з прыгонных сялян. У 1741 — 1765 гг. мануфактурай кіраваў Шэрбер, які ўкараніў у вытворчасць узоры французскіх, багемскіх і англійскіх люстэркаў. У 1774 — 1794 гг. на чале мануфактуры стаяў Павел Малевіч, у 1804—1809 гг.— Ілля Малевіч. Пазней гуту ўзначальвалі нашчадкі мясцовых дынастый шкларобаў Кахановічаў, Дубіцкіх, Балькевічаў, Галубовічаў. Лепшымі мастакамі па шклу былі Мікола Дубіцкі і яго сыны Піліп і Іван. Кракаўская Акадэмія мастацтваў вырабы Урэцкай гуты пад іх кіраўніцтвам аднесла да ліку лепшых мастацкіх вырабаў Полыпчы. На гуце існаваў падзел працы і спецыялізацыя майстроў і іншых работнікаў. Працавала 4 выдувалынчыкі люстэрак, 10 ліцейшчыкаў дошак, 8 выдувалыпчыкаў дробнага шкла, 9 мастакоў (гравіроўшчыкаў) люстэркаў і іншых вырабаў, 10 шліфавалыпчыкаў, 11 паліроўшчыкаў, 5 сталяроў, ганчар і іншыя. Рамеснікі жылі ў мястэчку Урэчча ў 18 дамах, якія належалі гуце, мелі зямельныя надзелы. За гутай былі замацаваны 10 гутнікаў з зямлёй з в. Языль, а таксама з в. Салон, 4 ганчары з Рачэні і Цясова: «Который из них в неделе не был на работе, то барщина должна пропадать»... Рамеснікі, якія валодалі зямлёй, павінны былі плаціць чынш у Слуцкую эканомію. Для выканання розных работ — падвозкі пяску, дроў, гліны, попелу — замацаваны сяляне з навакольных вёсак, акрамя таго, 10 гайдукоў з засценка Сорагі, якія ахоўвалі гуту і выконвалі абавязкі наглядальнікаў.
 

Вырабы Урэцкай гуты

Урэцкая шкляная мануфактура была адзінай у Рэчы Паспалітай, дзе вырабляліся люстэркі і люстры. Тут было 14 печаў, дзейнічалі два цэхі, дзе шкляныя вырабы выдзімаліся, фармаваліся, дэкарыраваліся ўручную ў гарачым стане каля плавільнай печы. На вялікай гуце («старой гуце») выраблялі люстэркі, на «новай» — шкло і посуд. Побач з гутамі размяшчаліся два шліфавальныя, два паліравальныя цэхі, «рысавальны» (гравіравальны), ганчарны, сталярны, паташны, кафельны, зборачны (у ім манціраваліся люстэркі і люстры). Працавалі дапаможныя цэхі, кузня, склады сыравіны і гатовых вырабаў. 3 1740 г. ліставое люстраное шкло шліфавалі пры дапамозе воднага рухавіка магутнасцю 4 конскія сілы. Якасць люстэркаў Урэцкай гуты не ўступала лепшым заходнееўрапейскім узорам. Люстраное шкло выраблялася шляхам выдування цыліндрычных балонаў, якія ў мяккім стане разразаліся і фарміраваліся ў плоскасці. Пазней люстэркі сталі адліваць на спецыяльных сталах. Расплаўленую шкляную масу набіралі ў спецыяльныя каўшы, пераносілі і вылівалі ў спецыяльныя каркасы, затым прасавалі. Пасля зацвярдзення шкляныя лісты вымалі з каркасу металічнымі крукамі і накіроўвалі для «гарту» ў печы. Затым люстэркі шліфавалі на шліфавальных станках, якія прыводзіліся ў рух ва дзяным колам. Спільвалі краі люстэркаў пры дапамозе спецыяльных гэбляў.
 

Рэчка Бярозаўка ва Урэччы, дзе размяшчалася славутая гута.

      3 інвентару 1744 г. відаць, што асартымент люстраных вырабаў быў надзвычай разнастайны, разлічаны на задавальненне патрэб і вытанчанага густу магнатаў. На гуце выраблялі англійскія люстэркі ў крыштальных рамах коштам каля 500 злотых, у шкляных рамах, размаляваных рознымі ўзорамі, кветкамі, лістамі; вялікія насценныя і кабінетныя люстэркі і многія іншыя. Люстэркі Урэцкай гуты ўпрыгожвалі радзівілаўскія палацы, у тым ліку ў Нясвіжы. Іх куплялі магнаты для сваіх палацаў, развозілі купцы па ўсёй Літве і прадавалі на кірмашах. На Урэцкай гуце выраблялі таксама насценныя рэфлектары для адбітку штучнага святла ў пакоях, паверхня якіх багата аздаблялася шліфоўкай і гравіроўкай. У першай палове XVIII — пачатку XIX ст. выпускалі сталовы посуд з каляровага, бясколернага і малочнага шкла і хрусталю (келіхі, бакалы, наборы для напіткаў, збаны, бутлі, кварты), жырандолі, падсвечнікі, кандэлябры, флаконы для парфюмерыі, а таксама аптэчны посуд. Вырабы былі багата аздоблены граненнем, гравіроўкай, размалёўваліся плацінай, золатам, серабром і фарбамі, упрыгожваліся накладнымі медальёнамі. Посуд і ўпрыгажэнні Урэцкай гуты карысталіся вялікім попытам сярод мясцовага насельніцтва і за межамі Беларусі.
     Посуд вырабляўся выдуваннем. Малюнкі і ўзоры на шкло наносіліся пры дапамозе алмаза, сярэбранага напільніка, маленькага долатца і гранільнага кола. На паверхню выраба наносіліся геральдычныя кампазіцыі, партрэты каралёў і княжацкіх асоб, у больш позні час — надпісы фальклорнага характару, геаметрычны і раслінны арнамент, кветкі, сельскія і архітэктурныя пейзажы, выявы жывёл.
Урэцкая гута дзейнічала каля 120 гадоў. У час шматлікіх войнаў, якія адбы валіся на тэрыторыі Беларусі, яна неаднаразова гарэла. У 1812 г. былі спалены млын, малявальня і шліфоўня з інструментамі, загінулі многія майстры. Гуце быў нанесены значны ўрон. Мануфактура перайшла на выраб простага шкла і посуду.
Вырабы Урэцкай гуты экспануюцца ў Дзяржаўным музеі Беларусі, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Львова, Вільнюса, Варшавы, Кракава. У Любанскім музеі народнай славы размешчаны муляжы найболып распаўсюджаных вырабаў гуты.
                                                                                                                        В. I. Карпіевіч
ЛІТАРАТУРА
М. Яніцкая. Матэрыяльная і духоўная культура Міншчыны/Беларускі гістарычны часопіс. 1993, № 4.
Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов. Т. 1, 2.
Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. Т. 5, 1987.
Жаўрыд М. Ф. Беларускае шкло, 1969.
 

 

 

Да зместу

       

да Вялікай Перамогі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

   

 

 

 

 

 

 

          

 
Усе матэрыялы змешчаныя на дадзеным рэсурсе не з'яўляюцца ўласнасцю аўтара дадзена рэсурса, а ўзяты з кніг, часопісаў, газет©